Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку
- 28
- 4
Выступленне Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Бішкеку
Паважаныя сябры!
Перш за ўсё традыцыйна хачу падзякаваць Прэзідэнту Кыргызскай Рэспублікі за сардэчны прыём і найвышэйшы ўзровень арганізацыі нашай сустрэчы. Думаю, сённяшняя размова стане лагічным прадаўжэннем дыялогу, праведзенага на пляцоўках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і СНД.
Мы бачым, што прымітыўная штампоўка калектыўным Захадам бяздумных пакетных эканамічных санкцый супраць Беларусі і Расіі пачынае заціхаць. Усё, што можна было забараніць і абмежаваць, няхай нават і сабе на шкоду, нашы контрпартнёры ўжо зрабілі. Цяпер для іх настаў час усведамлення і ацэнкі наступстваў. Словы пра энергетычны і харчовы крызісы ўжо гучаць з усіх трыбун.
Не трэба быць празорліўцам, каб дапусціць: хутка ў асобных краінах да гэтых двух крызісаў можа дадацца і трэці - палітычны. Сімптомы ў наяўнасці. Унутраныя крытычныя ацэнкі, у першую чаргу з боку насельніцтва і бізнесу, у шэрагу заходніх дзяржаў чуваць усё гучней. Заявы ледзь не аб эканамічным калапсе ў нашых краінах змяніліся разважлівымі меркаваннямі аглядальнікаў, аналітыкаў і асобных палітыкаў аб тым, што санкцыі ўдарылі па саміх ініцыятарах значна больш.
Вядома, мы рэальна глядзім на рэчы і не чакаем, што гэты накат у бліжэйшым будучым (вось заўтра) аслабне. Мы ў пэўнай ступені ўжо загартаваліся. Самае галоўнае - мы не дапусцілі зніжэння ўзроўню дабрабыту грамадзян.
Дасягнута гэта ў тым ліку і дзякуючы нашым сумесным мерам па процідзеянні знешняму націску і забеспячэнні ўстойлівасці нацыянальных эканомік ЕАЭС. Прынятыя ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза рашэнні дазволілі істотна знізіць негатыўны эфект ад санкцыйнага націску і падтрымаць важныя галіны эканомікі.
Але спыняцца ні ў якім разе нельга. З улікам фундаментальных змяненняў у свеце разам з вырашэннем бягучых задач нам трэба ўдзяліць пільную ўвагу стратэгічным напрамкам развіцця саюза. У сувязі з гэтым хачу падкрэсліць архіважнасць далейшага паглыблення ўнутрысаюзнай інтэграцыі і неабходнасць міжнароднага пазіцыянавання нашага саюза.
Што датычыцца стратэгічных задач, неабходна, па-першае, у найкарацейшыя тэрміны забяспечыць рэальны выхад на рэалізацыю сумесных праектаў па стварэнні найсучаснейшых вытворчасцей. Фактычна вытворчасцей будучыні. Гэта абавязковы элемент нашага эканамічнага суверэнітэту. Сёння мы зробім яшчэ адзін крок у гэтым напрамку - разглядаем пытанне аб надзяленні органаў саюза паўнамоцтвамі па фінансавым садзейнічанні прамысловай кааперацыі за кошт сродкаў бюджэту ЕАЭС. Магчымасць субсідзіравання працэнтных ставак па крэдытах дасць магчымасць вывесці фінансаванне канкрэтных прамысловых праектаў Еўразійскім банкам развіцця на якасна новы ўзровень.
Другое. Неабходна што б там ні было аздаравіць крывяносную сістэму нашага саюза. Я гавару пра фінансы. Ужо ўсім зразумела, эпоха дамінавання долара завяршаецца. Будучыня за гандлёвымі блокамі, разлікі ў якіх будуць ажыццяўляцца ў нацыянальных валютах. Беларусь і Расія ўжо адышлі ў асноўных разліках ад долара. Важна, каб і іншыя партнёры актыўна далучыліся да гэтага працэсу.
Трэцяе. На пасяджэнні Вышэйшага савета ў маі бягучага года мы дамаўляліся прадметна разгледзець пытанне аб устараненні перашкод на ўнутраным рынку ЕАЭС.
Лічу, што ў нас у прынцыпе не павінна заставацца бар'ераў ва ўзаемным гандлі. Гэта сутнасць арганізацыі нашага саюза. Гэта вырашыць дзве галоўнейшыя задачы: па забеспячэнні нацыянальных рынкаў таварамі крытычнага імпарту і каардынацыі дзеянняў пры экспарце стратэгічна важных тавараў, у першую чаргу прадуктаў харчавання.
Але сёння рэальнасць такая, што мы па-ранейшаму прадаўжаем змагацца з наступствамі рашэнняў, прымаемых у аднабаковым парадку на нацыянальным узроўні: то лес вывезці на экспарт не можам, то міжнародных аўтаперавозчыкаў не прапускаем. Пры гэтым пошук узаемапрымальных рашэнняў па праблемных пытаннях расцягваецца на доўгія месяцы. Нарад часам шмат - рашэнняў мала. Лічу, што камісія павінна максімальна ўзмацніць работу ў адзначаным напрамку.
Чацвёртае. Трэба таксама ўдзяліць першарадную ўвагу павышэнню міжнароднага аўтарытэту і канкурэнтаздольнасці нашага саюза. Апошнія падзеі паказалі, што далёка не ўсе згодны з далейшым існаваннем аднапалярнага свету. Як вынік, расце роля такіх інтэграцыйных аб'яднанняў, як ШАС, БРІКС. І наш саюз - ЕАЭС - павінен ісці з імі ў нагу. Больш таго, думаю, настаў час для правядзення саміту краін - членаў ЕАЭС, ШАС і БРІКС. Гэтыя краіны падзяляюць нашы падыходы аб неабходнасці паважання розных культур, поглядаў, палітычных сістэм. Магчыма, асобныя дзяржавы АСЕАН захочуць прыняць удзел у такой сустрэчы.
Асноўнымі пунктамі парадку дня саміту маглі б стаць пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння (напрыклад, фарміраванне рэгіянальных гандлёвых блокаў, выкарыстанне нацыянальных валют), а таксама тэмы энергетыкі і бяспекі.
Гэта пытанне актуальна гучыць асабліва ў плане таго, што ў будучым годзе старшынства бярэ на сябе Расійская Федэрацыя. Думаю, што будзе лягчэй пры старшынстве Расіі арганізаваць такое мерапрыемства.
Неабходна выразна і паслядоўна заяўляць аб сваёй прысутнасці на карце свету і праз далейшае пашырэнне зон свабоднага гандлю з тымі дзяржавамі, якія ў гэтым зацікаўлены.
Сёння мы прымаем рашэнне аб пачатку перагавораў па заключэнні Пагаднення аб свабодным гандлі з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Для нашага саюза гэта перш за ўсё знакавы палітычны крок.
У той час як нас спрабуюць раскалоць і ізаляваць, мы планамерна пашыраем гандлёвае супрацоўніцтва з нашымі партнёрамі. Ужо на завяршальным этапе перагаворы аб зонах свабоднага гандлю з Іранам і Егіптам. На падыходзе пачатак перагавораў з Інданезіяй і Манголіяй. Заключэнне такіх пагадненняў акрамя эканамічных бонусаў дэманструе марнасць спроб калектыўнага Захаду задушыць нас санкцыямі.
Паважаныя калегі!
Развіццё еўразійскай эканамічнай інтэграцыі спалучана з пераадоленнем шэрага цяжкасцей і перашкод. Але тым прыемней адзначыць, што бягучы год прайшоў вельмі плённа. І вялікая заслуга ў гэтым належыць усім нам.
Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць Садыру Нургажоевічу за якасна праведзеную работу ў рамках старшынства ў ЕАЭС. Я ўжо сказаў па выніках вузкага нашага пасяджэння (пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў вузкім складзе. - Заўвага) - мы як ніколі прадметна і глыбока абмеркавалі парадак дня і вельмі актуальныя пытанні, якія выносіліся на гэта вузкае пасяджэнне. У гэтым вялікая заслуга нашага старшыні.
Адначасова хачу пажадаць поспехаў Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну, які прымае сёння эстафету старшынства на наступны год. Мы ўсе будзем старацца ў будучым годзе, каб большыя крокі наш саюз зрабіў да тых мэт, якія мы перад сабой паставілі.
Дзякую вам за ўвагу.
На палях саміту ЕАЭС у Бішкеку Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.
Размаўляючы з журналістамі, Прэзідэнт пракаменціраваў заявы экс-канцлера Германіі Ангелы Меркель наконт мірных перагавораў у Мінску і заключаных некалькі гадоў таму Мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.
Сутнасць заяў Меркель зводзіцца да таго, што тады Мінскія пагадненні яна разглядала як магчымасць даць Кіеву час нарасціць сілавы і ваенны рэсурс.
"Павінен вам сказаць, я Уладзіміру Уладзіміравічу (Пуціну. - Заўвага) свой пункт гледжання наконт гэтага выказаў. Калі гэта так было б, як яна кажа, гэта агідна. Але гэта не так. І тое, як ёсць на самай справе, гэта не проста агідна - гэта брыдка. Меркель... Я таксама гэтага не чакаў. І Прэзідэнт Расіі пра гэта сказаў: ён не чакаў такога выпаду ад Ангелы Меркель. Яна зрабіла недастойна, агідна. Яна хоча быць у трэндзе. Мінскія пагадненні і пазіцыя Меркель, як і іншых, у тым ліку і Парашэнкі, былі тады вельмі сур'ёзныя. Уяўляеце, пасля мінскіх пасяджэнняў увесь свет гаварыў аб тым, што нарэшце зрабілі крок і падпісалі гэтыя пагадненні. Спынілася вайна, перасталі гінуць людзі. Усе гэта пазітыўна ацэньвалі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што не ўсё так проста, як цяпер гучыць у аналагічных заявах Ангелы Меркель і Пятра Парашэнкі: "Сёння на тым фоне размаўляць аб тым, што яны з Парашэнкам, гэты Аланд (экс-прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. - Заўвага), якога яна за руку вадзіла на маіх вачах... Яны, нібыта, правялі тайную аперацыю, падманулі ўсіх, перш за ўсё Расію, Пуціна, і ўсіх у свеце; далі паўзу, магчымасць украінскую армію падрыхтаваць да гэтай вайны... Калі б гэта было так, гэта вельмі проста. Вось падманулі, падрыхтаваліся да вайны і ваююць цяпер. Ну, калі гэта так (гэта не так), чаго тады выць і стагнаць, што ідзе вайна? Вы да яе рыхтаваліся".
Кіраўнік дзяржавы падзяліўся інфармацыяй, што ў 2021-2022 гадах з Данбаса павінна была пачацца вайна супраць Расіі. "Мы дакладна ведаем (у бліжэйшы час, я Пуціну сказаў, мы абнародуем гэтыя факты), як яны павінны былі пасля 2020 года - мяцяжу ў Беларусі, калі складзецца сітуацыя і выйдуць на граніцу Смаленскай вобласці з войскамі НАТА (захопяць у нас уладу), пачаць вайну супраць Расіі з Данбаса", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, прычынай павінна было паслужыць тое, што Расія захапіла чужыя тэрыторыі. "Адтуль павінна была пачацца вайна ў 2021-м, можа, 2022-м годзе. Расія спрацавала на апярэджанне. Таму не трэба Расію папракаць з-за заяў Парашэнкі, Меркель (былыя кіраўнікі Украіны і Германіі. - Заўвага). Ілжывых заяў, што Расія пачала вайну, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны - Меркель і Парашэнка - хочуць паказаць сваю значнасць. Што ўкраінская армія, глядзіце - ваюе, супраціўляецца адной з мацнейшых армій свету таму, што "мы падманулі тады ў Мінску ўсіх, і свет увесь падманулі, і Расію, і гэтак далей". Нізка і агідна. Не падобна на Меркель. Няпраўда, што яны гэта рабілі для таго, каб падмануць. Усё было сур'ёзна".
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што ў выпадку рэалізацыі Мінскіх пагадненняў Украіна была б цэласнай і ніякай вайны не было б. "Тады можна было. Ужо вось да гэтага б часу, калі б пайшлі тым шляхам, што прапаноўваў Пуцін, і дагавор быў заключаны, сёння, акрамя Крыма, Украіна была б цэласнай. Ніякай вайны не было б", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў той час перадаваў інфармацыю, пажаданні і патрабаванні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна былому кіраўніку Украіны Пятру Парашэнку і наадварот. "Я неяк гаварыў, што Пуцін апошні раз перадаў Парашэнку, што дапамогуць тое, што разбурана, аднавіць. А разбурэнні былі мінімальныя. Але яны на гэта не пайшлі. Яны рыхтаваліся да вайны. Але тады так ніхто не думаў, як сёння гавораць Меркель і Парашэнка", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі падманвалі і рыхтаваліся да вайны, гэта агідна. А тое, што гаворыць сёння Меркель, паўтараючы Парашэнку (экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. - Заўвага), - гэта агідна. Гэта трэнд. І яны хочуць у ім быць. Другое - Меркель не хоча, каб яе сёння на фоне падзей ва Украіне абвінавачвалі: "Ну, ты там, ты ж ездзіла з Аландам, прадстаўляла Еўропу, і ты штурхала Украіну не туды, куды трэба!" Яна пачынае апраўдвацца. Яшчэ раз падкрэсліваю: агідна і недастойна. Лепш сядзела б і не вылазіла. Гэтым самым яна перакрэсліла ўсё тое, што яна рабіла і для Германіі, і для Еўрапейскага саюза. А мы да яе ставіліся сур'ёзна. І Расія да яе ставілася сур'ёзна. Але, як бачыце, памыліліся. Яна аказалася такой жа, як сённяшнія ўсе лідары Еўропы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На палях саміту ЕАЭС Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў журналістам, што ніколі ў размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным не абмяркоўваў пытанні канкрэтных тэрыторый, у прыватнасці Херсона, Луганска, Данецка, Запарожжа.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на сустрэчах з расійскім лідарам размова заўсёды ішла пераважна аб неабходнасці весці перагаворы для спынення канфлікту ва Украіне: "Мы заўсёды гаварылі аб дагаворы, аб спыненні вайны, аб тым, каб вайна гэта спынілася. Аб гэтым мы ў цэлым гаварылі заўсёды. Памятаеце і мае выказванні, і яго, што Зяленскаму проста не даюць гэта зрабіць".
"У гэтым кантэксце мы размаўлялі. Але ніколі не абмяркоўвалі канкрэтныя тэрыторыі: Херсон, Луганск, Данецк і гэтак далей, хто каго павінен вызваліць..." - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены: калі Прэзідэнт Украіны цяпер будзе патрабаваць ад Расіі выйсці з тэрыторый Херсона, Запарожжа, Луганска, Данецка, гэта значыць, што перагавораў не будзе. "Гэта папярэдняя ўмова, якая непрымальная для Расіі. На гэтым этапе, мне здаецца, Расія наогул можа не прыняць такія ўмовы: выходзьце з Запарожжа, Херсона і гэтак далей. Нельга такія патрабаванні выстаўляць Расійскай Федэрацыі. Па многіх прычынах", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Калі хочаце міру - трэба сесці за стол перагавораў і там у цішыні, спакоі абмяркоўваць усе пытанні: хто што павінен вызваліць - або Расія, або Украіна. Калі гэтых крокаў няма, чытай: яны не хочуць гэтых перагавораў і размоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у інтэрв'ю журналістам на палях саміту ЕАЭС у Бішкеку расказаў, што галоўнае ў цане на расійскі газ і ці задавольвае яна Беларусь.
"Пытанне не ў тым, якія цэны ў нас. Пытанне, калі ўжо мы пайшлі на глыбокую кааперацыю з Расіяй (якраз прычына гэтага і шаленства ў свеце, і войны, і пандэмія, і іншае), у тым, каб пры нашай вельмі цеснай інтэграцыі для суб'ектаў гаспадарання былі роўныя магчымасці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў прыклад з цяплічнай гаспадаркай, дзе вельмі вялікая ўдзельная вага энергарэсурсаў у кошце прадукцыі: "Калі вы атрымліваеце па 60 або 80 долараў, а мы на граніцы атрымліваем 120 долараў, напрыклад газ, ну якія тут роўныя ўмовы. Я не змагу тавар свой прадаць у вас на рынку. А калі і магу, то мне трэба зарплаты ўрэзаць і іншае-іншае, каб канкурыраваць у цане".
"Таму галоўнае - аднолькавыя ўмовы. Няхай газ будзе і 1600 долараў, як у Еўропе, не дай бог, вядома. Але аднолькава ў Расіі і Беларусі. Вось гэта для нас важны элемент. Ну, мы дамовімся (па цане на газ. - Заўвага)", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ён і Прэзідэнт Расіі дамовіліся ў бліжэйшы час сустрэцца па эканамічных праблемах. "Абмеркаваць пытанні бяспекі, але галоўнае - эканамічныя праблемы. Мы там будзем абмяркоўваць гэту праблему па энерганосьбітах", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што газавыя і энергетычныя пытанні ўзнімаліся ў тым ліку і на праведзеным у Бішкеку саміце ЕАЭС. "Мы гэта пытанне другім або трэцім у парадку дня разглядалі", - сказаў ён. Усе бакі выказалі сваю пазіцыю.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2025 годзе партнёры ў ЕАЭС павінны выйсці на гэтыя адзіныя энергетычныя рынкі, у тым ліку па газу. "Ну і дамовіліся, што мы будзем спакойна ісці, на большае не здольны. І не толькі Расія, як аказваецца, не гатова да такіх рэхкіх рухаў, але практычна ўсе краіны, якія сёння здабываюць або купляюць, напрыклад, газ. Таму дамовіліся, што ў двухбаковым фармаце (на гэтым этапе будуць вырашаць адпаведныя пытанні. - Заўвага). Дамовіліся, паколькі з 2025 года рынак будзе працаваць: давайце не будзем адзін аднаго тут мучыць, а на двухбаковай аснове ўрэгулюем гэта пытанне. На вузкім складзе (пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. - Заўвага) мы аб гэтым дамовіліся", - расказаў беларускі лідар.
Яшчэ адно пытанне Кіраўніку дзяржавы датычылася адмовы ад выкарыстання долара ў разліках паміж краінамі, на што Прэзідэнт заўважыў, што да гэтага рашэння падштурхнулі абставіны і гэта быў вымушаны крок.
Аднак нейкіх праблем у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка не бачыць: "Калі нас вымусілі, я сказаў: "Ну і нічога, мы задаволены расійскім рублём".
Больш таго, Беларусь сама выступала ініцыятарам пераходу на расійскі рубель у разліках за энергарэсурсы, нагадаў Прэзідэнт. "Мы даўно, калі помніце, Расіі прапаноўвалі: "Давайце гандляваць за расійскі рубель" - "Не, давайце за долар" (адказвалі Беларусі на гэту прапанову. - Заўвага). І мы вымушаны былі гэты долар зарабляць невядома дзе і потым плаціць за нафту, газ. Сёння нас задавольвае стан разлікаў у расійскіх рублях".