Пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу
- 7
- 4:23
Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка 11 лютага правёў пасяджэнне Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу.
"Пачатак гэтага года ў нашай краіне выдаўся вельмі актыўным у грамадска-палітычным плане. Услед за электаральнай кампаніяй на красавік запланавана правядзенне чарговага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу. І сённяшні Прэзідыум дасць старт падрыхтоўцы да гэтага важнейшага дзяржаўнага мерапрыемства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што УНС у яго новым канстытуцыйным статусе будзе праводзіцца другі раз, а ўвогуле прайшло сем сходаў. Паводле Канстытуцыі, УНС адводзіцца стратэгічная роля па ўсёабдымнай абароне суверэнітэту Беларусі.
"Аб значных паўнамоцтвах гэтага органа народаўладдзя, які забяспечвае шырокае ўключэнне нашых грамадзян у працэсы развіцця краіны, красамоўна гавораць прымаемыя ім рашэнні: планы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына і іншыя", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у поўнай меры гэта адносіцца і да тых пытанняў, якія павінны быць вынесены на маючы адбыцца Усебеларускі народны сход. Адно з галоўных - выступленне Прэзідэнта са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента. "Пасланне - гэта і справаздача перад людзьмі, і вызначэнне задач на перспектыву, і адказы на самыя жыццёвыя актуальныя пытанні, - сказаў ён. - Краіна ўступіла ў пяцігодку якасці. Дадзены старт Году добраўпарадкавання. Завяршаецца апошні год пяцігодкі (2021-2025 гадоў. - Заўвага). Гэта абумоўлівае складанасць і комплекснасць задач, што стаяць перад намі".
Наступнае пытанне звязана з новымі канстытуцыйнымі кантрольнымі паўнамоцтвамі УНС. Упершыню дэлегаты заслухаюць даклад прэм'ер-міністра аб выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. "У сваім выступленні кіраўнік урада павінен не толькі даць справаздачу аб праведзенай рабоце, але і абазначыць контуры стратэгіі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку", - адзначыў беларускі лідар.
Усебеларускаму народнаму сходу таксама ўпершыню давядзецца прыняць шэраг кадравых рашэнняў.
У адпаведнасці з працэдурай Прэзідэнт уносіць на ўзгадненне Прэзідыума кандыдатуры суддзяў вышэйшых судоў. "Спіс у вас ёсць. Прадставяць гэтых людзей старшыні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Калі вы іх падтрымліваеце, то пытанне аб іх выбранні ўключым у парадак дня Сходу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна тэма - арганізацыйная структура і камісіі УНС. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта пытанне пакуль заставалася спрэчным. "Вы памятаеце палеміку на мінулым пасяджэнні Прэзідыума. Мной даручалася Прэзідыуму пры ўдзеле Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаткова прапрацаваць гэтыя пытанні. Спадзяюся, мы іх разгледзім і прымем рашэнне", - нагадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падкрэсліў, што праблематыка сур'ёзная, а таму пры прыняцці рашэнняў нельга памыліцца. "Усебеларускі народны сход павінен займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае не павінна быць сутыкнення лбамі адных органаў улады з іншымі і ўсіх разам з Усебеларускім народным сходам. Мы, як першапраходцы, ідзём па цаліне, фарміруем структуру на гады наперад. І ад гэтага рашэння шмат у чым залежыць прадуктыўнасць і аўтарытэт самога Сходу, іншых органаў дзяржаўнага кіравання", - заявіў беларускі лідар.
"Калі мы хочам мець эфектыўную дзяржаву, то пачынаць трэба з аптымізацыі кіраўніцкіх працэсаў, татальнай дэбюракратызацыі і жалезнай выканальніцкай дысцыпліны. У канчатковым выніку ад гэтага залежыць давер народа. Усё, што мы абяцалі людзям разам з вамі ў перадвыбарную кампанію, мы абавязкова павінны рэалізаваць. І мы гэта зробім", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках мерапрыемства сталі вядомы прыкладныя тэрміны падрыхтоўкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на будучую пяцігодку 2026-2030 гадоў.
На чарговым пасяджэнні УНС у красавіку бягучага года Прэм'ер-міністр зробіць справаздачу аб праведзенай рабоце і выкананні праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а таксама акрэсліць контуры стратэгіі такой праграмы на наступную пяцігодку. А саму гэту праграму прымаць не плануецца. Яна будзе распрацавана і па меры гатоўнасці прадстаўлена для разгляду і зацвярджэння ўжо на трэцім пасяджэнні. Калі менавіта яно адбудзецца, будзе вырашацца асобна.
"Парадак дня зацверджаны на пасяджэнні Прэзідыума. Другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу будзе праходзіць у красавіку на працягу двух дзён. Першы дзень - гэта Пасланне Прэзідэнта Беларусі, дзе будуць акрэслены ўсе напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, міжнародная палітыка, наша геапалітычнае становішча, пытанні, звязаныя з вырашэннем існуючых праблем, поспехі, недахопы і, у канчатковым выніку, якім чынам нам развіваць дзяржаву ў бліжэйшыя гады, - растлумачыў журналістам па выніках пасяджэння Прэзідыума Намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец. - У другі дзень будзе заслуханы даклад Прэм'ер-міністра ў адпаведнасці з Законам аб УНС аб сацыяльна-эканамічным развіцці нашай дзяржавы за 2021-2024 гады".
Акрамя таго, на пасяджэнні Прэзідыума УНС прынята арганізацыйная структура сходу. Агульная колькасць з 1189 чалавек размеркавана на 10 дэлегацый: ад заканадаўчай, судовай, выканаўчай улады і 7 дэлегацый ад рэгіёнаў. Сярэдняя колькасць кожнай прыкладна 70 чалавек. Самая масавая - ад Мінска, 192 чалавекі. "Такім чынам аформлена сістэма арганізацыі кіравання: Прэзідэнт, Старшыня УНС, яго намеснік, Прэзідыум, сакратарыят - гэта адна ступень іерархіі. Другая ступень іерархіі, якая ўзначальваецца (кіраўнікамі. - Заўвага) дэлегацый, - кіраўнікі парламента, судовай улады, Прэм'ер-міністр, старшыні аблвыканкамаў. Такім чынам, арганізацыйная структура аформлена і пачынае сваю дзейнасць, - адзначыў Намеснік Старшыні УНС. - Яна валодае вельмі высокай аператыўнасцю, даволі высокай ступенню кантролю, эфектыўнасцю, дысцыплінай". Ён таксама праінфармаваў, што па выніках мерапрыемства Аляксандрам Лукашэнкам пастаўлена задача членам Прэзідыума УНС пабываць у рэгіёнах і правесці сустрэчы з дэлегацыямі.


