Нарада па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню
- 10
- 9:58
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лютага сабраў нараду па пытаннях удасканалення прававога рэгулявання статусу старшыні выканкама базавага ўзроўню.
"Сёння мы павінны канчаткова абмеркаваць усе пытанні, якія датычацца павышэння ролі раённых і гарадскіх выканкамаў, так званага базавага ўзроўню, і іх старшынь", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы нараду.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу ў лістападзе 2024 года быў разгледжаны адпаведны праект Указа. Тады прагучала шмат прапаноў, у тым ліку і аб тым, каб не выдаваць Указ Прэзідэнта, а прыняць Закон.
"Законапраект падрыхтаваны, прадстаўлены мне для ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Давайце яшчэ раз паглядзім, ці ўсе надзённыя пытанні ў ім адлюстраваны, ці ўстаранёны праблемы, якія сёння перашкаджаюць эфектыўнаму функцыянаванню старшынь рай-, гарвыканкамаў, - сказаў беларускі лідар. - Пры гэтым хачу папярэдзіць усіх, што тут не трэба трымацца за якія-небудзь паўнамоцтвы і свой статус наверсе, каб не аддаць нейкія паўнамоцтвы туды, уніз. Гэта абсалютна недапушчальна. Мы павінны зыходзіць з пазіцый інтарэсаў нашай дзяржавы".
"Трэба разумець, што павышэнне статусу (а мы пра гэта гаварылі) старшынь выканкамаў базавага ўзроўню роўнае шматразоваму ўзмацненню адказнасці за развіццё горада ці раёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт ужо не раз заяўляў аб неабходнасці павысіць узровень выканальніцкай дысцыпліны ў краіне. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ён бачыць недапрацоўкі ў гэтым плане, прытым сур'ёзныя недапрацоўкі.
"І папярэджваю ўсіх, што, калі мы гэта не зробім, нам будзе вельмі складана не толькі ў гэтым годзе, але і ў пяцігодцы, выканаць тое, што мы перад сабой намячаем. Таму ўзровень выканальніцкай дысцыпліны павінен быць на адпаведнай вышыні. Але пры гэтым, разумеючы, што без старшынь гар-, райвыканкамаў мы не вырашым ніводнай праблемы, патрабаванні да іх узрастуць. Але калі мы павышаем патрабаванні да іх, то трэба даваць і паўнамоцтвы, каб яны маглі працаваць. Усё вельмі проста і зразумела. Вось у сувязі з чым з'явілася прапанова аб павышэнні ролі старшынь гар-, райвыканкамаў. Гэтыя прапановы павінны пашыраць паўнамоцтвы выканкамаў базавага ўзроўню і іх старшынь для таго, каб істотна перш за ўсё палепшыць эканоміку, узровень жыцця людзей на адпаведнай тэрыторыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ставіў пытанне, якое было вельмі неадназначна ўспрынята некаторымі катэгорыямі грамадзян, - аб адказнасці старшынь выканкамаў базавага ўзроўню за кіраванне па ўсіх напрамках, у тым ліку і прыватным сектарам. А то ў нас атрымліваецца, што прыватнік - гэта наогул не дзяржава, гэта дзяржава ў дзяржаве. А ў той жа час мы на прыватніка вельмі разлічваем, і іх роля, асабліва ў вытворчасці, будзе таксама павышана. Ну дык старшыня райвыканкама павінен па асноўным сваім функцыянале кіраваць, патрабаваць і несці адказнасць аднолькава як за прыватны, так і за дзяржаўны сектар. І гэта датычыцца перш за ўсё кадраў", - заявіў Прэзідэнт.
"Гэта жорсткае маё патрабаванне. Ад гэтага ніхто не павінен адыходзіць, разважаючы і мелючы языком пра нейкі лібералізм. У нас сёй-той яшчэ не наеўся гэтага лібералізму", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ідзе Год добраўпарадкавання і пяцігодка якасці. Асноўная нагрузка пры рэалізацыі пастаўленых задач кладзецца на рэгіёны і іх кіраўнікоў.
"І што, старшыня райвыканкама будзе хадзіць кланяцца да кіраўнікоў прыватнага сектара, каб яны, напрыклад, гэтыя задачы вырашалі? Рашэнні выканаўчага камітэта і старшыні выканкама павінны быць канчатковымі і абмеркаванню не падлягаць. У плане функцыяналу, які кладзецца на іх", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры абмеркаванні праекта дакумента трэба канчаткова вызначыцца па яго форме і змесце, каб старшыні былі яшчэ больш матываваныя на вынік і эфектыўна працавалі. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якімі кадравымі, эканамічнымі і іншымі паўнамоцтвамі прапануецца надзяліць мясцовую ўладу, каб даць магчымасць вырашаць злабадзённыя пытанні і адыгрываць больш прыкметную ролю ў развіцці свайго рэгіёна, ці патрэбны для гэтага праект Закона або эфектыўней будзе ўсё ж такі працаваць прэзідэнцкі Указ.
"Галоўнае - прынцыпова прыняць актуальныя, запатрабаваныя рашэнні. Ролю гэтага асноўнага звяна, якое ў рабоце сутыкаецца непасрэдна з людзьмі, нам трэба павышаць. Можа, і хапае паўнамоцтваў. Тады скажыце. У якім ключы будзем дзейнічаць, я сказаў. Не трэба баяцца надзяляць старшынь гар-, райвыканкамаў адпаведнымі функцыямі і паўнамоцтвамі. Запатрабаванне з іх будзе вельмі сур'ёзнае, націск на іх будзе вельмі сур'ёзны, але мы павінны даць ім рычагі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Па выніках паўторнага разгляду і абмеркавання прадстаўленага на разгляд Аляксандра Лукашэнкі законапраекта было вырашана ўсё ж такі спыніцца на форме Указа. З улікам правядзення мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання гэта паскорыць надзяленне старшынь раёнаў дадатковымі паўнамоцтвамі і дасць магчымасць апрабаваць навацыі на практыцы. Потым, прыкладна праз год, іх плануецца ўжо разам з іншымі змяненнямі імплементаваць у абноўлены Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, які Прэзідэнт даручыў выкласці ў новай рэдакцыі.
Што датычыцца Указа адносна паўнамоцтваў старшынь выканкамаў базавага ўзроўню, чакаецца, што пасля дапрацоўкі гэты дакумент Аляксандр Лукашэнка можа падпісаць ужо да сакавіка бягучага года.


