Выступленне на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці Беларусі
- 10
- 20:08
Паважаныя суайчыннікі і замежныя госці!
Дарагія ветэраны! Сябры!
Дазвольце мне перш за ўсё павіншаваць вас з Днём Незалежнасці - нашым галоўным дзяржаўным святам, якое стала сімвалам свабоды беларускага народа. Народа, які перамог смерць у самай страшнай вайне ў гісторыі чалавецтва.
Так, да сваёй незалежнасці беларусы ішлі больш за тысячу гадоў. Амаль ва ўсе часы пачынаючы з глыбокай старажытнасці гэта быў шлях барацьбы. Барацьбы з суровым кліматам за ўраджай, з захопнікамі за зямлю, з прыгнятальнікамі за свабоду, з інтэрвентамі за веру, культуру і традыцыі.
Але Вялікая Айчынная вайна стала вайной за жыццё, за само існаванне нацыі. Вайной за месца беларусаў у гісторыі, за месца маладой савецкай рэспублікі на карце свету. Гады акупацыі наглядна і жорстка паказалі людзям сапраўдны сэнс такіх паняццяў, як бяспека, свабода, суверэнітэт і незалежнасць. Гэтыя каштоўнасці маглі быць страчаны назаўсёды, але былі здабыты ў дзень вызвалення нашай сталіцы - горада Мінска.
З таго часу змянілася амаль чатыры пакаленні беларусаў. Але памяць пра герояў, якія падарылі нам будучыню, жыве ў нашых сэрцах. У ёй шмат болю, але яшчэ больш гонару. У ёй усведамленне, што ўсе мы, сучасныя беларусы, з'яўляемся носьбітамі гена пераможцаў.
Тое, што ў далёкім 45-м беларускі народ адстаяў сваю незалежнасць са зброяй у руках, - гэта сур'ёзны аргумент супраць любога ўмяшання ў жыццё краіны. Але сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькаў і дзядоў, з гонарам пранесці яго і перадаць дзецям.
Настаў час абараніць гонар сцяга пераможцаў. Калі мы бачым, што нават нашчадкі народаў, выратаваных 75 гадоў таму ад фашысцкага рабства і генацыду, разбураюць помнікі савецкім воінам і гераізуюць нацыстаў, мы разумеем, што вайна, на жаль, не закончылася. Яна прадаўжаецца ў культурнай, інфармацыйнай, палітычнай і эканамічнай сферах. У брацкай нам краіне нават перайшла ў гарачую фазу.
А пазней ужо ў былых рэспубліках СССР прывяло да расколу ў грамадстве. Гэты гістарычны вопыт мы ігнараваць не можам, і гэту данасць, якая сёння існуе, мы таксама ігнараваць не можам.
Усведамленне таго, што нашы продкі былі вялікімі людзьмі, - гэта тое, што дае кожнаму новаму пакаленню пачуццё самадастатковасці і гонару за сваё паходжанне, робіць нацыю моцнай і незалежнай. Менавіта гераічныя падзеі мінулага фарміруюць нацыянальную ідэнтычнасць народа і аб'ядноўваюць яго.
Таму любыя спробы дыскрэдытаваць пакаленне пераможцаў мы будзем расцэньваць як замах на суверэнітэт, носьбітам якога з'яўляецца і беларускі народ. І трэба разумець, што нашчадкі і ідэйныя паслядоўнікі тых, хто стаяў па другую лінію фронту, не пакінуць спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны або забыць яе. Але мы не можам, проста не маем права дапусціць гэта. Не маем права ў імя памяці тых, хто аддаў жыццё за свабоду беларускай зямлі, за нашу сённяшнюю сучаснасць і будучыню нашых дзяцей і ўнукаў.
Гістарыяграфія Вялікай Айчыннай вайны - гэта больш за 260 лагераў смерці, больш за 140 карных аперацый на тэрыторыі Беларусі, больш за тры гады нечалавечых пакут беларусаў у акупацыі - у балотах, зямлянках. Гэта памяць увекавечана ў больш як васьмі тысячах мемарыяльных помнікаў, у архіўных кінастужках і дакументах. Яна жыве ў народнай ініцыятыве "Беларусь памятае".
І сёння важна не толькі захаваць, але і давесці да ведама ўсе архіўныя фонды. Гэта пакет контраргументаў, які дапаможа будучым пакаленням беларусаў захаваць гераічную спадчыну сваёй краіны.
Дарагія ветэраны!
Вось ужо 25 гадоў мы разам адзначаем 3 ліпеня Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дзень Незалежнасці нашай дзяржавы.
Я ўпэўнены, вы шчаслівыя сёння бачыць, што адноўлены вамі мір у краіне мы захоўваем як самую вялікую каштоўнасць у жыцці. І наш святы абавязак - у імя вашага вялікага подзвігу захаваць і перадаць наступным пакаленням мірную, бяспечную і незалежную Беларусь. Нягледзячы на розныя пераплёты сучаснасці, смею вас запэўніць: мы яе захаваем - гэту мірную і незалежную краіну.
Шаноўныя беларусы! Грамадзяне краіны!
Успамінаючы герояў вайны, мы заўсёды кажам пра іх мужнасць, гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. І разумеем, што выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны абудзілі ў народзе невядомыя раней сілы. Але ж узгадавала іх шматвяковая гісторыя несвабоднага жыцця нашых далёкіх продкаў.
Безумоўна, вытокі нашай незалежнасці бяруць свой пачатак у сівой старажытнасці, у глыбіні стагоддзяў. Яны - у імкненні Полацкага княства да палітычнай і эканамічнай самастойнасці, у стварэнні на нашай зямлі самага прагрэсіўнага права, у шматлікіх навуковых і духоўных працах, у палітычных поспехах суайчыннікаў - яскравых прадстаўнікоў розных гістарычных эпох.
Але так адбылося, што амаль тысячу гадоў выразнікамі нашай волі на беларускай зямлі былі выключна каранаваныя асобы. І толькі ў ХХ стагоддзі на адвечнае пытанне "А хто там ідзе?" знайшоўся лёсавызначальны адказ. У вельмі складаных умовах трох рэвалюцый, Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў на гістарычную сцэну падняўся беларускі народ - мудры і цягавіты працаўнік, праўдзівы абаронца і захавальнік Радзімы.
Народ, які фактычна і быў гаспадаром гэтай зямлі, таму што ў жудасныя часы ўсіх войнаў (якіх было нямала) ён самааддана ўставаў на абарону Бацькаўшчыны і заўсёды ведаў, хто яе вораг. Нават не маючы палітычнай самастойнасці, стагоддзямі жывучы пад гнётам культурнай, канфесійнай і палітычнай экспансіі, ён здолеў захаваць сваю этнічную самабытнасць і традыцыі.
А гэта і ёсць незалежнасць - тая самая найвялікшая прага да сапраўднай волі, якая жыве ў сэрцы. Яна і дапамагае нам захаваць сувязь з продкамі, роднай зямлёй, зберагчы нацыянальную ідэнтычнасць, веру і мову.
Менавіта сэрцам беларускі народ заўсёды выбіраў гістарычны шлях і тым самым даказаў, што заслугоўвае суверэннага права вяршыць свой лёс. Мы i толькi мы будзем вяршыць гэты лёс на гэтым кавалку зямлi.
Паважаныя таварышы!
У гэты святочны дзень мы заўсёды ўспамінаем савецкую эпоху, якая дала беларусам магчымасць упершыню ў сваёй гісторыі пабудаваць эканамічны фундамент будучай легітымнай дзяржавы - рэспубліку з усімі нацыянальнымі атрыбутамі: беларускімі сцягам, гербам і гімнам.
Але ў навейшы час наша пакаленне мае гонар рэалізаваць абсалютнае права на дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць. На шчасце, без крыві і ўзрушэнняў.
І мы зрабілі гэта, выбраўшы шлях пераемнасці палітычных, культурных і сацыяльных традыцый - свой, а не навязаны знешнімі сіламі гістарычны шлях. Шлях, які многім, як вы бачыце, ужо сёння не падабаецца. Але гэта наш шлях, мы яго выбралі. І мы будзем ісці гэтым шляхам, чаго б нам гэта ні каштавала. Я памятаю, год таму мы разважалі на гэту тэму, і ўжо тады я вас папярэдзіў, што суверэнітэт і незалежнасць - гэта самае дарагое, што ёсць у любога народа, і што суверэнітэт і незалежнасць дорага каштуюць. Калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, нам трэба ісці на гэта, спакойна, без узрушэнняў, не ўступаючы ў канфлікты ні з якімі суседзямі, далёкімі або блізкімі, - нам гэта не патрэбна, мы мірныя людзі і хочам жыць спакойна. Жыць за свой кошт, сваёй працай, нам чужога не трэба, але і свайго мы не аддадзім.
На рэспубліканскіх рэферэндумах у 1990-я беларускі народ падтрымаў моўную роўнасць і дату Дня Незалежнасці. Зрабіў выбар на карысць моцнай улады, здольнай забяспечыць бяспеку і стабільнасць дзяржаўнага развіцця. Дзіўна, але я апошнім часам усё часцей чую крытыку гэтай формы дзяржаўнага ладу нашай краіны. Я хачу некаторым, якія прысутнічаюць у гэтай зале, нагадаць, а моладзь, якая гэтага не ведае, праінфармаваць, што не я ўзяў і манапалізаваў гэту ўладу, узваліў на свае плечы непасільную ношу. Тады мы ўяўлялі крывавы абрубак вялікай дзяржавы - Савецкага Саюза. Ні грошай, ні мукі, каб хлеб спячы, вакол забастоўкі, каструлі, чайнікі, лыжкі. Людзі натоўпамі ішлі сюды, да Мінска - у сталіцу нашай радзімы, папрасіць хаця б дзесяць долараў, каб пракарміць сям'ю.
І тады я прапанаваў вам варыянты, не кулуарна, не маючы тады яшчэ ніякай абсалютна ўлады. І вы на рэферэндуме, падтрымаўшы мяне, узвалілі на мае плечы, тады яшчэ маладога чалавека, гэту ношу. Як магу, так і нясу.
І павінен вам сказаць (прабачце за нясціпласць - гэта мы з вамі зрабілі): сёння вакол тыя, хто панеслі цяжкія страты ў гэты перыяд, чвэрць стагоддзя перабудовы, зайздросцяць беларусам, што яны спакойна прайшлі гэты шлях. Я гэта кажу, таму што сёння некаторым вельмі карціць, хочацца перавярнуць, рэформ. Толькі хачу вас папярэдзіць, што ў выніку гэтых рэформ хтосьці наб'е кішэні, а вы зноў з каструлямі будзеце хадзіць з вёсак і сёл, Салігорска, Слуцка і іншых гарадоў у горад-герой Мінск. Вы хочаце сказаць, што гэтага не будзе? Будзе. Паглядзіце на Амерыку - багацейшая краіна. Паглядзіце на Заходнюю Еўропу - ім чаго карціць? Паглядзіце, што робіцца: апошнія падзеі і пандэмія парадзілі ў Злучаных Штатах Амерыкі 60 млн беспрацоўных, галодныя бунты. Мы не Амерыка, мы не друкуем долары. Мы нават не Расія, якой няма куды дзяваць вуглевадароды, золата і металы. У нас толькі рукі, мазгі, галава на плячах. А для гэтага трэба, каб увесь свет працаваў, каб эканоміка ўсяго свету існавала. Калі эканоміка ўсяго свету закрыецца, закрыемся і мы, таму што мы экспартна арыентаваная эканоміка, таму што мы асноўную сыравіну і рэсурсы купляем з-за мяжы. Так жывуць многія сярэднія, малыя дзяржавы. Але для гэтага патрэбны мір, патрэбна ўзаемадзеянне. І мы ўсё робім для таго, каб ўзаемадзейнічаць.
Сёння Беларусь на разрыў. З Усходу нас баяцца страціць (і я гэта не ўтойваю, і разумею нашых братоў-расіян). Ды мы і бегчы нікуды не збіраемся: проста хочам, каб у нашым агульным доме, дзе мы жылі і жывём як браты, да нас ставіліся па-чалавечы. Вось адзінае патрабаванне, усё астатняе самі заробім.
З іншага боку, мы хочам, каб намі пастаянна не пануквалі: вы ж там глядзіце, не дапусціце таго і гэтага, выбары правядзіце, як мы, нікога там не чапайце. Нядаўна вызначыліся французыі. Ці ім аб гэтым гаварыць, калі яшчэ "жоўтыя камізэлькі" з вуліц не пайшлі?
Ідзе страшная канкурэнтная барацьба, і нам, беларусам, у гэтай барацьбе трэба выстаяць, прайсці прыгожа. Трэба не стварыць сабе праблемы, і да канца года мы выйдзем на той шлях развіцця, па якім ішлі заўсёды. Цяпер вострая барацьба, і яе абвастрыла не тое рукатворная, не тое выпадковая пандэмія. Але, як вы разумееце (асабліва людзі старэйшыя), выпадковага ў гісторыі нічога не бывае. І хутка вы гэта зразумееце, як зразумелі той асаблівы шлях, з якім мы ўступілі ў барацьбу з гэтай каранавіруснай інфекцыяй. Як вы мне не верылі тры месяцы таму, калі я вам гаварыў многае, жартуючы і не жартуючы. Вы хутка ў гэтым пераканаецеся. Шмат чаго я публічна вам нават сказаць не магу.
Проста будзьце акуратнымі і асцярожнымі. Мы гэта павінны зрабіць, каб заўсёды, як сёння, будаваць самастойна незалежную на міжнароднай палітычнай арэне краіну. Краіну сучасную і ўнікальную ў сваім спалучэнні заходне- і ўсходнееўрапейскай культур. Яны - наша агульная гістарычная спадчына.
Тое, што за гады незалежнасці мы змаглі захаваць у грамадстве гармонію розных традыцый і моў, навучыліся прымаць і цаніць дасягненні розных гістарычных эпох, паважаць канфесійны выбар адзін аднаго, сведчыць аб нацыянальнай і палітычнай сталасці нашага народа. Гэта значыць мы гатовы канчаткова пабудаваць нашу незалежную краіну.
Шматвяковая гісторыя краіны прадвызначыла нашу духоўную блізкасць з брацкімі народамі, нашу знешнеэканамічную, знешнепалітычную шматвектарнасць. Мы з'яўляемся не толькі гістарычным, але і сучасным цэнтрам Еўропы. За чвэрць стагоддзя мы сфарміраваліся ў культурна і духоўна адзіны незалежны беларускі народ.
Час ставіць нас перад новым выклікам. Выклікам, які выпрабоўвае на трываласць многія дзяржавы, саюзы, а таксама дружалюбныя і эканамічныя адносіны паміж краінамі. Свет на мяжы змены эпох, якая зноў падзеліць яго гісторыю на да і пасля.
І кожны думаючы чалавек задаецца сёння пытаннем: якое месца ў геапалітычнай прасторы ў бліжэйшым будучым зойме Беларусь? Не будзе пытання: "Хто мы? А хто там iдзе?" Будзе адно пытанне: "Дзе мы, дзе наша месца?" Месца наша тут, і, чаго б нам ні каштавала, нам трэба адстаяць яго. Яно належыць ужо не столькі нам, колькі нашым дзецям.
У свеце ідзе барацьба. Жорсткая. Нават бязлітасная. За тэрыторыі, рэсурсы, рынкі збыту, за гістарычную спадчыну і сферы ўплыву. Мы ўпершыню за ўсю гісторыю незалежнасці знаходзімся пад прэсам беспрэцэдэнтнага інфармацыйнага націску. На коне бяспека людзей і суверэнітэт дзяржавы.
Я кажу адкрыта і без двайных сэнсаў: праз месяц ужо мы будзем вызначаць лёс нашай краіны. Калі толькі мы пойдзем па навязаных сцэнарыях услед за тымі, кім кіруюць замежныя лялечнікі, перастанем быць беларусамі. Беларусамі, якія ў самы цяжкі час выходзілі пераможцамі. Беларусамі, якія заўсёды ставіліся з вялікай павагай да таго, што было зроблена папярэднікамі. Беларусамі, якія заўсёды абапіраліся на спрадвечныя традыцыі ў культурным, навуковым, вытворчым, палітычным і грамадскім жыцці краіны.
Менавіта гэта пераемнасць зрабіла нас незалежным народам, самадастатковым і самастойным у выбары свайго лёсу. І сёння як ніколі мы павінны моцна трымаць у руках сваё мінулае, сучаснае і, галоўнае, будучае. Мы павінны захаваць суверэнітэт краіны, яе незалежнасць!
І апошняе. Праз месяц вы і толькі вы будзеце вызначаць не тое, хто будзе Прэзідэнтам, - гэта прасцей за ўсё. Вы будзеце вызначаць будучыню сваёй краіны. Мы з вамі пражылі разам чвэрць стагоддзя, як умелі, будавалі нашу Беларусь, як умелі, стваралі і гадавалі нашу моладзь, якая, на жаль, разнародная, але так было заўсёды. На яе крыўдзіцца няма чаго. Калі дзесьці яна не такая, значыць, не дапрацавалі мы.
Старэйшае, сярэдняе пакаленні, тыя, хто працуе, жыве, як і асноўная маса людзей, правільна ацэньваюць сітуацыю ў краіне. І я ўсё больш сустракаюся з людзьмі думаючымі, разумнымі, талковымі працаўнікамі, усё больш і больш адчуваю нейкі жаль да сябе. Яны спрабуюць мяне ў чымсьці супакоіць. Дык вось, я вам скажу галоўнае (проста вярну вас у тое, аб чым заўсёды гаварыў): я ўжо напрацаваўся, я ўжо наеўся гэтай прэзідэнцкай долі.
Я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што, учапіўшыся, трымаюся за гэта крэсла пасінелымі пальцамі. Я лепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як маглі, як мог, так і будавалі. Як аказалася, не горш за іншых. Галоўнае, мы пазбеглі войнаў, жывём у бяспечнай, спакойнай краіне, дзе кожны, хто мае дзіця, можа выйсці на вуліцу ў любы час сутак і быць спакойным. Нам зайздросцяць людзі з іншых краін: нашы браты-расіяне, украінцы. А мы жывём і не разумеем, як гэта нам дасталося.
Гэта зрабілі мы з вамі, таму 9 жніўня без усялякага жалю (не трэба глядзець на Лукашэнку, што вось ён наш, ён з намі быў - жаль нам не саюзнік) вы павінны, як у народзе кажуць, узяць галаву ў рукі, падумаць і вырашыць пытанне. Лукашэнкі прыходзяць і сыходзяць, будуць іншыя. Ён не вечны, а жыццё на гэтым кавалку зямлі павінна прадаўжацца. Таму адкіньце ўсе эмоцыі. Сёння не да эмоцый, сёння гуляюць на вашых і маіх эмоцыях, выкарыстоўваюць так званыя новыя тэхналогіі, інтэрнэт і іншае. Мы павінны паказаць, што мы беларусы і добра разбіраемся ва ўсялякіх інтэрнэтаўскіх хітрыках. Мы павінны дастойна прайсці гэты перыяд, а вы павінны вызначыць, з кім вы будзеце далей жыць і як будзеце будаваць сваю суверэнную незалежную краіну для сваіх дзяцей.
Дарагія сябры!
Дазвольце мне ў гэты дзень павіншаваць вас з Днём Незалежнасці, павіншаваць вас з тым, што мы з вамі пабудавалі сваімі рукамі. Няхай гістарычнае значэнне гэтай памятнай даты дае кожнаму новаму пакаленню беларусаў веру ў сябе, натхняе на новыя здзяйсненні ў імя нашай роднай Беларусі і міру на зямлі.
Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту!