Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі

  • 22
  • 6:08

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня прыняў удзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што выпускны баль - гэта падзея, якая застанецца для маладых людзей адным з самых светлых успамінаў пра цудоўны студэнцкі час перш за ўсё таму, што гэта час юнацтва. Ён падкрэсліў, што ў выпускнікоў наперадзе яшчэ шмат часу, і яны паспеюць рэалізаваць усё задуманае.

"Ведаю, гэтыя гады былі яркімі і цікавымі, але і нялёгкімі. Асвоіць прафесію - вялікая праца. І я, сумленна, ганаруся тым, што вы прайшлі гэты шлях дастойна. Вы зрабілі галоўнае - зразумелі сваё прызначэнне. Гэта сведчыць аб вашай грамадзянскай сталасці і ўсвядомленай гатоўнасці стаць сапраўдным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што ўжо заўтра выпускнікі пачнуць ажыццяўляць свае мары, рэалізоўваць амбіцыйныя планы. У большасці гэтыя мары і планы - глабальныя і ў добрым сэнсе дзёрзкія, лічыць Прэзідэнт."Такія, якімі і павінна вызначацца кожнае новае пакаленне моцнай і незалежнай краіны. Я ўпэўнены, у вас усё атрымаецца. Абавязкова атрымаецца, калі вы гэтага будзеце хацець і будзеце імкнуцца да гэтага. Інакш быць не можа, таму што мы беларусы і наш нацыянальны характар фарміраваўся стагоддзямі. У кожным з вас закладзены лепшыя нацыянальныя рысы - наша беларуская працавітасць, адказнасць, дысцыплінаванасць, а таксама неабыякавасць, адкрытасць і адданасць роднай зямлі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што ўсе цяперашнія пакаленні - спадкаемцы пераможцаў. Паводле яго слоў, гэта шмат да чаго абавязвае, але галоўнае - дае права ганарыцца сваім паходжаннем, сваёй краінай і гісторыяй.

"Гледзячы на вас, такіх прыгожых, разумных, мэтанакіраваных, я сёння мару толькі аб адным. Каб праз гады вы таксама, як і мы, старэйшае пакаленне, расказвалі сваім дзецям і ўнукам, як будавалі сваю незалежную Беларусь, як захавалі і прымножылі наша нацыянальнае багацце, як збераглі мір і згоду ў грамадстве, як ганарыцеся продкамі і беражаце традыцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, ён рады таму, што выпускнікі ўжо ўключаны ў рэальнае жыццё, а не ілюзорнае, якое часам спрабуюць навязаць людзям, што многія з іх адбыліся як маладыя вучоныя, педагогі, урачы, работнікі вытворчасці, актыўна рэалізуюць свае таленты ў культуры і мастацтве.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Кіраўнік дзяржавы адрасаваў выпускнікам медыцынскіх ВНУ. Ён падкрэсліў, што ў экстрэмальнай сітуацыі яны праявілі сябе сапраўднымі прафесіяналамі. "У барацьбе за здароўе чалавека смела, плячо ў плячо сталі побач са сваімі старэйшымі калегамі. У складаны перыяд паказалі, што айчынная ахова здароўя, жыццё і здароўе людзей, будучыня краіны, як і раней, будуць у надзейных руках", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Хачу ўсім вам, нашы дарагія выпускнікі, пажадаць галоўнага - зберагчы сваю краіну. Гэта (суверэнітэт. - Заўвага) не абстрактнае паняцце - гэта тое, што дасць магчымасць вам і наступным пакаленням заставацца беларусамі. На чужой зямлі вы не будзеце беларусамі, толькі на сваёй. Гэта дасць магчымасць самім прымаць рашэнні ў сваім жыцці і жыцці краіны, а не азірацца па баках і думаць, што скажуць або, яшчэ горш, укажуць з Усходу ці Захаду. Не пакланяцца ўсяму замежнаму, не пераймаць чужыя традыцыі, а самім стаць узорам, на які хочуць раўнавацца іншыя краіны і народы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Рэспубліканскі баль выпускнікоў - добрая традыцыя, якая паўтараецца з году ў год. Ён заклікаў моладзь зрабіць усё, каб такія традыцыі прадаўжалі жыць. "Калі ёсць традыцыі, тады мы маем права называць сябе народам. Калі няма традыцый - мы не народ. Я ўпэўнены, што вы можаце зрабіць гэта. Зрабіце гэта, калі ласка. І нашай роднай Беларуссю, якую вы захаваеце і зробіце яшчэ больш прыгожай і моцнай, будуць ганарыцца нашы нашчадкі!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт павіншаваў выпускнікоў з сённяшнім днём і назваў яго вялікім. "Паверце, іншага такога шчаслівага, радаснага дня ў вашым жыцці не будзе, - растлумачыў ён. - Будуць розныя часы. І дзеці ў вас будуць - вы будзеце радавацца таму, што яны нарадзіліся. Вы будзеце радавацца, калі вашы дзеці скончаць школу, ВНУ. Але тое, што адбываецца сёння з вамі, бывае толькі адзін раз у жыцці. Нават калі вы атрымаеце яшчэ адну, дзве, тры адукацыі, ужо такой радасці не будзе. Вы пераадолелі самы цяжкі этап у сваім жыцці".

Кіраўнік дзяржавы таксама параіў выпускнікам рабіць усё своечасова. Ён звярнуў увагу, што калі сёння нешта не зрабіць, то заўтра для гэтага можа не быць магчымасці. "Прыйдуць іншыя людзі, і вы з імі сустрэнецеся. Настане новы час, які запатрабуе ад вас іншых дзеянняў і крокаў. Таму тое, што вы павінны зрабіць сёння, рабіце сёння, - заклікаў Аляксандр Лукашэнка. - І на злобу дня. Я вас вельмі прашу: пакажыце ўсяму свету і некаторым нашым, хто не бачыць або аслеп, што ў нас ёсць сапраўдная моладзь - прыгожая, разумная, якая ўсведамляе, што адбываецца ў жыцці, і абавязкова накіраваная ў будучыню".

У час Рэспубліканскага балю таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання яго ўдзельнікаў. Падзякі Прэзідэнта былі ўдастоены лепшыя педагогі і выпускнікі беларускіх ВНУ. У адказ выпускнікі ўручылі Кіраўніку дзяржавы памятны сувенір "Беларусь - мая Радзіма", выраблены з прымяненнем лазерных тэхналогій і нанясеннем спецыяльных пакрыццяў.