Сустрэча са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу
- 11
- 8:42
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 1 сакавіка сустрэчу са Старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу, якая адбылася ў Доме народных сходаў у Пекіне.
"Кітай стаў глабальнай дзяржавай. Без Кітая сёння немагчыма вырашыць ніводнае пытанне на нашай планеце. Кітай - прыхільнік шматпалярнага свету. Такую ж палітыку праводзім і мы. І наогул палітыка як унутры Кітая, так і ўнутры Беларусі падобная. Міжнародны парадак дня намі цалкам падтрымліваецца. Мы дзейнічаем у адным ключы", - сказаў беларускі лідар.
Ён асабліва адзначыў, што нядаўнія прапановы Старшыні КНР аб мірным развіцці на планеце, недапушчэнні санкцый, развіцці добрасуседства цалкам супадаюць з пазіцыяй Беларусі.
"Мы вельмі высока цэнім цеснае стратэгічнае супрацоўніцтва з вашай краінай на міжнароднай арэне. Нашы краіны нязменна аказваюць падтрымку адна адной па важных ключавых пытаннях сусветнага парадку дня. Мы асуджаем дзеянні, накіраваныя на ўзмацненне напружанасці вакол Тайваня. Беларусь заўсёды прытрымлівалася прынцыпу "Аднаго Кітая", выступала за мірнае вырашэнне і катэгарычна супраць умяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы КНР. Мінск падтрымліваў і будзе падтрымліваць Пекін па ўсіх адчувальных пытаннях. У тым ліку па Сіньцзяне, Паўднёва-Кітайскім моры, Ганконгу і Тайвані", - запэўніў беларускі лідар.
"Пашырэнне кантактаў з Кітаем для нас - прыярытэт у знешняй палітыцы. Дзякуючы сумесным намаганням паняцце ўсебаковае стратэгічнае партнёрства набыло асаблівае значэнне ў адносінах паміж Беларуссю і КНР. Сёння Мінск і Пекін прадаўжаюць умацоўваць канструктыўны палітычны дыялог, паспяхова развіваць эканамічнае ўзаемадзеянне і пашыраць рэгіянальныя сувязі", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсепагодны характар двухбаковага супрацоўніцтва дае магчымасць Беларусі і Кітаю рухацца далей. "Мы гатовы і ў далейшым прыкладаць неабходныя намаганні для плённага развіцця нашага партнёрства", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што міжпарламенцкія кантакты з'яўляюцца значным фактарам развіцця беларуска-кітайскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што намечанае пераўтварэнне Групы дружбы паміж парламентарыямі ў міжпарламенцкую камісію высокага ўзроўню стане стымулам для ўмацавання і інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва. "Мы зацікаўлены ў арганізацыі ўзаемных візітаў па парламенцкай лініі і заўсёды чакаем вас у Мінску", - сказаў Прэзідэнт.
Ён таксама падзякаваў за падтрымку прапаноў беларускага боку наконт семінара жанчын-парламентарыяў, круглага стала па маладзёжнай палітыцы. "Спадзяюся, вы будзеце прымаць удзел у гэтых мерапрыемствах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка згадаў і аб змяненнях у Канстытуцыю Беларусі, у адпаведнасці з якімі УНС быў нададзены канстытуцыйны статус. У свеце няма аналагаў гэтай структуры, але, як адзначыў Прэзідэнт, яна падобная да Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў.
У сваю чаргу Старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Лі Чжаньшу цёпла прывітаў беларускага лідара, адзначыўшы, што не раз быў у складзе кітайскіх дэлегацый на сустрэчах з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку ў Беларусі.
"Вельмі рады сустрэчы з Вамі. Вы з'яўляецеся даўнім сябрам для кітайскага народа", - падкрэсліў ён.
Лі Чжаньшу адзначыў, што бягучы год у Беларусі аб'яўлены Годам міру і стварэння, што пацвярджае няўхільнае імкненне краіны да міру і развіцця. "Упэўнены, што пад Вашым верным кіраўніцтвам абавязкова будуць новыя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця на карысць беларускага народа. Двухбаковыя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем развіваюцца ў здаровым і стабільным рэчышчы. Асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе пад стратэгічным кіраўніцтвам Сі Цзіньпіна і Вас кітайска-беларускія адносіны развіваюцца з вялікай дынамікай. Яны выйшлі на гістарычна высокі ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства", - сказаў ён.