Сустрэча са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым
- 4
- 7:14
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі як свята, але тыя, хто захацеў яго сапсаваць, засвяціліся яшчэ ярчэй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 жніўня на сустрэчы са старшынёй Выканаўчага камітэта - выканаўчым сакратаром СНД, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым.
"Дзякуй за тое, што, нягледзячы на абстаноўку ў свеце, асабліва з эпідэміяй, вы не пабаяліся, як сапраўдны генерал, прыехалі ў Беларусь, каб сваімі вачамі бачыць сітуацыю, асабліва ў гэты электаральны перыяд. Я ведаю ацэнкі вашай місіі і буду вельмі рады пачуць з вашых вуснаў заўвагі, прапановы, калі якія-небудзь былі ў час выбарчай кампаніі. Але вы ж бачылі, што мы хацелі падарыць людзям свята, і яны сапраўды адгукнуліся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што выбары прайшлі пры рэкорднай за ўсю гісторыю яўцы, на ўчасткі галасавання людзі ішлі сем'ямі, разам з дзецьмі. Прычым, на думку Кіраўніка дзяржавы, пасля аб'яўлення канчатковых вынікаў яна можа быць яшчэ вышэйшай. "Мяне, шчыра кажучы, прыводзіць у замілаванне, калі з маленькімі дзеткамі прыходзяць. Разумееце, гэта свята. Некаму захацелася сапсаваць гэта свята. Мы іх убачылі - яны засвяціліся яшчэ ярчэй гэтай ноччу. Мы адфіксавалі (вам гэта вядома, як былому разведчыку) званкі з-за мяжы. З Польшчы, Вялікабрытаніі і Чэхіі былі званкі, кіравалі нашымі, прабачце мне, авечкамі: яны не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што за мінулыя суткі многім людзям з-за меркаванняў бяспекі было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. "Дакументы былі фальшывыя, а большасць не ведала, навошта яны едуць, - растлумачыў ён. - Але, тым не менш, ноччу хадзілі, спрабавалі хлопцаў з міліцыі атакаваць і ў асобныя моманты атакавалі, але яны дастойна выстаялі і адказалі", - адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ёсць пацярпелыя з абодвух бакоў. Паводле яго слоў, атрымалі траўмы прыкладна 50 грамадзянскіх і каля 30 праваахоўнікаў.
"Хлопцы з міліцыі і ваенныя, якія былі задзейнічаны, вельмі дастойна сябе паводзілі, сапраўдныя патрыёты. Праўда, цяпер фэйкі ўкідваюць, што ў нейкім горадзе хлопцы з АМАПа ледзь ці не шчыты склалі. Пачынаю ўдакладняць - абсалютная хлусня. Звычайныя, простыя хлопцы. Гавораць: "Мы краіну на шчыты не складваем, мы будзем яе абараняць, наколькі гэта магчыма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што праваахоўнікам давялося абараняць не толькі спакой гараджан, але і прадстаўнікоў аб'яднанага штаба. "Іх сабралі ў адным офісе, плюс яшчэ нейкіх апазіцыйных журналістаў - усяго каля 60 чалавек. Мы ад іх атрымалі інфармацыю (нехта там з галавой сябруе), што вакол сабраўся натоўп. Вострая сітуацыя, і ад іх нехта папрасіў, каб улада іх абараніла. Я даручыў КДБ неадкладна самых моцных ваеннаслужачых накіраваць і негалосна ўзяць пад кантроль гэты офіс, каб, не дай бог, не забілі каго-небудзь: патрэбна была сакральная ахвяра. Але пашанцавала, што з іх штаба патэлефанавалі нашым хлопцам у міліцыі і папрасілі абарону. Мы іх абаранялі ўсю ноч і да гэтага часу кантралюем сітуацыю", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў яшчэ адзін фэйк: "Нібыта прыехаў з Польшчы рэвалюцыю рабіць і яго забілі. Пачынаем шукаць па ўсёй краіне - фэйк! Разумееце, ім патрэбна ахвяра. А нашы бацькі куды глядзяць? Вы бачыце, што там і школьнікі ёсць: 16, 17, 18 гадоў - розныя. Іх жа гэтыя лялечнікі проста кідаюць на штыкі, а самі хаваюцца за спіну. Мы затрымалі гэтых арганізатараў, якія хаваліся, - каля трох тысяч па Беларусі, з іх амаль палавіна - у Мінску. Абкураных, п'яных шмат, з наркотыкамі - жах. Таму мы вельмі строга рэагуем, каб, не дай бог, не дапусціць пажару. Калі гэты пажар распалім, тушыць яго будзе вельмі складана. І самае небяспечнае з учора: яны сабраліся натоўпамі і блакіравалі 33 участкі ў Мінску пасля васьмі гадзін. Націскалі на людзей і не давалі магчымасці выйсці. Мне давялося прыцягнуць ваенных, каб эвакуіраваць іх. Нават Цэнтральную камісію давялося абараняць. Інакш кажучы, яны па ўсіх напрамках зрабілі спробу націску. Я ўсіх папярэдзіў, і ўлада з гэтым справілася".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, праваахоўнікі дзейнічалі мякка, праўда, аднойчы ім давялося прымяніць гумавыя кулі, калі пратэстуючыя хацелі ўзяць штурмам сталічнае РУУС і напалі на міліцыянера. "Азвярэлыя людзі! Таму сітуацыя ўначы была напружаная, але міліцыя - малайцы, справіліся. Армію і Службу бяспекі мы прыцягнулі, толькі каб эвакуіраваць выбарчыя камісіі. Яны ж у чым вінаватыя? У чым вінаватыя настаўнікі і ўрачы, якія арганізавалі выбары? Было такіх 33 камісіі - мы іх без праблем эвакуіравалі. Вельмі хутка і зладжана спрацавалі па падліку галасоў на ўчастках і стабілізавалі сітуацыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Інтэрнэт у Беларусі адключаюць з-за мяжы, гэта не ініцыятыва ўлад, заявіў Прэзідэнт у час сустрэчы з Сяргеем Лебедзевым.
"Некаму не сядзіцца, заклікаюць выходзіць на вуліцы. Нават з-за мяжы адключаюць інтэрнэт, каб выклікаць незадаволенасць у насельніцтва. Цяпер нашы спецыялісты разбіраюцца, адкуль ідзе гэта блакіроўка. Таму, калі інтэрнэт дрэнна працуе, гэта не наша ініцыятыва, гэта з-за мяжы", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, на Беларусь спрабуюць мэтанакіравана націскаць з розных бакоў, "гібрыдна дзейнічаюць па ўсіх напрамках". "Але мы выстаім", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Сяргей Лебедзеў у сваю чаргу адзначыў: "Нягледзячы на складанасці ў транспартных зносінах, адсутнасць авіяцыйных, чыгуначных зносін, 184 чалавекі з васьмі краін СНД прыехалі, адгукнуліся і на працягу некалькіх дзён і ў абласцях, і ў Мінску назіралі за ходам галасавання. Нашы ацэнкі мы сёння агучылі: выбарчая кампанія была арганізавана дастойна. Зладжана працавалі ўсе людзі, якія адказваюць за выбарчы працэс".
Ён падкрэсліў, што высновы наглядальнікаў ад СНД адназначныя: выбары прайшлі ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, без навязвання "нейкіх аморфных міжнародных правіл".
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што як такіх міжнародных правіл і не існуе. "Мы з Расіяй прапаноўвалі АБСЕ выпрацаваць стандарты - яны ж не хочуць", - заявіў Прэзідэнт.
Сяргей Лебедзеў пацвердзіў словы Кіраўніка дзяржавы, адзначыўшы, што сам прымаў удзел у гэтай рабоце. "Яны хочуць нам навязваць нейкія свае правілы, але ёсць закон. Выбары прайшлі ў Беларусі ў адпаведнасці з законам, былі канкурэнтнымі, галоснымі", - падкрэсліў яшчэ раз выканаўчы сакратар СНД.
Субяседнікі таксама абмеркавалі перспектывы будучага старшынства Беларусі ў СНД. Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў прыхільнасць краіны да членства ў Арганізацыі і падкрэсліў, што Беларусь мае намер развіваць адносіны з усімі краінамі Садружнасці.