Сустрэча з ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе Драгамірам Карычам
- 7
- 3:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 снежня сустрэўся з ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, старшынёй групы дружбы з Беларуссю ў парламенце Сербіі Драгамірам Карычам.
"Што датычыцца адносін з роднай Сербіяй, я думаю, праблем практычна няма, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Шчыра гавару, што ў тым ліку і дзякуючы вашым памкненням і такой напорыстасці ў нас добрыя адносіны. Таму што, я памятаю, і з былым Прэзідэнтам (Сербіі. - Заўвага), і з цяперашнім мы сустракаліся - ты заўсёды падштурхоўваў і мяне, і свайго Прэзідэнта. Хоць я ж таксама не чужы для цябе Прэзідэнт".
"Не. Магу сказаць - мой", - адказаў Драгамір Карыч.
"Я згодны. Таму сапраўды ад цябе ініцыятыва заўсёды зыходзіла. І я вельмі рады, што вы прызямліліся ў Беларусі, знайшлі сваё месца, працуеце. У Беларусі вас вельмі добра ведаюць. Мне здаецца, што самая вядомая будаўнічая кампанія - гэта ваша. Нават нашы кампаніі менш вядомыя. Яна распіярана, раскручана, ды і якасна будуе", - сказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што заўсёды захапляўся югаслаўскімі будаўнікамі. "І вось вам удалося тую якасць узняць на больш высокі ўзровень. І камфорт, і якасць, і адказнасць - усё гэта прысутнічае ў вас. Але часам у тэрміны не ўкладваюцца, так?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Ідзём хутчэй за тэрмін", - адразу запэўніў Драгамір Карыч.
"Па асобных аб'ектах (пытанні па тэрмінах. - Заўвага)", - удакладніў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
"Таму мы рады, што ў нас ёсць такая кампанія, якая эфектыўна працуе. Ну а па больш канкрэтных пытаннях і па кампаніі, мы сёння якраз і сустрэліся для таго, каб пагаварыць", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца работы з Сербіяй, перадайце Прэзідэнту (Аляксандр Вучыч. - Заўвага) самыя добрыя мае пажаданні. Мы як былі надзейнымі сябрамі, так і будзем. І для нашага брата Вучыча, і для сербскага народа. Гэта наш народ", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь заўсёды поўная рашучасці наколькі магчыма падтрымліваць Сербію і сербскі народ. "І мы адчуваем з боку Сербіі гэту падтрымку. Галоўнае цяпер - выстаяць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Правільна", - згадзіўся Драгамір Карыч.
"Каб нас на калені не паставілі", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
"Цалкам правільна", - зноў пацвердзіў ганаровы консул.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Сербія ў свой час прайшла цяжкі шлях. "Мы з табой гэта бачылі на свае вочы - калі сыпаліся на галаву бомбы, калі ламалі, бамбілі. Цяжка было ўявіць - Бялград бамбілі. Таму, прайшоўшы гэты цяжкі шлях, нам трэба абавязкова выстаяць. Мне здаецца, выстаім", - сказаў ён.
"Я ўпэўнены, - падтрымаў Драгамір Карыч. - Хачу Вам перадаць перш за ўсё пажаданні здароўя ад сваёй вялікай сям'і. За мужнасць, за тое, што Вы робіце для свайго народа. Гэта не толькі для вашага народа - гэта робіце для міжнароднага права і іншых дзяржаў".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў ходзе сустрэч з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яны часта абмяркоўваюць сітуацыю на Балканах.
"Павінен Вам сказаць, што практычна на кожнай сустрэчы з Прэзідэнтам Пуціным мы часта гаворым пра Балканы. А на Балканах у нас хто - Сербія. Заўсёды пунктам апоры для славянства была на Балканах. Яна і сёння ёсць. Вельмі часта мы абмяркоўваем праблемы, якія ў вас існуюць, і настроены на вельмі добрае супрацоўніцтва", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч гэта ведае, тым больш што нядаўна сустракаўся з Прэзідэнтам Расіі. "Сваіх надзейных людзей ён з задавальненнем вітае. У нас вельмі часта пра яго, пра Сербію ідуць размовы", - дадаў ён.