Сустрэча з кіраўніком Рэспублікі Башкортастан Радзіем Хабіравым
- 10
- 6:47
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасць для хутчэйшага аднаўлення дыкрызіснага тавараабароту з Башкортастанам. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 7 снежня на сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Башкортастан Радзіем Хабіравым.
Прэзідэнт адзначыў, што вельмі рады бачыць у Беларусі такую прадстаўнічую дэлегацыю расійскага рэгіёна. "Удвайне рады, таму што з-за нейкай пандэміі, якая разгарнулася ў свеце, вельмі абмежаваны паездкі, кантакты. Але вы ўзялі і рызыкнулі прыехаць у цэнтр Еўропы, і, як бачыце, сітуацыя тут нармальная, стабільная", - сказаў беларускі лідар. Ён таксама звярнуў увагу на падабенства рэгіёна і насельніцтва з Беларуссю. "Для нас гэты край блізкі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што цікавасць да гэтага рэгіёна Расіі з боку Беларусі прагматычная з прычыны значных аб'ёмаў узаемнага гандлю.
"Візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі ў гэты няпросты час для нас знамянальны. Наша галоўная задача відавочная і цалкам вырашальная - як мага хутчэй аднавіць дакрызісны гандлёвы абарот, тыя паказчыкі, якія мы мелі", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго даных, за 9 месяцаў 2021 года тавараабарот склаў $280 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года скараціўся на 16%. "Хоць мы і маем амаль 6% прыросту нашага экспарту ў рэгіён, усё роўна каля $60 млн сальда адмоўнае. Таму нам ёсць над чым працаваць, а ваш візіт у Беларусь будзе садзейнічаць выраўноўванню тавараабароту паміж Башкортастанам і Беларуссю", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прычынамі зніжэння тавараабароту сталі не толькі пандэмія і абмежаванні, звязаныя з ёй. "Нашы адносіны правераны дзесяцігоддзямі, і мы не павінны дазваляць розным ці то кавідам, ці то заходнім санкцыям разбурыць нашы адносіны. Яны не будуць разбураны. Сведчаннем таго з'яўляецца ваш візіт у нашу краіну", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць рэзервы, якія можна задзейнічаць для актывізацыі ўзаемадзеяння ў гандлі, і намеціць прыярытэтныя напрамкі на бліжэйшую перспектыву. "Не думаю, што нам трэба абмяркоўваць нейкую палітыку, яна ў нас адзіная. Не думаю, што ў нас ёсць якія-небудзь разыходжанні", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да кіраўніка Башкортастана, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў дапоўніць яго лозунг "Мы можам лепш!" словамі "Разам мы можам лепш і больш!"
"Арыенцір цалкам відавочны: нам трэба аднавіць тавараабарот у памеры $700 млн (як у 2018 годзе. - Заўвага), - падкрэсліў Прэзідэнт. - Упэўнены, што пры добра пастаўленай рабоце мы можам спакойна дасягнуць і мільярда долараў тавараабароту. Мы да гэтага гатовы".
Паводле яго слоў, улічваючы багацейшую рэсурсную базу Башкортастана і прамысловы патэнцыял нашай краіны, асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць павелічэнню паставак прадукцыі машынабудавання. Тут Беларусь гатова прапанаваць самую сучасную аўтамабільную, сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую і камунальную тэхніку вядучых беларускіх прадпрыемстваў - МАЗа, МТЗ, "Гомсельмаша", "Амкадора", БЕЛАЗа, а таксама ліфтавае абсталяванне "Магілёўліфтмаша".
"Мы заўсёды гатовы падзяліцца назапашаным вопытам і тэхналогіямі ва ўсіх галінах, сакрэтаў для вас ніколі не было і не будзе, - запэўніў Прэзідэнт. - Нашы напрацоўкі даўно даказалі эфектыўнасць і з'яўляюцца асновай росту аграрнага сектара Беларусі".
На думку Кіраўніка дзяржавы, перспектыўна таксама нарошчванне паставак харчовай прадукцыі з Беларусі, якую ўжо добра ведаюць у Башкортастане. Беларускія спецыялісты гатовы ўдзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні школ, дзіцячых садоў, шматпрофільных культурна-спартыўных збудаванняў. Асаблівую цікавасць можа ўяўляць узвядзенне сацыяльных аб'ектаў.
"Беларусь таксама гатова прапанаваць сучасныя тэхналогіі і абсталяванне для водаачысткі, водападрыхтоўкі і водаадвядзення, абсталяванне і тэхналогіі поўнага цыкла па сарціроўцы і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў. Ведаю, і ў вас у Расіі гэта вялікая праблема. У гэтай сферы мы паспяхова працуем з іншымі расійскімі рэгіёнамі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Акрамя таго, ён нагадаў, што за эканомікай нельга забываць гуманітарную і інфармацыйную сферы, узаемадзеянне ў галіне адукацыі, навукі і культуры.
"Я ўпэўнены, што нашы адносіны не вычэрпваюцца тымі напрамкамі, якія я назваў. Думаю, што ў працэсе наведвання вамі Беларусі, любых прадпрыемстваў (калі ў вас будзе цікавасць) узнікнуць новыя напрамкі супрацоўніцтва", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу кіраўнік Рэспублікі Башкортастан адзначыў: "Мы сёння прыехалі і дакладна разумеем, што ёсць яшчэ вельмі вялікі нерэалізаваны патэнцыял для нашага агульнага развіцця, супрацоўніцтва. Нас не палохаюць ніякія кавіды, ніякія санкцыі. Мы хочам з вамі працаваць, рабіць так, каб дабрабыт жыхароў і Беларусі, і Башкортастана развіваўся і нам было ўзаемавыгадна працаваць".
"Калі мы прыбылі, нас сустрэлі тут як родных, вельмі блізкіх, добрых сяброў. І я не пабаюся сказаць, што народ Башкортастана і народ Беларусі - гэта на самай справе брацкія народы. У нас агульная вельмі доўгая гісторыя, агульныя продкі. Мы разам адбівалі націскі ворагаў і нас вельмі многае звязвае", - дадаў Радзій Хабіраў.