Сустрэча з губернатарам Астраханскай вобласці Расіі Ігарам Бабушкіным
- 11
- 4:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 снежня на сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Расіі Ігарам Бабушкіным заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. Ён таксама ў цэлым падкрэсліў, што Беларусь і расійскія рэгіёны звязваюць блізкія адносіны дружбы і супрацоўніцтва.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: для Беларусі ў роўнай ступені важна ўзаемадзеянне з усімі рэгіёнамі Расіі, незалежна ад іх геаграфічнай блізкасці або аддаленасці. "Для Беларусі важных, другарадных, блізкіх або далёкіх губерняў Расіі няма, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі побач Смаленшчына, Браншчына або Пскоўшчына, гэта не значыць, што яны нам больш важныя, галоўныя, а Астраханская вобласць другарадная. Наадварот, чым далей, тым важней, каб мы былі разам, былі побач і маглі супрацоўнічаць".
Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што развіццё супрацоўніцтва з рэгіёнамі заснавана на трывалым фундаменце добрых беларуска-расійскіх адносін, і яно адбываецца незалежна ад дзеянняў Захаду. "Апошнім часам гавораць: "Неяк яны актывізаваліся, Захад да гэтага падштурхнуў". Нічога падобнага. Мы пачалі выбудоўваць нашы адносіны яшчэ ў 1990-я гады, калі падпісалі пагадненне аб саюзніцтве Беларусі і Расіі. І нават яшчэ раней - калі на рэферэндуме ў Беларусі было пастаўлена пытанне аб Саюзе Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вось так, паціху, мы развіваліся, наколькі гэта магчыма, пераадольваючы ўсялякія перашкоды. А тое, што шкодны Захад нам дапамагае, дык не дапамагайце", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Любая вобласць (размова пра рэгіёны Расійскай Федэрацыі. - Заўвага), расіянін, рускі чалавек - гэта нашы людзі. Мы ніколі не дзяліліся. Можам мы дапамагчы нечым у сельскай гаспадарцы - калі ласка. Апошняе зерне аддадзім, суперэлітнае, каб у вас было добра, - падкрэсліў беларускі лідар. - Можаце вы нам бахчавымі культурамі дапамагчы, параіць або падказаць у нечым - будзем вам вельмі ўдзячныя, тым больш што цяпер гэтым таксама займаемся".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: сёння прадукты харчавання асабліва цэняцца ва ўсім свеце, цэны на іх растуць. А гэта азначае, што ў прыярытэце будзе і ўвесь аграпрамысловы комплекс, уключаючы сельгастэхніку, насенне, угнаенні і гэтак далей. Беларусь у гэтай сферы можа прапанаваць шэраг тавараў і паслуг. "Калі мы чым-небудзь можам вам быць карыснымі, давайце гэта рабіць", - прапанаваў Прэзідэнт. Тое ж датычыцца і супрацоўніцтва ў сферы жыллёвага і дарожнага будаўніцтва, паставак транспарту, ліфтавага абсталявання.
Прэзідэнт таксама абазначыў зацікаўленасць беларускага боку ва ўдзеле ў розных праектах на тэрыторыі Расіі: "Ведаю, што ў вас магутнейшая праграма. Мне Прэзідэнт Расіі пастаянна гаворыць, каб мы ўдзел прымалі - ад касмадрома Усходні (сур'ёзны аб'ект, асабісты аб'ект Прэзідэнта Пуціна) да будаўніцтва школ у самай невялікай вёсачцы".
"Усё, што скажаце, на што мы здольныя, - мы гатовы дапамагаць, рабіць. Спадзяюся, што і з вашага боку будзе такое ж стаўленне і да нас", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Ігара Бабушкіна, Астраханская вобласць арыентавана на развіццё аграрнага сектара і славіцца сваёй плодаагародніннай прадукцыяй - у гэтым яна лідар сярод расійскіх рэгіёнаў. "Нам удаецца падтрымліваць званне "ўсерасійскага агарода", - заявіў губернатар. - У нас атрымала шырокае распаўсюджванне сельскагаспадарчая тэхніка, якую вы вырабляеце. І, безумоўна, мы звязваем поспехі ў сельскай гаспадарцы менавіта з пастаўкамі і выкарыстаннем гэтай тэхнікі".
Губернатар у сувязі з гэтым таксама згадаў аб планах адкрыць у Астрахані гандлёва-сэрвісны цэнтр Мінскага трактарнага завода. "Для нас гэта таксама вельмі важная акалічнасць, якая можа прывесці да яшчэ большага пашырэння ўзаемаадносін", - дадаў ён.
"Астраханскую вобласць і Беларусь звязваюць шматгадовыя партнёрскія адносіны. І я вельмі рады таму, што ў гэтым годзе мы падпісалі новае пагадненне з Урадам Беларусі", - сказаў Ігар Бабушкін.
Асноўная ўвага, паводле слоў губернатара, удзяляецца развіццю супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. "Тавараабмен у сферы сельгаспрадукцыі - гэта, напэўна, галоўнае сёння, што звязвае нас з пункту гледжання ўзаемадзеяння", - адзначыў ён.
Як заявіў кіраўнік расійскага рэгіёна, у астраханцаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца штосезонныя кірмашы беларускай прадукцыі. "Беларуская прадукцыя ў нас запатрабавана", - адзначыў ён.
Астраханская вобласць таксама вельмі актыўна супрацоўнічае з Беларуссю ў галіне адукацыі і навукі. Расійскія ВНУ ўстанавілі цесныя адносіны з калегамі з Мінска, Гомеля, Віцебска, Гродна, Магілёва і абменьваюцца навуковымі даследаваннямі.
"Мы з вялікім задавальненнем прымаем беларускіх артыстаў на нашых тэатральных і канцэртных пляцоўках. Вельмі вялікую ўвагу мы сёння, як і Беларусь, удзяляем Вялікай Перамозе. Таму для нас сфера гуманітарнага супрацоўніцтва вельмі важная", - дадаў Ігар Бабушкін.