Сустрэча з першай лэдзі Зімбабвэ Аксіліяй Мнангагвай
- 9
- 2:20
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка сустрэўся з першай лэдзі Зімбабвэ Аксіліяй Мнангагвай.
"Паважаная спадарыня Мнангагва, як мы і дамаўляліся з Прэзідэнтам, Вы сёння ў Беларусі з вельмі важным візітам. Я выконваю просьбу майго сябра - Прэзідэнта Эмерсана, каб тыя тэхналогіі, якія сёння запатрабаваны ў вас у Зімбабвэ, там знаходзіліся. І мы гатовы дапамагчы вам рэалізаваць некалькі праектаў па жаданні вашай краіны і вашага Прэзідэнта па будаўніцтве высокатэхналагічных прадпрыемстваў. Перш за ўсё ў гуманітарнай сферы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва вельмі прасіў дапамагчы стварыць у яго краіне сістэму, аналагічную беларускай, у пытаннях родадапамогі, дапамогі дзецям, асабліва нованароджаным, і вырашыць праблему дзіцячага харчавання: "Словам, жанчыны і дзеці - прыярытэт прыярытэтаў, аб чым мне гаварыў не раз Эмерсан у час майго візіту ў вашу краіну".
У ходзе перагавораў лідараў дзвюх краін размова ішла аб тым, што курыраваць рэалізацыю адпаведных праграм з боку Зімбабвэ будзе вельмі адказны чалавек. "Я яго, шчыра кажучы, папрасіў, каб гэта былі Вы", - расказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў ходзе наведвання Беларусі Аксілія Мнангагва азнаёмілася з існуючымі ў краіне магчымасцямі. "Дзверы былі адчынены ўсюды. Таму выбірайце, вызначайцеся, пачынаем дзейнічаць. Больш таго, перадайце Эмерсану - ён мяне прасіў, каб я перагаварыў у Эміратах і ў Расіі па рэалізацыі сумесных праектаў, - ні па адным з напрамкаў не было адмовы. Гэтыя дзве краіны, пра якія ён гаварыў, вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з афрыканскімі дзяржавамі, і перш за ўсё з Зімбабвэ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што патрэбных Зімбабвэ тэхналогій у Беларусі хапае. Галоўнае цяпер - жаданне і хуткасць у рэалізацыі намечанага. "Трэба ўсё гэта рабіць хутка", - заклікаў ён.