Цырымонія перадачы беларускай тэхнікі зімбабвійскім аграрыям
- 23
- 5:15
Прэзідэнты Беларусі і Зімбабвэ Аляксандр Лукашэнка і Эмерсан Мнангагва пасля афіцыйных перагавораў у Харарэ прынялі ўдзел у цырымоніі перадачы беларускай тэхнікі зімбабвійскім аграрыям.
Кіраўнікоў дзяржаў сустракалі зімбабвійскія дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях з караваем у руках. Ён быў выпечаны з мясцовага ўраджаю, сабранага з дапамогай беларускай тэхнікі.
Лідарам краін коратка далажылі аб рабоце па пастаўках і абслугоўванні беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ.
Прэзідэнт Беларусі ў сваім выступленні ў Харарэ на цырымоніі перадачы беларускай тэхнікі падзякаваў Захаду за санкцыі.
"Хачу падзякаваць амерыканцам і ўсяму заходняму свету за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі. У адваротным выпадку на гэтым вялікім полі стаялі б не беларускія трактары, а амерыканскія і нямецкія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Тэзіс Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікі мерапрыемства падтрымалі бурнымі апладысментамі.
Прэзідэнт Беларусі нагадаў, што ў свой час цяперашні лідар Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва папрасіў падтрымкі ў пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. "Лёс зімбабвійскага народа, яго мінулае было нялёгкім. Дапамажы накарміць зімбабвійцаў, дапамажы адрадзіць сельскую гаспадарку, - успомніў Кіраўнік дзяржавы словы свайго зімбабвійскага калегі. - Я паабяцаў".
"Сельская гаспадарка і тэхніка, якая выстраена тут, - амаль 1 тыс. трактароў - гэта быў першы пробны крок", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы павінны памятаць: нас раздзяляюць немалыя адлегласці, але мы гатовы заўсёды дапамагаць вам, мы гатовы прыняць вашу дапамогу. Мы гатовы вам падставіць плячо ў любы час, у любым месцы, вырашаючы самыя складаныя праблемы і задачы", - запэўніў беларускі лідар. Ён заклікаў народ Зімбабвэ захоўваць адзінства і пажадаў усім шчасця, міру і дабра, а таксама хлеба на сталах.
Прэзідэнт Зімбабвэ ў час мерапрыемства падкрэсліў, што і ён, і Аляксандр Лукашэнка не вераць у доўгія размовы, але вераць у рэальныя справы і вынікі супрацоўніцтва, да якіх можна дакрануцца або падлічыць. Напрыклад, як трактары на полі, дзе праходзіла цырымонія. "Калі вы не верыце, можаце падысці і дакрануцца да іх", - з гумарам сказаў зімбабвійскі лідар.
Эмерсан Мнангагва адзначыў, што як Зімбабвэ, так і Беларусь падпадаюць пад заходнія санкцыі. Таму нядзіўна, што яны пачалі супрацоўнічаць. "Мы супрацоўнічаем, практычна дапамагаючы адзін аднаму", - падкрэсліў зімбабвійскі лідар.
Ён заявіў, што аграрны сектар займае вялікую долю эканомікі Зімбабвэ і краіна забяспечыла сваю харчовую бяспеку. "У нас ёсць бачанне і сябар, які падзяляе яго. І мы дасягнулі гэтага пры падтрымцы майго брата - Аляксандра Лукашэнкі", - сказаў Эмерсан Мнангагва.
На завяршэнне цырымоніі Аляксандр Лукашэнка падарыў калегу трактар для яго асабістай падсобнай гаспадаркі. У сваю чаргу Эмерсан Мнангагва падарыў Прэзідэнту Беларусі чучала льва - цара звяроў і адной з самых моцных жывёл у Афрыцы.