Сустрэча з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам
- 12
- 7:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 чэрвеня сустрэўся з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам у Мінску.
"Няпросты час. І добра, што Вы прыехалі на сваю зямлю. Не чужую для Вас. Для нашага народа гэта добры знак. Знак такога яднання, згуртаванасці перад гэтымі злымі сіламі, як наш Уладыка кажа. Паверце, праўда на нашым баку. Яна заўсёды мацнейшая. І мы вытрымаем любы націск на нас, якім бы ён ні быў. Няхай у форме мяцяжу або гібрыдных нейкіх войнаў, або нават гарачых. Мы вытрымаем", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вопыт ёсць вытрымліваць", - згадзіўся Патрыярх.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Не можа быць планеты без нашай цывілізацыі. Таму, я думаю, Ён (Гасподзь. - Заўвага) там глядзіць жа на нас, напэўна. Недзе там пажурыць, але і падтрымлівае, дапамагае".
"Несумненна", - адрэагаваў Патрыярх Кірыл.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў яму за добры знак - прыезд у Беларусь. "Ведайце, што Вы заўсёды тут не як дома, а дома, на сваёй зямлі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады бачыць Патрыярха ў бадзёрым здароўі і добрым настроі. Ён назіраў па тэлебачанні за мерапрыемствамі ў гонар 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях, што праходзілі гэтымі днямі ў Беларусі і непасрэдна ў Полацку. "Вельмі прыемна было бачыць шэсце. Вельмі шмат людзей прыйшло. Прытым з Расіі, Варонежа прыязджалі для таго, каб прайсціся там па вуліцы і адсвяткаваць", - сказаў ён.
"Так, вельмі ўрачыста і духапад'ёмна", - згадзіўся Патрыярх Кірыл.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для беларускага народа гэта вельмі важна: "Адтуль пачалося наша праваслаўе, і наш Патрыярх Маскоўскі падтрымаў гэту дату. Па-мойму, на сінодзе рашэнне прымалася. Таму я ўдзячны Вам, што Вы ў гэты дзень у Беларусі".
Кіраўнік дзяржавы запрасіў Патрыярха і ў далейшым прыязджаць у Беларусь. "Думаю, знойдзеце вы час яшчэ раз да нас прыехаць. Асабліва ў 900-годдзе манастыра ў 2025 годзе (споўніцца 900 гадоў з дня заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Полацку. - Заўвага), - адзначыў беларускі лідар. - Я Вас з задавальненнем прыму ў Беларусі. Ды і ў любы час. Я часта гавару, што гэта Ваша зямля з часоў Вашага служэння царкве ў Смаленску. Калі Вы ў Калінінград цераз Беларусь прыляталі (у былыя гады Патрыярх Кірыл займаў пасаду мітрапаліта Смаленскага і Калінінградскага. - Заўвага). Я помню ўсе Вашы выказванні таго часу. Вы вельмі любілі Беларусь. Я помню нашу першую сустрэчу ў гарах (размова пра сустрэчу ў Сочы. - Заўвага) і нашу тады размову".
Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы ў сваю чаргу адзначыў, што ў Беларусі заўсёды адчувае сябе сярод сваіх людзей. "Звычайна, калі ідзеш да якога-небудзь кіраўніка дзяржавы, розныя думкі ў галаве, як і што... А вось тут - з лёгкім сэрцам. Таму што ведаеш, што ідзеш да чалавека блізкага, які прыняў на сябе велізарную адказнасць за бяспеку, за захаванне свайго народа, за захаванне самабытнасці свайго народа", - сказаў Патрыярх Кірыл.
"Ва ўмовах глабалізацыі, накіраванай на тое, каб усялякая самабытнасць знікала і ўсе падвёрстваліся на планеце Зямля пад адны і тыя ж стандарты, барацьба за самабытнасць з'яўляецца барацьбой за выжыванне нацыі, - падкрэсліў ён. - Можа, не ў фізічным сэнсе, а ў духоўным і культурным сэнсе - гэта выжыванне".
"Гора будзе роду чалавечаму, калі ўсіх падстрыгуць пад адзін грэбень і людзьмі будуць кіраваць па стандартах, якія будуць выпрацоўвацца па-за іх удзелам, недзе ў нейкіх цэнтрах, і пад гэтыя стандарты будзе, што называецца, падладжвацца і палітыка, і культура, і жыццё людзей. Таму сёння сапраўдны суверэнітэт - гэта больш чым палітычны суверэнітэт. Гэта свабода людзей. Рады сведчыць, што Беларусь адносіцца да тых дзяржаў, пра якія можна сказаць, што гэта суверэнная дзяржава. І дай Бог, каб было так", - сказаў Патрыярх Кірыл.