Цырымонія адкрыцця помніка першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Філарэту
- 32
- 9:46
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 мая прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця помніка першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Філарэту.
Бронзавы манумент устанавілі ля цэнтральнага ўвахода ў Свята-Духаў кафедральны сабор. У цырымоніі адкрыцця помніка таксама прыняў удзел Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Помнік уяўляе сабой выяву Мітрапаліта Філарэта, які сустракае і благаслаўляе жыхароў Мінска Крыжом прападобнай Ефрасінні Полацкай. Патрыяршы Экзарх адзеты ў царкоўнае пазаслужбовае ўбранне - мантыю і клабук. Левай рукой ён абапіраецца на архірэйскі посах. Асаблівасцю адзення з'яўляецца тое, што на клабуку выяўлены шасціканцовы полацкі крыж, а не традыцыйны чатырохканцовы. Над стварэннем манумента працаваў аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам скульптара Андрэя Хацяноўскага.
"Я рады, што ў дзень значнага хрысціянскага свята - Радаўніцы, калі прынята памінаць самых дарагіх людзей, якія пакінулі гэты свет, мы адкрылі помнік першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, нашаму Мітрапаліту Філарэту. Нашаму, без перабольшання, вялікаму сучасніку, Герою Беларусі, чалавеку, які быў не толькі духоўным айцом, але і сумленнем нацыі, - заявіў Прэзідэнт у час цырымоніі. - Ён заўсёды гаварыў: "Дзе служыш - там і Радзіма". І даказаў усім сваім жыццём, што яго лёсам, яго Айчынай была наша Беларусь. А мы былі яго вялікай любімай сям'ёй".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Мітрапаліт Філарэт аддаў шмат сіл адраджэнню храмаў, прыходаў, манастыроў, развіццю багаслоўскай асветы. Гэта па яго благаславенні на беларускую мову было перакладзена Святое Пісанне, устаноўлена свята ў гонар Сабора Беларускіх святых, адноўлена святыня Беларусі - Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, пачаў функцыянаваць унікальны сацыяльны праект Беларускай праваслаўнай царквы - Дом міласэрнасці.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на міратворчыя намаганні Мітрапаліта Філарэта. Уладыка яшчэ ў гады халоднай вайны стаў узнімаць тэмы патрыятызму, антыфашызму, недапушчэння прымянення ядзернай зброі і спынення гонкі ўзбраенняў.
"З усесаюзных, міжнародных трыбун, а таксама са старонак перыёдыкі ён з пранізлівай вастрынёй гаварыў аб тым, што вельмі высокая цана, заплачаная савецкім народам за перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, і таму для нас мір - гэта найвялікшае дабро, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я ўпэўнены, і цяпер на нябёсах побач са святымі заступнікамі Беларусі ён просіць аб міры і згодзе на нашай прыгожай зямлі".
"Усе мы добра бачым, што біблейская бітва дабра і зла не скончана. Яна і сёння ідзе на ўсёй планеце пры розных акалічнасцях і ў самых незвычайных абліччах. Чым такое процістаянне заканчваецца, добра відаць на нашай роднай і брацкай Украіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт заўважыў: нездарма кажуць, што самы цёмны час - перад світаннем. У такі няпросты перыяд выразна відаць: хто вораг, а хто сябар.
"У Год гістарычнай памяці мы, беларусы, якія перажылі нямала, зноў проціпастаўляем заходняй крывадушнасці сваю спакойную беларускую мудрасць і памяркоўнасць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Мітрапаліта Філарэта няма ў жывых больш як год, але ўсё яшчэ цяжка гаварыць аб ім у прошлым часе. "Не хапае яго голасу, нязменнай добразычлівасці, тонкага гумару, мудрай парады і малітвенай дапамогі", - сказаў ён.
Прэзідэнт згадаў адно з пасланняў уладыкі, заявіўшы, што яго часта ўспамінаюць як духоўны запавет. Гэтыя словы былі вымаўлены Мітрапалітам у няпросты для Беларусі жнівень 2020 года: "Цяперашняя задача і абавязак нацыі - захаваць мір і згоду на роднай зямлі. Гэта наша адказнасць перад Богам і перад нашчадкамі".
Кіраўнік дзяржавы заклікаў грамадзян цаніць адзін аднаго, берагчы мір і краіну і заўсёды помніць аб словах Мітрапаліта Філарэта, якімі ён заканчваў кожную пропаведзь: "Спяшайцеся рабіць дабро".
"Нашы добрыя справы будуць найлепшай данінай яго светлай памяці", - сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка і Мітрапаліт Веніямін усклалі кветкі да манумента і пасля цырымоніі наведалі храм, дзе запалілі свечкі ля Распяцця. Уладыка ўручыў у падарунак Кіраўніку дзяржавы абраз з асабістага збору Мітрапаліта Філарэта ў памяць аб ім.
"Галоўная наша задача - каб справа ўладыкі Мітрапаліта Філарэта прадаўжалася, пашыралася", - сказаў Мітрапаліт Веніямін.
У саборы Аляксандр Лукашэнка коратка пагутарыў са свяшчэннаслужыцелямі, сярод якіх быў траюрадны пляменнік Мітрапаліта Філарэта.