Наведванне храма Прападобных Опцінскіх старцаў у Мінску
- 23
- 19:54
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 студзеня запаліў калядную свечку ў мінскім храме Прападобных Опцінскіх старцаў.
Кіраўніка дзяржавы сустрэў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У храме таксама прысутнічалі выхаванцы нядзельнай школы прыхода храма, прыхаджане.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх са светлым, яркім, добрым і доўгачаканым святам Раства Хрыстовага. "Дзякуй вам за запрашэнне. Я вельмі цаню наведванне вось гэтых маленькіх драўляных, вельмі душэўных нашых храмаў. Вось тут, мне здаецца, і ўся ісціна беларускага народа", - сказаў Прэзідэнт.
Ён пажадаў усім здароўя і шчасця, асабліва дзецям. "Цяжка будзе - не хвалюйцеся, - у нас ёсць усё для таго, каб дапамагчы. А калі вы яшчэ будзеце варушыцца, то я ўпэўнены, што вы будзеце не толькі здаровыя, але і шчаслівыя. Усяго добрага вам і вашым дзеткам", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што будзе правільным у гэта свята таксама адрасаваць прывітанне і добрыя словы ўсім суайчыннікам - не толькі праваслаўным, але і католікам, іўдзеям, мусульманам. "Гэта нашы людзі. Таму будзе правільна, калі мы ім скажам добрыя словы ў гэта наша светлае свята", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час наведвання мінскага храма Прападобных Опцінскіх старцаў беларускі лідар паразмаўляў з яго прыхаджанамі і ўдзельнікамі каляднага богаслужэння.
"У мінулым годзе, сустракаючыся ў гэты светлы дзень Нараджэння Хрыстовага, мы якраз у некалькіх фразах гаварылі пра год мінулы. 2020 год для нас быў вельмі няпростым, але вельмі карысным. І мы тады спадзяваліся, што мінулы 2021 год будзе абавязкова лепшым. Давайце будзем шчырымі: ён быў няпростым (простых не бывае, і не будзе ніколі), але ён усё ж такі быў лепшым, чым 2020-ы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Але і як 2020-ы, для нас таксама быў павучальным. Ён быў урокам для нас. Кажуць, у храме не хлусяць. Я прытрымліваюся гэтай практыкі і тактыкі. Калі сказаць няма чаго, то і гаварыць не трэба. Таму я прытрымліваюся той практыкі, што тут трэба гаварыць шчыра, ад душы і праўду. Год быў няпростым. Яшчэ раз падкрэсліваю - быў урокам для нас. У нас быў час прааналізаваць усё, што мы зрабілі, дрэннага або добрага".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам, зыходзячы з падзей, усё больш і больш прыходзіць да высновы, што Гасподзь людзей папярэдзіў. "Што мы не зусім правільна жывём, не зусім правільна дзейнічалі і дзейнічаем. У цэлым, не толькі Прэзідэнт, улады. Але ў цэлым мы - народ. Таму Ён нас папярэдзіў: калі мы і далей будзем так жыць, мы сутыкнёмся з вельмі вялікімі праблемамі. Адна з праблем, з якой мы ўжо маем справу, - гэта пандэміі", - сказаў Прэзідэнт.
"Мінуў час, і мы з вамі зрабілі пэўныя высновы, і не толькі мы. Цяпер нашым шляхам пайшлі ўсе. Але гэта ж не прынята гаварыць, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы мелі рацыю. Вядома, мы не надта якія багатыя. У нас няма тых рэсурсаў, якімі валодаюць вядомыя краіны. Але нам удалося ў мінулым годзе, нават нашы "неверагодныя" гавораць аб тым, што эканоміка здзейсніла неверагоднае. Усе ў свеце перажылі спад, а Беларусь трымаецца. Трымаецца таму, што мы і 2020, і 2021 гады, сціснуўшы зубы, трымаліся. І, напэўна, Ён нам дапамог у гэтым. Толькі той, хто ідзе, можа пераадолець цяжкую дарогу. Гэтым характарызаваўся мінулы год. Мы пераадолелі быццам бы ўсе нягоды. Вакол нас адбылося тое, аб чым я шмат разоў гаварыў".
Гаворачы аб сітуацыі ў Казахстане, Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што гэтыя падзеі ў Казахстане з'яўляюцца спробай замежнага ўмяшання.
"Апошнія падзеі - яны вельмі нас насцярожваюць. Мы вельмі непакоімся за тое, што адбываецца ў аднаго з нашых галоўных саюзнікаў - у Казахстане. У бядотным становішчы народ. Казахстан успыхнуў, палаюць буйныя гарады", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што Беларусь з Казахстанам у тым ліку звязвае дагавор аб калектыўнай бяспецы. "У нас ёсць адпаведныя ваенізаваныя падраздзяленні, якія ў рэзерве знаходзіліся некалькі гадоў, абучаліся. Гэта міратворчыя сілы, якія разам з нашай брацкай Расіяй былі перакінуты ў Алматы. Нашы хлопцы сёння разам з расіянамі спрабуюць зблізіць пазіцыі бакоў", - заявіў беларускі лідар.
"Мы гэта перажывалі. І я заўсёды папярэджваў: як толькі мы дапусцім нейкую трэшчыну, туды хлыне вада. Свята месца пуста не бывае. Так і адбылося ў Казахстане. Гэтым скарысталіся замежныя бандыты і рынуліся, перш за ўсё, у працвітаючы поўдзень, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Вы хутка ўбачыце. Гэта была і ёсць спроба замежнага ўмяшання. Цяпер трэба разабрацца, хто за гэтымі бандытамі стаіць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ставілася мэта адрэзаць поўдзень Казахстана. "Таму поўдзень Казахстана такі важны для цяперашняй улады, цяперашняга Прэзідэнта Казахстана. Гэта яго, дарэчы, радзіма, Такаеў нарадзіўся ў Алматы. Ідзе процістаянне. Я падазраю, што ўсё там ужо ідзе на спад. Таму што накіраванне туды нашага кантынгенту разам з Расіяй, падключацца і іншыя дзяржавы АДКБ, усё ж такі выцверажальна дзейнічае на тых, хто вырашыў там пагрэць рукі", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за факт накіравання Беларуссю ў Казахстан міратворцаў схапіліся збеглыя за мяжой і спрабуюць на гэтым разварушыць народ. "Што, вось, бачыце, мы ледзь ці не ваюем за Казахстан", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы не ваюем ні за каго. Там усяго толькі адна рота нашых ваеннаслужачых-міратворцаў. Гэта міратворчыя сілы. Мы праінфармавалі ААН, што мы будзем дапамагаць наладзіць мір. Мы ў Казахстан прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць. Мы - людзі мірныя. І нашы ваеннаслужачыя таксама мірныя людзі. Мы прыйшлі туды для таго, каб дапамагчы ім", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў Казахстане ўжо загінула шмат людзей і з аднаго, і з другога боку: "Там адразаюць галаву паліцэйскім, амапаўцам і ваеннаслужачым. Значыць, ужо рысы тэрарыстычных арганізацый, якія засвяціліся і ў Афганістане, і ў Сірыі, і ў Іраку".
"Цяпер трэба спыніць братазабойчую вайну. Гэтым мы і займаемся", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуўся і да тых, хто спрабуе "нагрэць рукі" на тэме накіравання міратворцаў: "Я хачу, каб вы мелі на ўвазе, што Казахстан - гэта наша эканоміка. Мы больш чым на $1 млрд гандлюем з Казахстанам, мы туды прадаём вялікую колькасць тавараў. І калі мы не будзем разам з гэтым народам і ўладамі, нам там пасля гэтага рабіць няма чаго. Нас проста туды не пусцяць, і правільна зробяць. Сапраўдныя сябры і саюзнікі - побач. Я нават не гавару пра юрыдычны бок справы, што мы павінны выконваць міжнародны дагавор. Мы, пяць дзяржаў (АДКБ. - Заўвага), звязаны міжнароднымі пагадненнямі".
"Але галоўнае: як ты да сваіх сяброў, так і яны да цябе. Проста і зразумела", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Казахстан - гэта спроба атакаваць постсавецкія дзяржавы па перыметры Расіі. Ім трэба ўтапіць у крыві Расію. Яшчэ раз паўтараю: калі рухне Расія, то мы нават не заўважым, дзе мы апынёмся. Цераз нас проста пераступяць. Як я кажу, у жорнах перамелюць і выплюнуць. Таму чаго б ні каштавала, нам трэба захаваць цэнтр нашай цывілізацыі, цэнтр нашага праваслаўя і не толькі. Тыя землі, якія сёння знаходзяцца ў складзе Расійскай Федэрацыі. Вось і ўся філасофія. Я хачу, каб вы гэта разумелі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца Беларусі, прадоўжыў Прэзідэнт, то для яе яшчэ вельмі важна застацца незалежнай дзяржавай, каб беларускі народ кіраваў сваёй краінай, жыў мірна і спакойна. "І дружыць, быць у цесным саюзе з нашымі суседзямі, з тымі, хто хоча з намі жыць разам, і хто нас разумее", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт расказаў, што ўзяў больш жорсткі курс на захаванне суверэнітэту і незалежнасці, але і адначасова на ўмацаванне сувязей з дружалюбнымі і братэрскімі дзяржавамі.
"Павінен вам сказаць, што гэты год будзе няпростым. Свет зменіцца вельмі сур'ёзным чынам. Свет зменіцца ў плане аб'яднання народаў і дзяржаў у саюзы. Такім дзяржавам, як мы, паасобку не проста будзе цяжка выжыць, - будзе немагчыма. Таму я і ўзяў больш жорсткі курс на тое, каб захаваць наш суверэнітэт і незалежнасць, каб мы былі дзяржавай. Але былі ў цеснай звязцы з нашымі бліжэйшымі сябрамі і братамі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хто гэта? Гэта Расія. Гэта Казахстан. Гэта Украіна. Няважна, што там адбываецца сёння. Там народ абяздолены да крайнасці. Так доўга прадаўжацца не можа".
"І нам трэба зрабіць усё, каб вярнуць Украіну ў лона нашай сапраўднай веры. А там адбыўся нават па рэлігійных напрамках такі раскол, які пераадолець будзе вельмі складана. Гэта тое, што і нам хацелі ў 2020 годзе паднесці - аўтакефалію, раскол нашай царквы, і гэтак далей і да таго падобнае. Вы гэта ўсё ведаеце. Мы гэтага пазбеглі. І я не хачу, каб гэта паўтарылася ў нашых суседзяў", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Год, які пачаўся, будзе вельмі складаны. І нам нельга ні ў якім разе памыліцца. Калі толькі мы, ідучы па лязе нажа або па тонкім лёдзе, спатыкнёмся, мы рухнем", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асновай палітыкі ў Беларусі будзе маральнасць. "Мы павінны, нарэшце, зразумець, што жыццё - гэта не толькі чэрава набіць і ўсё астатняе, што з гэтага вынікае. Мы павінны разумець, што ёсць нейкія маральныя асновы. Перш за ўсё - патрыятызм і любоў да сваёй зямлі, у імя чаго мы павінны жыць і выхоўваць нашых дзяцей", - сказаў беларускі лідар.
"Давайце падумаем пра дзяцей. Гэта - галоўнае. Гэта - аснова цяперашняй нашай палітыкі", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі нядаўна зацверджаны бюджэт на бягучы год, і ў ім амаль палова накіроўваецца менавіта на сацыяльныя патрэбы, у тым ліку адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт, маральнае выхаванне. "Учора (на нарадзе. - Заўвага) мы з гэтага і пачалі, гаворачы пра гістарычную палітыку нашай дзяржавы. Мы павінны нарэшце людзям сказаць, адкуль мы і што вакол нас няма тых дзяржаў, якія маюць больш старажытныя карані, чым мы. Мы павінны сказаць людзям праўду, якую не маглі з-за палітыкі гаварыць раней. Гэта вельмі важна для маральнага выхавання і для разумення таго, хто мы і адкуль", - падкрэсліў беларускі лідар.
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка ў тым ліку разлічвае на садзейнічанне царквы. "Тым больш што гэта ні ў якім разе не супярэчыць канонам нашай царквы. Гэта тое, аб чым царква гаварыла і прапаведавала заўсёды. Вельмі на гэта спадзяюся і буду ўдзячны ўсім нашым свяшчэннаслужыцелям за гэту вялікую работу, - сказаў Прэзідэнт. - Ніякая гэта не падтрымка. Улада і царква павінны рабіць у нашай дзяржаве для ўсяго народа. Для гэтага мы прызначаны. Будзе дзяржава - будзе і ўлада, будзе і царква. Страцім яе - не будзе нічога, вернемся да таго, што было некалькі стагоддзяў таму".
"Разлічваю на вашы таксама падтрымку і разуменне. І чарговы раз вам абяцаю: я вас не падвяду. Вам за мяне сорамна не будзе", - запэўніў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што часам не ўсё можа сказаць адкрыта - такія законы палітыкі: "Кажуць, грошы любяць цішыню. Палітыка таксама любіць дыпламатыю і цішыню, - заўважыў Прэзідэнт. - Але я заўсёды знайду магчымасць растлумачыць вам свае дзеянні і ўчынкі, як і ўсіх тых, хто мне падначалены ў нашай краіне. Спадзяюся на вашу падтрымку, разважлівасць і ваша цярпенне. Не спяшайцеся, калі чагосьці не разумееце. Гэта - галоўнае. Не спяшайцеся. Як у нашым народзе кажуць, час усё расставіць на свае месцы. Так, як было з 2020 годам, так, як было ў мінулым годзе. Мы сталі іншымі, мы вельмі многае разумеем. І, дзякуй богу, што гэта адбылося, і мы, нарэшце, зразумелі, ацанілі, што мы маглі страціць".
"Таму давайце будзем цаніць тое, што ў нас ёсць, давайце будзем цаніць тое, што ён (Гасподзь. - Заўвага) нам даруе і ад чаго ён нас уберагае", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перадаў у дар храму Прападобных Опцінскіх старцаў абраз Святога Мікалая Цудатворца. Абраз выраблены ў тэхніцы сожскай скані. Гэта ўнікальны напрамак прыкладнога мастацтва, які з'явіўся ў Беларусі і не мае аналагаў у свеце. Майстры выкладаюць ўзоры з дапамогай пінцэта з тонкай драўнянай стружкі, пры гэтым розныя пароды дрэва надаюць арнаменту разнастайныя адценні.
У сваю чаргу Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін уручыў Кіраўніку дзяржавы карціну "Храм Опцінскіх старцаў прыхода Прападобнага Серафіма Сароўскага горада Мінска" і кнігу "Гісторыя адраджэння Свята-Троіцкага Серафіма-Дзівееўскага жаночага манастыра".
Рэагуючы на выступленне Прэзідэнта Беларусі, у якім ён выказаўся ў тым ліку па шэрагу актуальных пытанняў у жыцці краіны, аб падзеях у рэгіёне і свеце, Мітрапаліт Веніямін сказаў: "Шмат было сказана - тое, што дае адказы на пытанні сённяшняга жыцця. І з боку царквы хачу сказаць, што мы стараемся па розных напрамках узаемадзейнічаць з дзяржавай".
"Безумоўна, можна зрабіць больш. І мы будзем старацца зрабіць больш, будзем выходзіць з ініцыятывамі", - заявіў прадстаяцель БПЦ.
Ён адзначыў, што ў свята Нараджэння Хрыста можна правесці некаторыя паралелі і з падзеямі сённяшняга дня. "Бо і тады чалавецтва знаходзілася ў цяжкай сітуацыі, знаходзілася ў цемры. Маральны складнік патрабаваў новага ажыўлення, натхнення. І Збавіцель свету прыйшоў на зямлю, паказаў прыклад высокай сваёй любові, спагады да чалавецтва", - рэзюмаваў Мітрапаліт Веніямін.