Сустрэча з Міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта
- 10
- 7:27
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 кастрычніка сустрэўся з Міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта, які прыбыў у Мінск для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню на тэму еўразійскай бяспекі.
"Спадар міністр, дазвольце вітаць Вас. Мне прыемна з Вамі сустракацца. Вы, напэўна, самы медыйны Міністр замежных спраў цяпер, асабліва на нашай прасторы. Мы Вас часта бачым, шмат чуем. Не толькі Вашы выказванні, але і нашага добрага сябра спадара Орбана (Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан. - Заўвага). Чамусьці ў Еўрасаюзе лічаць, што мы, Беларусь, з'яўляемся праціўнікамі Еўрапейскага саюза. Ведаеце, мы людзі не злапамятныя і, нягледзячы на цяперашнюю турбулентнасць у ЕС і санкцыі, якія Еўрасаюз уводзіць супраць нас, Вы павінны ведаць, што Прэзідэнт Беларусі з'яўляецца заўзятым прыхільнікам захавання Еўрапейскага саюза", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Не таму, што я вельмі люблю Еўрапейскі саюз, а таму што ЕС разам з ЗША, Кітаем, Расіяй, у нейкай ступені Індыяй з'яўляюцца моцнымі апорамі існавання нашай планеты. Калі гэту апору вырваць з-пад гэтай сістэмы, будзе вельмі дрэнна для ўсіх", - растлумачыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь, з'яўляючыся еўрапейскай дзяржавай, дзе размешчаны і геаграфічны цэнтр Еўропы, выступае за тое, каб Еўрапейскі саюз існаваў.
"Але ў чым нашы, напэўна, супадаюць пазіцыі, - мы вельмі хочам, каб Еўрапейскі саюз быў магутным, моцным, суверэнным і незалежным аб'яднаннем. Мы на гэта нацэлены. І вы гэта павінны ведаць пры ўсіх нюансах у адносінах і нават той палітыцы, якую сёння саюз праводзіць у дачыненні да Беларусі. Мы - прыхільнікі саюза", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў пастаўкі Украіне дальнабойных ракет ATACMS і заявіў аб пагрозе поўнамаштабнай вайны.
"Насцярожвае тое, што мы можам разбурыць нават тую дрэнную, як мы яе крытыкуем, сістэму светапарадку, якая сёння існуе. І мы ўсё больш і больш робім крокі (паверце, Петэр, я вопытны ўжо палітык, гэта бачу, займаўся гэтым сур'ёзна) да поўнамаштабнай вайны з прымяненнем самай смяротнай зброі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Тое, што амерыканцы там пастаўляюць ракеты ATACMS украінцам, яны павінны разумець, што яны эскалацыю ажыццяўляюць у гэтай вайне. Расія з гэтым ніколі не змірыцца, ды і мы ў тым ліку. Таму нам трэба ўсяляк гэтаму процістаяць, калі мы не хочам, каб зноў аказаліся ў гэтым гарачым катле не процідзеяння, а страшнай смяротнай вайны", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Наша пазіцыя па Украіне прыкладна такая ж, як Венгрыі. Нам гэта вайна не патрэбна, як і вам. Мы суседзі. Гэта ў нашым доме ідзе вайна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Многае, вядома, залежала б ад Еўрапейскага саюза. Хоць я разумею, што націск з-за акіяна ажыццяўляецца моцны. Але абсалютна ўпэўнены, што калі б еўрапейцы захацелі, мы маглі б закончыць гэту вайну і дамовіцца, зрабіць пэўныя высновы, каб гэтага больш не адбылося", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Што датычыцца нашых гандлёва-эканамічных адносін, на жаль, яны дэградуюць. Не па нашай віне. Вы ведаеце, у чым прычына. Калі ў венграў, у кіраўніцтва Венгрыі будуць нейкія пажаданні працаваць у Беларусі, мы з задавальненнем прымем вашы прадпрыемствы, кампаніі, створым самыя выгадныя ўмовы для работы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што разлічвае на поўнае вырашэнне ў наступным годзе праблем на фоне ўведзеных заходніх санкцый. "Думаю, што санкцыі (мы з імі сутыкаемся не ўпершыню, вы гэта ведаеце добра) мы пераадолелі па вялікім рахунку. Так, ёсць праблемы ў сувязі з перабудоўваннем лагістыкі перш за ўсё і фінансавымі пытаннямі, праходжаннем аплат і гэтак далей", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Але, думаю, мы справімся і з гэтымі праблемамі. У прынцыпе, справіліся, але пэўныя страты ёсць. Я думаю, мы навярстаем. У наступным годзе адыдзем ад гэтых праблем", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя добрыя пажаданні Прэм'ер-міністру Венгрыі Віктару Орбану. "Нам туды прыехаць складана, амаль немагчыма цяпер. А вось ён можа ў любы час прыляцець, пагаворым па сур'ёзных пытаннях. Думаю, гэта будзе карысна", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама падзякаваў венгерскаму боку за супрацоўніцтва ў гуманітарным плане. "За тое, што нашы футбалісты, спартсмены маюць магчымасць у Венгрыі быць як дома, праводзіць свае дамашнія матчы. Як бачыце, выйсце знаходзім. Аказваць націск на спартсменаў, асабліва паралімпійцаў, інвалідаў, - гэта наогул жудасна. Добра, што Венгрыя гэта разумее, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму, на што мы здольны, вы ведаеце. Калі мы будзем карысныя Венгрыі, мы гатовы ў гэтым напрамку дзейнічаць. Мы вам вельмі ўдзячны. Мы людзі ўдзячныя. Думаю, настане час, калі мы з вамі зможам па вялікім рахунку разлічыцца за вашу добрую палітыку ў адносінах да Беларусі".
У сваю чаргу Петэр Сіярта падзякаваў за магчымасць сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы. Ён падкрэсліў неабходнасць падтрымання кантактаў і ўзаемадзеяння абодвух бакоў для хутчэйшага вырашэння існуючых канфліктаў у рэгіёне.
"Я веру ў дыялог. Мы хочам, каб у нас па суседстве быў мір. Па суседстве ідзе вайна, за якую мы ніяк не адказваем, але мы плацім цану за яе. У гэтай вайне паміраюць і венгры. Мы не хочам, каб людзі паміралі, - сказаў Міністр. - Мы хацелі б, каб гэта вайна як мага хутчэй закончылася. Таму мы прыспешваем перамір'е і спыненне агню. Я шчыра спадзяюся, што хутчэй раней, чым пазней, з'явіцца магчымасць для гэтага. Мы выдатна разумеем, што без дыялогу, без узаемадзеяння, гэта ніколі не стане магчымым. Таму я думаю, што перакрыццё каналаў узаемадзеяння з'яўляецца адмовай ад надзеі на мір".
Таму, паводле яго слоў, МЗС Венгрыі так актыўна падтрымлівае кантакты з калегамі з Беларусі: кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў сустракаліся неаднаразова. Словы ўдзячнасці за прадаўжэнне ўзаемадзеяння Петэр Сіярта адрасаваў і Кіраўніку беларускай дзяржавы: "Дзякую Вам, спадар Прэзідэнт, за дыялог".