Сустрэча з губернатарам Мурманскай вобласці Расіі Андрэем Чыбісам
- 16
- 10:26
Беларусь і Мурманская вобласць могуць выйсці на новы ўзровень супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 верасня на сустрэчы з губернатарам Мурманскай вобласці Расіі Андрэем Чыбісам.
Вітаючы расійскую дэлегацыю, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага моманту Прэзідэнт Беларусі часцей бываў у Мурманску, чым губернатары Мурманскай вобласці ў Беларусі. "Але вы гэту традыцыю, на шчасце, парушылі. Мы заўсёды будзем чакаць вас у любым складзе - вашу дэлегацыю, людзей Мурманскай вобласці - у нас у Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Штогадовы тавараабарот паміж Беларуссю і Мурманскай вобласцю перавышае $100 млн. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта лічба прыгожая, але паказчык яўна недастатковы і не адпавядае існуючым магчымасцям.
Па выніках першага паўгоддзя аб'ём гандлю вырас амаль на 23%, у першую чаргу за кошт паставак з Мурманскай вобласці: імпарт павялічыўся на 35%, а беларускі экспарт упаў на 20%. "Думаю, дысбаланс мы можам выраўнаваць у гандлі, і галоўнае, ёсць чым выраўноўваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"У цяперашніх умовах для нас стратэгічная тэма - гэта пераарыентацыя часткі беларускіх экспартных грузаў, перш за ўсё калійных угнаенняў, у вашы парты. Ды і не толькі калійных угнаенняў. Вы ведаеце, мы гэтым пытаннем цікавіліся, прытым у самым блізкім прыбліжэнні. Па ўсіх пытаннях мяне інфармавалі, і мы прынялі рашэнне, што будзем супрацоўнічаць у гэтым напрамку з Мурманскай вобласцю, нягледзячы на тое, што цяпер працуем ужо ў раёне Санкт-Пецярбурга", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, супрацоўніцтва Беларусі і Мурманскай вобласці ў сферы лагістыкі падтрымлівае і расійскі Прэзідэнт: "Ён мне задаў пытанне: "Ты хочаш і ў Мурманскай вобласці працаваць?" Я гавару: "Абавязкова. У адзін кошык яйкі не кладуць". Кажа: "Мы вельмі ў гэтым зацікаўлены і падтрымліваем".
Бакі ўжо дасягнулі патрэбных дамоўленасцей, але яшчэ застаюцца пытанні, па якіх неабходна вызначыцца. Гэта датычыцца ў тым ліку кошту дастаўкі грузаў чыгуначным транспартам.
"Ведаю, што гэта пытанне федэральнага ўрада, але тым не менш. Калі вы да гэтага падключыцеся, мы хутчэй вырашым гэта пытанне. Прынцыповыя рашэнні прыняты. Будзем у гэтым напрамку працаваць. Паўночны напрамак значна дапоўніць наша супрацоўніцтва ў сферы лагістыкі з улікам Санкт-Пецярбурга. І я ўсё ж такі веру ў тое, што калісьці вельмі бурна будзе развівацца паўночны напрамак (Паўночны марскі шлях. - Заўвага) праз Паўночны Ледавіты акіян у пастаўках грузаў у азіяцкую частку нашай планеты. Гэта будзе бомба. Калі ў нас добра пойдзе супрацоўніцтва, мы сур'ёзна можам дабавіць - мільёны тон, каб развіваць гэты напрамак", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Беларусь і Мурманская вобласць развіваюць супрацоўніцтва па розных напрамках, перш за ўсё па пастаўках тэхнікі. "Сёння канкурэнтаў у нас у Расіі ды і ў вас практычна няма: заходнія кампаніі сышлі з Расіі. Нават калі не сышлі, яны нам не канкурэнты па цане-якасці", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Напрыклад, расійскія горна-абагачальныя кампаніі зацікаўлены ў тэхніцы Беларускага аўтамабільнага завода, цяпер абмяркоўваюцца новыя кантракты.
"Ёсць добрыя напрацоўкі: да канца года больш за 30 адзінак, мы паставім, 15 машын на 2023 год. Гэта толькі ў першым прыбліжэнні. Думаю, будзе больш, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Нам вядома пра ваш інтарэс да шахтавай тэхнікі. Можаце быць упэўнены, што мы акажам вам усялякую падтрымку, дапамогу па ўсіх напрамках супрацоўніцтва ў гэтай частцы".
Беларусь таксама разлічвае прадоўжыць пастаўкі ў Мурманскую вобласць і пасажырскай тэхнікі, у тым ліку электратранспарту "Белкамунмаша". Мінскі аўтамабільны завод спецыяльна для паўночных рэгіёнаў Расіі выпусціў аўтобус у "паўночнай камплектацыі".
"Важны напрамак работы - камунальныя машыны, дарожная, спецыяльная тэхніка. Мы вырабляем нямала такой тэхнікі. Як імпартазамяшчальны прадукт ён будзе важны і для Мурманскай вобласці", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт расказаў, што МАЗ асвоіў і хутка пачне выпуск машын хуткай медыцынскай дапамогі, а "АМКАДОР" можа на заказ выпускаць шырокую гаму тэхнікі.
Вельмі важным напрамкам супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка назваў харчовую бяспеку: "Мы гатовы падставіць плячо. Яшчэ з савецкіх часоў жыхары Мурманскай вобласці з задавальненнем куплялі нашы прадукты харчавання, у тым ліку і з палёў: бульба і іншыя прадукты".
Беларускі бок прапануе Мурманскай вобласці супрацоўнічаць і ў сферы прамысловага будаўніцтва, пастаўках будаўнічых матэрыялаў, ліфтавага абсталявання. Беларусь, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, таксама зацікаўлена прыняць удзел у рэгіянальных праграмах "Чыстая вада", пастаўляючы модульныя станцыі водаачысткі і водападрыхтоўкі.
"Ваш візіт да нас - гэта, я ўпэўнены, адкрыццё новага этапу супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Мурманскай вобласцю. Усё, аб чым мы дамовімся (а мы можам дамовіцца па ўсіх пытаннях, нашы магчымасці вы ведаеце), я запэўніваю вас, нягледзячы на ўсялякія санкцыі і іншае, мы абавязкова выканаем", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Губернатар Мурманскай вобласці ў сваю чаргу адзначыў: "Мы сапраўды сёння фактычна адкрываем новую гісторыю ўзаемадзеяння. Калі ўзгадаць, то Мурманская вобласць была адным з першых рэгіёнаў сучаснай Расіі, якая заключыла з Беларуссю пагадненне. Нашы людзі памятаюць і ваша наведванне, удзел у лыжным марафоне. Гэта, дарэчы, дарагога каштуе. Гэта ніколі не забываецца, вельмі важна. Гэта камунікацыя захавалася. Сапраўды, у нас ёсць усе магчымасці перазагрузіць, прычым вельмі ўзаемавыгадна, нашы адносіны. Я вельмі ўдзячны Вам за тое рашэнне, якое Вы сёння агучылі па лагістыцы".
"Мы цяпер разам з усімі кампаніямі, якія ў нас працуюць (гэта сумеснае рашэнне), будзем арыентавацца на нашых беларускіх партнёраў, сяброў і калег. Хоць ужо многія еўрапейцы збіраюцца або гатовы вярнуцца. Слухайце, сышлі - сышлі. Усё. Мы з нашымі партнёрамі будзем працаваць", - сказаў губернатар.
Паводле яго слоў, гэта, у прыватнасці, датычыцца паставак тэхнікі БелАЗа. "У нас ні адна кампанія не спыніла інвестпраграму. Больш таго, мы зусім нядаўна з кампаніяй "ЕўраХім" падпісалі інвестыцыі на 100 млрд рублёў. І значная частка гэтых грошай - гэта якраз абнаўленне рухомага саставу. Гэта якраз тыя БелАЗы, якія будуць дадаткова закупляцца", - адзначыў Андрэй Чыбіс.