Даклад Намесніка Прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко
- 11
- 5:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада прыняў з дакладам Намесніка Прэм'ер-міністра Аляксандра Субоціна і Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Крупко.
Прэзідэнт адзначыў, што ў гэтым годзе, у тым ліку ў перыяд уборачнай кампаніі, тэматыка АПК абмяркоўвалася не раз і вынікі яго работы яшчэ трэба будзе падвесці. Аднак за бягучымі пытаннямі трэба прадумваць і стратэгію развіцця галіны, на што і ўказаў беларускі лідар.
"Мяне больш за ўсё хвалюе будучае, стратэгія. Бягучае ўжо зразумела, усе недапрацоўкі, усё добрае мы бачым. А вось будучае... Мы з вамі не аднойчы абмяркоўвалі тактычныя, стратэгічныя пытанні. Стратэгія адна - нам трэба хутчэй выходзіць на экспарт прадукцыі ў памеры $7 млрд", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"У сувязі з тым, што ў свеце крызіс прадуктаў харчавання відавочны і гэты крызіс толькі ўзмацняецца, попыт на прадукты харчавання будзе толькі расці. Зразумела, цэны будуць расці на прадукты харчавання. Таму гэта наша стратэгія - каб ні ў якім разе не збавіць абароты. Ну і свой рынак - гэта святое", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт паставіў задачу забяспечыць напаўненне стабілізацыйных фондаў. "Якія ў нас тут розначытанні паміж галіной і гандлем, губернатарамі і мэрам Мінска? Адны гавораць: трэба цяпер прадаць прадукцыю, пакуль цэны высокія. Іншыя гавораць аб тым, што трэба, каб былі на 100% стабілізацыйныя фонды", - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, каб насельніцтва было забяспечана прадуктамі харчавання ў поўным аб'ёме і па прымальных цэнах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў адказнасць вытворцаў, перапрацоўшчыкаў і гандлю за цэны на прадукты харчавання.
"І вы, вытворцы, перапрацоўшчыкі, гандаль адкажаце за цэнаўтварэнне на сельскагаспадарчую прадукцыю, на прадукты харчавання. Мне галоўнае, каб людзі, маючы адносна невысокую заработную плату (хоць мы і тут вытрымліваем свае абяцанні), маглі купіць прадукты харчавання. Людзі павінны быць апрануты і накормлены. Я не гавару пра нейкія верталётныя грошы, што мы будзем усіх апранаць. Чалавек павінен сам паклапаціцца пра сябе", - адзначыў беларускі лідар.
"Але, тым не менш, тут наш абавязак ёсць: інфляцыя, рост цэн на прадукты харчавання (размова аб маніторынгу і кантролі за адпаведнымі працэсамі, каб цэны на прадукты харчавання былі прымальнымі для насельніцтва. - Заўвага). Гэта і ваша, і Урада ў цэлым задача", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Размова ішла таксама аб задачах у АПК на сярэднетэрміновую перспектыву, у прыватнасці, пра арганізацыю рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва энерганасычанай. "Трэба вызначыцца, у якіх месцах нашы флагманы - МТЗ, "Гомсельмаш", "Амкадор" і іншыя - дапамогуць аднавіць тэхніку на працягу зімы да вясны", - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што гэта трэба зрабіць па мінімальных цэнах.
Адзін з напрамкаў, які абмяркоўваўся сёння, - меліярацыя і павышэнне ўрадлівасці глебы. "Гэта дзяржаўнае пытанне", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнта таксама цікавілі перспектывы распаўсюджвання вопыту работы сучасных тэхналагічных гаспадарак тыпу комплексу "Вусце" Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне. "Мы дамовіліся, што вы пагледзіце, ці трэба нам наогул гэта шырока ўкараняць і дзе мы будзем асвойваць гэтыя тэхналогіі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама спытаў аб выніках работы інтэграцыйных структур, створаных у Віцебскай вобласці: "Як там наш так званы эксперымент? Удаўся ці не ўдаўся? Ужо другі год працуем у гэтых умовах. Ці атрымала Віцебская вобласць тое, чаго мы ад яе чакалі?" Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у хуткім часе асабіста наведаць некаторыя сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у гэтыя інтэграцыйныя структуры, і ацаніць іх эфектыўнасць.
"Некалькі канкрэтных пытанняў: лён, рапс, азімы ячмень і іншыя культуры, якія дадуць магчымасць нам у будучым годзе ўборку пачаць у чэрвені месяцы і завяршыць яе як мага раней", - абазначыў яшчэ шэраг пытанняў Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на падрыхтоўку жывёлагадоўчых комплексаў да зімовага перыяду, арганізацыю ўтрымання жывёлы, забяспечанасць кармамі, аб'ёмы нарыхтоўкі якіх крыху ніжэйшыя, чым у мінулым годзе, але тым не менш дастатковыя. "Трэба арганізаваць утрыманне жывёлы так, каб на гэтых кармах атрымаць не менш прадукцыі, чым у мінулым годзе", - абазначыў задачу беларускі лідар.
"Самае галоўнае - захаванасць жывёлы. Аб чым мы часта гаварылі - падзеж жывёлы. На якім узроўні знаходзімся, да адпаведнага перыяду мінулага года як мы выглядаем?" - пацікавіўся Прэзідэнт.
"Гэта пытанне вельмі складанае, на мой пункт гледжання. Тут трэба гарачым жалезам выразаць усе недахопы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, трэба арганізаваць работу так, каб з жывёлагадоўчых комплексаў, дзе няма магчымасці гадаваць і ўтрымліваць вялікае пагалоўе жывёлы, пераводзіць маладняк у больш паспяховыя, буйныя гаспадаркі.