Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Бахтаварам Сафарзадой

  • 7
  • 4:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Таджыкістана ў Беларусі Бахтаварам Сафарзадой.

"Давайце будзем інтэнсіфікаваць нашы адносіны. З Эмамалі Шарыпавічам (Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. - Заўвага) у бліжэйшы час пры першай жа магчымасці мы пагаворым аб тым, каб вызначыць напрамкі інтэнсіфікацыі нашых адносін. А Вы як пасол вельмі актыўны, перспектыўны дыпламат, думаю, унесяце свой уклад у развіццё нашых адносін", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканоміка і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з’яўляюцца базай для любых міждзяржаўных адносін. "Міністэрства замежных спраў мяне супакойвае ў тым, што мінулагодняе падзенне тавараабароту нязначнае і гэтак далей. Але я эканаміст і прывык у дынаміцы глядзець на працэсы. У мінулым годзе мы не нашмат знізілі тавараабарот, але да папярэдняга года. А папярэдні год даў нам значнае зніжэнне тавараабароту. Таму ў цэлым мы тавараабарот знізілі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Разбураць фундамент нашых адносін нельга. Як я сказаў, аснова - гандлёва-эканамічныя адносіны. Таму трэба нам тут папрацаваць, каб вярнуць тавараабарот для пачатку на тую стадыю, на якой ён знаходзіўся. Ну і, вядома, у нас дастаткова прадукцыі, тавараў для таго, каб павялічваць гэты тавараабарот", - упэўнены Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ўзровень тавараабароту ў памеры 70, 80 або нават $100 млн - гэта амаль нішто для Беларусі і Таджыкістана з улікам існуючага патэнцыялу. "Трэба шукаць магчымасці павелічэння тавараабароту. Вызначыцца, як мы заўсёды робім. Упэўнены, Таджыкістан прыме такія прапановы. Вызначыцца па таварах, якімі мы ўзаемна можам гандляваць і абменьвацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нашы магчымасці вы добра ведаеце. У нас ёсць усё неабходнае, у чым мае патрэбу Таджыкістан. І ў галіне прамысловасці, і сельскай гаспадаркі, і паставак аўтамабільнай тэхнікі, асабліва велікагрузаў. Вы вельмі шмат працуеце па распрацоўцы ў гарнаруднай прамысловасці. Мы тут можам аказаць вам значную дапамогу і падтрымку".

Ён падкрэсліў, што закрытых тэм у адносінах з Таджыкістанам няма і Беларусь гатова супрацоўнічаць у тым ліку ў сферы ваенна-прамысловага комплексу. "Вы ведаеце таксама нашы магчымасці. Скажыце, чым мы можам дапамагчы ў плане забеспячэння вашай бяспекі. Мы гатовы падключыцца, хоць мы ўжо зрабілі нямала крокаў у гэтым напрамку", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Словам, праблем мноства, задач такая ж колькасць, якія трэба вырашаць. Мы да гэтага гатовы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што абедзве краіны добра ведаюць магчымасці адна адной, а паміж народамі Беларусі і Таджыкістана, гэтак жа як і лідарамі гэтых дзяржаў, склаліся даўнія дружалюбныя і даверныя адносіны. "Нашы адносіны з Прэзідэнтам Эмамалі Шарыпавічам Рахмонам самыя прагрэсіўныя, можна сказаць. У нас няма сакрэтаў адзін ад аднаго. Таму мы выбудоўваем вельмі добрыя, дружалюбныя адносіны", - сказаў Прэзідэнт.

Ён папрасіў дыпламата перадаць Прэзідэнту Таджыкістана самыя цёплыя і добрыя віншаванні ў сувязі з надышоўшым Новым годам. "Вельмі хачу, каб ён быў для таджыкскага народа, Таджыкістана і вашага лідара самым паспяховым", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Бахтавар Сафарзада перадаў Кіраўніку беларускай дзяржавы гарачае, добрае, дружалюбнае прывітанне ад Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона, а таксама выказаў удзячнасць за сустрэчу. "Мы Вас ведаем як вялікага сябра Рэспублікі Таджыкістан і шчырага сябра нашага лідара. Ваша дружба з'яўляецца прадметам гонару для нас, дыпламатаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў улады і брацкіх народаў дзвюх краін", - падкрэсліў пасол.