Сустрэча з паслом Кыргызстана ў Беларусі Эрмекам Ібраімавым

  • 10
  • 5:33

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка сустрэўся ў Мінску з паслом Кыргызстана ў Беларусі Эрмекам Ібраімавым.

"Я вельмі часта думаю аб узаемадзеянні Беларусі з постсавецкімі рэспублікамі. І на прыкладзе Кыргызстана звычайна прыходжу да высновы, што мы супрацоўнічаем з рэспублікамі, як прыйдзецца. Нешта засталося ад савецкага перыяду. Дапусцім, закуплялі мы ў вас насенне цукровых буракоў. Напэўна, і прадаўжаем гэта рабіць. Нас якасць задавольвае і гэтак далей. Але каб выпрацаваць такі пастаянны план, дарожную карту, як модна гаварыць, супрацоўніцтва Беларусі з рэспублікамі былога Савецкага Саюза - тымі, якія хочуць з намі супрацоўнічаць, - мы так і не падышлі да гэтага", - сказаў Прэзідэнт.

У той жа час з іншымі краінамі, у тым ліку так званай далёкай дугі, такі падыход практыкуецца. "Па асобных краінах прымаем асобныя рашэнні. Дапусцім, дэкрэт Прэзідэнта па Расіі, Кітаі і гэтак далей", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што справа ў падыходзе да супрацоўніцтва з постсавецкімі рэспублікамі: "Яны і так нашы, мы заўсёды з імі наладзім адносіны. А з другога боку, план такі патрэбны".

"І нам у Міністэрстве замежных спраў трэба мець краінавыя планы ўзаемаадносін, асабліва з Кыргызстанам. У нас ёсць што прапанаваць кыргызскай дзяржаве. У іх шмат чаго ёсць што нам патрэбна. І такія сувязі ў нас абавязкова павінны быць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца нашых адносін, вядома, недзе там у нас пад $170 млн тавараабарот за апошні год, але гэта паміж краінамі нішто. Мы з губерніямі Расіі са многімі маем такі тавараабарот і значна вышэйшы. Таму з Кыргызстанам нам трэба павялічваць тавараабарот", - сказаў беларускі лідар.

Сустрэча з паслом Кыргызстана адбылася ў сувязі з завяршэннем яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, таму Аляксандр Лукашэнка адрасаваў яму асобную просьбу - не забываць пра Беларусь і на новай пасадзе садзейнічаць далейшаму развіццю супрацоўніцтва. "Калі Вы будзеце служыць далей у Міністэрстве замежных спраў Кыргызстана або недзе будзеце працаваць, Вы памятайце аб гэтым. Падкажыце, парайце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вельмі спадзяюся, што чатыры з паловай гады, якія Вы працавалі ў Беларусі, будуць добрай прыступкай у вашай кар'еры. У жыцці ў Вас гэты час застанецца назаўсёды, гэта натуральна. Галоўнае, каб у Вас былі добрыя ўспаміны пра нашу Беларусь. Мы людзі добразычлівыя. Такія, як кыргызы, дарэчы, гасцінныя. Таму Вы будзеце добрым словам успамінаць праведзеныя ў Беларусі гады Вашай дыпламатычнай службы. Мы вельмі спадзяёмся, што дзе б Вы ні працавалі ў будучым, Вы будзеце па-сапраўднаму нашым чалавекам, беларускім - будзеце пашыраць інтарэсы Беларусі абавязкова ў інтарэсах Кыргызстана", - выказаў пажаданне Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пастаўкі неабходнай тэхнікі і абсталявання, сумесная вытворчасць у Кыргызстане можа быць значна шырэйшай па наменклатуры, чым зараз. Цяпер там рэалізуюцца кааперацыйныя праекты па сумеснай вытворчасці ліфтавага абсталявання і трансфарматараў.

"Можам усё вырабляць у вас і абучаць тэхналогіям вашых людзей. Тэхналогіям, якіх вы не мелі раней. Па гэтых жа трансфарматарах, ліфтах, трактарах, аўтамабілях і гэтак далей. Вы ведаеце, што мы можам вырабіць. І для Кыргызстана ўзровень тэхналагічнай аснашчанасці краіны, як Беларусь, - гэта дастаткова высокі ўзровень. Мы гатовы дзяліцца гэтымі тэхналогіямі", - заявіў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў свой час у гады Савецкага Саюза так склаўся падзел працы паміж рэспублікамі: "Вы займаліся адным, мы займаліся іншым. Цяпер у Кыргызстане гэтыя тэхналогіі запатрабаваны. Мы гатовы імі падзяліцца".

"Словам, Вы добра вывучылі Беларусь за гэты час. Калі Вы будзеце і далей недзе блізка да гэтай работы, я прашу не забываць аб тым, якія ў нас магчымасці для таго, каб прапанаваць кыргызскаму народу", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Эрмек Ібраімаў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы за магчымасць сустрэчы: "Для мяне асабіста гэта было важна - зазірнуць да Вас, далажыць аб тым, што ўдалося зрабіць за 4,5 года, перад тым як паеду ў Бішкек. У Бішкеку таксама буду дакладваць па гэтай тэматыцы".

Дыпламат адзначыў, што поўнасцю падзяляе думку Прэзідэнта Беларусі наконт двухбаковага тавараабароту. Сапраўды, калі паглядзець на абсалютныя лічбы, яны могуць здацца не такімі ўжо вялікімі, але затое ў адносных паказчыках праглядаецца пазітыўная тэндэнцыя да нарошчвання ўзаемнага гандлю - $160,2 млн за 2022 год (рост амаль на 65% у параўнанні з 2021-м) і $103,3 млн за студзень - жнівень гэтага года (рост на 24% да аналагічнага перыяду мінулага года). "Калі паглядзець у адносных лічбах, працэнтах росту, ён (тавараабарот. - Заўвага) выклікае пэўны аптымізм, - сказаў пасол. - А калі паглядзець, што гэта тэндэнцыя захоўваецца..."

"Вы хочаце сказаць, што за апошнія тры гады ў 2,5 раза тавараабарот мы перавысілі? - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта праўда".