Сустрэча з актывам Гомельскай вобласці
- 11
- 8:01
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць адраджэнне Палесся адным з найважнейшых участкаў сваёй прэзідэнцкай работы. Аб гэтым ён расказаў 21 ліпеня на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці.
"Адзін з найважнейшых участкаў маёй прэзідэнцкай работы - адраджэнне Палесся. Я вельмі люблю тут бываць, душой прыкіпеў да гэтых мясцін. Калі я быў тут у першыя гады прэзідэнцтва, карціна была жудасная", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым расказаў, як, прыехаўшы ў вёску Ляскавічы ў тыя гады, ён у туфлях, выйшаўшы з аўтамабіля, праваліўся ў пясок. "Я пайшоў па гэтай вёсцы. Да мяне збегліся людзі. І калі мы ўжо ўстанавілі добры кантакт, людзі папрасілі (што б вы думалі?) - хлеба. Гэта мяне ўразіла. Цяжкі быў час, але тое, што ў вёсцы не было хлеба, мяне ўразіла", - адзначыў ён.
Тады праблема была аператыўна вырашана. Прэзідэнт згадаў і пра тое, як на Палессі ў 90-я гады сустракаўся з мясцовымі жыхарамі і разам з імі касіў траву, вывучаў настроі людзей. У той час па рэгіёне хадзілі ідэі абвяшчэння Палескай рэспублікі, і ў тым ліку дзякуючы такім сустрэчам удалося захаваць адзінства ў краіне. "Я чаму ўспамінаю гэты момант? Таму што сапраўды я хваляваўся, каб краіна захавалася. Але пасля гэтага наведвання Прыпяці я ніколі больш не чуў, што на Палессі людзі хочуць аддзяліцца ад Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асаблівая ўвага заўсёды ўдзялялася аднаўленню і развіццю тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "Я вельмі часта бываю ў вашай вобласці, больш, чым у якой-небудзь іншай. Пры гэтым не раз, пралятаючы над Гомельшчынай, з вышыні птушынага палёту бачыш усё, што робіцца ў гаспадарках, на палях, усе будоўлі, дарогі, аб'екты. Асаблівая мая ўвага, вядома, тым тэрыторыям, якія больш за іншых пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэтым перш за ўсё сутнасць маіх з вамі адносін", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я памятаю той, можна сказаць, далёкі па нашых мерках час і зусім недалёкі па мерках гісторыі, калі нам, кінутым на волю лёсу пасля распаду Савецкага Саюза, давялося пераадольваць наступствы чарнобыльскай катастрофы. Гэта быў вельмі цяжкі час. Ён быў цяжкі не толькі тым, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, не толькі таму, што ў нас не было сродкаў, каб жыць і існаваць. Праблема заключалася ў тым, што мы не ведалі, як зрабіць лепш", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Дзесьці навобмацак, дзесьці зыходзячы з таго невялікага вопыту, які ў мяне быў, але я для сябе прыняў рашэнне, што гэты квітнеючы і прыгожы куток не толькі Беларусі, але і Еўропы, нашай планеты, павінен жыць, мы яго ні ў якім разе не павінны кінуць на волю лёсу. Я лічу і тады лічыў, што вельмі працавітыя і прыстойныя людзі жывуць на Гомельшчыне і іх трэба падтрымаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што было няпроста прымаць рашэнні. "І я памятаю, тады, выпрацоўваючы тактыку, мы нямала зрабілі для таго, каб вас пераканаць у тым, што тут трэба жыць, што вас нідзе не чакаюць, што там, куды вы паедзеце, нават куды вас запрашаюць, будзе не лепш. Тыя, хто паехалі (некаму абяцалі добрае жыццё), у пераважнай большасці вярнуліся на радзіму", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы зрабілі правільна. Мы выратавалі Гомельскую вобласць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён растлумачыў, чаму тады прымаў такія, у тым ліку рызыкоўныя, рашэнні, у той час як многія палітыкі проста рабілі сабе кар'еру на чарнобыльскай катастрофе, не прапануючы канкрэтных рашэнняў. "Я вырашыў, што мы павінны рабіць канкрэтныя рэчы, каб людзі нам паверылі. Хадзіць па Мінску - утульнаму, чыстаму, прыгожаму - гэта не наш шлях. Многія пытанні па чарнобыльскай праблематыцы мной прымаліся і вырашаліся ў Гомельскай вобласці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па дарозе ў Гомель бачыў недахопы гаспадарання на зямлі ў плане меліярацыі, і такіх тэрыторый нямала. "Іх трэба выратаваць у бліжэйшыя год-два, - падкрэсліў ён. - Трэба ва Урадзе разгледзець пытанне меліярацыі, перш за ўсё ў Гомельскай вобласці. Гэтыя землі трэба выратаваць. Яны дадуць вам добрую прыбаўку, добры ўраджай".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на неабходнасць больш актыўнага выкарыстання сучасных тэхналогій арашэння ў сельскай гаспадарцы, што таксама дае магчымасць атрымаць істотную прыбаўку ўраджаю. "Другое, аб чым вам трэба ўжо сёння падумаць, - аб арашэнні зямель. Не ў плане меліярацыі, а паліўных зямель. Тэхналогіі вядомы", - адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такі падыход выкарыстоўваюць у шэрагу краін Еўропы, у сельскай гаспадарцы шырока задзейнічаны палівальныя ўстаноўкі. "Клімат вельмі змяніўся. Можам абваліцца і не атрымаць нават таго, што мы сёння маем у сельскай гаспадарцы. Гэта (больш шырокае выкарыстанне палівальных установак. - Заўвага) - адзін з напрамкаў вашай работы", - дадаў беларускі лідар.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка адзначыў наяўнасць у Беларусі дастатковай колькасці кампетэнцый і прафесійных кадраў для вытворчасці сучаснай прадукцыі. "Нашы людзі ўмеюць рабіць усё. Трэба нейкі час і больш дысцыпліны і адказнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт прывёў у прыклад прадпрыемства "Гомсельмаш", якое ў свой час не проста захавалі, але і надалі значны імпульс у развіцці, асвоілі выпуск самых сучасных відаў прадукцыі. "Мы паступова стварылі суперсучасны камбайн", - сказаў ён.
Такім чынам, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адрадзілі не толькі гэта прадпрыемства. Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што на "Гомсельмашы" пакуль ёсць праблемы, над вырашэннем якіх цяпер працуюць, аднак на заводзе робяць самую сучасную прадукцыю.
"Прамысловасць рэгіёна тады, у сярэдзіне 90-х, і сёння - неба і зямля. Хоць ёсць над чым працаваць, мякка кажучы. Усе прамысловыя прадпрыемствы або прастойвалі, або працавалі так сабе. Вакол БМЗ, Мазырскага НПЗ, "Гомсельмаша", іншых буйных вашых заводаў круціліся сотні жулікаў. Каб вы ведалі, у 90-я прадпрыемствы нашай краіны былі ўжо раздзелены, усё было падзелена", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што калі б у гэтым пытанні ў свой час не быў наведзены парадак, то цяпер сітуацыя выглядала б зусім інакш. "Гарантую вам, што на "Гомсельмашы" мы ўжо не гаварылі б аб тым, што там трэба выпускаць сучасныя камбайны на газаматорным паліве", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, сацыяльна арыентаваная палітыка, якую ў Беларусі праводзяць на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, дае свае вынікі. І галоўны з іх - магчымасць жыць на сваёй зямлі і самастойна вызначаць свой лёс.
"Мы глядзелі на развіццё свайго - сваёй эканомікі, прамысловасці, давалі магчымасць нашым людзям зарабіць. Небагата жывуць людзі, і вы не багатыя, вы не алігархі. Але мы ведаем як жыць, і мы жывём на сваёй зямлі", - сказаў Прэзідэнт.
"Калі б мы такую палітыку (мы яе па-навуковаму называем сацыяльна арыентаванай) народную не праводзілі, нас сёння ў гэтай зале не было б. Праводзілі б тут нарады і сходы іншыя людзі, калі б яшчэ такую ўтульную залу ўдалося захаваць. Жылі б чорт ведае дзе, як гэта было заўсёды, нас адзявалі б у лапці, запрагалі б у калёсы і падганялі б бізуном. Але мы тады, сціснуўшы зубы, перацярпелі, асабліва тут, на чарнобыльскай зямлі, вытрымалі. Я не сказаў бы, што сёння яны хочуць замяніць уладу ў Беларусі. Трэба расхістаць, разгайдаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы з актывам рэгіёна Прэзідэнт адзначыў еўрапейскі ўзровень аховы здароўя ў Беларусі і Гомельскай вобласці ў прыватнасці: "У Гомелі мы стварылі моцную медыцынскую базу. Не горшую, чым у сталіцы. Калі, не дай бог, нешта здарылася сур'ёзнае ў чалавека са здароўем, то яму не абавязкова па многіх хваробах ехаць у Мінск. У Гомелі ёсць практычна ўсё. І ўрачы, і абсталяванне, і сучасныя цэнтры".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Гомельскай вобласці пабудавана нямала ўстаноў аховы здароўя, і па паказчыках вобласць у медыцынскай сферы знаходзіцца на добрым узроўні. "Паглядзелі нядаўна на медыцынскія паказчыкі па Гомельскай вобласці і параўналі з еўрапейскімі. Не горшыя, чым у еўрапейцаў. І гэта вынік той вялікай работы, якую мы правялі ў ахове здароўя за апошнія гады", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што ў краіне і Гомельскім рэгіёне ў прыватнасці напрацаваны ўнікальны вопыт па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. "Нават прагрэсіўныя японцы, трэба ім падзякаваць, з намі па гэтым пытанні працуюць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.