Сустрэча са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Аязам Садзікам
- 7
- 3:59
Беларусь і Пакістан маюць намер вывесці супрацоўніцтва на яшчэ больш высокі ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 жніўня заявіў на сустрэчы са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Аязам Садзікам.
Кіраўнік дзяржавы сардэчна вітаў замежнага госця, адзначыўшы, што вельмі рады яго прыезду ў горад-герой Мінск у час 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Пакістанам. "Мы сёння хочам, як мы дамовіліся з вашым Прэм'ер-міністрам нядаўна (4 ліпеня 2024 года ў Астане на палях саміту ШАС. - Заўвага), аднавіць, прарэвізаваўшы, нашы адносіны, вывесці іх на яшчэ больш высокі ўзровень, чым гэта было раней", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым бакі рэалізуюць дамоўленасць аб выпрацоўцы сумеснага плана дзеянняў на перспектыву - дарожнай карты на 2025-2027 гады, дзе, паводле слоў Прэзідэнта, будуць вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Я вельмі хацеў бы, каб парламентарыі нашых краін былі ўключаны ў стварэнне гэтага плана адносін Беларусі і Пакістана. Ствараючы гэту дарожную карту, нам давядзецца ажыццявіць рэвізію нарматыўна-прававых актаў, пагадненняў, мемарандумаў, дагавораў, падпісаных паміж дзвюма краінамі. У гэтай частцы дэпутаты маглі б садзейнічаць больш якаснай распрацоўцы дарожнай карты", - лічыць Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама выказаў зацікаўленасць у тым, каб дэпутаты абедзвюх краін падключыліся да работы гандлёва-эканамічнай камісіі і надавалі дадатковы імпульс яе дзейнасці. "Гэта было б добрай дапамогай у рабоце гандлёва-эканамічнай камісіі", - сказаў беларускі лідар.
Закранаючы тэматыку супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках, Прэзідэнт падзякаваў Пакістану за падтрымку Беларусі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і пры ўступленні ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. "У нас у гэтых і іншых міжнародных арганізацыях склаліся добрыя адносіны па падтрымцы адзін аднаго. Трэба прадаўжаць такую палітыку і паглыбляць яе. Беларусь да гэтага гатова", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы пра двухбаковы гандлёвы абарот, Прэзідэнт заўважыў, што ў сярэднім ён складае каля $50 млн. "Згадзіцеся, што тавараабарот паміж высокатэхналагічнай Беларуссю і такой краінай на 200 з лішнім мільёнаў чалавек (як Пакістан. - Заўвага), я сказаў бы, нават мізэрна малы. Таму трэба паглыбляць і пашыраць па наменклатуры наш тавараабарот, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Мы гатовы задаволіць вашу цікавасць у час гэтага візіту і прадставіць Беларусь па ўсіх напрамках".
Пакістанскі госць сказаў, што з цеплынёй успамінае сустрэчу з Кіраўніком беларускай дзяржавы ў 2016 годзе ў час яго візіту ў Пакістан. Сардар Аяз Садзік падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць такой сустрэчы і падкрэсліў: "Вы цалкам маеце рацыю, паездка была доўгай, але калі мы гаворым пра сяброў, то час не мае значэння. Перадаю вам самыя цёплыя прывітанні ад Прэм'ер-міністра Пакістана і асаблівыя пажаданні ад лідара пакістанскай партыі Наваза Шарыфа. Ён пасылае вам асаблівыя цёплыя пажаданні, паколькі лічыць вас асабістым сябрам".
Спікер парламента таксама адзначыў: "Я з вамі цалкам згодны, у нас з вамі добрыя двухбаковыя пагадненні - ёсць больш за 90 пагадненняў і дамоўленасцей. Аднак на практыцы яны не рэалізуюцца ў дастатковай ступені".