Афіцыйны візіт у Ісламскую Рэспубліку Пакістан

  • 26

Беларусь і Пакістан пацвердзілі ўзаемнае імкненне да развіцця дружалюбных адносін і канкрэтызавалі іх асобныя напрамкі з улікам патрабаванняў часу. Такі вынік афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам, праведзеных 5 кастрычніка ў Ісламабадзе.

"Хачу адзначыць, што нашы падыходы да развіцця двухбаковых адносін не змяніліся з часу папярэдніх сустрэч. У мяне толькі ўмацавалася ўпэўненасць у шчырасці намераў пакістанскіх партнёраў развіваць дружалюбныя адносіны з Мінскам на прынцыпах узаемнага даверу і супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка па выніках перагавораў з Прэм'ер-міністрам.

Беларусь і Пакістан дамовіліся выйсці на цесную кааперацыю з трэцімі краінамі. Прыкладам таго можа стаць мяркуемы ўдзел Беларусі ў будаўніцтве кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора. "Трэба больш актыўна развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. У час цяперашняга візіту адкрыты Беларуска-пакістанскі цэнтр па каардынацыі навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы ўзмоцнім сумесную работу ў галіне сельскагаспадарчай і прамысловай кааперацыі. У бліжэйшы час абмяняемся візітамі спецыялістаў для пашырэння супрацоўніцтва па гэтых напрамках".

Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах, у тым ліку мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальным цэнтрам маркетынгу і кан'юнктуры цэн МЗС Беларусі і Агенцтвам па развіцці гандлю Пакістана, пагадненні паміж урадамі аб паветраных зносінах і ўзаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі.

Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф прынялі сумесную заяву, у якой бакі адзначылі канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін і пацвердзілі неабходнасць іх паглыблення, што адпавядае інтарэсам Беларусі і Пакістана.

У Ісламабадзе Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам і спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Сардарам Садзікам. На абедзвюх сустрэчах падкрэсліваўся высокі ўзровень супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана, а таксама імкненне дзвюх краін рабіць усё магчымае для паглыблення партнёрства ў гандлёва-эканамічнай, навуковай, культурнай, адукацыйнай і іншых сферах.

Прэзідэнт Беларусі таксама прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця IV Беларуска-пакістанскага дзелавога і інвестыцыйнага форуму, у час якога заклікаў пакістанскіх бізнесменаў больш шырока выкарыстоўваць прамысловыя магчымасці Беларусі ў рэалізацыі разнастайных інфраструктурных праектаў. "Гатовы да супрацоўніцтва з вамі такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як Мінскі трактарны завод, Беларускі і Мінскі аўтамабільныя заводы, "Амкадор", "Бабруйскаграмаш", "Гомсельмаш", "Лідсельмаш", якія добра зарэкамендавалі сябе на сусветных рынках, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Трэба зрабіць канкрэтныя крокі па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне перапрацоўкі мяса і малака, вытворчасці дзіцячага харчавання, кансервацыі прадуктаў. Нам трэба абавязкова вызначыць 3-4 важныя для Беларусі і Пакістана праекты і неадкладна пачаць іх рэалізацыю. Заўсёды нешта пачынаецца з малога. На гэтых прыкладах усе бізнесмены як у Беларусі, так і ў Пакістане ўбачаць, як трэба працаваць. Тыя, хто пойдуць на гэтыя першыя праекты, будуць першаадкрывальнікамі, першапраходцамі. І праз іх Пакістан і Беларусь больш цесна азнаёмяцца з магчымасцямі ў той і другой краіне".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшай перспектыве могуць быць сур'ёзныя зрухі па актывізацыі супрацоўніцтва паміж банкамі, у сферах лёгкай (пераважна тэкстыльнай) прамысловасці, лясной гаспадаркі, мытнай справы, у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. "Абмяркоўваецца пытанне аб адкрыцці паміж Беларуссю і Пакістанам прамых паветраных зносін. Гэты праект цалкам залежыць ад вас. Калі вы пачняце перамяшчацца з Пакістана ў Беларусь і наадварот, не адзін маршрут будзе адкрыты паміж нашымі краінамі", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў бізнесменам больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял тых міждзяржаўных механізмаў, якія былі створаны для іх, перш за ўсё міжурадавую камісію па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рабочыя групы па прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі. "Калі трэба, мы будзем ствараць такія рабочыя групы і па іншых напрамках нашага супрацоўніцтва. Мы таксама дамовіліся аб рэгулярнасці нашых сустрэч. Як бачыце, практычна штогод мы робім візіты ў нашы дзяржавы, каб кантраляваць прынятыя рашэнні", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што вельмі важна, каб адносіны паміж нашымі краінамі мелі даверны характар, напаўняліся рэальным эканамічным зместам. "І яшчэ раз хачу адзначыць, што беларускі бок адкрыты для інтэнсіўнай і карпатлівай работы з пакістанскім бізнесам па ўсіх узаемавыгадных напрамках. Мы дамовіліся з Прэм'ер-міністрам на працягу чатырох гадоў вывесці наш тавараабарот на ўзровень $1 млрд. Як хочаце дамаўляйцеся паміж сабой, але праз чатыры гады $1 млрд, не менш (больш можна), павінен быць", - сказаў на заканчэнне Кіраўнік дзяржавы.

6 кастрычніка завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан. Самалёт Кіраўніка дзяржавы вылецеў з авіябазы "Нур Хан". Прэзідэнта Беларусі да трапа самалёта праводзіў Прэм'ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф.

Перад вылетам адбылася нефармальная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком урада Пакістана ў яго загараднай рэзідэнцыі. Яна прайшла ў цёплай атмасферы, бакі абмяняліся падарункамі.