Сустрэча са Старшынёй Вярхоўнага Суда Расійскай Федэрацыі Ігарам Красновым

  • 8
  • 7:03

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 чэрвеня сустрэўся са Старшынёй Вярхоўнага Суда Расійскай Федэрацыі Ігарам Красновым.

"Вы вельмі сур'ёзна працуеце над камп'ютарызацыяй і ўкараненнем усяго новага, высокіх тэхналогій у работу судоў. Я за гэта. Я больш за ўсё не выношу ў судах валакіту папяровую, якую ад вас заўсёды патрабавалі, і гэтак далей. Таму мы вельмі хацелі б, каб вы нас прычэпам узялі і мы за вамі пайшлі ў плане ўкаранення высокіх тэхналогій у дзейнасць судоў. Па ўсёй вертыкалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае і вітае тыя мерапрыемствы, правядзенне якіх прадугледжана ў Вярхоўным Судзе Беларусі ў перыяд візіту Ігара Краснова. Размова, у прыватнасці, аб абмеркаванні тэматыкі выкарыстання ў судаводстве інфармацыйных тэхналогій, падпісанні мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж вышэйшымі судовымі органамі Беларусі і Расіі.

Прэзідэнт адзначыў, што Ігар Красноў, які нядаўна быў назначаны Старшынёй Вярхоўнага Суда Расіі, зразумела, хоча зарэкамендаваць сябе на новай пасадзе, зрабіць нешта добрае і новае. І Беларусі таксама было б цікава пераняць вопыт па тых ці іншых пытаннях.

"Ведаю, што Вы многае будзеце рабіць для Вярхоўнага Суда Расіі. Я вельмі Вас прасіў бы, каб Вы былі ў цесным кантакце з Вярхоўным Судом Беларусі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба падглядаць, што ў вялікай Расіі робіцца ў гэтым плане. Дзесьці, можа, і вопыт паўтараць. Я ведаю, Ігар Віктаравіч заўсёды адгукнецца на нашу просьбу і падтрымае ўдасканаленне судаводства, якое ў нас існуе".

"Вы ведаеце, што па маёй ініцыятыве Старшыня Вярхоўнага Суда ў нас ужо зацвярджаецца на народным вечы - Усебеларускім народным сходзе. Як і суддзі Вярхоўнага Суда. Гэта надае вельмі сур'ёзны статус, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У многім гэта звязана з асобай цяперашняга старшыні. Таму што такія рэзкія рухі трэба рабіць з вельмі надзейным для беларускага народа чалавекам. Я яму першы раз аб гэтым гавару, што, улічваючы асобу чалавека, адданасць той справе, якой ён служыць, і беларускаму народу, мы пайшлі на гэту сур'ёзную, можа, нават глыбокую рэформу Вярхоўнага Суда".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заўсёды падтрымлівае работу Вярхоўнага Суда, і гэта ў тым ліку відаць па ствараемых для гэтага ведамства ўмовах працы.

"Кажуць, галіна ўлады (судовая. - Заўвага) самастойная. Самыя залежныя людзі - гэта суддзі. Яны залежныя ад закона. Тут ні ўлева, ні ўправа. Тыя рамкі, якія закон вызначыў, у іх суддзі і дзейнічаюць. У тым ліку і вярхоўныя суды", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы гэтым жывём ужо доўгі час. Думаю, і вы як юрыст разумееце лепш за мяне, што ў законе часам усё не прапішаш. Ды ні ў адным законе ўсё не прапішаш. Жыццё значна больш разнастайнае. Таму тут суддзі павінны мець пэўны вопыт і судзіць па справядлівасці, як у народзе кажуць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы гатовы вучыцца, пераймаць вопыт вялікай Расіі. Яна нам не чужая, многае там было сканцэнтравана ў савецкія часы. І кадры там былі лепшыя. Галоўнае, каб вы, як і было ў нашым супрацоўніцтве заўсёды з вамі асабіста, не адварочваліся ад нас, а падтрымлівалі, як гэта робяць іншыя ведамствы. У нас вельмі добрыя кантакты з усімі міністэрствамі і ведамствамі ў Расійскай Федэрацыі. Прыклад паказваюць прэзідэнты. Калі мы дружныя, тады вам што застаецца - таксама даводзіцца дружыць. Таму мы вельмі спадзяёмся, што вы падтрымаеце нас там, дзе гэта патрэбна будзе, дапаможаце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама запэўніў, што і Вярхоўны Суд Расіі заўсёды можа разлічваць на дапамогу беларускага боку: "Мы заўсёды будзем вельмі цесна супрацоўнічаць з вамі па ўсіх пытаннях, якія будуць пастаўлены".

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Ігару Краснову за дапамогу, якую ён аказваў Беларусі ў цэлым і асабліва суб'ектам гаспадарання, калі працаваў на пасадзе Генеральнага пракурора Расійскай Федэрацыі.

"І цяпер вы прымаеце рашэнні аб'ектыўна, сумленна, справядліва, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Думаю, што і ў будучым вы будзеце гэтак жа супрацоўнічаць з нашым Старшынёй (Старшыня Вярхоўнага Суда Беларусі Андрэй Швед. - Заўвага). У вас стыль работы прыкладна аднолькавы. Таму я ўдзячны вам за тое супрацоўніцтва, якое было ў нас да гэтага. Вельмі задаволены, што ў нас склаліся такія добрыя, даверныя адносіны".

У працяг размовы Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў Ігара Краснова, як яму працуецца на пасадзе кіраўніка Вярхоўнага Суда Расіі. Гэту пасаду ён заняў восенню 2025 года.

"Усё ў парадку, ідзём наперад. Наводжу парадак", - адказаў кіраўнік Вярхоўнага Суда Расіі.

Ён падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэцца асабіста і перадаў найлепшыя пажаданні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

"Як Вы заўсёды адзначаеце, на беларускай зямлі мы адчуваем сябе нават не як дома, а дома. Нашы братэрскія народы звязаны агульнымі культурнымі каштоўнасцямі, таму адносіны развіваюцца ва ўсіх напрамках цяпер", - сказаў Ігар Красноў.

Ён таксама адзначыў, што ў красавіку бягучага года споўнілася 30 гадоў з моманту падпісання першага інтэграцыйнага дагавора, які заклаў фундамент Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. "Дазвольце, карыстаючыся магчымасцю, павіншаваць Вас як аднаго з ідэйных натхняльнікаў кансалідацыі двух братэрскіх народаў", - звярнуўся Ігар Красноў да Аляксандра Лукашэнкі.