Сустрэча з губернатарам Цюменскай вобласці Расіі Аляксандрам Маорам
- 13
- 9:41
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 ліпеня сустрэўся з губернатарам Цюменскай вобласці Расіі Аляксандрам Маорам.
Звяртаючыся да губернатара Цюменскай вобласці, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна правёў нараду па пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны ў Беларусі. Паколькі Цюменская вобласць багата на нафту і валодае адпаведнымі кампетэнцыямі, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў спецыялістам з гэтага расійскага рэгіёна ацаніць перспектывы нарошчвання здабычы такой сыравіны ў Беларусі. Размова аб тым, каб даць альтэрнатыўную ацэнку перспектывам у гэтым пытанні.
"Я неяк не магу паверыць, што, здабываючы некалі больш за 8 млн тон у савецкі час, мы сёння скаціліся да 2 млн тон, - адзначыў Прэзідэнт. - Нам патрэбны такія незалежныя эксперты, якія маглі б адказаць на пытанне, у якім напрамку нам тут развівацца".
Акрамя таго, Прэзідэнт прапанаваў і ў далейшым пастаўляць па ўсёй Расіі неабходнае абсталяванне для здабычы нафты. "Абсталяванне для здабычы нафты вельмі запатрабавана ў вашай вобласці. І вы ведаеце, што мы нацэлены ўвогуле на Цюменскую вобласць у пастаўках гэтага абсталявання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Інтарэс для Беларусі ўяўляюць і газатурбінныя ўстаноўкі з Цюменскай вобласці, асабліва на фоне адыходу заходніх кампаній, якія займаліся такімі ўстаноўкамі. "Гэта наш інтарэс вялікі, акрамя вуглевадароднай сыравіны, да вашай вобласці. Мы гатовы супрацоўнічаць з вамі наконт турбін", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў не зніжаць супрацоўніцтва ў сферы паставак беларускай тэхнікі ў Цюменскую вобласць. "Хацелася б, каб беларускія аўтобусы былі на маршрутах у вашай вобласці - не толькі ў Цюмені. Мы можам рабіць іх на газаматорным паліве. Электробусы сёння вельмі шырока выкарыстоўваюцца ў Беларусі, яны тэсціраванне прайшлі вельмі сур'ёзнае. Таму, калі ў вас будзе інтарэс, паглядзіце", - звярнуўся да кіраўніка расійскага рэгіёна Прэзідэнт.
Ён абазначыў і такі напрамак супрацоўніцтва, як біябяспека і правядзенне навуковых даследаванняў у гэтай галіне: "Я думаю, вы добра ведаеце магчымасці Беларусі. Але апошнім часам мы сяму-таму навучыліся. Калі вы нешта карыснае ўбачыце для Цюменскай вобласці, скажыце. Мы будзем заўсёды рады задаволіць вашы запыты".
У цэлым, адзначыў Прэзідэнт, гэты рэгіён для яго вельмі блізкі. У савецкі час Аляксандр Лукашэнка бываў у Лангепасе, які ў тыя гады быў яшчэ пасёлкам. "Мы (беларусы. - Заўвага) яго спраектавалі, пабудавалі. І тады спецыялісты і кіраўніцтва вобласці былі вельмі задаволены работай беларусаў", - успомніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Маор падкрэсліў, што беларуская зямля сапраўды падарыла Цюмені шмат таленавітых людзей. Для многіх беларусаў гэты расійскі рэгіён стаў другім домам.
Губернатар пацвердзіў, што для Цюменскай вобласці адным з прыярытэтаў з'яўляецца развіццё адносін з прадпрыемствамі Беларусі, ідзе рост тавараабароту: "Асноўная доля - нафта і газ, прадукты нафтахіміі. Мы таксама зацікаўлены, каб тавараабарот рос па больш шырокай наменклатуры".
У Аляксандра Маора таксама ёсць нітачка, якая звязвае яго з Беларуссю. Прадзед цяперашняга губернатара Цюменскай вобласці ваяваў на беларускай тэрыторыі, вызваляючы яе ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Мы пахаванні нашых савецкіх байцоў і ўсіх загінулых у Беларусі свята цэнім. Устаноўлены сотні мемарыялаў, помнікаў у гонар гэтых людзей, якія прынеслі нам Перамогу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мой прадзед загінуў і пахаваны ў Віцебскай вобласці. Гэта было ў снежні 1943 года. А літаральна праз месяц ужо мой дзед, яго сын, вызваляў Беларусь і Украіну, прайшоў паў-Еўропы. Дзякуй богу, закончыў жывым, вярнуўся з вайны", - расказаў губернатар аб сваёй асабістай сямейнай гісторыі, звязанай з Беларуссю.
"Наша пакаленне, выхаванае яшчэ ў Савецкім Саюзе, вельмі беражліва ставіцца да нашай сумеснай гісторыі. Бачым перад сабой важнейшую задачу перадачы будучым пакаленням павагі да гісторыі і каштоўнасць нашай дружбы, якая дае магчымасць нам у тым ліку абмяркоўваць перспектывы нашага эканамічнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў кіраўнік расійскага рэгіёна.


