Нарада па пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны
- 14
- 19:03
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 ліпеня сабраў нараду па пытаннях здабычы вуглевадароднай сыравіны.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць развіцця айчыннай мінеральна-сыравіннай базы, яе эфектыўнага выкарыстання і інтэнсіўнага асваення айчынных радовішчаў. "Мы вельмі сур'ёзна абмяркоўвалі праблему. Гэта не толькі нафта і газ. Гэта і іншыя нашы запасы мінеральныя. Была пастаўлена задача знайсці, даць сур'ёзны адказ на існуючыя пытанні", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"У гэтым годзе мы плануем выйсці на (здабычу. - Заўвага) 2 млн тон нафты. Нядрэнна, але што ў перспектыве? Як далей будзем забяспечваць інтэнсіўнасць геолагаразведкі і асваення новых радовішчаў?" - паставіў пытанні Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што Урад падрыхтаваў план-графік правядзення геолагаразведачных работ. "Разам з тым тэрміны іх выканання, як звычайна, зацягнуты. Да 2030 года", - заўважыў Прэзідэнт.
Ёсць пытанні ў Кіраўніка дзяржавы і да Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі: "У абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы за апошнія гады ўкладзена амаль Br35 млн. А фактычныя тэмпы выканання работ па разведцы новых радовішчаў нізкія".
Так, з 2021 года па май 2025-га прабураны чатыры пошукавыя свідравіны, з іх у бягучым годзе пакуль толькі адна. За 2024 год забяспечаны прырост запасаў нафты ў памеры 91 тыс. т (у 2 разы да ўзроўню 2023 года). Але план на 2025 год сфарміраваны ў меншым аб'ёме - толькі 70 тыс. т, або 77% да ўзроўню 2024 года.
"Гэта значыць мы ў сваіх планах і канкрэтных дзеяннях ужо зноў пачалі зніжацца. Чаму такі спад адбываецца?" - ставіць пытанне Аляксандр Лукашэнка.
"Я дакладна ведаю, што ў нас тут рэзервы ёсць, як і ў любым напрамку нашай дзейнасці. Таму трэба не разварушвацца, а свідраваць і свідраваць. Але свідраваць з розумам і з укараненнем новых тэхналогій! Любое свідраванне, любая геолагаразведка павінна быць апраўдана", - падкрэсліў беларускі лідар.
У гэтым плане ён паставіў пытанне перад вучонымі і Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі пры Мінпрыроды, чаму шэраг перададзеных нафтаздабыўной кампаніі свідравін аказаліся незапатрабаванымі. "У якіх, як вы лічыце, павінна быць нафта. "Беларуснафта" ад іх калі не адмовілася, то дала заключэнне, што нафты там няма", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт патрабуе, каб Акадэмія навук, НПЦ па геалогіі і кампанія "Беларуснафта" працавалі ў адной звязцы: "У нас не столькі шмат нафты, краіна кампактная, таму дзяліцца тут няма чаго".
"У Беларусі няма і не можа быць няважных галін. Уласная нафтаздабыча - гэта не толькі адно з істотных звёнаў энергетычнай бяспекі краіны, але і сыравіна для экспартнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю", - акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Удзельнікаў нарады ён папрасіў далажыць аб тым, як будзе развівацца ў краіне нафтаздабыўная галіна; ці ёсць навуковае і эканамічнае абгрунтаванне выбранай стратэгіі; што з іншымі нафтаноснымі раёнамі, акрамя Прыпяцкага прагіну; ці ў дастатковым аб'ёме разведка і нафтаздабыча забяспечаны тэхналагічным абсталяваннем і асабліва кадрамі; як вырашаюцца існуючыя праблемы і чаму не ліквідаваны карупцыйныя праявы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што на сённяшні дзень у Беларусі адкрыты 5 буйных і сярэдніх радовішчаў нафты і 91 радовішча - дробнае і вельмі дробнае, як іх характарызуюць спецыялісты галіны. Большая частка з іх - савецкая спадчына.
"Агульнасусветная практыка такая: для забеспячэння максімальнай эфектыўнасці геолагаразведачных работ (вельмі дарагое гэта мерапрыемства) у першую чаргу пачынаюць здабычу з буйных па велічыні запасаў, пераходзячы да больш дробных", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што беларускія радовішчы інтэнсіўна эксплуатавалі ў часы СССР. Тады аб'ём здабычы дасягнуў піка на ўзроўні каля 8 млн т у год. З набыццём суверэнітэту гэта работа была прадоўжана. Але ў сувязі з вычарпаннем буйных і сярэдніх радовішчаў адбылося зніжэнне аб'ёмаў здабычы аж да 1,6 млн т у 2016 годзе. "Я бачыў, што ідзе гэты спад, і тады ўжо валявым чынам была пастаўлена задача перад кіраўніком нашай кампаніі выходзіць на 2 млн тон як мінімум", - сказаў Прэзідэнт.
З развіццём метадаў сейсмаразведкі і аптымізацыяй сістэмы распрацоўкі на дзеючых радовішчах з 2015 года штогадовае бурэнне свідравін павялічана ў 2,5 раза. У 2024 годзе пройдзена 285 тыс. м. Гэта забяспечыла дадатную дынаміку здабычы - рост у сярэднім на 20 тыс. т у год.
Звяртаючыся да намесніка Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Галанава, Кіраўнік дзяржавы прапанаваў ацаніць перспектывы мінеральна-сыравіннай базы Беларусі і пералічыць праблемы, якія стаяць перад нафтаздабыўной галіной.
Геолагаразведкай у краіне займаюцца два прадпрыемствы - НПЦ па геалогіі ў сістэме Мінпрыроды і "Беларуснафта". НПЦ па геалогіі, між іншым, праводзіць пачатковыя работы па пошуку вуглевадародаў і вызначае зоны магчымай нафтаноснасці.
"Інакш кажучы, "панюхалі", "намацалі" - "Беларуснафце" гаворыце: свідруй!" - удакладніў Прэзідэнт.
Віктар Галанаў пацвердзіў, што работа выбудавана прыкладна такім чынам. Пасля вызначэння магчымых запасаў вуглевадародаў "Беларуснафта" пачынае даразведку, распрацоўку і прамысловую эксплуатацыю.
Аляксандр Лукашэнка ўказаў на неабходнасць павышэння эфектыўнасці распрацоўкі патэнцыяльных радовішчаў вуглевадародаў. Трэба мінімізаваць або выключыць сітуацыі, пры якіх у час распрацоўкі патэнцыяльнага радовішча нафтавікі атрымліваюць звычайную ваду.
"У час правядзення геафізічных работ вада і нафта па ўсіх катэгорыях паказваюць адзін і той жа рэзультат. Таму толькі свідраванне дасць магчымасць дыферэнцыраваць, ці той мінеральна-сыравінны рэсурс знаходзіцца пад зямлёй на глыбіні 3 км або 4 км", - адказаў Віктар Галанаў.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў расказаў, што прасвідраваныя НПЦ па геалогіі сем свідравін "Беларуснафта" на баланс не ўзяла, спасылаючыся на іх неперспектыўнасць.
"Гэта значыць "Беларуснафта" расследавала пасля вучоных і сказала: слухайце, нам такія свідравіны і вашы прапановы не патрэбны, таму што там нічога няма? Значыць, гэты час (а гэта не адзін год) РНПЦ працаваў упустую, атрымліваецца так?" - паразважаў Прэзідэнт.
"Практычнага выніку ад іх дзейнасці фактычна няма", - канстатаваў Васіль Герасімаў.
"А нам ад іх які патрэбны вынік? - задаў рытарычнае пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Калі гэтага (нафты. - Заўвага) няма, значыць няма".
Віктар Галанаў растлумачыў, што размова ідзе пра сем свідравін, якія знаходзяцца на балансе НПЦ па геалогіі, але за апошнія дзесяцігоддзі "Беларуснафце" ў прамысловую эксплуатацыю перададзена каля 14 свідравін. Здабываць нафту на астатніх сямі свідравінах папросту эканамічна немэтазгодна. Такім чынам, яны выконваюць навуковую задачу. Цяпер вызначаюцца 14 дадатковых свідравін, якія могуць даць запасы нафты. Іх, кажучы словамі Прэзідэнта, яшчэ трэба "прамацаць".
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем генеральнага дырэктара "Беларуснафты" Аляксандра Ляхава аб навуковых даследаваннях у галіне геаразведкі і далейшай перадачы (або неперадачы) свідравін. Кіраўнік кампаніі растлумачыў, што Мінпрыроды і прыцуючы пры ім НПЦ па геалогіі вядуць найбольш рызыкоўны этап работ - параметрычнае пошукавае свідраванне. Сусветная практыка і статыстыка паказваюць, што толькі кожная трэцяя свідравіна можа даць нафту або газ.
У іншых свідравінах няма магчымасці атрымаць рэнтабельную прадукцыю. "Гэта сусветная практыка. Гэта радовішчы, якія маюць запасы менш за 100 тыс.т. З адной такой свідравіны можна арганізаваць гадавую здабычу не больш як 300-400 т. Для гэтага трэба пабудаваць адпаведныя камунікацыі і падаць гэту нафту ў нафтазборную інфраструктуру. Практычна акупнасці тут няма. І так адбываецца ў многіх краінах свету", - сказаў Аляксандр Ляхаў.
Тым не менш, без гэтай работы, пры якой часам не дасягаецца жаданага выніку, практычна немагчыма ведаць свае нетры. Гендырэктар "Беларуснафты" прывёў такі прыклад: перад адкрыццём Рэчыцкага радовішча пабудавалі каля 90 розных свідравін. Некаторыя з іх не далі нічога.


