Сустрэча з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Расіі Дзянісам Паслерам
- 8
- 7:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 мая сустрэўся з губернатарам Свярдлоўскай вобласці Расіі Дзянісам Паслерам.
Вітаючы кіраўніка вобласці, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў свой час бываў там і пераканаўся, што гэты рэгіён вельмі няпросты. "Я ведаю добра з гісторыі, з рэчаіснасці, што ваша вобласць з'яўляецца адной з цэнтральных абласцей і "расіяўтваральнай", калі можна так сказаць, вобласцю", - сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у савецкія часы вытворчая база Свярдлоўскай вобласці і прадукцыя, якая выраблялася, былі прадметам для гонару. "Усё, што мы не маглі зрабіць на ўскраінах, мы рабілі і стваралі ў вас. Самыя перадавыя тэхналогіі былі ў вас", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Супрацоўніцтва Беларусі з гэтым расійскім рэгіёнам Кіраўнік дзяржавы назваў паспяховым. За апошнія гады, паводле яго слоў, дасягнуты тавараабарот амаль $1 млрд. Аднак Прэзідэнт упэўнены, што ўзровень развіцця і патэнцыял Беларусі і Свярдлоўскай вобласці даюць магчымасць дасягаць значна больш амбіцыйных вынікаў. "Разумеючы маштаб і разумеючы тыя аб'ёмы, якія вы можаце вырабляць і мы, мільярд - гэта проста для нас прахадная лічба. І справа часу, каб маглі нават падвоіць гэты тавараабарот", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён абазначыў некалькі ключавых перспектыўных напрамкаў для нарошчвання супрацоўніцтва. Сярод іх, напрыклад, машынабудаванне і сельская гаспадарка з магчымасцю павелічэння паставак тэхнікі, прадукцыі, а таксама пры неабходнасці - мінеральных угнаенняў. Беларусь, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, не мае праблем з рэалізацыяй угнаенняў, хоць гэты напрамак і знаходзіцца пад санкцыямі. "Мы прыстасаваліся да іх, і ў нас сёння лішніх мінеральных угнаенняў няма. Усё, што мы некалі пастаўлялі (і нават больш), - і па цэнах, і па аб'ёмах - мы прадаём на міжнародных рынках", - сказаў ён. Тым не менш, пры неабходнасці краіна гатова аказаць у гэтым плане падтрымку расійскаму рэгіёну.
"Мы часта гаворым: машынабудаванне, сельская гаспадарка. Але часта забываем, што мы ў свой час і цяпер маем даволі высокі ўзровень развіцця станкабудавання, - прывёў прыклад яшчэ адной патэнцыяльнай сферы для ўзаемадзеяння Прэзідэнт. - Вы можаце гэта ўлічыць. Для нас гэта вельмі важна. Мы з Прэзідэнтам Расіі часта абмяркоўваем гэту праблему, з вашымі міністрамі. Яны разумеюць, што без станка не створыш нічога талковага, асабліва маючы на ўвазе Беларусь і Свярдлоўскую вобласць (дзе развіта прамысловасць. - Заўвага). Там станкі патрэбны. Таму мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць".
Лагічным крокам у прадаўжэнне супрацоўніцтва па абазначаных напрамках уяўляецца ўзмацненне прамысловай кааперацыі. "Гэта аснова, будучыня нашага развіцця, узаемаадносін паміж Беларуссю і Расіяй. Мы гатовы пашыраць гэта супрацоўніцтва ў плане кааперацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым плане, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць добрыя прыклады супрацоўніцтва, напрыклад, паміж БелАЗам і "Пнеўмабудмашынай".
"Калі заходнія кампаніі (амерыканскія і іншыя) сышлі з рынку нашага і расійскага, у нас адкрыліся новыя магчымасці. І ў гэтым напрамку мы таксама гатовы працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі з часоў Савецкага Саюза захавалі і развілі многія напрамкі і вытворчасці, напрыклад, оптыку і мікраэлектроніку, якія вельмі актуальны для Расіі. "Мы гэта ўсё захавалі і, больш таго, узнялі на патрэбны ўзровень. Мы нямала пастаўляем гэтай прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. Калі вам гэта патрэбна будзе, прыгледзьцеся ўважліва. Мы гатовы не проста да паставак, але і стварэння сумесных кааперацыйных сувязей, прадпрыемстваў тут і ў вас для таго, каб развіваць гэтыя напрамкі", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэтыя так званыя санкцыі паказалі, што трэба арыентавацца на сваё і імпартазамяшчэннем займацца, іншымі напрамкамі для таго, каб ствараць сваё, - прадоўжыў Прэзідэнт. - З задавальненнем чую аб тым, што і самалёты з'яўляюцца свае (грамадзянскія ў тым ліку), я ўжо не гавару пра ВПК, які атрымаў у вас вельмі сур'ёзнае развіццё". Гэта ў сваю чаргу падцягвае за сабой і аналагічныя сферы ў Беларусі, заявіў Кіраўнік дзяржавы. Базы па рамонце гэтай тэхнікі, якія існуюць у краіне, паступова пераходзяць на ўзровень вытворчасці. "Пачынаем вырабляць і бранятэхніку, і самалёты, і суднабудаванне ў нас развіваецца - не ў рамонтным напрамку, а стварэнне сучасных комплексаў, сучасных машын. Для нас гэта выгадна. У той жа час гатовы працаваць у Расіі па ўсіх напрамках", - сказаў беларускі лідар.
Нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік напрамкаў для актывізацыі супрацоўніцтва, адзначыў Прэзідэнт. "Сёння шаленства хапае з боку нашых праціўнікаў, якія прыводзяць у ненармальны стан нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Мы маем два мадэрнізаваныя заводы - пасол (пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў. - Заўвага) гэта добра ведае - і падстаўляем сваё плячо ў любы час, як гэта трэба. Калі ў гэтым плане патрэбна дапамога і падтрымка вашаму рэгіёну, вы паслу скажыце, Барыс Вячаслававіч нас праінфармуе. Будзем старацца вам дапамагчы так, як дапамагаем сёння ўсёй Расіі", - сказаў беларускі лідар.
У сваю чаргу кіраўнік расійскага рэгіёна адзначыў, што дзякуючы сумеснай рабоце і падтрымцы ў Беларусі на вышэйшым узроўні адносіны са Свярдлоўскай вобласцю добра развіваюцца. Напрыклад, бакі істотна рушылі наперад у кааперацыі.


