Сустрэча з губернатарам Мурманскай вобласці Расіі Андрэем Чыбісам

  • 12
  • 8:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка сустрэўся з губернатарам Мурманскай вобласці Расіі Андрэем Чыбісам.

"Мы з Мурманскай вобласцю гатовы працаваць так, як гатова да гэтага Мурманская вобласць. Мы вас не лічым далёкім арктычным рэгіёнам, хоць ён арктычны, але не далёкі для нас. Мы гатовы з вамі будаваць адносіны не толькі на аснове паставак нашай прадукцыі ў ваш край, але і гатовы ствараць сумесныя прадпрыемствы, каб атрымліваць выгаду ўсім нам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра супрацоўніцтва з Мурманскай вобласцю, назваў такія напрамкі, як пасажырская і спецыяльная тэхніка, прадукты харчавання, сельская гаспадарка, ліфты. "Мы гатовы па ўсіх гэтых напрамках з вамі супрацоўнічаць. Тым больш вельмі інтэнсіўна працуем над тым, каб адысці ад усяго імпартнага заходняга - з тых краін, якія ўвялі супраць нас санкцыі. Мы паспяхова гэта практычна зрабілі. Датычыцца перш за ўсё прамысловасці па некаторых камплектуючых, вузлах. У гэтай частцы вы можаце разлічваць на Беларусь", - запэўніў беларускі лідар.

"Давайце рухацца наперад, але самае галоўнае - бачыць свой інтарэс. Вы бачыце, як развіваюцца падзеі ў свеце. Трэба абараняць сваю зямлю, сваіх людзей і перш за ўсё свой інтарэс. На любой сустрэчы з кіраўніцтвам Расіі я выказваю гэту пазіцыю, арыентую іх на тое, што нам трэба пазбавіцца ад некаторай залежнасці ад іншых краін, асабліва крытычнай залежнасці. Сваё трэба абараняць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым адзначыў, што заўсёды аддае перавагу прадукцыі ўласнай вытворчасці, а не імпартным таварам. "Імпартнае можа быць недзе ўзроўнем вышэй, але гэта чужое. Калі раптам нешта, гэта трэба за трыдзевяць зямель шукаць, і не ўсё так проста. А тут, у сябе... Беларусь для Расіі не чужая. Гэта сваё. У любы момант мы можам паставіць любую дэталь, якая выйшла са строю ў нашай тэхніцы, можам паставіць патрэбную колькасць прадуктаў харчавання, адзення, калі гэта трэба будзе для вас. Хоць вы паспяхова, я ведаю, вырашаеце любыя праблемы. Вы ведаеце, чым багата Беларусь, чым яна можа дапамагчы рэгіёнам Расіі. Перш за ўсё такім блізкім для нас рэгіёнам, як Ленінградская вобласць, Піцер, і, зразумела, Мурманск", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на з'яўленне такога статусу, як "тавар Саюзнай дзяржавы". Гэты знак прысвойваецца прадукцыі, пры вытворчасці якой выкарыстоўваецца не менш за палову матэрыялаў і камплектуючых з Беларусі і Расіі. У гэтым напрамку трэба рухацца і не ствараць дадатковых бар'ераў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Беларусь і Расія ідуць да адзінай мэты і ведаюць, чаго хочуць: "Мы абавязкова даб'ёмся сваіх мэт, паколькі гэта інтарэсы нашых народаў - расіян і беларусаў. Я вельмі прасіў бы, Андрэй Уладзіміравіч, каб вы зыходзілі з гэтага. Чалавек вы хоць малады, але вопытны. Я ўпэўнены, што мы з вамі даб'ёмся пэўных вынікаў, калі будзем арыентаваны на інтэнсіўнае супрацоўніцтва паміж вашым рэгіёнам і Беларуссю".

У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў агульнасць гістарычнага мінулага Беларусі і Мурманскай вобласці, у тым ліку іх ролю ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Узгадвалася, што ў тыя гады на тэрыторыі паўночнага расійскага рэгіёна ваяваў класік беларускай літаратуры Іван Шамякін. "Гэта сведчыць аб тым, што ў нас ёсць і былі людзі, якія звязваюць нас. І вельмі моцна", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на значную ролю Мурманска, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў варотамі па абароне агульнай Айчыны, Савецкага Саюза. Праз яго ажыццяўляліся пастаўкі неабходнага абсталявання і ваеннай тэхнікі. "У тым ліку і дзякуючы гэтаму Мурманск пакрыў сябе неўвядальнай славай. Загінула там нямала людзей. Але дастойна змагаліся жыхары поўначы, каб прывесці нас да той Перамогі, якую святкавалі ў маі 1945-га", - сказаў беларускі лідар.

"Гэтак жа, як Беларусь, вы ад гэтай вайны пацярпелі. І гэта наша агульная Перамога. Мы яе павінны бачыць, шанаваць. Ні ў якім разе не выкідваць яе кудысьці за борт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Я, калі чую некаторыя выпады балтыйскіх дзяржаў, Украіны ў плане тое разбурыць, гэта разбурыць, і Айчынная вайна - гэта не тое, што для нас, па-зямному думаю: навошта вы вялікую заслугу свайго народа выкідваеце на памыйніцу? - рытарычна спытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы навошта гэта робіце? Гэтым трэба ганарыцца".

Прэзідэнт таксама адзначыў агульнасць і блізкасць Беларусі з расійскім рэгіёнам у нядаўнім мінулым, у часы існавання Савецкага Саюза. "Мы наогул не дзялілі Мурманскую вобласць з Беларуссю, асабліва што датычыцца ваенна-марскога флоту. Як на Балтыцы, так і ў вас служылі нашы хлопцы з Беларусі. І яны ганарацца гэтым", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Андрэй Чыбіс падзякаваў за магчымасць сустрэчы, якая праходзіць пасля вялікай падзеі, прысвечанай якраз развіццю Саюзнай дзяржавы. Асобныя словы ўдзячнасці ён выказаў за ўпамінанне важнай ролі Мурманска і вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны. "Сапраўды, горад заўсёды меў - з моманту свайго з'яўлення ў пачатку ХХ стагоддзя - і цяпер мае важнае стратэгічнае значэнне. У час Вялікай Айчыннай вайны дзякуючы паўночным канвоям нам удалося наблізіць агульную Перамогу, памяць аб якой шануюць і ў Расіі, і ў Беларусі. Вялікі вам за гэта дзякуй", - сказаў кіраўнік рэгіёна.

"Сёння з улікам таго, што адбываецца ў свеце, горад Мурманск - глыбакаводны незамярзальны порт, апорны порт Паўночнага марскога шляху - набывае яшчэ большае значэнне і для нашай краіны, і для нашых партнёраў, для нашых сяброў", - падкрэсліў ён.