Сустрэча з Франклінам Грэмам - прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма
- 7
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 мая правёў сустрэчу з Франклінам Грэмам - прэзідэнтам і генеральным дырэктарам Евангелісцкай асацыяцыі Білі Грэма.
"Дзякуй, што вы знайшлі час, нягледзячы на такія адлегласці, прыехаць да нас і абмеркаваць пытанні не толькі міжканфесійных нашых зносін, але і пытанні міждзяржаўных адносін. Спадар Грэм, вы крыху ведаеце пра Беларусь, вы бывалі тут. Вы бывалі не раз у Расіі. Таму ведаеце, у якім напрамку развіваецца абстаноўка, сітуацыя. Упэўнены, ведаеце, што ў нас у Беларусі жывуць мірна, суіснуюць, узаемадзейнічаюць 25 канфесій. І, шчыра скажу, мы ганарымся гэтым міжканфесійным мірам, які існуе ў Беларусі, - падкрэсліў беларускі лідар. - У Беларусі 850 пратэстанцкіх абшчын, 20 місій і 5 навучальных устаноў. Таму ваша веравызнанне ў нас вельмі шырока прадстаўлена".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асабіста ў яго добрыя ўражанні ад сустрэч з людзьмі гэтага веравызнання. "У савецкія часы (Савецкі Саюз быў афіцыйна атэістычнай краінай, але неафіцыйна ўсе маліліся), калі я быў сакратаром парткама, у сельскай гаспадарцы працаваў, палова маёй гаспадаркі - гэта былі пратэстанты. Мне вельмі цікава было, чым жа пратэстанты адрозніваюцца ад праваслаўных, католікаў. І я бываў у іх дома - пратэстантаў нашых. Я вам павінен сказаць - вельмі добрыя, неймаверна працавітыя людзі", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што пераканаўся ў гэтым і стаўшы Прэзідэнтам. Ён адзначыў, у прыватнасці, што шмат беларусаў пратэстанцкай веры жывуць на поўдні краіны ў Брэсцкай вобласці: "Працаўнікі, дабрэйшыя людзі, таму ў мяне вельмі добрае ўспрыманне і стаўленне да такіх людзей".
"Кіраўніком гаспадаркі, дзе я быў сакратаром парткама, быў якраз чалавек вашага веравызнання. Я і цяпер з ім падтрымліваю адносіны. Сын яго недзе ў ЗША працуе ў вас, - дадаў Прэзідэнт. - Таму вы разумееце, што ў мяне глыбокае разуменне і стаўленне да вашага веравызнання. Яшчэ з тых часоў я вельмі добра стаўлюся да нашых людзей, якія вызнаюць гэту рэлігію".
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Франкліну Грэму за падтрымку і дапамогу, што аказваецца беларусам: "Мы гэта вельмі цэнім. Справа не ў аб'ёмах. Думаю, што пасля нашай сустрэчы вы больш будзеце звяртаць увагі на Беларусь. Але вы малайцы. Дзякуй вам за гэту дапамогу і падтрымку".
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што, нягледзячы на санкцыі, у мінулым годзе дзве трэці ўсёй гуманітарнай дапамогі паступіла ў Беларусь менавіта з ЗША. "Але амерыканцы малайцы. У гэтай гуманітарнай дапамозе ЗША ёсць і ваша доля. Дзякуй вам", - сказаў Прэзідэнт.
"Вам, Франклін, хачу падзякаваць за добрае пасланне, якое мне перадаў спадар Коўл (спецпасланнік ЗША Джон Коўл. - Заўвага) у час свайго візіту і нашых перагавораў. Вы ж разумееце, што без Прэзідэнта ЗША нам, магчыма, больш складана было б устанавіць нашы адносіны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму пры сустрэчы (я ведаю, вы ў добрых адносінах з Прэзідэнтам) перадайце яму самыя добрыя пажаданні і скажыце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры і прыхільнікі", - сказаў беларускі лідар.
"У бліжэйшыя дзень-два вы сустрэнецеся з нашымі вернікамі-пратэстантамі. І ў вас ужо будзе больш уражання аб тым, як ім тут жывецца. Але хачу вас запэўніць, што гэта наш брэнд. Мы ганарымся, што ў нас міжканфесійны мір. І таму вы можаце за сваіх пратэстантаў, нашых пратэстантаў, не турбавацца", - заявіў беларускі лідар.
Франклін Грэм падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэцца з ім, а таксама правесці сустрэчу з беларусамі, якія вызнаюць пратэстантызм. "Дзякуй вялікі. Для мяне вялікі гонар сустрэцца сёння з Вамі. Мы прыехалі, каб данесці наша пасланне ўсім беларусам, і гэта пасланне ад Госпада Бога", - адзначыў Франклін Грэм.
"Няважна, да якой веры мы належым - пратэстанцкай, праваслаўнай, каталіцкай, - мы ўсе тут роўныя. І мы ўсе згодныя з гэтымі падыходамі", - падкрэсліў ён.
"Франклін, калі будзеце аб грахах з Госпадам размаўляць, не забудзьце і пра мае грахі", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
Франклін Грэм звярнуў увагу, што ў рэлігіі прынята ўзносіць малітвы і за лідараў краін, і паабяцаў Прэзідэнту Беларусі, што памоліцца за яго разам з беларускімі хрысціянамі пратэстанцкай веры.
"Гэта будзе правільна, а то Вы ўсё за Дональда (Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. - Заўвага) моліцеся і моліцеся. Мяне не ўзгадваеце", - з усмешкай адзначыў беларускі лідар.
"Заўтра я папрашу ўсіх прысутных стаць і ўзнесці малітву за Вас як лідара", - запэўніў Франклін Грэм.


