Сустрэча з губернатарам Смаленскай вобласці Расіі Васіліем Анохіным

  • 11
  • 18:26

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 лістапада сустрэўся з губернатарам Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі Васіліем Анохіным.

"Гэта пяты ўжо візіт губернатара (Смаленскай вобласці. - Заўвага) у нашу Беларусь. Гэта сведчыць аб тым, што і ў Смаленску разумеюць, што мы павінны быць разам, развівацца, дапамагаць адзін аднаму. Асабліва ў гэтыя няпростыя часы. І з любымі выклікамі, праблемамі мы справімся, калі будзем разам", - адзначыў беларускі лідар.

"Хто б там у Расіі, я ўжо таксама гавару, ні вякаў: "Вось, Лукашэнка, шматвектарнасць... Зноў ён адпусціў гэтых палітзняволеных некалькі дзясяткаў. Гэта значыць, ён ужо на Захад..." Слухайце, ну такое прымітыўнае мысленне, што далей няма куды. І мы гэта бачым і чуем, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Так, у нас ёсць краіна. Наш галоўны знешнепалітычны пасыл і наш намер - з суседзямі трэба жыць у міры, яны ад бога. Ну і што зробіш, калі палякі стагоддзямі жылі з намі і тое, што кіраўніцтва Польшчы сёння займае такую гадкую пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Хіба палякі ў гэтым вінаватыя? Ну ў нейкай ступені - так, - яны ж выбіраюць іх. Але ў большасці сваёй палякі хочуць жыць мірна з намі".

"Тое ж самае літоўцы, латышы, украінцы. Ну калі такую палітыку праводзіць кіраўніцтва (гэтых краін. - Заўвага)... Таму мы спакойна, мэтанакіравана спрабуем выбудоўваць з імі адносіны. Але інтарэсы нашы - яны ёсць нашы інтарэсы", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Расія скоса на нас не глядзіць. Гадасцей ніякіх нам не робіць. Наадварот, падтрымлівае ў самыя цяжкія і складаныя часы. Зразумела, і мы адпаведна да гэтага падыходзім і ставімся, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ёсць дзве дзяржавы, ёсць агульная Айчына. Расіяне не пярэчаць супраць гэтага. Яна ад Брэста да Уладзівастока. Гэта наша Айчына. Гэтым усё сказана. Але так атрымалася, не па нашай віне, - у нас дзве дзяржавы - Беларусь і Расія. Я ні разу не чуў ад Прэзідэнта Расіі, каб ён сказаў: "Слухай, заўтра трэба жыць абавязкова ў адной дзяржаве!" Ніколі такога не было. У гэтым няма ніякай неабходнасці".

"Але наша супрацоўніцтва - Беларусі з Расіяй - цясней, чым калі б мы жылі ў адной дзяржаве, паказваючы пальцам адзін на аднаго. Тое  нам і трэба, каб мы былі адзіныя, і каб нас ніхто рознымі абяцаннямі і іншым не змог расцягаць у розныя бакі, як гэта было пасля распаду Савецкага Саюза", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што эканоміка з'яўляецца базісам і фундаментам адносін.

"У нас тавараабарот у свой час быў пад $5 млрд. Гэта проста, я так разумею, вароты Беларусі ў велізарную Расію. Гэта нармальна. Мы з гэтым згодны. Як мы з Пуціным дамовіліся, гэтыя тры вобласці павінны быць вельмі цесна звязаны з Беларуссю - Бранская, Смаленская, Пскоўская. Плюс побач Ленінград (Піцер) - родны нам, беларусам, і знаёмы горад. Яны гатовы з намі супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Калі трэба, будзем працаваць, як бы складана ні было, і з масквічамі. Яны гатовы з намі супрацоўнічаць і купляць усё, што мы вырабляем", - сказаў Прэзідэнт.

"Слухайце, дай бог нам гэта пераадолець. Але мы і на Сахаліне працуем. Па асобных напрамках, тэхналагічных і гэтак далей, дзе мы маем вопыт, мы і там працуем. Па ўсёй Расіі. Але аснова - гэта нашы суседзі. І тое, што мы крыху звальваемся па тавараабароце, - трэба разабрацца ва Урадзе, у чым там праблема і паднапружыцца, каб мы гэтыя $5 млрд мелі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У 2023 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Смаленскай вобласцю склаў $4,4 млрд, а па выніках студзеня - верасня 2024-га - $3,1 млрд.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў асаблівую духоўнасць жыхароў суседніх Смаленскай, Пскоўскай абласцей: "Нам ёсць чаму ў вас павучыцца. Яна нават вышэйшая, чым у нашых людзей".

"Ведайце, што мы заўсёды вашы людзі і гатовы падставіць плячо, нават ва ўрон каму-небудзь і нават ва ўрон уласным інтарэсам, калі гэта будзе трэба", - запэўніў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама ў цэлым падкрэсліў, што ў Беларусі і Смаленскай вобласці агульныя гісторыя, сучаснае. "І я абсалютна перакананы, што і будучыня ў нас павінна быць агульная, - заявіў ён. - Раз'яднаць нас практычна немагчыма. Людзі жывуць, маюць нармальныя стасункі, перамяшчаюцца. Калі недзе мы не прынялі рашэнне, я думаю, Расія і Беларусь прымуць гэтыя рашэнні - стасункі праз граніцу паміж суседнімі абласцямі. Людзі ў нас абсалютна падобныя адзін да аднаго і няхай яны жывуць спакойна".

Больш таго, яшчэ з былых часоў адзін аднаму дапамагалі, напрыклад беларускія камбайны падстаўлялі плячо суседзям на ўборцы збожжавых, а там, у сваю чаргу, дапамагалі гаспадаркам палівам. "Гэта значыць, як бы мы там палітычна ні раз'ядноўваліся - разваліўся Савецкі Саюз - людзі зразумелі, што трэба жыць разам", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён агучыў шэраг ключавых напрамкаў для далейшага развіцця супрацоўніцтва са Смаленскай вобласцю. Тым больш з гэтай вобласці можна працаваць на ўсю Расію. "Тармажэння ў нас ніякага няма і не будзе з боку Беларусі. Але скорасць. Час такі цяпер, што трэба ўключаць дадатковыя скорасці, каб, як я гавару, заднія, якія за намі ідуць, не затапталі нас, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы да гэтага гатовы. Я ведаю пазіцыю Прэзідэнта Расіі, майго вельмі добрага сябра. Як я гавару, старэйшага брата. Поўная падтрымка, узаемаразуменне па ўсіх напрамках".

Адна з прапаноў - стварэнне ў гэтым расійскім рэгіёне сэрвіснага цэнтра МАЗ. "Я не бачу праблем, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба там ствараць сэрвісны цэнтр. У адваротным выпадку, навошта ім нашы МАЗы, калі мы не можам іх абслужыць. Хоць Беларусь побач, мы заўсёды падстрахуем. Але трэба, каб і там была гэта пляцовачка".

Пры гэтым у дадзеным цэнтры пажадана абслугоўваць і іншую беларускую тэхніку.

Што датычыцца абнаўлення парку пасажырскай тэхнікі, за апошнія два гады ў Смаленскую вобласць пастаўлена 55 аўтобусаў МАЗ. У тым ліку пастаўляецца электратранспарт. "Гэта - будучыня. Смаляне, як і беларусы, вымушаны проста будуць гэтым займацца. У нас ёсць пэўныя кампетэнцыі. Трэба працаваць разам", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Тое ж самае датычыцца паставак дарожна-камунальнай тэхнікі.

"Трэба дамаўляцца і пастаўляць. Але і абслугоўваць трэба", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ёсць магчымасці і для кааперацыі ў рамках зборачных вытворчасцей. "Зборачныя вытворчасці Бабруйскаграмаш і Мотавелазавода. Я выбіраю тое, што, магчыма, вам трэба будзе. Вашы людзі гавораць, што гэта вам трэба. Нам гэта выгадна. Мы падтрымліваем гэтыя прадпрыемствы. Нам трэба ў гэтым напрамку таксама рухацца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сельгастэхніка ў Смаленску заўсёды будзе патрэбна. Тое ж самае, мне далажылі, вялікая цікавасць па меліярацыі. Мы аднавілі тэхніку (для патрэб меліярацыі. - Заўвага) - бульдозеры, экскаватары, дрэнаўкладчыкі. Зусім побач пад Оршай прадпрыемства АМКАДОРа. Калі патрэбна дапамога, вопыт, каб з чаго-небудзь пачаць, мы гатовы вам аказаць пасільную адпаведную дапамогу".

Ёсць што прапанаваць Cмаленскай вобласці і ў плане пажарнай тэхнікі. "Той від, які заўсёды патрэбны будзе. У нас нават Зімбабвэ, В'етнам, Кітай з задавальненнем купляюць нашы машыны. Без гэтага нікуды сёння не дзецца".

"Калі вы будзеце будаваць недзе дарогі, мы можам уключыцца. Хочаце - пад ключ, хочаце - можам на субпадрадзе. Як вы захочаце. Калі гэта вам трэба будзе", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі вырабляецца поўны комплекс дарожнай тэхнікі.

Станкабудаванне - гэта будучыня, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Калі быў у Іркуцку, Казані, я размаўляў ужо з кіраўнікамі прадпрыемстваў, спецыялістамі, авіябудаўнікамі. Яны вельмі зацікаўлены ў станках", - расказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі гэты напрамак быў развіты яшчэ з савецкіх часоў, а потым крыху адсталі. "За апошнія гады мы нямала зрабілі ў станкабудаванні. Без гэтага нікуды. Любое прамысловае прадпрыемства без станкоў, ну якое гэта прадпрыемства? - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі сумленна, я не вельмі паглыблены ва ўзровень беларускай вытворчасці станкоў. Зімой хачу пацікавіцца і паглядзець. Але разам з мікраэлектронікай (таксама з Прэзідэнтам абмяркоўвалі) станкабудаванне - пытанне нумар адзін для Беларусі і Расіі. Наша запатрабаванасць у Расіі каласальная. Каму, як не смалянам, калі гэта трэба будзе, мы гатовы дапамагчы".

Абавязковы напрамак супрацоўніцітва - гэта пастаўкі прадуктаў харчавання, улічваючы, што Беларусь непасрэдна суседнічае са Смаленскай вобласцю.

"Не думаю, што тут у нас праблемы ёсць. Калі ласка. Людзі прыязджаюць, самі купляюць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на якасць беларускай прадукцыі, а ў алкагольнай і тытунёвай галінах наогул вельмі строгае рэгуляванне дзяржавы. "Людзі ведаюць, што ў нас якасны тавар. Няма ніякіх праблем, каб нам супрацоўнічаць", - падкрэсліў ён.

У час сустрэчы Прэзідэнт таксама выказаўся за забеспячэнне свабоды перамяшчэння праз граніцу Беларусі і Расіі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што нават на прыкладзе сваёй малой радзімы і таго рэгіёна ведае, як цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой жыхары Беларусі і суседняй Смаленскай вобласці. Расіяне часта прызджаюць за пакупкамі або нават акунуцца ў Трафімавай крыніцы, якую некалі добраўпарадкаваў дзед Аляксандра Лукашэнкі. "Цэлая чарга. Адкуль? Са Смаленскай вобласці. Нават больш, чым беларусаў. Я заўсёды гэтаму рады, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Орша, Смаленск - гэта непадзельныя землі былі. Заўсёды дружылі і супрацоўнічалі адзін з адным. У спорце, у футбол гулялі, пастаянна каманды ў нас былі - вёска з вёскай, здаралася. Таму для мяне ваш рэгіён вельмі блізкі і знаёмы".

"Але для таго, каб усё было нармальна, трэба забяспечыць свабоду перамяшчэння людзям. Калі мне гавораць, што недзе там на граніцы ў цябе са Смаленскай вобласцю нехта некага правярае, затрымлівае, - мне дрэнна становіцца. Ну што мы правяраем адзін аднаго? Ды калі трэба некаму абысці нашы пасты, яны тысячу разоў аб'едуць. Яны ведаюць гэтыя ўсе сцежкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі не перашкаджаюць цеснаму ўзаемадзеянню і паездкам грамадзян дзвюх дзяржаў. "Мы гэтаму не перашкаджаем. Няхай людзі едуць, куды яны хочуць, - у Смаленскую вобласць. І, наадварот, мы нават не ведаем, хто прыязджае са Смаленскай вобласці. Таму нам тармазіць у гэтым плане людзей ні ў якім разе не трэба. Гэта вельмі важна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Губернатар Смаленскай вобласці ў першую чаргу падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і выказаў шчырую ўдзячнасць за ўвагу да пытанняў прыгранічнага супрацоўніцтва. "Вашы цёплыя сяброўскія адносіны з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным з'яўляюцца ўзорам для паводзін і для нашых далейшых дзеянняў, з'яўляюцца прыкладам, якога мы стараемся прытрымлівацца ва ўзаемадзеянні з нашымі беларускімі калегамі", - сказаў Васілій Анохін. У прыватнасці, ён адзначыў, што многія пытанні абмяркоўвае са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Субоціным: "Шчыра, па-добраму, па-добрасуседску, абсалютна адкрыта". "Вы правільна сказалі, Аляксандр Рыгоравіч, што нашы братэрскія народы маюць агульную гісторыю, культурныя каштоўнасці, і, сапраўды, нам гэта трэба захоўваць. Беларусь заўсёды гасцінна нас сустракае", - падкрэсліў кіраўнік расійскага рэгіёна.

Паводле яго слоў, Смаленская вобласць у апошнія гады прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах рознай накіраванасці, якія праводзяцца ў Беларусі. Напрыклад, у Форуме рэгіёнаў, у тэматычных выстаўках, культурных фестывалях, у прыватнасці, у Славянскім базары. У сваю чаргу беларускія творчыя калектывы таксама прымаюць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, праводзімых у Смаленскай вобласці. Вядзецца ўзаемадзеянне па лініі грамадзянска-патрыятычнага выхавання - больш за 1 тыс. прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі прымаюць удзел у пошукавым руху Смаленскай вобласці.