Сустрэча з губернатарам Маскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Андрэем Вараб'ёвым
- 6
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб'ёвым.
"Прыемна бачыць вас у Беларусі. І ў гэтым не толькі нашы добрыя братэрскія адносіны, але і аснова ўсяго - эканоміка. Маскоўская вобласць у нас вядучая, першае месца займае. Недзе там больш за $15 млрд тавараабарот (з Беларуссю. - Заўвага). Але я неяк на гэта не звяртаў увагі. І, калі бліжэй пазнаёміўся з гэтым, я падумаў: калі $15 млрд - Маскоўская вобласць, усё астатняе - уся Расія. Зусім няшмат адносна велізарнай Расіі застаецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гэтым вельмі даражым, Аляксандр Рыгоравіч", - адзначыў у сувязі з гэтым Андрэй Вараб'ёў.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "І я вельмі. Але ведаю, што вам нялёгка. І тавараабарот $15 млрд - гэта нішто ў параўнанні з тым валавым прадуктам, які вы даяце для Расіі".
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь гатова да далейшага развіцця супрацоўніцтва па тых ці іншых запатрабаваных напрамках: "Калі мы ў нечым можам - скажыце што. Будзем абавязкова працаваць разам і рабіць усё. Я вельмі перажываю за вас. Калі сустракаюся з Прэзідэнтам Пуціным, мы шмат гаворым пра Маскоўскую вобласць. Ведаючы вас у дэталях ужо, яшчэ больш пранікаюся павагай да той працы, якую вы ўкладваеце ў развіццё Маскоўскага рэгіёна разам са сваімі калегамі".
Што датычыцца магчымасцей Беларусі, Прэзідэнт падкрэсліў, што губернатар Маскоўскай вобласці добра з гэтым знаёмы, а нешта пры неабходнасці можа падказаць расійскі пасол Барыс Грызлоў. "Свае людзі. Чаго тут? Складаная сітуацыя. Трэба шукаць выйсце - і ў плане бяспекі, у плане асабліва эканомікі. Гэта для губернатараў вельмі цяжкая нагрузка. Хоць я ведаю добра работу губернатараў. Дзе там у вас няма нагрузкі? Усюды хапае", - заўважыў беларускі лідар.
Ён таксама папрасіў Андрэя Вараб'ёва перадаць самыя добрыя пажаданні ўсім, хто працуе разам з губернатарам.
"Таму калі мы можам нечым вам дапамагчы, вы не саромцеся - скажыце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што часам у чыноўнікаў у Расіі прысутнічае незразумелая пазіцыя: "Ну вось, як гэта там, беларусы… Яны зусім невялікія, і мы прасіць нешта будзем". А нічога страшнага. Вялікія, невялікія - справа не ў велічыні, справа ў магчымасцях. Калі чым-небудзь можам дапамагчы, значыць, дапаможам. Я пра гэта заўсёды публічна гавару і не збіраюся гэта ўтойваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: "Каб вы ведалі, я гэта гавару не толькі вам і Барысу Вячаслававічу (паслу Расіі ў Беларусі Барысу Грызлову. - Заўвага). Вось на гэтым месцы нядаўна былі прадстаўнікі Зяленскага. Я ім адкрыта сказаў: "Вы перадайце свайму Прэзідэнту: калі ён думае, што можна вось так з намі размаўляць і яшчэ ўцягнуць нас у вайну, то ён павінен разумець, што якасць вайны імгненна зменіцца. Гэта вайна будзе зусім іншая".
"Дарэчы, мы атрымалі адказ: Прэзідэнт і яны гэта разумеюць. Таму давайце дамаўляцца. Трэба дамаўляцца сур'ёзна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Не трэба гарачыцца, не трэба крычаць, не трэба спрабаваць у морду па-руску ўдарыць і гэтак далей. Давайце па-чалавечы. Разумеючы, што такое Расія і што такое мы. Таксама разуменне ёсць", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што Беларусі не трэба ўцягвацца ў вайну. "І не трэба нас падштурхоўваць да таго, што Барыс Вячаслававіч арганізоўвае працэс, каб нас уцягнуць у вайну. Мы з Прэзідэнтам Расіі тысячу разоў абмяркоўвалі гэту тэму. Ну як ваяваць супраць украінцаў тут, калі з таго боку тэрытарыяльныя войскі ў асноўным? Мы што, будзем гэтых механізатараў, даярак і рабочых (якія ўваходзяць у склад тэрытарыяльных войскаў. - Заўвага) страляць, якія не хочуць ваяваць з беларусамі? Мы таксама не хочам з украінцамі ваяваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Наша пазіцыя міралюбівая. Але ў любой сітуацыі мы будзем з Расіяй побач", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гэтым вельмі даражым", - адзначыў у сувязі з гэтым губернатар Маскоўскай вобласці.
"Інакш быць не можа! Мы разумеем, што можа быць, калі Захад зноў сюды ўлезе і пераможа. Я не гавару пра Украіну. Ну якая Украіна? Не пра Украіну размова! - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы разумеем, з кім мы ваюем сёння. Хочуць міру - давайце дамаўляцца па сутнасці. Нам вайна не патрэбна. Нам і зямель хапае, і эканомікі нашай хапае, і праблем хапае. Таму ніякай канфрантацыі".
"Я гэта гавару, каб вы разумелі маю пазіцыю. Я яе не ўтойваю. Мір і толькі мір. Але з поўнай гарантыяй, што яны не будуць з намі гуляцца і, як Пуцін кажа, чарговы раз не змогуць нас падмануць. Таму што падман Расіі - гэта, перш за ўсё, ударыць па Беларусі. Мы на пярэднім краі нашай Айчыны, мы гэта добра разумеем", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама канстатаваў, што Украіна з'яўляецца разменнай картай у вялікай гульні. "Справа зусім не ва Украіне. Ведаеш, у чым справа і хто з кім змагаецца ў канчатковым выніку. Таму трэба тут разабрацца. Ні нам, ні Расіі гэта (працяг вайны. - Заўвага) не трэба", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што зусім нядаўна даручыў, каб пагранічнікі разам з мясцовымі ўладамі Гомельскай і Брэсцкай абласцей адпрацавалі варыянты наведвання ўкраінцамі даўно вядомых ім месцаў на тэрыторыі Беларусі. "Украінскае прыгранічча (насельніцтва прыгранічных з Беларуссю тэрыторый. - Заўвага) заўсёды прыходзіла да нас на тэрыторыю, збіралі грыбы, ягады. Да вайны яшчэ. Па $5-6 тыс. зараблялі грошай. Для таго, каб пражыць. Што, лёгка было ва Украіне да вайны? Вельмі цяжка. Мы адкрывалі ім дарогу", - расказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што нават у цяперашніх умовах Беларусь гатова адкрыць гэтыя ж пункты: "Каб украінцы прыйшлі да нас, як гэта было звычайна, - на балотах, усюды (яны ведаюць лепш за нас гэтыя месцы) - збіралі гэтыя дзікаросы і прадавалі. Мы ж разумеем, што там складана і цяжка".
"Калі ўкраінскія ўлады (яны ж ім забараняюць) адмовяцца ад гэтай палітыкі і дазволяць пераходзіць у Беларусь нарыхтоўваць грыбы, ягады, няхай нарыхтоўваюць і прадаюць. Мы гэтага не баімся. Мы зможам пракантраляваць кожнага чалавека, які перамесціцца сюды з добрымі намерамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Андрэй Вараб'ёў падзякаваў за магчымасць рэгулярных сустрэч, а таксама адкрытасць і ўвагу да ўсіх рэгіёнаў Расіі. "Шмат губернатараў у вас бывае. І ўсе па справе. Усе даражаць і дружбай, і супрацоўніцтвам. Пра эканоміку лепш за Вас я не скажу. Гэта ўсё важна. Сапраўды, мы прыбаўляем. І нам прыемна знаходзіць новыя магчымасці. Цяпер МАЗ штаб-кватэру сваю будзе пашыраць, сэрвіснае бюро. Усё гэта мае значэнне. Што датычыцца нашых эканамічных планаў, мы абавязкова іх будзем рэалізоўваць далей", - сказаў ён.
Губернатар таксама адзначыў, што асаблівае месца ў двухбаковым супрацоўніцтве займае гуманітарны складнік, узаемадзеянне ў сферы адукацыі, справе патрыятычнага выхавання моладзі. "Прыкладна 600 дзяцей (з Беларусі. - Заўвага) былі ў нас у Падмаскоўі. А Брэст - гэта свяшчэннае месца для ўсіх нашых дзяцей. Туды паток вучняў, турыстаў не заканчваецца. Мы гэтым таксама даражым. Гэта таксама для нас каштоўнасць. Гэта наша агульная гісторыя", - падкрэсліў Андрэй Вараб'ёў.


