Сустрэча з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам
- 11
- 6:55
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 чэрвеня на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам акрэсліў перспектывы супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам.
"Адметнасцю нашых сустрэч заўсёды з'яўляецца эфектыўнасць. Усё, аб чым мы дамаўляемся, рэалізоўваецца, як бы цяжка нам ні было. Гэта самае галоўнае, да чаго мы імкнёмся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Два гады таму бакі абмяркоўвалі неабходнасць павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю да $1 млрд. Па выніках 2024 года, як адзначаюць спецыялісты, гэты рубеж павінен быць пераадолены.
"Думаю, што нам трэба ўжо сёння гаварыць, магчыма, і пра два мільярды. Патокі павінны быць, мы знойдзем такія варыянты. Тым больш будзе і сур'ёзная магчымасць для таго, каб гэты тавараабарот павялічыць. У нас заўсёды былі праблемы з перавозкай грузаў. Мы заняліся нарэшце аднаўленнем чыгунак, якія былі здольныя ў савецкія часы перавальваць у паўтара-два разы больш грузаў. Мы ў бягучым годзе адновім гэтыя дарогі, і не будзе ніякіх праблем па перакідцы грузаў у паўночным напрамку. Тым больш мы пачалі ў вашым рэгіёне будаўніцтва ўласных партоў і ў Мурманску. А без вас туды ніяк не трапіш. Таму я думаю, што мы можам пераадолець гэты двухмільярдны рубеж у наступнай пяцігодцы дакладна. Галоўная наша мэта - ісці наперад разам, нарошчваючы прамысловы і навуковы патэнцыял, і самае галоўнае - умацоўваць тэхналагічны суверэнітэт", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, паўночны напрамак з'яўляецца для Беларусі ключавым: "Мы многае на гэтым напрамку плануем зрабіць і абавязкова гэта рэалізуем, думаю, што з вашай дапамогай і падтрымкай".
"З другога боку, з Ленінградскай вобласцю ў нас заўсёды ішоў жывы дыялог, ёсць шмат новых цікавых праектаў і ідэй, а традыцыйныя напрамкі супрацоўніцтва літаральна за год прыраслі шэрагам перспектыўных напрамкаў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аб газіфікацыі
У першую чаргу размова ідзе аб газіфікацыі. У Ленінградскай вобласці плануецца будаўніцтва новых кацельняў, якія працуюць на прыродным газе. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова падключыцца да гэтага глабальнага праекта.
"Мы можам не толькі пастаўляць адпаведнае абсталяванне і будаваць кацельні, але і пракладваць магістральныя газаправоды, падключаць іх да домаўладанняў", - сказаў ён.
Аб развіцці інфраструктуры
"Як мне дакладваюць, вы, выбудоўваючы цэнтралізаванае кіраванне, рэфармуеце сістэму прадпрыемстваў, якія забяспечваюць будаўніцтва і ўтрыманне аўтамабільных дарог. Ад тэхнікі да вопыту, які мы набылі, - мы ў вашым распараджэнні", - прапанаваў Прэзідэнт.
Аб інвестыцыйных праектах
Беларускія кампаніі таксама зацікаўлены прыняць удзел у рэалізацыі буйных інвестпраектаў у Ленінградскай вобласці. Гэта датычыцца перш за ўсё будаўнічых паслуг і паставак будматэрыялаў.
"Яшчэ адзін прыклад нашага паспяховага супрацоўніцтва - Высоцкі збожжавы тэрмінал у Выбаргскім раёне. Праект унікальны. Першая частка рэалізавана вамі. Мне дакладваюць, што да канца бягучага года плануецца выйсці на поўную магутнасць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Нядаўна прайшлі перагаворы з кампаніяй "Паўночнае ўпраўленне будаўніцтва", якая выступае генеральным падрадчыкам па ўзвядзенні энергаблокаў № 3 і № 4 Ленінградскай АЭС-2. Беларускія спецыялісты пачалі ўжо адпрацоўку пытанняў паставак шырокай наменклатуры будаўнічых матэрыялаў і іншай прадукцыі, расказаў Прэзідэнт.
"Ведаю, што ёсць попыт на ўнікальных будаўнікоў, якія ў нас падрыхтаваны з дапамогай Расійскай Федэрацыі. Мы таксама зоймемся прапрацоўкай гэтага пытання", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.
Аб пастаўках тэхнікі
Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб магчымасцях Беларусі па пастаўках розных відаў машынабудаўнічай прадукцыі.
"У галіне прамысловасці мы зможам паўдзельнічаць у замене кампетэнцый заходніх партнёраў, якія сышлі. І з задавальненнем будзем працаваць з Ленінградскай вобласцю. Гэта вельмі блізкія нам людзі, такія, як беларусы. Таму на нас вы можаце разлічваць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Драздзенка ў сваю чаргу заявіў, што кожная сустрэча з беларускім лідарам - гэта новы штуршок і новыя планы для развіцця.
"Усё, аб чым вы гаворыце на гэтых сустрэчах, мы рэалізуем. Паслядоўна, крок за крокам", - падкрэсліў губернатар.
Як ужо адзначалася, бакі планавалі па выніках 2023 года дасягнуць ужо тавараабарот у эквіваленце $1 млрд.
"Крыху не хапіла - амаль $935 млн абарот. Але за першыя пяць месяцаў у нас прырост больш як 23%, г.зн. зразумела, што гэта лічба будзе перасягнута. Мы рэальна бачым, як прырастаюць тэмпы. І што абсалютна правільна - мы ўвесь час пашыраем лінейку супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Драздзенка.
Напрыклад, Ленінградская вобласць, як і Беларусь, мае моцны АПК, адпаведна, ёсць неабходнасць у пастаўках тэхнікі.
"Дарэчы, мы - адзін з першых рэгіёнаў, хто пачаў датаваць са свайго бюджэту куплю беларускай тэхнікі. Мы трактары датуем на 35% ад кошту, камбайны - на 40%. А калі гэта звязана з агароднінай у адкрытым грунце і з бульбай, мы датуем на 50%. Абсалютна аднолькавыя ўмовы - што для расійскіх пастаўшчыкоў, што для беларускіх", - расказаў губернатар.
Ён таксама адзначыў змяненні структуры куплі тэхнікі. Калі ў мінулым годзе ў агульным аб'ёме закупак беларуская тэхніка займала 21%, то за пяць месяцаў бягучага года - ужо 33%.
"Гэта значыць, умовы нармальныя і стабільныя", - зрабіў вывад кіраўнік рэгіёна.