Сустрэча з Генеральным сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым

  • 9
  • 3:45

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня сустрэўся з Генеральным сакратаром СНД, кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі Сяргеем Лебедзевым.

"Дзякуй, што вы з калегамі сваімі прыехалі, папрацавалі. Для нас ваша ацэнка і заключэнне важныя, паколькі вы заўсёды з'яўляецеся нашымі шчырымі сябрамі. І я хачу, каб вы сумленна сказалі. Я чуў вашы заявы папярэднія. Можа, мы недзе нешта не так зрабілі, недапрацавалі. На гэтых выбарах мы імкнуліся зрабіць усё ну так дэмакратычна, каб нават самы апошні вораг не прычапіўся да нас. Мы стараліся вельмі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы гэта бачылі", - сказаў у адказ Сяргей Лебедзеў.

"Я стараўся не ўмешвацца ў выбары, не праводзіць залішне агітацыі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што цэнтральнай фігурай быў Старшыня ЦВК і яго калегі, якія інфармавалі грамадства пастаянна аб сітуацыі, якая складвалася як у ходзе папярэдняга галасавання, так і ў асноўны дзень выбараў.

"Але, магчыма, так па-сяброўску вы нешта левым поглядам, бакавым зрокам нешта заўважылі. Вы скажыце, мы людзі пры свядомасці, гатовы выправіць. Яшчэ раз удзячны вам за тое, што вы ў гэты няпросты для Беларусі час прыехалі да нас і смела, адкрыта назіралі за тым працэсам, які адбываецца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Сяргей Лебедзеў падзякаваў Кіраўніку дзяржавы, а таксама кіраўніцтву ЦВК і МЗС за запрашэнне місіі СНД для назірання за ходам электаральнай кампаніі ў Беларусі. "Мы расцэньваем гэта як высокі давер да наглядальнікаў з СНД, і мы пастараліся гэты давер народа Беларусі (я хачу гэта падкрэсліць) апраўдаць", - заявіў Сяргей Лебедзеў.

Ён падкрэсліў, што ўдзельнікі місіі наглядальнікаў СНД сачылі за ходам выбараў Прэзідэнта Беларусі аб'ектыўна, бесстаронна. "І, самае галоўнае, я гэта падкрэсліваю заўсёды, добразычліва, як сябры беларусаў. Мы прыехалі сюды не для таго, каб шукаць нейкія недахопы, а потым на аснове гэтага крычаць аб тым, што выбары недэмакратычныя, неадкрытыя і гэтак далей. Мы прыехалі як сябры. І вось такім добразычлівым поглядам сяброў глядзелі на выбары. Дзе трэба - дапамагалі, звярталі ўвагу на нейкія хібы, недахопы. Але з вялікім задавальненнем хачу сказаць, што такіх хібаў, недахопаў былі адзінкі. Яны мелі тэхнічны характар і, вядома, не маглі паўплываць на агульныя рэзультаты выбараў", - канстатаваў Сяргей Лебедзеў.

"Выбары прайшлі дастойна, спакойна, арганізавана", - падкрэсліў ён.

Генеральны сакратар СНД адзначыў, што падзяляе ацэнку Кіраўніка беларускай дзяржавы работы Цэнтральнай выбарчай камісіі. "Сапраўды, людзі працавалі самааддана і, што я магу канстатаваць, з веданнем справы. Людзі былі кампетэнтныя, - сказаў ён. - Мы спецыяльна задавалі кантрольныя пытанні на выбарчых участках, пры сустрэчах у выбарчых камісіях аб тым, ці ведаюць гэтыя людзі свае абавязкі, правілы паводзін пры рабоце з выбаршчыкамі. Усё выдатна. Людзі былі добра падрыхтаваны".

Сяргей Лебедзеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах Прэзідэнта Беларусі.