Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Цімурам Жаксылыкавым
- 15
- 4:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Цімурам Жаксылыкавым.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ўважліва назіраў за развіццём сітуацыі ў Казахстане ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму.
"Я не мог з Вамі не сустрэцца пасля галоўнай вашай палітычнай падзеі ў Казахстане. Тым больш што Дзень Канстытуцыі ў нас будзе цяпер у адзін дзень - 15 сакавіка, - сказаў у пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. - Я хачу вас павіншаваць з вельмі паспяховым правядзеннем рэферэндуму па Канстытуцыі і вынікамі".
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў адназначную народную падтрымку новага Асноўнага Закона і Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева. "Усё ж такі, як ні гавары, гэта падтрымка Прэзідэнта. Ён рызыкнуў у гэты няпросты час, унёс на рэферэндум вельмі важныя для Казахстана пытанні, і народ (падтрымаў. - Заўвага) - і па яўцы, і асабліва па галасаванні (87 з лішнім працэнтаў) прагаласаваў. Уражальны рэзультат", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я хачу Вас павіншаваць. І прашу Вас, перадайце Касым-Жамарту Кемелевічу самыя цёплыя мае пажаданні і віншаванні з рэзультатам. Ён малайчына. І павіншаваць казахскі народ, казахстанцаў з гэтым поспехам", - дадаў беларускі лідар.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў надзею, што ў сувязі з прыняццем новай Канстытуцыі Казахстан прадоўжыць развівацца стабільна і атрымае ад гэтага вялікі станоўчы эфект.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што для Беларусі Казахстан - ключавы партнёр сярод краін Цэнтральнай Азіі і адносіны паміж дзяржавамі і народамі заўсёды былі і застаюцца добрымі. "Велізарная краіна, велізарнае насельніцтва. Вельмі добрыя сувязі, вельмі добрыя планы нашага супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што цяперашні ўзровень узаемнага гандлю таварамі і паслугамі знаходзіцца на даволі высокім узроўні - больш за паўтара мільярда долараў. Але, як кажуць, няма мяжы дасканаласці, таму і на будучае бакі будуюць амбіцыйныя планы. "Мы з лёгкасцю можам павялічваць у два разы тавараабарот. У нас ёсць імкненне да гэтага", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што магчымасць рэалізацыі канкрэтных праектаў абмяркоўвалася ў тым ліку на яго нядаўняй сустрэчы са старшынёй Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан Ерланам Кашанавым. Акрамя таго, урадавая дэлегацыя Беларусі ў канцы 2025 года наведвала Казахстан і там таксама адбыўся шэраг значных мерапрыемстваў і сустрэч, былі дасягнуты салідныя дамоўленасці.
"Мы вельмі спадзяёмся на плённае супрацоўніцтва з Казахстанам. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы вельмі паважаем вашых працавітых людзей. Мы падтрымліваем той курс, які вы праводзіце. Вельмі сур'ёзны курс. Вы кожны год займаецеся рэформамі, не крычыце, але спакойна ў гэтых адносінах робіце многае. Таму і ў ЕАЭС, і ў ААН, і на міжнародных пляцоўках, і ў нашых адносінах Казахстан - Беларусь мы будзем вельмі надзейнымі партнёрамі для вас", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу пасол падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за магчымасць сустрэчы і, карыстаючыся выпадкам, перадаў віншаванні з нядаўнім святам - Днём Канстытуцыі, якое ў Беларусі адзначаецца 15 сакавіка, а па выніках рэферэндуму ў гэты ж дзень святкуецца і ў Казахстане. "Цяпер нашы народы будзе яшчэ больш аб'ядноўваць гэты дзень - 15 сакавіка", - заўважыў кіраўнік дыпмісіі.


