Уручэнне даверчых грамат

  • 15
  • 15:09

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 верасня прыняў даверчыя граматы паслоў 11 замежных краін.

Даверчыя граматы Кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі паслы Казахстана, Венгрыі, Егіпта, Зімбабвэ, Экватарыяльнай Гвінеі, Анголы, Уганды, Камбоджы, Філіпін, Іарданіі і Калумбіі.

Аляксандр Лукашэнка прывітаў дыпламатаў на цудоўнай, дружалюбнай і гасціннай беларускай зямлі: "Спадзяюся, што гэта дыпламатычная работа будзе садзейнічаць збліжэнню нашых народаў, дапаможа развіццю па-сапраўднаму дружалюбных міждзяржаўных адносін".

Прэзідэнт заўважыў, што паслы пачынаюць выкананне сваёй місіі ў вельмі няпросты перыяд: "Сёння ўвесь свет знаходзіцца на складаным шляху фарміравання новай структуры міжнародных адносін, якая няўхільна рухаецца да шматпалярнасці. Гэты працэс неабарачальны, як бы камусьці ні хацелася інакш. Цяпер выбудоўваецца новы, на мой погляд, больш справядлівы і разумны парадак узаемадзеяння ўсіх, а не выбраных дзяржаў на прынцыпах павагі і партнёрства".

Прытрымліваючыся існуючай традыцыі, Прэзідэнт коратка спыніўся на ўзаемадзеянні Беларусі з краінамі, якія прадстаўляюць замежныя дыпламаты.

Аб Казахстане

Аляксандр Лукашэнка назваў Казахстан блізкай для Беларусі, братэрскай дзяржавай, стратэгічным партнёрам і саюзнікам. "Нас звязвае агульная гісторыя, развітыя гандлёвыя і гуманітарныя сувязі. Дружалюбныя адносіны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў даюць магчымасць абмяркоўваць любыя пытанні без абмежаванняў, - сказаў Прэзідэнт. - Мы будзем рады ў гэтым годзе вітаць (у Беларусі. - Заўвага) Прэзідэнта Касым-Жамарта  Кемелевіча Такаева для прадаўжэння дыялогу па шырокім спектры тэм двухбаковага і міжнароднага парадкаў дня".

Аб Венгрыі

"Венгрыя - даўні і надзейны сябар Беларусі, адносіны з якім, прайшоўшы выпрабаванне часам, выбудоўваюцца на прагматычнай і ўзаемапаважлівай аснове", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён асабліва адзначыў прапановы і ініцыятывы Будапешта па бяспецы і мерах даверу ў Еўропе. "Гатовы да прадаўжэння дыялогу з Венгрыяй у мэтах дээскалацыі напружанасці ў рэгіёне шляхам вырашэння спрэчных пытанняў толькі мірнымі перагаворамі", - заявіў беларускі лідар.

Аб краінах Афрыкі

Заўважыўшы, што на цырымоніі ўручэння даверчых грамат прысутнічае прадстаўнічая група паслоў з краін Афрыкі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мы гэта разглядаем як прамое пацвярджэнне нашага ўзаемнага інтарэсу".

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што тут, у Беларусі, дыпламаты гэтых краін заўсёды могуць разлічваць на раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае для ўсіх бакоў супрацоўніцтва: "Запрашаю вас як мага часцей бываць у Беларусі, прывозіць з сабой афіцыйныя дэлегацыі і прадстаўнікоў дзелавых колаў. Нашы дзверы для вас заўсёды адчынены. Мы верым у ваш кантынент і ўскладаем на яго вялікія надзеі".

Аб Егіпце

Звяртаючыся да пасла Егіпта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шчыра рады прыбыццю ў Мінск кіраўніка дыпмісіі дзяржавы, якая з'яўляецца адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўночнай Афрыцы. "Нас звязваюць добрыя асабістыя кантакты з Прэзідэнтам аль-Сісі, сумесныя эканамічныя праекты, - сказаў беларускі лідар. - Мы разлічваем на прадаўжэнне нашых агульных напрацовак на рынкі іншых дзяржаў Афрыкі, а таксама на больш актыўную работу на прасторы Еўразійскага эканамічнага саюза".

Аб Зімбабвэ

Вітаючы першага ў гісторыі двухбаковых адносін пасла Зімбабвэ, Прэзідэнт адзначыў, што супрацоўніцтва з Харарэ з'яўляецца пераканаўчым прыкладам таго, як Мінск узаемадзейнічае з краінамі Афрыканскага кантынента.

"Сумесна з Прэзідэнтам Мнангагвам мы вызначылі вельмі амбіцыйныя задачы на бліжэйшыя гады. Перакананы, што пасол прадоўжыць і прыкладзе ўсе намаганні для поўнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Экватарыяльнай Гвінеі

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Экватарыяльнай Гвінеяй, Прэзідэнт Беларусі згадаў пра нядаўні візіт у Мінск Прэзідэнта гэтай краіны: "Праведзеная шчырая размова пацвердзіла, што афрыканскія дзяржавы маюць намер пакінуць у мінулым ролю сыравінных прыдаткаў і імкнуцца да індустрыялізацыі эканомікі. Мы ў гэтым будзем вам добрымі памочнікамі".

Паколькі выкананне ўзгодненых планаў запатрабуе падтрымання высокага тэмпу двухбаковых кантактаў, Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пасол Экватарыяльнай Гвінеі будзе частым госцем у беларускіх міністэрствах і на прадпрыемствах, а калі неабходна - ва Урадзе і Палацы Незалежнасці. "Мы да гэтага гатовы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб Анголе

Сувязі Беларусі з Анголай маюць даўнюю гісторыю, заўважыў Прэзідэнт. Ён таксама акрэсліў значны патэнцыял для больш істотнага росту тавараабароту і пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу, супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах.

Аб Угандзе

Адным з перспектыўных партнёраў Беларусі ў Афрыцы Аляксандр Лукашэнка назваў Уганду. "Мы маглі б істотна прыбавіць у гандлі, больш актыўна ўзаемадзейнічаць у сферах сельскай гаспадаркі, медыцыны, адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, - перакананы Кіраўнік дзяржавы. - Гатовы пастаўляць нашу тэхніку, якасныя прадукты. Упэўнены, што з удзелам новага пасла гэтыя і многія іншыя тэмы атрымаюць далейшае развіццё".

Аб Камбоджы

"Умацоўваючы шматпланавае супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі свету, Беларусь прадаўжае актыўны рух на Усход", - канстатаваў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, адным з прыярытэтаў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі з'яўляецца Каралеўства Камбоджа: "Бачым магчымасці для значнага пашырэння двухбаковай кааперацыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, мадэрнізацыі інфраструктуры".

Аб Філіпінах

"Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, разглядаем Рэспубліку Філіпіны ў якасці значнага для нашай краіны партнёра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў гатоўнасць Беларусі ўзаемадзейнічаць з Манілай у сферы харчовай бяспекі, уключаючы перадачу вопыту ў стварэнні аграпрамысловых холдынгаў, якія ажыццяўляюць як вытворчасць, так і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі.

Аб Іарданіі

Прэзідэнт падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым пашырэнні кола партнёраў на Блізкім Усходзе. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу, што Іарданія мае заслужаны міжнародны аўтарытэт і выступае як краіна-міратворац у рэгіёне.

"Такія падыходы блізкія і Беларусі. Я перакананы: нашы краіны маюць усе перадумовы для больш актыўнага супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, адукацыйнай, навуковай, культурнай, турыстычнай і іншых сферах. Гэта ў поўнай меры адпавядае інтарэсам абедзвюх дзяржаў", - заявіў ён.

Аб Калумбіі

Важным партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы Аляксандр Лукашэнка назваў Калумбію, якая праводзіць цяпер больш узважаную і незалежную палітыку ў міжнародных справах.

"Супадаючыя падыходы Мінска і Багаты адносна нелегітымных абмежаванняў і ацэнкі сітуацыі ў свеце адкрываюць новыя магчымасці для актывізацыі дыялогу на ўсіх узроўнях, пашырэння гандлю і ўзаемадзеяння ў іншых сферах", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.

 

Размаўляючы з дыпламатамі, Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі, якая перажыла нямала ўзрушэнняў і неаднаразова станавілася тэатрам ваенных дзеянняў, добра засвоілі ўрокі гісторыі.

"Наша галоўная задача - не дапусціць новай сусветнай вайны, - заявіў ён. - Мінск пастаянна праводзіў вельмі адказную знешнюю палітыку. Ніколі ў гісторыі мы не распаўсюджвалі сваю юрысдыкцыю за рамкі нацыянальных меж".

"Мы праводзім адкрытую і міралюбную палітыку. Але не ўсім заходнім дэмакратыям гэта падабаецца. І тады ў ход ідуць аргументы бяссілля - санкцыі", - прадоўжыў беларускі лідар.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт падкрэсліў, што краіны, якія яны прадстаўляюць, неаднаразова зведалі на сабе дзеянне незаконных абмежавальных мер з боку Захаду. Гэтак жа, як і Беларусь. "Таму мы паслядоўна і настойліва выступаем супраць любых незаконных абмежавальных мер, якія шкодзяць не столькі нам, колькі ўсяму свету", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Сваё сцвярджэнне Прэзідэнт праілюстраваў шэрагам прыкладаў. Так, санкцыі ў адносінах да беларускіх калійных угнаенняў, сельгаспрадукцыі і тэхнікі сур'ёзна падрываюць глабальную харчовую бяспеку, вядуць да зніжэння ўраджайнасці і росту цэн на прадукты харчавання, у той час як мільёны людзей у свеце галадаюць.

"Упэўнены: у нашых агульных інтарэсах яшчэ грамчэй заявіць аб гэтай праблеме і разам дабівацца адмены абмежаванняў у гандлі, асабліва па жыццёва важных пазіцыях. Тым больш што адказы на гэтыя выклікі ўжо знойдзены, - сказаў беларускі лідар. - Цяпер актыўна фарміруюцца новыя сістэмы разлікаў у нацыянальных валютах, перабудоўваецца лагістыка. Гэтыя тэмы абмяркоўваюцца на пляцоўках ШАС і БРІКС. Усе стаміліся пастаянна чакаць літасці з-за акіяна".

Пры гэтым, як падкрэсліў Прэзідэнт, беларусы, нягледзячы на ўсе цяжкасці і бар'еры, якія ствараюць апаненты на Захадзе, не звярнулі са свайго шляху развіцця. Наша эканоміка ўпэўнена выходзіць на траекторыю росту.

Беларусь адкрыта для ўсіх людзей добрай волі, у краіне ўстаноўлены бязвізавы парадак уезду для грамадзян многіх краін. Нягледзячы на заходнія абмежаванні, Беларусь праводзіць шмат яркіх міжнародных культурных і спартыўных мерапрыемстваў.

"Усё гэта адлюстроўвае сапраўдныя памкненні нашага народа і з'яўляецца ў тым ліку адказам тым краінам, дзе здзекуюцца з мігрантаў, робяць больш жорсткімі правілы ўезду, ствараюць загараджальныя збудаванні, зачыняюць пункты пропуску, пагражаюць транспартнай блакадай, проста знішчаюць гэтых людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у цяперашняй сітуацыі для Беларусі асаблівае значэнне мае развіццё даверных і ўстойлівых сувязей з дружалюбнымі партнёрамі за мяжой. "І такіх партнёраў вельмі шмат па ўсім свеце. Сведчаннем таго з'яўляецеся вы", - заўважыў беларускі лідар, звяртаючыся да паслоў.

Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі 2023 год аб'яўлены Годам міру і стварэння. "Перакананы, што вы будзеце пастаянна выкарыстоўваць гэтыя паняцці ў якасці галоўных крытэрыяў эфектыўнасці ў сваёй рабоце, - сказаў ён. - Упэўнены, ваша знаходжанне тут у якасці афіцыйных прадстаўнікоў сваіх дзяржаў будзе цікавым, насычаным, карысным з прафесійнага пункту гледжання. Закрытых тэм, яшчэ раз паўтараю, няма!"

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ў Беларусі будзе зроблена ўсё для таго, каб замежныя дыпламаты змаглі лепш даведацца і зразумець нашу краіну, глыбей азнаёміцца з яе гісторыяй і культурай, адчуць усю паўнату яе ветлівасці і гасціннасці. "Ад усёй душы жадаю поспехаў у выкананні вашай важнай і адказнай місіі", - сказаў на заканчэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы.