Уручэнне дзяржаўных узнагарод і генеральскіх пагонаў
- 35
- 9:09
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер дзейнасці, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася 5 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.
"Заўсёды з асаблівым пачуццём уваходжу ў гэту залу, таму што для мяне ўручэнне дзяржаўных узнагарод - цырымонія з глыбокім сэнсам. Гэта факт грамадскага прызнання вашых заслуг - заслуг людзей, чыёй працай забяспечваецца штодзённае жыццё краіны. Дэманстрацыя таго, як прафесіяналізм, працавітасць і мэтанакіраванасць дазваляюць чалавеку дасягнуць значных вынікаў у любімай справе, у поўнай меры рэалізаваць сябе ў нашай дзяржаве", - заявіў Прэзідэнт.
Удзельнікамі цырымоніі сталі 40 чалавек - работнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу і сферы абслугоўвання, устаноў адукацыі, навукі і спорту, прадстаўнікі арміі і сілавых структур.
"Вы не проста паспяховыя людзі. Вы будаўнікі, якія ствараюць сучаснае і будучае краіны, будучае новых пакаленняў беларусаў, - звярнуўся да прысутных Кіраўнік дзяржавы. - Кожны разважлівы чалавек ведае, што толькі вялікая стваральная праца з'яўляецца крыніцай дабрабыту як асобнай сям'і, так і дзяржавы. Вашы прафесійныя дасягненні - яскравае таго пацвярджэнне".
Сярод тых, хто атрымаў сёння дзяржаўныя ўзнагароды, вялікая група працаўнікоў вёскі: кіраўнікі перадавых прадпрыемстваў АПК, механізатары, аператары машыннага даення, работнікі жывёлагадоўчых комплексаў. Многія з іх удастоены ордэна Пашаны і звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі".
"Вы добра ведаеце, што лёгкі хлеб, малочныя рэкі і кісельныя берагі бываюць толькі ў казках. Сельская ж гаспадарка - гэта цэх пад адкрытым небам, дзе нават маленькі крок наперад у намалотах, надоях і прыбаўленнях у вазе - заўсёды вынік намаганняў соцень сельскіх працаўнікоў і работнікаў іншых сфер эканомікі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нізкі паклон вам і ў вашай асобе - усім аграрыям, якія не спалохаліся каранавіруса, не павяліся на абяцанкі палітыканаў і засталіся верныя свайму святому прызванню - карміць краіну і народ".
Сярод узнагароджаных ордэнам Пашаны - дырэктар ААТ "Хацілы-Агра" Вячаслаў Крыштафовіч, дырэктар Слуцкага хлебазавода Дзмітрый Чырэц і трактарыст-машыніст ААТ "Прынёманскі" Юрый Вітуля. Звання "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі" ўдастоены, у прыватнасці, дырэктар ЗАТ "Ніва" Рыгор Кавалёў і дырэктар ААТ "Агракамбінат "Юбілейны" Аляксандр Фірсін.
Прэзідэнт таксама ўручыў узнагароды вучоным, ваенным, работнікам сферы абслугоўвання, кіраўнікам ветэранскіх арганізацый, трэнерам і спартсменам.
У прыватнасці, ордэна "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўдастоены начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Юрый Шаплаўскі, ганаровага звання "Заслужаны юрыст" - загадчык кафедры крымінальнага права Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Грунтаў, "Заслужаны работнік сферы абслугоўвання" - начальнік упраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага гарвыканкама Якаў Родак, "Заслужаны спецыяліст Узброеных Сіл" - намеснік начальніка тылу УС па будаўніцтве і раскватараванні Мінабароны Сяргей Шышоў, "Заслужаны дзеяч навукі" - галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Логінаў.
Акрамя таго, трэнеру-выкладчыку Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту Мінгарвыканкама Аляксандру Кашкалдзе прысвоена ганаровае званне "Заслужаны трэнер", а спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Вользе Сілкінай - "Заслужаны майстар спорту".
"Сёння мы таксама ўручаем новыя пагоны генералам, якія наглядна паказалі, як трэба служыць Айчыне, калі яна ў небяспецы, як трэба абараняць інтарэсы дзяржавы і свой народ, - сказаў у час цырымоніі Прэзідэнт. - Бо сапраўдны патрыятызм пераважна - гэта не словы, а справы, якія павышаюць якасць жыцця беларусаў і значна ўмацоўваюць нашу дзяржаву".
Аляксандр Лукашэнка ўручыў пагоны генерал-лейтэнанта Міністру абароны Віктару Хрэніну, Старшыні КДБ Івану Тэртэлю і Старшыні Дзяржпагранкамітэта Анатолю Лапо, а таксама пагоны дзяржаўнага саветніка юстыцыі 2-га класа Генеральнаму пракурору Андрэю Шведу.
"Ад усёй душы віншую вас напярэдадні свята Вялікага Кастрычніка з заслужанымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. Перакананы, што разам мы зможам пераадолець цяжкасці, таму што мы народ і нас пераважная большасць. Мы ведаем, што рабіць, і зробім усё магчымае, каб абараніць і захаваць нашу Айчыну, заўтрашні дзень дзяцей і ўнукаў. Жадаю вам усім моцнага здароўя, вялікага асабістага шчасця і новых поспехаў на карысць вашых сем'яў і Беларусі", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Уручаючы дзяржузнагароды і генеральскія пагоны, Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў важную ролю народа і працоўных калектываў у забеспячэнні дабрабыту і незалежнасці дзяржавы.
"Мы нішто без нашага народа, без тых, хто працуе кожны дзень на палях, фермах, фабрыках, заводах, хто пільна нясе службу па абароне рубяжоў нашай Айчыны, па абароне суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны", - заявіў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў, што бягучую сітуацыю ў Беларусі некаторыя характарызуюць як "няпросты час". "Але ён ніколі ў нас простым і не быў, асабліва ў вяскоўцаў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны пад адкрытым небам. Сёння няма дажджу, высушана зямля - дрэнна. Дажджом заліло - таксама дрэнна. Заўсёды бывае складана, але любыя складанасці і праблемы - гэта магчымасці. Калі цяжка, трэба вытрымаць, правільна прайсці гэты шлях і атрымаць урокі".
Гэту аналогію Прэзідэнт прадоўжыў, гаворачы аб вулічных пратэстах у шэрагу беларускіх гарадоў. "Дрэнна, калі на мірныя, ціхія, утульныя вуліцы нашых гарадоў, асабліва сталіцы, парушаючы закон і парадак, выходзяць розныя людзі. Але, як я гаварыў, з гэтага трэба атрымліваць урокі, і ў кожнай падзеі ёсць два бакі медаля. Я сказаў, што дрэнна. Але ў гэтым ёсць і нешта карыснае: нарэшце зразумелі (тут, у Мінску, звыклыя да ўтульнасці, цяпла, шыкоўных кватэр, - у асноўным яны там, на вуліцах, яны зарабляюць празмерна высокія грошы па нашых часах і ў нашай краіне), што яны могуць страціць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"І людзі ўжо гавораць: мы хочам тую краіну, якая была да выбараў. Яна была такой, якой мы яе бачылі і хацелі бачыць, і застанецца заўсёды такой, пакуль я Прэзідэнт. Я хачу, каб вы гэта дакладна ўяўлялі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што яго словы можна расцаніць як нейкае апраўданне, і пацвердзіў, што гэта часткова так і ёсць. "Я шчыра кажу: мне сорамна перад вяскоўцамі, якія ў вельмі цяжкіх умовах, калі іх "бамбілі" і зверху, і знізу, з усіх бакоў палохалі каранавірусам, у гэтым годзе забяспечылі небывалы ўраджай, а таксама і харчовую бяспеку нашай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падзякаваў працоўным калектывам, работнікам розных галін за іх уклад у забеспячэнне дабрабыту і незалежнасці ў краіне. "Толькі дзякуючы вам, вашай працы, сёння існуе гэты кавалак зямлі ў цэнтры Еўропы, які нагледзела мноства жадаючых намі пакіраваць. Але мы самі можам кіраваць сабой, сваёй краінай і стварыць нармальныя ўмовы не толькі для нас з вамі, але і для дзяцей і ўнукаў. Іншай зямлі ў іх не будзе - памятайце гэта. Я заўсёды кажу: можа, мы і небагата жывём, але, як старэйшыя людзі гавораць, беларусы яшчэ ніколі так не жылі. Таму давайце захаваем нашу краіну, а ўсе нашы багацці будуць залежаць толькі ад нас. Толькі ад нас будзе залежаць дабрабыт і працвітанне нашай Радзімы", - падкрэсліў Прэзідэнт.