Даклад Кіраўніка спраў Прэзідэнта Віктара Шэймана

  • 2
  • 1:06

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада прыняў з дакладам Кіраўніка спраў Прэзідэнта Віктара Шэймана. У цэнтры ўвагі былі стан спраў на прадпрыемствах, падведамасных Кіраўніцтву справамі, а таксама развіццё супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі.

"Як ідуць справы на гэтых прадпрыемствах? Усё ж такі, лічы, адпрацавалі тры кварталы. Якая сітуацыя там і што больш за ўсё насцярожвае?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў веданні Кіраўніцтва справамі знаходзіцца вялікая колькасць розных прадпрыемстваў і арганізацый. "Гэта цэлае міністэрства", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Другая тэма даклада - развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з дзяржавамі на афрыканскім кантыненце - напрамак, які курыруе Віктар Шэйман. "Я бачу, што пайшлі зрухі па продажах тэхнікі. Няхай не маштабныя, але тое, аб чым мы дамаўляліся, і тое, што планавалі, ужо нейкі працэс пачаўся. Як ідуць справы? Што ўплывае негатыўна на развіццё адносін з афрыканскімі дзяржавамі?" - акрэсліў тэматыку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў: з афрыканскімі краінамі трэба і далей развіваць супрацоўніцтва. "Гэта дзяржавы, як мы кажам, далёкай дугі. Дзяржавы багатыя па сваіх прыродных рэсурсах. Можа, недзе мы зможам нешта для сябе здабываць. Можа, у абмен на свае тавары неяк будзем працаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў Віктар Шэйман, рэгіянальныя банкаўскія арганізацыі, з якімі Беларусь супрацоўнічае ў Афрыцы, паступова пачынаюць фінансаваць сумесныя праекты. "Гэта здорава. Таму вось гэту тэму разгледзім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік спраў праінфармаваў аб выніках работы за дзевяць месяцаў у цэлым і па асноўных напрамках дзейнасці. Паспяхова працуе сельскагаспадарчы сектар (значная прыбаўка да паказчыкаў і 2019-га, і папярэдніх гадоў: рост па мясе, малаку, збожжы). У гэтым напрамку пастаўлена задача выйсці на стварэнне перапрацоўчых прадпрыемстваў.

Таксама з галін паспяхова дзейнічаюць будаўнічы комплекс і прамысловасць. З аб'ектыўнымі цяжкасцямі сутыкнуліся турызм і гасцінічная сфера - абмяркоўвалася павышэнне эфектыўнасці іх дзейнасці.

Акрамя таго, Кіраўнік спраў далажыў аб рабоце на афрыканскім кантыненце. У гэты момант, у прыватнасці, рэалізуецца кантракт на пастаўку беларускай тэхнікі. І ўжо ў стадыі глыбокай прапрацоўкі наступнае пагадненне, па якім, як плануецца, у краіны Афрыкі адправіцца беларуская сельскагаспадарчая і дарожная тэхніка, тэхніка для здабычы карысных выкапняў. У гэтым ключы таксама абмеркавалі пытанне стварэння зборачных вытворчасцей у краінах афрыканскага кантынента.