Уручэнне дзяржаўных узнагарод перадавікам аграпрамысловага комплексу
- 26
- 26:50
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды перадавікам аграпрамысловага комплексу. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці 11 лістапада, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.
У самым пачатку цырымоніі Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на дзве рэчы, якія, падкрэсліў ён, вельмі важныя. Гэта высновы, зыходзячы з якіх будзе будавацца далейшая палітыка ў галіне сельскай гаспадаркі.
"Па-першае, мая парада вам, лепшым аграрыям, і тым, хто нас пачуе. Нам трэба перастаць рыдаць і плакацца, што ў нас у вёсцы не хапае людзей. Усяго ў нас хапае, і аб гэтым сведчыць бягучы год. Год быў вельмі цяжкі. Я ў сваім жыцці не магу ўзгадаць такога складанага і напружанага перыяду, які быў у гэтым годзе ў дачыненні да сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Год быў вельмі цяжкі. І што? У гэтым годзе, нягледзячы на маю патрабавальнасць і прыдзірлівасць (такую сялянскую), я не проста заўважыў, мы гэта бачым усе, што вы спрацавалі значна лепш, чым у мінулыя гады. Значна лепш, нягледзячы на тое, што адбывалася вакол".
"Нібыта Гасподзь нас сур'ёзна выпрабоўваў. І што? Мы паказалі цудоўныя вынікі. Пра гэта ўжо сёння можна гаварыць. Можа, я перабольшваю, не цудоўныя, а лепшыя, чым калі-небудзь. Калі мы хочам, то ў нас і людзей хапае, і тэхнікі, і дысцыпліны, і парадку. Я гавару ўвогуле, у цэлым. Хоць, калі гаварыць у прыватнасці, вы гэта чулі па Віцебскай вобласці і па маіх паездках па поўдні Беларусі, ёсць недапушчальныя рэчы, вельмі негатыўныя", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "калі мы збіраемся, то можам усё". "Таму трэба перастаць стагнаць, што ў нас у сельскай гаспадарцы шмат праблем. Кожны дзень мы да гэтага павінны быць гатовы. Таму перастаём плакацца, пачынаем працаваць", - заклікаў беларускі лідар.
Другая выснова, якую агучыў Прэзідэнт, вынікае з першай. Работу ў бягучым годзе прынята ацэньваць па паказчыках папярэдняга. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у далейшым у сельскай гаспадарцы адысці ад гэтай практыкі і ацэньваць вынікі таго ці іншага года, узяўшы за аснову ўзровень 2025 года. "Задача для нашых кіраўнікоў аграрнага сектара і нашых эканамістаў. Паказчыкі гэтага года павінны стаць крытэрыем для ацэнкі будучых перыядаў. Для мяне будзе важна, што вы дасягнулі паказчыкаў ўзроўню бягучага года. Таму што ён быў самым высокім па гэтых паказчыках, - даручыў Прэзідэнт. - Самае галоўнае, мы ж не тэарэтычна дасягнулі гэтых паказчыкаў, а на практыцы. Дык чаму не параўноўваць нам з гэтым годам? Таму вось мы з вамі на піку дасягнулі гэтага ўзроўню і ў далейшым будзем супастаўляць, ацэньваць самі сябе і перш за ўсё сельскую гаспадарку з узроўнем бягучага года".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы атрыманаму ў гэтым годзе ўраджаю і наяўнасці вялікіх аб'ёмаў якаснай сыравіны вырасла і перапрацоўка, у краіне сталі вырабляць больш прадуктаў - натуральных, якасных, смачных, любімых у 113 краінах свету.
"Па выніках 2025 года ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны чакаем рэкордныя больш як $9 млрд (некалі, яшчэ ўчора, марылі аб $7 млрд)", - сказаў Прэзідэнт.
Аднак гэта далёка не мяжа, і Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што аб'ёмы могуць і павінны быць большыя. "Наша задача ў наступным годзе выйсці на $9,5 млрд, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - А па выніках новай пяцігодкі пастараемся выйсці і на $12 млрд".
Выконваць гэту задачу трэба будзе, вядома, у няпростых умовах, у тым ліку санкцыйнага націску, які не слабее і будзе прадаўжацца як адзін з кампанентаў канкурэнтнай барацьбы. "Дзякуй богу, мне ўдалося ўсё ж такі вас адвярнуць ад гэтых санкцый і не плакацца з прычыны і без прычыны, што ў нас санкцыі. Санкцыі, так, (але самае важнае. - Заўвага) канкурэнцыя. Нікуды не дзенемся. Як бы ні спрабавалі дамовіцца з нашымі суседзямі і буйнымі ігракамі ў свеце, усё роўна нас будуць душыць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - За што? Таму што мы жывём сваім розумам, атрымліваем усё больш і больш. А гэта канкурэнцыя на сусветных рынках".
Свае словы Кіраўнік дзяржавы праілюстраваў паказальным прыкладам са спробамі Украіны экспартаваць сваё збожжа праз Польшчу на іншыя рынкі. Польшча, якая публічна так падтрымлівае Украіну, у той сітуацыі катэгарычна запрацівілася. "Калі ўкраінцы пасмелі сваё збожжа ў мінулым і бягучым годзе правезці праз Польшчу ў порт (Гданьск і гэтак далей, польскія парты, каб іх загрузіць, таму што ўсё не вывезеш праз Адэсу і там вайна ідзе), што адбылося? Палякі сцяной сталі на граніцы і не пусцілі ўкраінскае збожжа. Проста правезці ў порт (не дазволілі. - Заўвага), каб яны маглі ў Афрыку або якія-небудзь краіны, на свой рынак паставіць. Вось і ўсё. Вось вам канкурэнцыя, у што яна выліваецца", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Таму нас душылі і будуць душыць, пакуль мы не ляжам, не распластаемся, як нашы балтыйскія суседзі, пакуль не знішчым сваю эканоміку. Вось тады мы будзем для іх сябрамі, таму што мы для іх будзем звычайным рынкам, які будзе купляць, спажываць сам і (транзітам. - Заўвага) на ўсю Расію і далей пастаўляць. Яны нам будуць везці ўсё: і камбайны, якія мы сёння вырабляем, і трактары... У іх гэта ўсё ёсць. Ім патрэбны рынак", - сказаў Прэзідэнт.
"Канкурэнцыя - гэта нядрэнная справа, але яна становіцца ўжо са стрэльбай у руках. Гэта дрэнна", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў такіх умовах беларусам давядзецца напружвацца, выводзіць новыя пароды і культуры, развіваць тэхналогіі, шукаць магчымасці і больш актыўна асвойваць рынкі. "Тым больш што прадукты харчавання, адзенне, цяпер і ўзбраенне ў цане", - сказаў Прэзідэнт.
"Паміж словам "хлеб" і словам "жыццё" можна смела ставіць знак роўнасці. Таму беларусы заўсёды лічылі (і лічаць да гэтага часу) нялёгкую сялянскую працу самай важнай і святой на зямлі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт канстатаваў, што за гады незалежнасці Беларусі ўдалося стварыць магутны і высокаэфектыўны аграрна-прамысловы комплекс. На палях працуюць 212 тыс. (у асноўным айчынных) сельгасмашын, малако вырабляюць амаль 3 тыс. ферм. У краіне налічваецца 38 буйных птушкафабрык, 18 рыбгасаў, 94 свінакомплексы, 64 буйныя комплексы па вытворчасці ялавічыны. Акрамя таго, у Беларусі здабываюць калій, вырабляюць комплексныя ўгнаенні, ствараюць ветпрэпараты, камбікармы і прэміксы. "Але ёсць над чым працаваць", - заўважыў беларускі лідар.
Агульнарэспубліканскі каравай 2025 года з улікам рапсу і кукурузы ў бункернай вазе будзе больш за 11 млн т збожжавых і зернебабовых, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Але, як кажуць, патрэбны не толькі хлеб, але і нешта да хлеба", - заўважыў Прэзідэнт. Паколькі ў краіне нарыхтавана харчовае і фуражнае збожжа, травяныя кармы, будзе дастойны вынік і ў жывёлагадоўлі.
Да канца года Беларусь атрымае больш за 9 млн т малака. "Гэта амаль 1 тыс. л (у 2024 годзе 958 л) на аднаго жыхара. Каласальная лічба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што каля 70 гаспадарак перасягнуць прадукцыйнасць дойнага статка ў 10 тыс. кг ад каровы. А пяць надояць звыш 13 тыс. кг на галаву. "Значыць, наперадзе новыя малочныя вяршыні. Прырастаем па мясе і птушцы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, сабраны ўраджай цукровых буракоў на больш чым 5 млн т. Атрымана прыкладна 900 тыс. т бульбы, амаль 600 тыс. т агародніны. "Урад абяцае, што будзем варыць капусту і баршчы з беларускіх недарагіх і смачных бурака, цыбулі. Усім павінна хапіць. І хапае даўно, толькі трэба распарадзіцца гэтым як мае быць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ўвесь ураджай у гэтым годзе вырашчаны і сабраны ў вельмі цяжкіх умовах надвор'я. "Мы выстаялі, - падкрэсліў беларускі лідар. - У гэтай бітве за ўраджай змагаліся плячо ў плячо: адпраўлялі на палі зводныя атрады з суседніх рэгіёнаў, прыцягвалі ваеннаслужачых, супрацоўнікаў МНС, усіх неабыякавых людзей". Прэзідэнт нагадаў, што па яго даручэнні супрацоўнікаў розных арганізацый і прадпрыемстваў будуць прыцягваць для работы на дарагой айчыннай тэхніцы ў перыяд найбольш актыўных сельгасработ.
Прэзідэнт адзначыў заслугі гаспадарак-рэкардсменаў з ураджайнасцю больш за 100 ц/га, а таксама 25 раёнаў рэспублікі, якія забяспечылі валавы збор збожжа звыш 100 тыс. т. Больш як 3,1 тыс. экіпажаў камбайнераў намалацілі звыш 1 тыс. т збожжа. "Былі і сапраўдныя чэмпіёны. На рэспубліканскім п'едэстале гонару адзін залаты экіпаж, які намалаціў больш за 8 тыс. т (я памятаю, калі працаваў, 4 тыс. т у гаспадарцы - мара была, а тут адзін чалавек намалаціў два ўраджаі буйной гаспадаркі, якой я некалі кіраваў). Сем сярэбраных з рэзультатам звыш 5 тыс. т, 9 бронзавых, у бункеры якіх больш за 4 тыс. т", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра атрыманы ў гэтым годзе ў краіне ўраджай розных культур, звярнуў увагу, што на лідарскія пазіцыі, асабліва па агародніне, бульбе, садавіне і ягадах, не першы год выходзяць фермеры.
"Таму хачу нагадаць раённым, абласным уладам, што ў вёсцы ўсе гуляюць (гэта значыць працуюць) на адным полі і добрага вытворцу трэба падтрымліваць, незалежна ад таго, фермер ён або працуе механізатарам, або даяркай на дзяржаўным прадпрыемстве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ушаноўванне заслужаных аграрыяў - гэта шматгадовая традыцыя, закладзеная на заранку незалежнасці краіны, сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт павіншаваў усіх з надыходзячым прафесійным святам, пажадаўшы новых працоўных поспехаў - высокіх надояў і прыбаўленняў у вазе, шчодрых усходаў. Але самае галоўнае - моцнага здароўя і добрага настрою ў сем'ях, каб было куды з задавальненнем вяртацца пасля цяжкага працоўнага дня. "Працаваць мы ўмеем. Усё астатняе - у нашых руках. Будзем здаровыя - мы зробім усё. І няхай заўсёды ў вашым доме і не толькі будзе добрае надвор'е. Цярпенні вам, і няхай нараджаюцца дзеткі - новае пакаленне беларускіх вяскоўцаў, беларускіх аграрыяў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, праца ў сельскай гаспадарцы, на роднай зямлі - найбольш каштоўная і цікавая, і сам кіраўнік дзяржавы з цеплынёй успамінае той час, калі жыў і працаваў у вёсцы. "Не рвіцеся ў гарады, - параіў Прэзідэнт. - Цаніце гэты час і памятайце так, па-сялянску: мы нідзе нікому не патрэбны".
"Сёння час такі: калі ты сам прабіўся, калі ты будзеш напружвацца, Гасподзь табе дапаможа. І ты абавязкова даб'ешся таго, чаго хочаш, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Калі будзеш хадзіць, апусціўшы рукі, ты ў гэтым жыцці нічога не даб'ешся, будзеш хадзіць і плакацца: гэта ўлада не дала, агарод не пасеяла, не абкасіла прысядзібны ўчастак, хмызнякі не прыбрала, дроў не насекла... Будзеш хадзіць і плакацца".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь, вядома, сацыяльная дзяржава, але гэта не азначае аказанне падтрымкі ўсім запар. "Усім мы не дапаможам і не павінны дапамагаць, таму што гэта спараджае ўтрыманства", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. Арыентавацца трэба перш за ўсё на такіх людзей, як тыя, хто прысутнічае на цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод.
"Ведайце: вамі краіна ганарыцца, і я перш за ўсё, - звярнуўся да прысутных Кіраўнік дзяржавы. - Вы бачыце, колькі я ўвагі ўдзяляю вёсцы, сельскай гаспадарцы. І я ганаруся тым, што вы даяце нам гэту аддачу. Я магу сказаць у любым горадзе, што вы - малайцы, вы - героі і што мы ўдзяляем столькі ўвагі і трацім немалыя рэсурсы для таго, каб вы былі такімі".
На заканчэнне цырымоніі Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў уручыў Кіраўніку дзяржавы каравай ураджаю 2025 года ад хлебаробаў Беларусі як сімвал харчовай бяспекі.
Ад імя ўсіх працаўнікоў вёскі кіраўнік ведамства падзякаваў Прэзідэнту за давер, падтрымку, неацэнны ўклад у развіццё галіны. "2025 год, як вы справядліва гаварылі, сапраўды быў няпросты. Гэты год быў выклікам для нашых аграрыяў. Але мы яго вытрымалі і прайшлі. Усе нашы працаўнікі вёскі падзяляюць вашы словы: "Лепш убіраць хлеб, чым ваяваць". Выходзячы ў поле кожны дзень, на малакаперапрацоўчых прадпрыемствах нашы людзі ведаюць: "За намі наша краіна, за намі наш Прэзідэнт", - падкрэсліў Юрый Горлаў.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу яшчэ раз павіншаваў усіх са святам, пажадаў здароўя і поспехаў. "Галоўнае - дзеці. Пагадзіцеся, калі ў дзяцей усё добра, у нас будзе таксама", - сказаў ён.
У ліку ўзнагароджаных генеральны дырэктар ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі" Уладзімір Лук'янаў і дырэктар ААТ "Отар" Чачэрскага раёна Таццяна Струк. Яны ўдастоены ордэна Працоўнай Славы.
Ордэнам Пашаны адзначаны заслугі аператара жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм МТК "Германішкі" КСУП "Гудагай" Астравецкага раёна Гелены Дрэма, дырэктара ААТ "Хоцімскі льнозавод" Мікалая Курзянкова, аператара машыннага даення ААТ "Рассвет імя К.П.Арлоўскага" Кіраўскага раёна Галіны Лёгкай, трактарыста-машыніста КУВСГП Верхнядзвінскага раёна "Каханавічы" Васіля Мароза і вадзіцеля аўтамабіля ААТ "Шлях новы" Ляхавіцкага раёна Уладзіміра Пабягайлы.
Прысвоены ганаровыя званні заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Іх удастоены галоўны аграном СВК "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна Іван Галавенка, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм бройлернага цэха нумар 1 ЗАТ "Сервалюкс Агра" Магілёўскага раёна Таццяна Даўганосава, дырэктар ААТ "Святая Воля" Івацэвіцкага раёна Уладзімір Любушак, трактарыст-машыніст ААТ "Ціхінічы" Рагачоўскага раёна Андрэй Новікаў і начальнік цэха жывёлагадоўлі КСУП "Брылёва" Гомельскага раёна Вячаслаў Струк.
Работнікі АПК таксама ўдастоены медаля "За працоўныя заслугі" і Падзякі Прэзідэнта.


