Рабочая паездка ў Салігорскі раён Мінскай вобласці

  • 15
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка зрабіў рабочую паездку ў Салігорскі раён Мінскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы наведаў Салігорскую птушкафабрыку.

Адразу пасля прылёту Прэзідэнт пацікавіўся, ці завершана сяўба азімых. Старшыня Мінскага аблвыканкама далажыў, што масавая сяўба якраз завяршаецца.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў некаторыя нараканні адносна ўзроўню гаспадарання на зямлі, каб не было прасядання. Размова ў тым ліку аб тым, што Прэзідэнт бачыў па дарозе з борта верталёта. "Я бачу па палях гэтых. Ён (раён. - Заўвага) горш становіцца, чым два гады таму", - адзначыў ён.

"Трэба менш гаварыць, а больш рабіць. Гэта мая вам парада публічная, - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніка вобласці Аляксея Кушнарэнкі. - Май на ўвазе, ты губернатар тут".

Прэзідэнт, у прыватнасці, незадаволены якасцю ўзворвання ў асобных месцах. "Нават на падлёце - вы тут узаралі незразумела што. Але гэта не ворыва. Калі дрэнна ўзарана - не чакай ніякага ўраджаю. Таму што потым ужо бульдозерам будзеш раўнаваць поле", - сказаў ён.

Яшчэ адно пытанне датычылася закінутых і невыкарыстоўваемых прысядзібных участкаў па ўсёй краіне. Іх неабходна ўводзіць у сельгасабарот. "Трэба з імі разбірацца", - выказаў патрабаванне Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што па сукупнай плошчы такія невыкарыстоўваемыя ўчасткі параўнальныя з землямі, якія ў краіне імкнуцца ўвесці ў абарот за кошт меліярацыі.

Асобна Кіраўнік дзяржавы згадаў пра ролю кіраўнікоў райвыканкамаў. Запатрабаванне за вынікі з іх неабходна павышаць, і сваю долю адказнасці яны павінны несці не толькі за прадпрыемствы камунальнай формы ўласнасці. "Старшыня райвыканкама - гаспадар і прэзідэнт на сваёй зямлі. Ён павінен кіраваць на тэрыторыі. Працаваць трэба. Трэба зарабляць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Агідная работа ў некаторых гаспадарках. Потым давядзецца закрываць бюджэтнымі грашыма. А дзе іх узяць?"

Гаворачы пра ўраджай збожжавых бягучага года, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хоць надвор'е ў гэтым годзе спрыяла высокаму ўраджаю, але зададзена пэўная планка. "Добрае было надвор'е. У час наліву збожжа хапала вільгаці. Таму атрымалі цяжкі колас. Гэта не значыць, што заўтра будзе так. Але гэта планка. Вось вы дасягнулі гэтага ўзроўню - ніжэй нельга. Трэба на гэтым узроўні замацавацца. Хаця б пару гадоў. Нельга ніжэй апускацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца Мінскай вобласці, якую наведваў Прэзідэнт, ён даручыў літаральна ў лічбавы варыянт перавесці адпаведныя заданні на ўзровень кіраўніцтва раёнаў.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што ўборку кукурузы плануецца завяршыць да 20 кастрычніка, на зерне - максімум да 7 лістапада.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз выказаўся і наконт сяўбы азімых. Ён адзначыў, што не даводзіць нейкія строгія даты. Але, маючы вопыт у аграрнай сферы, разумее, калі і што аптымальна зрабіць, каб ураджай будучага года быў не горшы за сёлетні. "Мужыкі, вы рабіце, калі хочаце. Я вам даты не назначаў. Я адчуваю, калі трэба пасеяць. Вось да першага пасеялі - расліны сілу возьмуць, як у вёсцы кажуць. Яны сілу набяруць, перазімуюць. А калі мы пасеем пазней, ну будзе парастак - не больш", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ніякіх новых зямель са складу сельгасугоддзяў пад будаўніцтва або прысядзібныя ўчасткі даваць не будуць, паколькі гэта каштоўны рэсурс. Тым больш калі ў малых населеных пунктах ёсць шмат закінутых і невыкарыстоўваемых участкаў. "Каб усё разаралі, непатрэбнае прыбралі", - даручыў ён.

Што датычыцца адчужэння зямель сельгаспрызначэння пад іншыя патрэбы, то Аляксандр Лукашэнка адназначна абазначыў падыход: "Гэта выключана. Гэта адзінкавыя выпадкі пад інвестыцыі якія-небудзь. І тое гэта ўсё рашэнні Прэзідэнта. Лес і сельгасугоддзі. Каб вы разумелі, што ў будучым годзе будзе поўная забарона на адчужэнне зямель сельгаспрызначэння. Адчужаць землі сельгаспрызначэння - ні ў якім выпадку".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяперашнія землі сельскагаспадарчага прызначэння - гэта ў тым ліку спадчына, што дасталася ад продкаў, якія некалі пачыналі асвойваць тэрыторыі, займаючыся лядным земляробствам.

Прэзідэнт таксама нагадаў пра важнасць беражлівага стаўлення да дарагой сельскагаспадарчай тэхнікі, яе своечасовага абслугоўвання і рамонту.

"Усе крычаць: "Дайце, дайце тэхніку!" Ну вось дай дрэннай гаспадарцы тэхніку. Трактар, камбайн - энерганасычаная тэхніка, вельмі складаная. Праз год пад плот паставяць. Таму нам трэба вельмі сур'ёзна думаць, каму даваць гэту тэхніку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён не выключыў, што недзе, магчыма, тэхніку варта аддаць лепшым гаспадаркам, але пад абавязацельства дапамагчы суседзям, дзе не змогуць з ёю належным чынам абыходзіцца. "Трэба ўзяць гэта на вельмі сур'ёзны кантроль", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што трэба ўстанавіць канкрэтныя тэрміны. Напрыклад, 10 гадоў - па трактары, 12-15 гадоў - збожжаўборачны камбайн, кормаўборачная тэхніка - 11-12 гадоў.

"Нам трэба прыйсці да нейкай агульнай роўніцы ў гэтым плане. А не тое што тры, пяць, восем гадоў - пад плот, спішыце. Гэта значыць "угробілі трактар, давай новы", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання Салігорскай птушкафабрыкі далажылі аб планах па стварэнні селекцыйна-генетычнага цэнтра па гадоўлі перапёлак.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў спецыялістаў, калі ў Беларусі будуць свае перапёлкі. Справа ў тым, што цяпер айчынная птушкагадоўля залежыць ад паставак сутачнага маладняку прабацькаўскіх і бацькоўскіх форм з-з мяжы.

"Свая перапёлка - праз тры з палавінай гады. Хутка гэта не робіцца, пяць гадоў адводзіцца на атрыманне ўласнага кросу (гібрыды парод і ліній свойскай птушкі. - Заўвага). У нас ужо генафонд створаны. У нас ёсць база, ёсць з чаго працаваць. Гэта рэальная работа", - сказала дырэктар Салігорскай птушкафабрыкі Іна Талкачова.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся меркаваннем кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук Уладзіміра Караніка. "Наконт перапёлак добры шанц ёсць. Шанц, што парода будзе канкурэнтаздольная, вельмі высокі", - адзначыў ён.

Што датычыцца Салігорскай птушкафабрыкі ў цэлым, Кіраўнік дзяржавы не стаў асобна заслухоўваць даклад аб рабоце прадпрыемства, адзначыўшы, што ў яго ў гэтым плане ёсць усе неабходныя даведачныя матэрыялы. "Ты мне скажы, грошы ў цябе ёсць? - звярнуўся ён да Іны Талкачовай, атрымаўшы сцвярджальны адказ. - Вось мне больш нічога не трэба. Грошы ёсць - малайчына".

Як было даложана, ёсць і план далейшага развіцця птушкафабрыкі на бліжэйшыя гады.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць больш шырокае выкарыстанне перапяліных яек, у тым ліку пры арганізацыі харчавання дзяцей у школах.

"Мы абмяркоўвалі тэму большага спажывання яйка. Іна (дырэктар Салігорскай птушкафабрыкі Іна Талкачова. - Заўвага) кажа, што яны не супраць бы, каб школы больш бралі. І Японію прыводзіла ў прыклад, што яны гэта робяць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба прапрацаваць з будучага года. А чаму не? Яна, аказваецца, варыць гэта яйка і ачышчанае пастаўляе".

Як было адзначана, па сваіх карысных уласцівасцях перапяліныя яйкі на трэць лепшыя за курыныя.

"Журналістам - усім перапяліныя яйкі ёсці", - не без долі гумару сказаў Прэзідэнт.

У час рабочай паездкі Прэзідэнта ў Салігорскі раён і наведвання мясцовай птушкафабрыкі была арганізавана нарада аб развіцці птушкагадоўчай галіны ў краіне.

Кіраўнік дзяржавы спачатку коратка абазначыў пазітыўныя вынікі работы галіны, але адразу папярэдзіў, што размова пойдзе ў асноўным не аб гэтым.

Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, уваходзіць у лік лідараў рэгіёна па вытворчасці мяса птушкі і яек (у 2024 годзе на душу насельніцтва выраблена 407 яек і рэалізавана ў забойнай вазе 63 кг мяса птушкі).

"Прадукцыя птушкагадоўлі заўсёды запатрабавана і пры ўмелым кіраванні вельмі даходная. За 2024 год рэнтабельнасць продажу птушкі склала 8,5%, яек - блізка да 20%", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Па названых відах прадукцыі ў краіне гарантавана харчовая бяспека: мяса птушкі вырабляецца амаль на 60% больш за ўласную патрэбнасць, яек - амаль на 30%.

"Але сёння размова пойдзе не аб нашых поспехах, у гэтым плане, а аб праблемах і новых трэндах у галіне", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы ўдзельнікаў нарады.

У першую чаргу Прэзідэнт звярнуў увагу на ўзбуйненне прадпрыемстваў. Тут, паводле яго слоў, неабходны разумны падыход. Птушкай займаюцца 38 сельскагаспадарчых арганізацый: 20 - мяснога напрамку і 18 - яечнага. У краіне вырошчваюцца бройлеры, качкі, індычка, прадстаўлена вытворчасць курыных і перапяліных яек. Пашыраецца лінейка прадуктаў з мяса птушкі.

Разам з тым ільвіная доля вытворчасці мяса птушкі (75%) прыпадае толькі на 6 бройлерных птушкафабрык: "Дружба", Віцебская бройлерная птушкафабрыка, "Беларуснафта-Асобіна", агракамбінат "Дзяржынскі", "Смалявічы-Бройлер" і "Сервалюкс Агра". "Гэтыя прадпрыемствы працуюць эфектыўна: выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, вырабляюць якасную прадукцыю, ажыццяўляюць яе глыбокую перапрацоўку, рэалізуюць у тым ліку на экспарт. Ці здольныя астатнія птушкафабрыкі канкурыраваць з імі? Ці патрэбна нам такая канкурэнцыя? - абазначыў ключавыя пытанні Прэзідэнт. - Што будзем рабіць далей? Не будзем перашкаджаць ім развівацца, няхай развіваюцца самі па сабе ці прымем іншыя рашэнні? Што будзем рабіць з дробнымі прадпрыемствамі? Будзем будаваць новыя птушкафабрыкі або варта разгледзець пытанне рэарганізацыі іх шляхам далучэння да больш эфектыўных птушкафабрык?"

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што да пытання аб далейшым лёсе дробных птушкафабрык трэба падысці комплексна і абавязкова ўлічваць, што там ёсць пэўныя навыкі, персанал, знаёмы са спецыфікай работы галіны. "Гэтых людзей страціць нельга. Пабудаваць на пустым месцы птушкафабрыку - гэта не праблема сёння. Пытанне ў кадрах, у людзях, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Патрэбны ўмелыя птушкагадоўцы".

Другой тэмай, якую закрануў Аляксандр Лукашэнка, стала сітуацыя з падзяжом. І яна, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на жаль, не паляпшаецца. За мінулы год на гадоўлі і адкорме птушкі падзеж склаў 22,5 млн галоў. За студзень-жнівень 2025 года - амаль 15 млн. У асобных абласцях назіраецца значны рост падзяжу: Гродзенская вобласць (120% да адпаведнага перыяду 2024 года), Мінская (116%), Віцебская (115%).

"На жаль, пагалоўе павялічваецца нізкімі тэмпамі (у 2024 годзе ўсяго на 3% да ўзроўню 2023 года)", - канстатаваў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што прычыны банальныя: незбалансаваная кармавая база, устарэлая інфраструктура, але часцей за ўсё безгаспадарчасць і разгільдзяйства. Напрыклад, на птушкафабрыцы "Заходняя" Столінскага раёна дапускалася скормліванне птушцы камбікорму са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

"Да гэтага часу выкрываюцца выпадкі парушэння рэжыму: пранос работнікамі асабістых рэчаў на тэрыторыю, праходжанне супрацоўнікаў у чыстую зону ў абыход санпрапускніка, а таксама работа без спецадзення, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - У некаторых птушкагадоўчых арганізацыях не выключана магчымасць трапляння сінантропнай птушкі. Не ў поўнай меры праводзяцца мерапрыемствы па барацьбе з грызунамі. Элементарнага не робім".

Акрамя таго, не заўсёды праводзіцца вакцынацыя птушкі, а значыць, ёсць рызыка захворванняў. Устаноўлены факты адсутнасці на асобных аб'ектах неабходнай колькасці дэзынфіцыруючых сродкаў, медыкаментаў, невыканання схем лячэбна-прафілактычных мерапрыемстваў. Дапускаюцца парушэнні тэхналагічных рэгламентаў і ветэрынарных правіл.

"Шмат у чым гэта абумоўлена кадравым дэфіцытам, паколькі птушкафабрыкі ўкамплектаваны ветэрынарнымі і заатэхнічнымі спецыялістамі на 90%", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размовам пра недахоп кадраў у цэлым трэба пакласці канец, забяспечыўшы замацаванне профільных спецыялістаў на месцах. "Падрыхтавалі спецыялістаў - яны павінны працаваць там, для чаго іх рыхтавалі. І гэту тэму трэба закрыць, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Трэба вырашыць, Дзмітрый Мікалаевіч (Крутой, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), раз і назаўсёды гэту праблему".

Перспектывы і новыя напрамкі ў птушкагадоўлі - гэта трэцяе пытанне, узнятае на нарадзе Прэзідэнтам. Напрыклад, на Салігорскай птушкафабрыцы арганізавана інавацыйная перапяліная ферма, якую наведаў Кіраўнік дзяржавы. У агракамбінаце "Дзяржынскі" пабудаваны комплекс па вырошчванні мяса індычкі. "Гэта новыя, "модныя" напрамкі, карысныя і нават неабходныя для людзей. Таму ёсць попыт на ўнутраным і знешнім рынках", - сказаў беларускі лідар, нагадаўшы, што яшчэ некаторы час таму даводзілася папулярызаваць у грамадстве спажыванне мяса індычкі, тлумачыць яго карысць.

"Якой бачыце далейшую стратэгію развіцця галіны, якія новыя напрамкі ў птушкагадоўлі мы яшчэ можам развіваць або будзем паглыбляць існуючыя?" - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Наступным важным аспектам стаў экспарт. За 2024 год прададзена за мяжу мяса птушкі амаль на паўмільярда долараў (каля 250 тыс. т), яйка курынага - на $71 млн (835 млн штук).

"Краіна ўваходзіць у топ-15 вядучых сусветных экспарцёраў мяса птушкі і яек. Асноўныя нашы контрагенты - гэта Расія, Кітай і краіны СНД. Аднак Расія забяспечвае сябе мясам птушкі і яйкам. Кітай таксама паказвае высокія тэмпы росту вытворчасці, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Пытанне новых рынкаў, дзе яны?"

Размова ішла таксама аб зніжэнні залежнасці галіны ад імпарту. Цяпер у Беларусі няма альтэрнатывы імпарту куранят для вытворчасці інкубацыйных яек. Для камплектавання птушкафабрык бацькамі ў краіну завозіцца прабацькаўскі статак мясных куранят. Гэтак жа і ў яечнай птушкагадоўлі. Кожная птушкафабрыка працуе напрамую з замежнымі партнёрамі. "Мы прыйшлі да таго, што ў бліжэйшы час ад імпарту яек адыдзем. Спатрэбіцца яшчэ гадоў, можа, 5-7, калі мы з вучонымі пачнём займацца гэтым неадкладна для таго, каб адысці ад імпарту (у гэтай сферы. - Заўвага)", - сказаў Прэзідэнт.

"Поўная залежнасць ад імпарту не гарантуе стабільнай работы птушкафабрык, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Кожны завоз птушкі звязаны ў тым ліку з верагоднасцю занясення новых інфекцый, а таксама (што вельмі актуальна) са зрывам паставак". У сувязі з гэтым Прэзідэнт спытаў, як будзе вырашацца пытанне недахопу магутнасцей бацькоўскіх пляцовак у яечным і мясным напрамках.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб даручэнні стварыць селекцыйна-генетычны цэнтр для атрымання ўласнай племянной прадукцыі (яно было дадзена ў 2023 годзе). Гэта павінна быць унікальнае для Беларусі прадпрыемства поўнага цыкла, але на цяперашні момант пабудавана ўсяго 3%. Таму Прэзідэнт даручыў падключыцца ўсім зацікаўленым і дапамагчы хутчэй увесці гэта прадпрыемства ў строй, тым больш што абсталяванне ўжо ёсць. "Трэба аператыўна - на працягу будучага года. Калі патрэбна, падключымся, і трэба хутка пабудаваць", - паставіў задачу Прэзідэнт.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэмы навуковага суправаджэння галіны. "Мясная птушкагадоўля ў нас пакуль залежыць ад імпарту ў частцы зыходных ліній (прабацькаўскага пагалоўя), але я ведаю, што ў яечнай птушкагадоўлі актыўна вядзецца работа па атрыманні айчынных кросаў курэй. Нашы навуковыя напрацоўкі ў селекцыі павінны даць новы імпульс развіццю эфектыўнай птушкагадоўлі. Пры гэтым нельга пакідаць без увагі ўсе віды птушкі", - абазначыў прыярытэты для вучоных Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што па выніках нарады павінны быць выпрацаваны рашэнні, якія дадуць дадатковы імпульс развіццю галіны.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці аказваць усялякую падтрымку айчынным прадпрыемствам.

"Свой рынак не трэба нікому аддаваць. Зоймем рынак - і добра. Дапамагайце там, дзе магчыма, сваім прадпрыемствам. Гэта вельмі важна цяпер. Мэта адна, глабальная - нікому не аддаваць свой рынак. Па ўсіх напрамках", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі ёсць рынак, калі мы бачым добрую эканоміку ў той ці іншай вытворчасці, трэба падтрымліваць гэтыя праекты. А не траціць грошы незразумела куды", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў далажыў, што ў Беларусі мяса птушкі займае долю ў 38% ад усёй вытворчасці мяса ў краіне. Калі гаварыць менавіта пра мясную птушкагадоўлю, то прабацькаўскія формы закупляюцца за мяжой і пастаўляюцца на племптушкарэпрадуктар "Бройлер" агракамбіната "Дзяржынскі". "Там мы атрымліваем 2 млн галоў бацькоўскага статка. Гэта 56% ад усяго бацькоўскага статка, які нам патрабуецца ў краіне", - расказаў кіраўнік ведамства.

Такім чынам, яшчэ 44% бацькоўскага статка пакуль закупляецца за мяжой, хоць гэтыя паўтара мільёна галоў можна было б атрымліваць у Беларусі. Для гэтага трэба дабудаваць яшчэ адзін рэпрадуктар першага парадку. "Ён будзе невялікім. Там літаральна два будынкі. Каб поўнасцю 3,5 млн галоў бацькоўскага статка атрымліваць у сябе ў кране, - сказаў Юрый Горлаў. - Сёння цана аднаго кураняці, якое мы атрымліваем у сябе, - 5,2 еўра. З-за мяжы мы купляем - 6,2 еўра. На адным кураняці мы пераплачваем 1 еўра. На паўтара мільёна галоў - гэта паўтара мільёна еўра, якія могуць заставацца ў краіне".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым пацікавіўся цаной пытання. Яму далажылі, што для рэалізацыі праекта разам з абсталяваннем патрабуецца каля Br20 млн.

"Сем мільёнаў долараў максімум. А тое і ў пяць уложымся", - зрабіў вывад Кіраўнік дзяржавы.

"Нам гэта трэба заўтра або мы не гатовы, яго пабудаваўшы, эксплуатаваць? Калі яно будзе заўтра, вы яго можаце выкарыстоўваць? Фабрыкам гэта трэба?" - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Адказ быў сцвярджальным. Больш таго, Міністр адзначыў, што гэта не толькі адыход ад залежнасці па імпарце, але і плюс для прафілактыкі і мінімізацыі хвароб. Справа ў тым, што завоз племянных і гібрыдных куранят з розных крыніц зніжае ветэрынарную стабільнасць прадпрыемстваў, паколькі кожны завоз птушкі звязаны з рызыкай заносу новых інфекцый.

У ходзе наведвання размова таксама ішла аб магчымасці супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных па тэме птушкагадоўлі, паколькі ў Беларусі ёсць нядрэнныя напрацоўкі па яечнаму напрамку, а ў Расіі - па мясным. Таму ёсць аснова для ўзаемавыгаднай сумеснай работы.

"Трэба абменьвацца ў гэтым плане. Яйкі - на мяса, груба кажучы. Ім выгадна гэта", - пагадзіўся Кіраўнік дзяржавы.

У час рабочай паездкі генеральны дырэктар агракамбіната "Дзяржынскі" Уладзімір Лук'янаў далажыў аб ходзе рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па стварэнні селекцыйна-генетычнага цэнтра птушкагадоўлі, але ўжо яечнага напрамку. Аналагаў яму на постсавецкай прасторы цяпер няма, прыменена шмат новых тэхналогій. Айчынныя селекцыянеры ўжо сур'ёзна наблізіліся да лепшых сусветных паказчыкаў па прадукцыйнасці кур-нясушак. І гэта пры тым, што ідэальныя ўмовы яшчэ толькі трэба будзе стварыць. "Мы ў 2029 - пачатку 2030 года створым прабацькоў", - расказаў кіраўнік агракамбіната.

Усё гэта дасць магчымасць не толькі з лішкам пакрыць патрэбнасці Беларусі ў куранятах па яечным напрамку, але і наладзіць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Праектам ужо цікавяцца ў Расіі і гатовы заключаць кантракты.

"Трэба з перспектывай на тое, што сваё павінна быць. Як адносна яек, так і адносна мяса", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.