Рабочая паездка ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці
- 15
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка зрабіў рабочую паездку ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам мадэрнізацыі малочнатаварнага комплексу, які належыць ААТ "Агра-Ляскавічы". Гэта гаспадарка знаходзіцца ў распараджэнні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. Асаблівасць гэтых мясцін на Палессі заключаецца ў вялікай колькасці меліярацыйных зямель, якія ў выпадку іх разумнага ўтрымання здольны забяспечыць надзейную кармавую базу для жывёлагадоўлі.
Прэзідэнту прадставілі праект доследнага будаўніцтва малочнатаварнага комплексу з драўляных канструкцый, якія выраблены з мясцовай сыравіны. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць прэтэнзіі да будаўнікоў. "Пакуль ідзём у графіку", - далажыў Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў.
"Я шукаю самы танны праект, і які будзе больш з уласных матэрыялаў", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы прычыну сваёй увагі да гэтага праекта.
Ён адзначыў, што ў лесе часам у бураломе гніе шмат сыравіны, "а мы не можам хлеў з гэтай драўніны пабудаваць". "Таму яму дадзена даручэнне пракантраляваць, колькі гэта будзе каштаваць - драўляная канструкцыя. І калі яе па тэхналогіі апрацаваць, колькі яна будзе стаяць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што прадстаўленая яму канструкцыя прастаіць і 50 гадоў, калі ўсё зрабіць і апрацаваць, як належыць.
Юрый Назараў далажыў, што ўсе драўляныя канструкцыі апрацаваны на заводзе антысептыкамі і сродкамі вогнеаховы. Выкарыстаны клеены брус, які хоць і крыху даражэйшы за звычайны, але больш надзейны ў эксплуатацыі.
"Ты павінен мне палічыць усё, пачынаючы ад пілавання, лесанарыхтоўкі. Мы павінны дакладна разумець, колькі гэта каштуе", - яшчэ раз акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што такі вопыт, калі гэта будзе прымальны варыянт, будзе тыражавацца па ўсёй краіне. Але праект не павінен быць занадта дарагім.
"Людзі павінны атрымліваць нармальную зарплату, але цана не павінна быць завоблачнай. Гэта важна. Гэта доследнае будаўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Базу створым і паціху будзем падключаць землі".
Прэзідэнт адзначыў, што сельскагаспадарчы холдынг у Кіраўніцтве справамі Прэзідэнта ёсць не проста дзеля надояў і ўраджаяў. "Адсюль павінны ісці новыя і найноўшыя тэхналогіі", - сказаў ён.
Цяпер тут актыўна пераймаюць у многім перадавы вопыт гаспадаркі "Парахонскае" з Пінскага раёна як у будаўніцтве і ўтрыманні жывёлагадоўчых комплексаў, так і ў раслінаводстве. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што з наступнага года патрабаванне за вынік будзе сур'ёзнае. Але патрэбна працоўная і тэхналагічная дысцыпліна, з чым часам ёсць праблемы.
"Мы можам значна дабавіць, калі дысцыпліна будзе, як у яго (у "Парахонскім". - Заўвага)", - упэўнены беларускі лідар.
"За падзеж галавой будзеце адказваць. Гэта нядобра, што ў нас гіне жывёла ў XXI стагоддзі", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў будоўлю, пагутарыў з будаўнікамі і падрабязна распытаў аб тэхналогіях. "Прыгажосць! Я думаю, ты тут зробіш узор", - ацаніў ён ужо выкананыя работы.
Прэзідэнту далажылі аб планах па развіцці малочнатаварнага комплексу. Тут значна павялічыцца дойны статак і будуць створаны ўсе сучасныя ўмовы для эфектыўнага ўтрымання жывёл. "Тут будзе поўнасцю цыкл", - расказаў дырэктар ААТ "Агра-Ляскавічы" Юрый Кастранкоў.
Стаіць задача ў наступным годзе прывесці ў парадак і ўжо існуючыя хлявы для ўтрымання жывёлы, тым самым завяршыўшы мадэрнізацыю МТК. Гэта будзе добры прыклад для далейшага тыражавання на Палессі.
У ходзе рабочай паездкі ў рэгіён у маі бягучага года Аляксандр Лукашэнка ўжо наведваў ААТ "Агра-Ляскавічы". Тады яму дакладвалі аб планах па мадэрнізацыі МТК, і Кіраўнік дзяржавы даручаў паскорыцца з рэалізацыяй намечанага. Узвядзенне новых будынкаў, уключаючы малочна-даільны блок і кароўнікі, павінна быць завершана ўжо ў гэтым годзе.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вопыт стварэння такіх комплексаў трэба распаўсюдзіць уздоўж усёй Прыпяці. І, магчыма, не драбніць, а будаваць больш буйныя комплексы з улікам мясцовых умоў.
"На гэтыя мэты будаваць часта комплексы такія дарагавата. Трэба, каб яны былі задзейнічаны як належыць. Для гэтага павінны быць задзейнічаны севазвароты. "Парахонскае" трэба браць за ўзор", - сказаў Прэзідэнт.
Для такіх комплексаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, павінен быць і па тэхналогіі ўвесь шлейф, пачынаючы ад кармоў да тэхнікі.
"Працуй. Вясной пабудзем, паглядзім тут. Але каб усё ўжо было (пабудавана і працавала. - Заўвага)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да кіраўніка гаспадаркі.
Прэзідэнт таксама пацікавіўся, ці хапае ў гаспадарцы работнікаў. Аказалася, што прыцягваюць і іншаземцаў - працуюць ужо некалькі чалавек з Туркменістана, і яны добра сябе зарэкамендавалі.
Аляксандр Лукашэнка адобрыў такі падыход, але нагадаў, што адказнасць у пытанні прыцягнення працоўных мігрантаў з-за мяжы ляжыць на кіраўніках прадпрыемстваў і арганізацый. Яны самі павінны вырашаць, каго і колькі неабходна прыцягнуць. Прычым лепш, каб прыязджалі адразу сем'ямі, бо тады і стаўленне да работы, адказнасць зусім іншыя, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Да іх трэба ставіцца, як да сваіх людзей. І дзетак навучаць, і лячыць людзей трэба. Правільна робіш. Па-беларуску: "Кінь наперад, потым знойдзеш". Таму трэба арыентавацца, асабліва на нашы рэспублікі (былога СССР. - Заўвага.) Гэта ж нашы людзі", - заявіў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуўся да дырэктара "Парахонскага" Уладзіміра Храленкі: "Пакуль тут працуй. Не сыходзь. Тое, што трэба, дапамагай, давай парады".
Прэзідэнт нагадаў аб задачах па развіцці Палесся. "Свет перадзяліць хочуць. Нам няма куды дзявацца. Нам трэба выжыць. А вяртацца да палешукоў - у лапцях хадзіць (як некалі. - Заўвага) - не хочацца. Таму трэба Палессе прыводзіць да ладу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў аб праграме, якую ў гэтых адносінах рэалізуюць у краіне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць меліярацыі, асабліва на Палессі: "Землі прыродзе аддаваць нельга. У нас меліяраваныя землі. Трэба іх даглядаць".
Ён таксама заявіў, што трэба нармальна плаціць гаспадаркам, такім як "Парахонскае", якія бяруць на сябе работы па меліярацыі і абслугоўванні меліярацыйных сістэм.
"Дзяржаўная справа - глеба, землі, меліярацыя. Дзяржава павінна заплаціць. Вы дапамагаеце ўводзіць у севазварот землі. І на гэтым капейку можаце зарабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз звярнуў увагу аграрыяў на культуру земляробства. "Вы не араце, як належыць, палі. Гэта сведчыць аб тым, або вы не культурныя людзі, або вы туды вачэй не паказваеце. Поле павінна быць узарана ад канала да канала. Ад лесу да дарогі. Гэта культура земляробства", - сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што часам на Палессі можна ўбачыць наогул неўзараныя палі, якія ў свой час з цяжкасцю адваёўвалі ў прыроды шляхам меліярацыі.
"Культура земляробства і адказнасць за ўзаранасць", - абазначыў галоўнае патрабаванне Аляксандр Лукашэнка.


