Нарада аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом буйной рагатай жывёлы
- 15
- 41:12
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка сабраў нараду аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом буйной рагатай жывёлы ў Рэспубліцы Беларусь.
"Віцебская вобласць - гэта, па-мойму, пятая частка Беларусі. Так, няпростая вобласць. Гэта не Брэсцкая - паўднёвая вобласць, і не Гродзенская. Але гэта наша зямля. Мы за яе адказваем. Людзі мяне выбралі, разумеючы, што я абавязаны як Прэзідэнт (не хачу сказаць "абараніць" - я не герой-адзіночка) арганізаваць вас, каб абараніць сваю краіну. Каб не дай бог не адбылося тое, што адбываецца ў нашай роднай вельмі багатай Украіне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў аб сваім тэзісе, што лепш працаваць, чым ваяваць. "Сумна, але ў Віцебскай вобласці не ўсе мяне пачулі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы аналізуем сітуацыю ў вобласці. Яна сумная. Яна горшая, чым дзе-небудзь, і нават па тых пытаннях, якія для мяне недапушчальныя, як падзеж жывёлы, - у вас 140% рост да ўзроўню мінулага года. Гэта для мяне непрымальна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Самае галоўнае - нельга работу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць. За памылкі павінна быць самае строгае персанальнае спагнанне. Пакуль, як бы мяне ні спрабавалі пераканаць у адваротным, бачу, што негатыўную тэндэнцыю вы не пераламалі. Галоўнае, у вас няма элементарнага - дысцыпліны, - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гэту тэму Аляксандр Лукашэнка назваў адной з самых вострых у сельскай гаспадарцы. За студзень - верасень па рэспубліцы падзеж склаў 108 тыс. галоў, што ў цэлым ніжэй за ўзровень мінулага года на 5%. Пры гэтым рост падзяжу адзначаны ў 51 раёне краіны, у 13 з іх - рост у паўтара і больш разоў. Практычна ўсюды ідзе перавышэнне норм, зацверджаных Мінсельгасхарчам.
"Слухайце, нейкія нормы прыдумалі падзяжу. Няхай сабе, прыдумалі нормы. Я на вас ніколі не націскаў у гэтым плане. Вы селі, разам з вучонымі вывелі гэтыя "абгрунтаваныя нарматывы". Зацвердзілі. А чаму не выконваеце? Вы ж самі сабе прыдумалі заданне. Чаму не выконваеце? Як я павінен рэагаваць?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Значны рост падзяжу дапусцілі Віцебская (139%, або 16 тыс. галоў) вобласць і, што Прэзідэнт назваў дзіўным, на другім месцы Гродзенская вобласць (15 тыс. галоў). "Дзіўна. Генерал узначальвае (старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. - Заўвага)", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што Гродзенская вобласць пачынае яго насцярожваць па многіх напрамках. Прэзідэнт у гэтым плане нагадаў, што гэта ў тым ліку "касякі" і былога кіраўніка вобласці Уладзіміра Караніка, які цяпер узначальвае НАН.
"Непарадкі у Віцебскай вобласці, аб якіх з фатаграфіямі дакладваў мне Камітэт дзяржкантролю, характэрны для ўсёй краіны. Таму губернатары ўсе тут. Замест канкрэтнай работы і няхай невялікіх, але рэальных станоўчых зрухаў вы прадаўжаеце займацца прыпіскамі і фальсіфікацыяй інфармацыі, - папракнуў Прэзідэнт. - Кармы нібыта ёсць, але яны паўсюдна няякасныя - у кожнай пятай сельгасарганізацыі ў палове раёнаў рэспублікі выяўлены парушэнні. Замест сенажу на ўліку ў вас "гнілаж".
Нараканні Прэзідэнт выказаў і адносна сферы ветэрынарыі: "Дагуляліся, што асобныя гаспадаркі наогул вакцынацыю не праводзяць, а ў іншых лечаць пратэрмінаванымі ветпрэпаратамі. Што вы робіце? Вы замест лякарстваў упырскваеце цялятам атруту - пратэрмінаваныя лякарствы. Гэта нармальна? У вас ветэрынарныя кадры замест таго, каб выконваць свае непасрэдныя абавязкі, прыдумваюць новыя спосабы хавання падзяжу".
Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў вобласці ёсць прыклады ўмелага гаспадарання на зямлі. Напрыклад, у плане якасці ўзворвання. "Калі ўмееце рабіць, чаму вы не робіце ўсюды так? Дык хто вінаваты?" - паставіў пытанні беларускі лідар. Ён канстатаваў, што ў рэгіёне мае месца жахлівая безадказнасць знізу даверху.
"Мне хацелася б з вамі працаваць па-добраму. Але з вамі немагчыма працаваць па-добраму, калі бачыш, што адбываецца, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не можам дапусціць стагнацыі рэгіёна і спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый. Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Стагнацыі не будзе. Спакойна глядзець на негатыў я не змагу".
Ён адзначыў, што па асобных вытворчых напрамках адставанне рэгіёна ад Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей становіцца крытычным. "Але самае небяспечнае - вы проста губляеце людзей!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Напрыклад, у параўнанні са студзенем - жніўнем мінулага года - мінус 3,5 тыс. занятых у эканоміцы, за 2024 год - мінус 4,2 тыс., за 2023 - мінус 8,5 тыс. Прэзідэнт прапанаваў пры гэтым не спасылацца на выезд людзей на заработкі ў суседнюю Расію. "Перакананы, што наш паўночны рэгіён мае ўсе ўмовы для паскоранага руху наперад: выгаднае транзітнае становішча, шматгаліновы прамысловы комплекс, развітая адукацыйная база, моцныя традыцыі", - дадаў Прэзідэнт.
"Нашы людзі тут зачакаліся калі не прарыву, то хаця б выразнага плана рэальнага адраджэння Віцебшчыны. І мы гэта з вамі забяспечым", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вы, напэўна, заўважылі (і не толькі вы, але і нашы ворагі, праціўнікі), што я вельмі часта бываю апошнім часам на сяле. Калі нехта думае, што гэта звязана з вытворчасцю, аграпрамысловым комплексам, нашымі калгасамі, саўгасамі, фермерскімі гаспадаркамі, той мае рацыю толькі напалову. Мяне вытворчасць сельгаспрадукцыі не так хвалюе, як у сярэдзіне дзевяностых, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Самае галоўнае, чаму я езджу пастаянна па палях і фермах. Як і раней, мая мэта (вельмі хацеў бы спадзявацца, што і ваша, - выратаваць вёску, захаваць вёску. Не будзе вёскі - не будзе дзяржавы".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за апошнія 15 гадоў рэалізаваны шматлікія ініцыятывы - чыстыя палі і праграма "ВітАгра" Аляксандра Косінца (узначальваў Віцебскі аблвыканкам у 2008-2014 гадах), Аршанскі "афшор" і інтэграцыйныя аб'яднанні ў аграпрамысловым комплексе Мікалая Шарснёва (узначальваў аблвыканкам у 2014-2021 гадах).
Цяперашні старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін на пасадзе ўжо 4 гады. "Поўны алімпійскі цыкл, кажучы на спартыўнай мове. Гэта тэрмін больш чым дастатковы, каб паказаць свае кіраўніцкія таленты і забяспечыць вынік, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Надышоў час падвесці вынікі развіцця Віцебшчыны, выявіць сістэмныя недахопы, выпрацаваць рашэнні, якія дапамогуць вобласці кардынальна палепшыць сітуацыю ў праблемных галінах".
Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб праблемах у АПК Віцебскай вобласці, адкрыта сказаў, што без укладу рэгіёна ў гэтай сферы краіна будзе жыць і нават не заўважыць яго адсутнасці: "Мы вырабляем у два разы прадукцыі больш сельскагаспадарчай, чым нам патрэбна для краіны".
Прэзідэнт адзначыў, што паміж сітуацыяй у сярэдзіне дзевяностых і цяперашняй розніца вялікая. Тады не ведалі, чым заняць людзей, а сёння ёсць дэфіцыт працоўных рэсурсаў, перш за ўсё ў сельскай мясцовасці.
"Нягледзячы на гэта, мы змаглі, сціснуўшы зубы, накарміць людзей і апрануць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вядома, я далёкі ад думкі, што ў вас дрэнна абсалютна ўсё. Што я пачаў з дрэннага - па-свойску, для гэтага сабраліся, а не выхваляцца адзін перад адным", - сказаў Прэзідэнт.
Спецыялісты інфармуюць Кіраўніка дзяржавы, што ёсць і станоўчыя аспекты. Напрыклад, бягучы рост даходаў насельніцтва. Аднак Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта з пункту гледжання эканомікі не суадносіцца са спадам у рэгіёне вытворчасці. "Гэта што, не пытанне? У людзей даходы растуць, а Віцебская вобласць ніжэй за калена..." - заўважыў ён.
Акрамя таго, у ліку плюсаў - павелічэнне экспарту асобных тавараў. "Гэта ўжо нядрэнна, але толькі асобных. Экспарт для нас вельмі сур'ёзная праблема цяпер", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Забяспечанасць жыллём у Віцебскай вобласці вышэйшая, чым па краіне, - больш за 30 кв.м на чалавека. "Ну якое ж дасягненне? Калі вы дрэнна працуеце, а жыллё і зарплата ў вас больш-менш. Нестыковачка-с", - заўважыў беларускі лідар.
У бягучай пяцігодцы ў рэгіёне рэалізаваны 103 менавіта вытворчыя інвестпраекты коштам звыш Br2 млрд. Актыўна развіваюцца фармацэўтыка (будуюцца ўнікальныя вытворчасці), выпуск электраабсталявання і нафтахімія.
У развіцці рэгіёна ёсць і шмат адмоўных момантаў і недапрацовак, на што звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Так, патэнцыял ляснога комплексу і турызму наўрад ці задзейнічаны нават на 20%. А гэта павінен быць асноўны даход у вобласці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў тых жа арабскіх краінах - партнёрах Беларусі ёсць цікавасць да наведвання Беларусі з турыстычнай мэтай, каб адпачыць у лесе і на азёрах. У тых жа Эміратах, прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы, значны даход цяпер атрымліваюць не ад нафты, а ад турызму. І ў Віцебскай вобласці ў гэтым плане ёсць патэнцыял, упэўнены беларускі лідар.
"Свежы прыклад вашага "разгортвання": калі б не цікавасць Амана да будаўніцтва ў Беларусі другога цэлюлознага камбіната і выбар месца размяшчэння на Віцебшчыне, то вы засталіся б наогул адзінай вобласцю краіны без буйных дрэваапрацоўчых вытворчасцей", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што пасля "мадэрнізацыі імя Косінца - Сямашкі" апошняе прадпрыемства ААТ "Віцебскдрэў" спынена ў лютым 2025 года з вялікімі даўгамі. Пастаўскі мэблевы цэнтр таксама не вельмі разгортваецца. "Атрымліваецца, што пры такой лясістасці вобласць страціла ўсе ўласныя кампетэнцыі і стала па сутнасці сыравінным прыдаткам іншых рэгіёнаў. Калі стала", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт па пытанні лясных рэсурсаў нагадаў і аб іншай праблеме, і яна датычыцца не толькі Віцебскай вобласці, - у лесе ў бураломах застаецца шмат сыравіны. "І ў гэты час "Віцебскдрэў" спынены. Дык завязіце на "Віцебскдрэў". Няхай вам выпілуюць усё, што неабходна, для будаўніцтва дашчанага цялятніка. Гэта ж элементарна, - прывёў Аляксандр Лукашэнка прыклад правільнага вырашэння пытання. - У вас лес валяецца ў лепшым выпадку на ўзлеску, а тое і ў лесе. І спынены піларамы. Гэта па-гаспадарску? А ў гэты час дохне жывёла. Якія праграмы тут патрэбны? Нічога не трэба - проста мазгамі раскінуць".
"Калі да 7 лістапада гэта праблема не будзе вырашана, Аляксандр Міхайлавіч (Субоцін. - Заўвага), вы і на каго пракурор пальцам пакажа, сядзеце ў турму. Я вам гавару публічна. Разам з імі, хто будзе ў гэтым вінаваты. Калі вам хто-небудзь не аддасць лес, які валяецца на ўзлеску і гніе, вы загадзя мяне праінфармуйце, каб пазбегнуць гэтага лёсу", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падагульніў: "Гэтыя прыклады сведчаць аб тым, што ўстойлівасці ў эканоміцы вобласці няма. Калі людзі з'язджаюць, як я гаварыў вышэй, значыць, узроўню зарплат і канкурэнтных працоўных месцаў недастаткова. Вы наогул не разабраліся з рабочай сілай".
"Вы ўсё ведаеце, усё ўмееце. Вы проста безадказныя людзі. Разабрацца трэба ў кожнай гаспадарцы з людзьмі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"За апошнія 4 гады арганізацыі вобласці скарысталіся дзяржпадтрымкай 1285 разоў! Фактычна кожны дзень камусьці выдзяляліся сродкі з бюджэту. Таму вы не можаце абвінаваціць, што вас нехта не чуў або не дапамагаў", - прывёў факт Кіраўнік дзяржавы.
"Таму каласальная памылка думаць, што да вас прыехаў Прэзідэнт і чарговы раз усё "спіша". Хачу паўтарыць усім прысутным у зале - ад дырэктара прадпрыемства да дзяржчыноўнікаў: выкіньце такія думкі з галавы", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта не яго асабістыя грошы, а грошы ўсяго беларускага народа, якія выдзяляліся Віцебскай вобласці пад канкрэтныя абавязацельствы і вынік. "Урач з Гомеля або шахцёр з Салігорска аказалі вам падтрымку праз падатковую сістэму размеркавання бюджэтных даходаў. Таму я нічога нікому не спісваю. І вы гэтага не заслугоўваеце на сённяшні дзень. Мяне народ упаўнаважыў запатрабаваць з вас па поўнай. Дасканала разабрацца, чаму вы гэту падтрымку бяздарна разбазарылі і зноў прыйшлі з працягнутай рукой", - сказаў Прэзідэнт.
"Віцебшчына проста патанула ў пустых абяцаннях, якія ў далейшым не пацверджаны справай (магу ўспомніць і чырвоных кароў у "Вусці", і вакцыны "БелВітуніфарма", і Аршанскі мясакансервавы камбінат)", - пералічыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён прывёў яшчэ шэраг адмоўных фактаў. Так, за пяць гадоў аб'ём прамысловай вытворчасці скараціўся да 98% пры росце па краіне 114%. Праселі традыцыйныя сферы рэгіёна, уключаючы нафтаперапрацоўку, лёгкую прамысловасць, энергетыку.
"Просіце ўжо дзяржпадтрымку нават знакамітаму "Белвесту" ("эфектыўны інвестар" пакінуў Br300 млн даўгоў і не ведае, што рабіць), - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы. - А праз дарогу - "Марко". Працуе. Чаму да яго не звярнуцца: "Падкажы, што за праблема?".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на работу Аршанскага льнокамбіната, які і сам "цялёпкаецца з пераменным поспехам", а да яго ў "холдынг аддалі Баранавіцкае ВБА". "У бліжэйшы час абавязкова паглядзім, што там адбываецца. У гэтым годзе па краіне нарыхтавалі на 25% больш ільнотрасты (183,4 тыс. т, плюс 40 тыс. т да ўзроўню 2024 года), нельга загубіць гэты ўраджай. Гэта сур'ёзны рэзерв эканомікі льнокамбіната, магчымасць атрымаць дадатковую валюту і чысты прыбытак", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хутка трэба будзе падвесці вынікі ініцыятывы "Адзін раён - адзін праект". У Віцебскай вобласці гэта задача выконваецца толькі ў палове раёнаў.
"З аднаго боку, мы абсалютна правільна ўзмацняем жым за інвестпраекты ў невялікіх раёнах, дзе кожнае працоўнае месца на вагу золата. А з іншага - будуючы новы цэлюлозны камбінат, можам агаліць усе бліжэйшыя тэрыторыі - сяло. Для вас гэта сур'ёзны экзамен - утрымаць разумны кадравы баланс. Асабліва праз жыллё, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - На Віцебшчыне ўзнік перакос: па вобласці ў мінулым годзе больш за 40% усіх кватэр (дамоў) з дзяржпадтрымкай, у тым ліку арэндных, будуецца ў самім горадзе Віцебску. Як вы з такой жыллёвай палітыкай збіраецеся вырашаць праблему кадравага дэфіцыту ў іншых раёнах?"
Асобна Прэзідэнт спыніўся на сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе рэгіёна. Ён нагадаў, што па прапанове кіраўніцтва вобласці на базе перапрацоўчых прадпрыемстваў стварылі так званыя аграпрамысловыя аб'яднанні. Для зніжэння фінансавай нагрузкі рэструктурызавалі даўгі на суму звыш Br2 млрд. Ставілася жорсткая задача: нарасціць аб'ёмы вытворчасці, загрузіць магутнасці і з атрыманай выручкі плаціць па адтэрмінаваных даўгах.
Аднак вынікі работы ў АПК рэгіёна ў асноўным маюць адмоўную тэндэнцыю.
Выпуск прадукцыі сельскай гаспадаркі ў параўнанні з 2020 годам знізіўся на 5%. У 2025 годзе спад прадаўжаецца (за 9 месяцаў - 98,1% у гаспадарках усіх катэгорый).
Раслінаводства прасела больш як на 20%.
У жывёлагадоўлі хоць і невялікі плюс - 5%, але нядрэнна прыраслі толькі ў птушкагадоўлі, і тое гэта на фоне ранейшай нізкай базы. Па астатніх відах ідзе спад паказчыкаў.
Напрыклад, вытворчасць (гадоўля) буйной рагатай жывёлы знізілася на 6%, і асноўная прычына - выбыццё жывёлы. У Віцебскай вобласці падзеж за студзень - верасень 2025 года вырас на 40%.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на нізкі ўзровень тэхнічнай забяспечанасці сельгасарганізацый: 70% парку тэхнікі эксплуатуецца больш як 10 гадоў. "А калі і выдзяляем вам, напрыклад, дарагія энерганасычаныя трактары, дык Дзяржкантроль і міліцыя пастаянна пішуць, што яны неэфектыўна эксплуатуюцца (ад контурнасці палёў да наяўнасці механізатараў і стану машынных двароў)", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, заўважыў ён, калі па-чалавечы ставіцца да тэхнікі, то і тэрмін эксплуатацыі 10 гадоў - гэта нармальна. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ніякай "дурніцы" з тым, каб агулам пастаўляць тэхніку, не будзе.
Яшчэ адзін аспект: паводле інфармацыі КДК, загрузка магутнасцей малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці ў 2025 годзе складае крыху больш за 6%. Па мясе - менш за палову - 49%. Адсюль хранічны недахоп выручкі і, як вынік, праблема дзікай закрэдытаванасці па ўсім ланцужку - ад селяніна да перапрацоўкі.
"Яшчэ раз нагадаю пра сукупны доўг вобласці - на 1 верасня ён складае Br1,6 млрд ($500 млн у эквіваленце). З іх амаль Br1 млрд (Br950 млн) неабходна выплаціць у бліжэйшую пяцігодку. Вы пацягнеце? Пры такіх тэмпах - не. Як да гэтага дакаціліся?" - паставіў пытанні Кіраўнік дзяржавы.
Ён запатрабаваў далажыць, чаму не ўдалося дасягнуць чаканых вынікаў. Больш таго, з 7 створаных аграаб'яднанняў цяпер працуюць толькі 6 (для недапушчэння банкруцтва ААТ "Малако" далучана да Полацкага малочнага камбіната).
Прэзідэнт нагадаў, што па даўгах АПК Віцебшчыны ўжо двойчы на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы прымаліся рашэнні аб іх рэструктурызацыі ў 2016 і 2020 гадах. "Цяпер вы зноў прыйшлі і просіце прадоўжыць выплаты аж да 2045 года. Гэта значыць ніколі? - паставіў пытанне беларускі лідар. - Дзе вынікі?"
Прэзідэнт звярнуў увагу, што маюць месца абуральныя факты безгаспадарчасці, разгільдзяйства: "Пачынаю падазраваць, адкрытага сабатажу. Магчыма, кіраўніцтва аблвыканкама страціла рычагі кіравання рэгіёнам? Ці ў вобласці адбываюцца непапраўныя працэсы, якія патрабуюць тэрміновага ўмяшання звонку, аж да сілавых структур?"
У частцы вёскі Аляксандр Лукашэнка перасцярог усіх ад далейшых неабдуманых рашэнняў, якіх у рэгіёне "ўжо нямала панаварочвалі". "Цяпер прапануеце стварыць два новыя буйныя холдынгі па глыбокай перапрацоўцы мяса і малака. Гасподзь з вамі, стварайце. Гэта ваша справа. Але кожны год у лістападзе вы будзеце дакладваць аб сваім гераізме. Няма гераізму - я вам сказаў, што будзе. Вы паказалі на малых аб'яднаннях, як вы працуеце. Гэтак жа будзе і на буйных", - сказаў Прэзідэнт.
"Я не прыехаў у Віцебскую вобласць, каб вас запалохаць. Мы з вамі 30 гадоў працуем, вы ведаеце мае падыходы. Калі вы мяне не зразумелі, падманулі, усё будзе максімальна строгім", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка параіў схему, па якой трэба дзейнічаць на розных узроўнях: "Пасля сённяшняй сустрэчы старшыні райвыканкамаў паклікалі галоўных спецыялістаў і кіраўнікоў, давялі ім гэту вельмі сур'ёзную размову. Далі ім да 7 лістапада тэрмін - у вас больш няма - навесці жалезны парадак у гаспадарках. Яны - кіраўнікі і спецыялісты - няхай збяруць там механізатараў, даярак і іншых. І да 1 студзеня ўсё, што ў вас ёсць, вылізана, вычышчана".
Калі недзе ў гаспадарках ёсць няхватка кадраў для гэтага, Прэзідэнт даручыў прыцягваць шэфскую дапамогу іншых прадпрыемстваў. "Людзі прыехалі, зрабілі, аднавілі", - сказаў ён.
"Усё, мужыкі. Дурніца скончылася", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што да ўсіх будуць ставіцца па-чалавечы, але пры ўмове сумленнай і адказнай работы: "Я ведаю гэту вашу працу. Калі вы разгільдзяйнічаць будзеце, пакрываць, прыкрываць адзін аднаго, калі вы будзеце хаваць недахопы і мне дакладваць не тое, што трэба (я потым трачу велізарныя грошы, каб вывудзіць сапраўдную інфармацыю), - даравання не будзе. Разумейце мяне, як хочаце".
"Для некага гэта вобласць родная. Для мяне ўся рэспубліка мая родная. Мы павінны навесці парадак і моладзі перадаць руль кіравання. Але мы павінны навесці яго. Гэта ганьба (цяперашні стан спраў у рэгіёне. - Заўвага), - падкрэсліў беларускі лідар. - Вы што, вайны захацелі? Не трэба нам вайна. Патрэбна эканоміка".
"Мужыкі, або вы пачынаеце працаваць, або мы з вамі будзем строіць па-іншаму адносіны. Я адкрыта гавару. Маю на гэта права. Таму што вы мяне не адзін раз падманулі пры трох губернатарах. Факты я вам назваў. Таму маю права з вас запатрабаваць. Вядома, я мог бы паўсміхацца, сказаць, што заўтра мы нешта выправім, у закрытым рэжыме палаяць, даць і пайсці. Гэта не мой стыль. Я вам сказаў прама, у вочы. Маю на гэта права - канстытуцыйнае і як чалавек, які прайшоў той шлях, які вы праходзіце цяпер", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Усё, мужыкі, дурніца скончана, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Ідзіце, наводзьце парадак".
Гэта патрабаванне Прэзідэнта - аб абавязковым навядзенні парадку і актыўных мерах - у роўнай ступені датычыцца і сітуацыі ў прамысловым сектары. "У нас па прамысловасці ёсць прадпрыемствы, (якія. - Заўвага) правалілі сёння. Сядзяць нечага чакаюць. Чаго вы чакаеце? Ногі ў рукі і пабеглі, пачынаючы ад Паўднёвай Афрыкі і заканчваючы Паўночным полюсам. І прыйдзеце скажаце, колькі трактароў, камбайнаў ты прадаў, пакуль бег на Паўночны полюс", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пашыраць геаграфію экспарту трэба па прыкладзе дзеянняў Беларусі ў Зімбабвэ, дзе цяпер з гатоўнасцю набываюць айчынныя тэхніку і тэхналогіі, таму што пераканаліся ў надзейнасці Беларусі як гандлёва-эканамічнага партнёра і яе зацікаўленасці ў развіцці супрацоўніцтва. Аналагічным чынам цяпер актывізуюцца ўзаемаадносіны з Лівіяй і, як вынік, павялічваецца аб'ём узаемнага гандлю. "Калі прадметна зоймуцца, калі паедуць, паварушацца - глядзіш, там тысячу, другую (прадукцыі прадалі. - Заўвага). І тады камбайны, трактары пайшлі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што якасць айчыннай прадукцыі пры гэтым павінна быць высокай.
Беларускі лідар заявіў, што важна наладзіць сістэму работы кіраўнікоў, якія павінны несці адказнасць на месцах.
"Вось гэта патрэбна - навядзенне парадку. Павінна быць сістэма, а не тое, што табе забаранілі, табе забаранілі. У кіраўніка адабралі ўсе правы, перадалі невядома каму, і чакаем. Не будзе выніку. Пакуль "унізе" кіраўнік не будзе кіраваць працэсам і несці адказнасць, парадку не будзе. Наша справа - стварыць сістэму і пракантраляваць яе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На нарадзе ўнеслі прапанову стварыць на буйных жывёлагадоўчых комплексах пляцоўкі для экстраннага забою. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што тут трэба прымяніць разумны падыход, а ў кіраўнікоў павінны быць паўнамоцтвы прымаць рашэнні самастойна. Разам з тым варта дакладна вызначыць, што маецца на ўвазе пад экстранным забоем, каб за ім не хавалі падзеж жывёлы.
"Мы павінны стварыць такую сістэму работы, каб кожны баяўся хлусіць або там нешта скажаць. Вось такая павінна быць сістэма", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па Віцебскай вобласці выказаўся супраць прыняцця простых рашэнняў і дзеянняў па шляху найменшага супраціўлення.
Сваё патрабаванне Кіраўнік дзяржавы растлумачыў на прыкладзе створаных раней у рэгіёне аграпрамысловых аб'яднанняў. Прэзідэнт нагадаў, што тады прапаноўвалася ўвогуле пазбавіць самастойнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія ўвойдуць у гэтыя аб'яднанні. "Я катэгарычна сказаў: не, не трэба, - нагадаў аб тых падзеях Аляксандр Лукашэнка. - Няхай калгасы, якія вы аб'ядналі пад шапкай малаказаводаў і мясакамбінатаў... Каб яны маглі працаваць, і ў іх быў інтарэс".
А цяпер Кіраўніку дзяржавы прапануецца прыняць рашэнне і зноў аб'яднаць, толькі зрабіўшы ўжо не сем структур, а дзве. Прэзідэнт усумніўся ў дастатковай прапрацаванасці гэтай прапановы. "Напэўна, вы пайшлі па шляху найменшага супраціўлення. Калі сем прадпрыемстваў напалову загружаны, то калі два пакінуць працоўнымі, яны будуць на 100% загружаны. Эфектыўнасць будзе вышэйшая. А далей што? А людзі? Школы? Кампетэнцыі, якія тут створаны? Вядома, было б лепш, каб гэтыя сем былі загружаны на 100%. Ідэальна. Але гэта доўга, цяжка, не хочацца і сварыцца будуць. Дык чаго вы мне хочаце падсунуць простыя рашэнні?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што па многіх аспектах створаны дастатковыя ўмовы, прыняты неабходныя рашэнні, і адзінае, чаго часта не хапае, - гэта дысцыпліна. "Трэба, сціснуўшы зубы, рабіць тое, што неабходна, - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба падключаць усіх, каб працавалі, займаліся справай. Элементарны парадак трэба наводзіць".
"Бізуна вам проста не хапае і жалезнай адказнасці", - звярнуўся да прысутных Прэзідэнт.
"Давайце зыходзіць ад зямлі (у прыняцці рашэнняў. - Заўвага). Патрэбны зямныя прапановы. Але не хлусіць. Вы, падманваючы мяне, вымушаеце прымаць няправільныя рашэнні", - папярэдзіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Генпракурор і КДК дакладвалі аб прыцягненні да адказнасці службовых асоб за розныя правапарушэнні. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што сярод іх - пераважна намеснікі кіраўнікоў, а цяпер надышоў час патрабаваць і з кіраўнікоў.
"А дзе кіраўнікі былі, калі намеснікі пракраліся і хабар бралі? Сумняваюся, што намеснік без вас гэта рабіў. Толькі ён на сябе ўзяў і сеў, а кіраўнік сказаў: я цябе выцягну. Ніхто нікога не выцягне, - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. - Усе перад законам аднолькавыя. Справядлівасць - аснова маёй палітыкі. Як толькі я ад гэтага адыду - бяда".
"Трэба супакоіцца і даваць вынік. Дасце вынік - да мяне прыходзьце, ва Урад і прасіце, што мы вам павінны, - падагульніў Прэзідэнт. - Усё будзем рабіць для людзей, якія імкнуцца дзяржаве дапамагчы".
Яшчэ адна важная тэма нарады - меры, якія неабходны для пераадолення праблемы падзяжу ў жывёлагадоўлі. Гэта пытанне разглядалі ў маштабах усёй краіны.
Аб сітуацыі падрабязна далажылі кіраўнікі Белстата Іна Мядзведзева, Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, Генеральны пракурор Андрэй Швед.
Выслухаўшы выступоўцаў "крытычнага блока", перайшлі да абмеркавання мер, неабходных для выпраўлення сітуацыі. Віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка выступіў па праблеме падзяжу жывёлы.
Сваё бачанне сітуацыі выклалі кіраўнікі палат парламента Наталля Качанава і Ігар Сергяенка. Апошні таксама з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці.
Выслухалі таксама меркаванне былых старшынь Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца і Мікалая Шарснёва, кіраўнікоў шэрага прадпрыемстваў.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін на нарадзе, таксама з улікам выказанай Кіраўніком дзяржавы жорсткай крытыкі, далажыў прапановы па планах развіцця Віцебскай вобласці да 2030 года - асноўных праектах і напрамках, якія павінны садзейнічаць дасягненню жаданага выніку. А гэта значны рост валавога рэгіянальнага прадукту і даходаў бюджэту, рэальнай заработнай платы. Размова не толькі аб развіцці сельскай гаспадаркі і вытворчай сферы, але таксама агучаны прапановы па актывізацыі работы ў галіне турызму, удасканаленні транспартна-лагістычнай сферы. Кіраўнік рэгіёна прапанаваў уключыць у дзяржпраграмы рэалізацыю шэрага праектаў па будаўніцтве дарог і мастоў.
Што датычыцца будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што трэба працаваць у гэтым напрамку, але адразу папярэдзіў, што Віцебская вобласць у краіне не адна і пры размеркаванні сродкаў трэба ўлічваць запыты і іншых рэгіёнаў.
Гаворачы аб планах да 2030 года, Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці не проста прапісаць запланаваныя паказчыкі, а распісаць усё па гадах, каб можна было пракантраляваць працэс рэалізацыі абяцанага.
"Па гадах раўнамерна разбіць гэта. Зрабіў - атрымай. Не зрабіў - тады спагнанне будзе максімальнае. Таму спачатку вынік дай, які абяцаў, а потым атрымай. Можа, нават больш дадзім. Я знайду рознымі шляхамі, рэзервы выкарыстаю. Не зрабіў - да адварочвання галавы. Па-мужчынску. Каб гэта не было "хацелкамі", гэта павінна быць алічбавана, і каб гэта было абавязкова", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што гатовы разглядаць тыя ці іншыя запыты і просьбы ад вобласці, але ўсё залежыць ад вынікаў развіцця самога рэгіёна.
"Сёння ўсе павінны сабрацца ў кучу і зрабіць добрую справу. Калі мы выцягнем Віцебскую вобласць, то няма куды будзе дзявацца і Магілёўскай, і Гомельскай абласцям, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Мы вывернем Віцебскую вобласць навыварат. І падтрымку вы атрымаеце фінансавую, нейкую арганізацыйную і іншую толькі тады, калі вы пераканаеце Урад, а яны - мяне. Я тады на гэта пайду. Калі не, і кроку не зраблю".
"Хочаце жыць і працаваць на сваёй зямлі, віцебскай зямлі, дапамогі хочаце - я заўсёды гатовы. Я гатовы з вамі стаць і рабіць, працаваць разам. Калі не, тады будзе строгае спагнанне. Груба кажучы: жывіце, зарабілі - падзялілі, падаткі аддалі (ільгот не будзе) - забірайце, дзяліце. Толькі так. Да гэтага мы ідзём. Я папрашу падрыхтавацца вас да таго, што спагнанне будзе сур'ёзнае", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра неабходнасць у бліжэйшы час навесці парадак і "вылізаць" у Віцебскай вобласці ўсё, што неабходна - ад калгасаў да прадпрыемстваў, там, дзе гэта неабходна.
"Жым будзе вельмі страшны. Усё павінна быць выканана. І не адкідваць на 2030 год", - патрабуе беларускі лідар.
Што датычыцца работы створаных раней аграпрамысловых аб'яднанняў, Прэзідэнт пакуль не стаў даваць гэтаму нейкіх канчатковых адзнак. "Я тады не бачыў у гэтым нічога дрэннага. Не бачу і цяпер. Толькі трэба падкарэкціраваць пад сыравінныя зоны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба манапалізаваць усе закупкі для сельскай гаспадаркі. Асабліва звонку. І дакладна сачыць. Ніякай там не павінна быць звышрэнтабельнасці, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта танней, чым будзе кожны завозіць і канкурыраваць адзін з адным. Мы гэта ведаем па іншых рэчах".
Яшчэ адно даручэнне - ліквідаваць розныя непатрэбныя пасрэдніцкія структуры. Гэтым пытаннем ён персанальна даручыў заняцца Намесніку Старшыні УНС Аляксандру Косінцу.
Кіраўнік дзяржавы таксама патрабуе ліквідаваць бюракратычныя патрабаванні і перашкоды, якія не дазваляюць кіраўнікам на месцах рабіць намечанае. Напрыклад, пры будаўніцтве тых ці іншых сельскагаспадарчых аб'ектаў, у адносінах да чаго ёсць залішнія патрабаванні.
Асобна Кіраўнік дзяржавы згадаў аб падрыхтоўцы перспектыўных кадраў і даў у гэтым плане канкрэтную параду кіраўніку вобласці: "Што ў ВНУ недзе вучаць спецыялістаў - гэта ўсё добра. Я гаварыў аб кіраўніку. Гэта "зярняткі". Ты, старшыні райвыканкамаў, твае падначаленыя выбралі гэтых людзей - іх шмат не будзе - 20-30 чалавек. Але гэта твой рэзерв. Ты павінен кантраляваць іх падрыхтоўку. Тады ў цябе не будзе праблем з кіраўнікамі гаспадарак. А з добрых кіраўнікоў гаспадарак вырасце добрае пакаленне (кіраўнікоў больш высокага ўзроўню. - Заўвага.). Райвыканкамы, і табе будзе замена, і гэтак далей".
Нарада з Кіраўніком дзяржавы прадаўжалася больш за 5 гадзін. Падрабязна пагаварылі аб усіх праблемных момантах і недапрацоўках, якія ёсць у вобласці. Цяпер не выконваюцца многія паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, ёсць прасяданне ў ключавых галінах.


