Віншаванне калектыву рэдакцыі часопіса "Беларуская думка"

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі часопіса "Беларуская думка" са 100-гадовым юбілеем выдання.

    Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гісторыя выдання непарыўна звязана з лёсам краіны і гэта яскрава адлюстроўваюць яго назвы ў розныя гады - "Вперед", "Бальшавік Беларусі", "Коммунист Белоруссии". "Заўсёды на яго старонках пераважала менавіта наша, беларуская, навуковая і грамадска-палітычная думка, што зафіксавана ў сучаснай назве часопіса", - гаворыцца ў віншаванні.

    "Беларуская думка" сёння з'яўляецца аўтарытэтнай публічнай пляцоўкай для дэбатаў па найбольш актуальных тэмах палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і навуковага жыцця рэспублікі. На яе старонках друкуюцца працы як ужо вядомых айчынных і замежных вучоных, так і маладых таленавітых даследчыкаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

    Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што і ў далейшым выданне будзе трывала стаяць на дзяржаўных пазіцыях і цвёрда адстойваць іх у інфармацыйнай прасторы.

    Беларускі лідар пажадаў калектыву і ветэранам рэдакцыі моцнага здароўя, невычэрпнага творчага натхнення, шчырых і ўдзячных чытачоў.