Нарада аб бягучых пытаннях дзейнасці СМІ
- 7
- 12:26
Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі павінны не толькі ўтрымліваць фокус увагі аўдыторыі і інфармаваць яе, але і думаць пра ўласнае развіццё. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 сакавіка на нарадзе аб бягучых пытаннях дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў час нарады размова пойдзе аб задачах, якія павінны вырашацца ў інфармацыйнай сферы. "Ідзе глабальная інфармацыйная вайна, удзельнікамі якой мы з'яўляемся. Не скажу, што гэта па нашай волі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Таксама на парадку дня абмеркаванні праблемных пытанняў у рабоце вядучых беларускіх СМІ. "Як бы ні было цяжка, вы павінны не толькі ўтрымліваць фокус увагі аўдыторыі, інфармаваць, растлумачваць, падтрымліваць, але і думаць пра ўласнае развіццё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адной з тэм нарады стаў праект Указа, які рэгулюе пытанні рэкламы ў сродках масавай інфармацыі, што быў вынесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што праект Указа ўжо разглядалі некалькі разоў з розных бакоў і Урад, і Адміністрацыя Прэзідэнта. Нядаўна ў краіне пачала працаваць айчынная сістэма медыявымярэнняў, якая павінна забяспечыць празрыстасць рынку, створаны рэестр рэкламных распаўсюджвальнікаў.
"Сёння сітуацыя змянілася кардынальна. У выніку цяперашняга геапалітычнага канфлікту на Расію і заадно на Беларусь абрушылі новы шквал грабежніцкіх санкцый", - адзначыў Прэзідэнт. З улікам таго, што ёсць верагоднасць прадаўжэння такога націску, трэба прымаць рашэнне, як дзейнічаць у існуючай абстаноўцы, упэўнены кіраўнік дзяржавы. "Што мы будзем рабіць? Што павінны зрабіць? Ёсць у нас рэальныя інструменты падтрымкі СМІ ў сітуацыі, якая склалася? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні перш за ўсё ад міністра інфармацыі. Ён у нас у гэтым плане добры спецыяліст", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што да яго даходзіць шмат інфармацыі ад звычайных людзей, якія робяць справядлівыя заўвагі наконт наяўнасці рэкламы ў тых, хто раней выступаў супраць дзяржавы. "Я скажу адкрыта: рэклама павінна быць на патрыятычных прадзяржаўных (не з пункту гледжання ўласнасці) каналах, якія абараняюць дзяржаву, захоўваюць мір і спакой у нашай дзяржаве", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"У нас ёсць "Першы канал", АНТ, СТБ, "Мір", газеты, часопісы... Не з пункту гледжання толькі прапаганды Лукашэнкі і ў дрэнным сэнсе прапаганды. Гэта нармальныя каналы. Дык вось рэклама павінна быць там, а не ў нейкіх шалёных, якія разбуралі дзяржаву і прадаўжаюць гэта паспяхова рабіць, і пасмейваюцца збоку", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Адзінае, ад чаго перасцярог Кіраўнік дзяржавы, - каб кіраўнікі і журналісты на фоне такога рашэння не забранзавелі. "Гэтага мы вам не дазволім. Вы ж мяне добра ведаеце. Бацька за добрае пахваліць, але за дрэннае - мінімум пажурыць. Вось з гэтага трэба зыходзіць", - звярнуў увагу ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сённяшняя размова будзе не толькі аб эканоміцы, хоць гэта важнейшае пытанне. "Я не стамлюся паўтараць: любая падтрымка можа быць аказана толькі пад канкрэтны план развіцця. Вы павінны разумець, я вам сумленна, шчыра гавару: пакуль вы не вычарпаеце свае магчымасці зарабляць, да гэтага часу не звяртайцеся да бюджэту, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Лішніх грошай у бюджэце няма. Але калі трэба і на выхадзе мы будзем бачыць нармальны эфект, мы заўсёды грошы знойдзем".
У час нарады Прэзідэнт таксама выказаўся аб прапагандысцкай ролі масмедыя. Ён канстатаваў, што прапаганда заўсёды прысутнічае ў дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і гэтага не трэба ні адмаўляць, ні баяцца. "Не ведаю, чаму абылгалі і апаганілі гэта слова. Заўсёды была, ёсць і будзе прапаганда. Але нам пажадана прапагандаваць усё лепшае. У нас хапае гэтага дабра", - сказаў Прэзідэнт.
"Я не разумею, чаго вы перажываеце наконт гэтага? Прапаганда - яна была, ёсць і будзе заўсёды. Толькі трэба прапагандаваць, як вы, Іван Міхайлавіч (Эйсмант, старшыня Белтэлерадыёкампаніі. - Заўвага), часта правільна гаворыце, не фэйкі і розную лухту. Разумееце, мы ва ўнікальнай сітуацыі - можна сказаць (хай не пакрыўдзяцца іншыя), адзіная з усіх цывілізаваных краін, якая прыстойна выглядае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, дзяржаўныя СМІ ў Беларусі даносяць праўдзівую інфармацыю, не прыхарошваюць яе. "У нас дастаткова інфанагод і фактаў для таго, каб іх проста сумленна і праўдзіва падаць усёй сусветнай грамадскасці, не толькі нашай публіцы, - усёй сусветнай грамадскасці. Няхай глядзяць, зайздросцяць", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы бачыце, як груба супраць нас ваююць. Дэманізуюць афіцыйныя і Маскву, і Мінск перад астатнім светам. Пераплюнулі ўжо нават Шарпа і Гебельса", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што на людзей з інтэрнэту льюцца патокі самай нахабнай і дзікай хлусні. "Забыты ўсе правілы прыстойнасці. Пра нормы журналістыкі, прафесійную адказнасць наогул ніхто не ўспамінае. Гэта поўнамаштабная інфармацыйная вайна - за розумы нашых людзей, за будучыню дзяцей. Мы прайграць гэту вайну не можам. Мы і не павінны яе прайграць, калі не дапусцім глабальных памылак", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што дзяржаўныя СМІ ўсё часцей перахопліваюць інфармацыю ў інтэрнэце. "Беларускія вядучыя тэлеканалы, "Советская Белоруссия", БЕЛТА прыкметныя там. Але гаварыць, што наша інфармацыя дамінуе, што мы там перамагаем, пакуль, напэўна, дачасна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на работу з кадрамі і развіццё чалавечага патэнцыялу. "Трэба, захоўваючы журналісцкія калектывы, знаходзіць новых людзей - маладых, крэатыўных і, самае галоўнае, патрыятычна настроеных. Павінна быць пераемнасць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Я ўпэўнены, што нам трэба займацца аптымізацыяй на каналах. Трэба пакідаць тых людзей, у якіх вы абсалютна ўпэўнены", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што дзяржаўным СМІ трэба вызначыцца з кадравым складам і аптымізавацца "настолькі, наколькі сёння магчыма". "Тады і зарплата будзе", - адзначыў ён.
На нарадзе Прэзідэнт выказаўся аб магчымасці блакіроўкі ў краіне YouTube і замежных сацсетак.
"Вядома, заблакіраваць вядучыя пляцоўкі - YouTube, некаторыя сацыяльныя сеткі, - як гэта зрабілі ў Расіі, або паставіць "залаты шчыт", як у Кітаі, тэарэтычна магчыма. У любы час. Але я вас заклікаю да таго, што, перш чым зрабіць які-небудзь крок, давайце ўзважым за і супраць, што мы атрымаем ад гэтага. Калі там, і ўсё, што там робіцца, на шкоду і ў перспектыве яшчэ большая будзе шкода, тады прымайце рашэнне. Калі пакуль да гэтага не дайшло, давайце пачакаем, давайце не будзем спяшацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што пры прыняцці рашэнняў заўсёды трэба дзейнічаць акуратна, каб потым не хапацца за галаву. "Трэба прымаць узважаныя рашэнні. Развіваць свае рэсурсы. А мы ўмеем гэта рабіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, развіваць трэба свае рэсурсы, у тым ліку разам і з расіянамі".
"Мы не павінны апусціць рукі - урок 2020 года, калі нам здавалася, што ўсё добра. Але не. Таму трэба працаваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Вайна ідзе (інфармацыйная. - Заўвага), а побач - гарачая вайна. І вы бачыце, як супраць нас працуюць".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што збеглая апазіцыя і яе прыхільнікі цяпер націскаюць на грамадзян і спрабуюць іграць на іх эмоцыях, заяўляючы нібыта аб тым, што Беларусь будзе ваяваць з Украінай. Спабуюць уздзейнічаць псіхалагічна на людзей у пагонах, і асабліва на іх сем'і.
"Тысячу дваццаць разоў гаварыў аб тым, што няма ў нас планаў ваяваць ва Украіне. Але тэма гарачая. Беларусы на генетычным узроўні не прымаюць вайну. І вось яны за гэта цяпер пачалі чапляцца. Мы павінны прыгожа на гэта адказваць. Разумна ў савецкія часы не толькі аб прапагандзе гаварылі, але і аб контрпрапагандзе. На гэта трэба рэагаваць спакойна, але толькі не апраўдвацца", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што збеглыя самі цяпер фарміруюць добраахвотніцкія атрады для вайны ва Украіне. "Дык хто ва Украіне сёння рэальна ваюе?" - спытаў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шматлікія заявы за мяжой аб тым, што Беларусь нібыта далучыцца да баявых дзеянняў ва Украіне, распаўсюджваюцца не проста так. "Такім чынам рыхтуецца грамадскае меркаванне, каб нас туды ўцягнуць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
"А нас у вайну можна ўцягнуць толькі адным спосабам: калі супраць краіны пачнецца агрэсія, калі супраць нас пачнуць ваяваць. Таму я трымаю вуха востра. Калі я гэта чытаю, я выклікаю ваенных: "Далажыце, што адбываецца на паўночным захадзе, што на захадзе? Ці ўсё мы бачым? Ці мабілізавалі мы ўсё? Разведка як працуе?" - заявіў Прэзідэнт.