У беларускае грамадзянства прыняты 409 чалавек з 21 краіны

    У беларускае грамадзянства прыняты 409 чалавек, у тым ліку 46 непаўналетніх. Адпаведны Указ № 206 падпісаў 10 ліпеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

    Падпісанню дакумента папярэднічала выязное пасяджэнне Камісіі па пытаннях грамадзянства пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якое адбылося ў Мінскай гарадской ратушы.

    Падтрыманы хадайніцтвы аб прадастаўленні грамадзянства 409 асобам, у тым ліку 46 непаўналетнім. Сярод тых, хто атрымаў грамадзянства Беларусі, - выхадцы з 21 краіны.

    За апошнія два гады Кіраўніком дзяржавы прыняты ў грамадзянства 4436 чалавек, у тым ліку 3572 жыхары Украіны. У першую чаргу гэта асобы, якія прыбылі з Данецкай і Луганскай абласцей.

    Прыём і разгляд заяў аб прадастаўленні грамадзянства Рэспублікі Беларусь прадаўжаецца.