Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў
- 13
- 13:56
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў шасці краін і Мальтыйскага ордэна. Урачыстая цырымонія адбылася 24 лістапада ў Палацы Незалежнасці.
Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі паслы Бангладэш, Ізраіля, Камбоджы, Кітая, Намібіі, Пакістана і Мальтыйскага ордэна.
"Бягучы момант можна ацэньваць па-рознаму. Але для нас відавочна адно - беларусы, як гэта заўсёды бывала ў мінулым, даказалі сваю здольнасць адстаяць суверэнітэт краіны, традыцыйныя каштоўнасці і тэрытарыяльную цэласнасць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Неаднаразова заяўляў і яшчэ раз паўтару, што толькі наш народ мае права вырашаць, як будзе развівацца ў будучым беларуская дзяржава".
Прэзідэнт нагадаў, што цяпер па ўсёй краіне ідзе дыялог пра будучыню Беларусі і шляхі яе развіцця. У гэту дыскусію ўцягнуты радавыя грамадзяне, працоўныя калектывы, эксперты, парламентарыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і дзяржаўных структур. "Нам важна, каб было пачута меркаванне кожнага. Усе канструктыўныя прапановы будуць уключаны ў парадак дня Усебеларускага народнага сходу", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Карыстаючыся выпадкам, хачу падкрэсліць адну акалічнасць. Апошнім часам заходнія дзяржавы вельмі хвалююцца наконт далейшага развіцця Беларусі, вельмі перажываюць і будуюць розныя схемы ўздзеяння на беларускую ўладу і Прэзідэнта з мэтай звяржэння існуючага ладу. Дайшлі да таго, што гатовы падключыць да гэтага працэсу Расію, але не ведаюць як (я раблю гэту заяву на падставе жалезных, як кажуць у Кітаі, фактаў), - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - У сувязі з гэтым хачу сказаць, што Прэзідэнта Беларусі можна адхіліць ад улады. Гэта рэальна. Падказваю шлях, ён адзіны, іншых няма: толькі беларускі народ гэта зможа зрабіць на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, і беларускай Канстытуцыі. Як бачыце, зусім просты адказ на ўсе пытанні, што бударажаць сёння галовы заходніх дыпламатаў, якія нясуць службу ў Беларусі, і тых, хто сёння хвалюецца і заклапочаны гэтым пытаннем на Захадзе, а таксама нашых збеглых".
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што Беларусь сваімі ініцыятывамі на міжнароднай арэне даказала здольнасць уносіць канструктыўны ўклад у вырашэнне розных праблем.
"З улікам сваёй няпростай гісторыі і геапалітычнага становішча наша краіна вельмі зацікаўлена ў неканфліктным і эфектыўным супрацоўніцтве з іншымі краінамі, у тым ліку з заходнімі, - сказаў Прэзідэнт. - Пры гэтым мы, безумоўна, выключаем любы палітычны і эканамічны націск. У дыялогу з партнёрамі Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў адкрытасці, прыстойнасці і раўнапраўя. Любы націск на нас, а тым больш увядзенне якіх-небудзь санкцый... Я сумленна і адкрыта заяўляю: будуць аналагічныя адказы, і яны будуць больш адчувальныя для еўрапейскай супольнасці перш за ўсё. Таму нам не трэба ісці гэтым шляхам".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на фоне барацьбы з пандэміяй усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае глабальную эканоміку. "Сітуацыя ў свеце імкліва змяняецца і часта складана прагназуецца. Нікуды не адышлі застарэлыя канфлікты. У такіх няпростых умовах усе дзяржавы імкнуцца выпрацаваць стратэгію эфектыўнага процідзеяння выклікам і пагрозам. Як паказвае практыка, больш плённа гэта рабіць разам. А не так, як гэта робяць заходнія дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нядаўна задэкларавалі, што яны выдзяляюць Беларусі ажно 24 млн еўра ў гэтых складаных умовах. Але заявілі, што грошы пойдуць не на барацьбу з пандэміяй, а на развіццё "грамадзянскай супольнасці" (чытай - падтрымку тых пратэсных акцый, якія адбываюцца ў Беларусі і падтрымку так званай апазіцыі). Але, на жаль, на шляху ў Беларусь гэтыя грошы раствараюцца, і мы ведаем, хто іх паглынае. Гэта розныя каардынацыйныя саветы, створаныя за межамі нашай краіны ў якасці альтэрнатывы цяперашняму кіраўніцтву Беларусі, і на дапамогу, на падтрымку тых збеглых, якія сёння акапаліся ў Польшчы і краінах Балтыі, у прыватнасці, у Літве".
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам для кожнай з дзяржаў, паслы якіх прысутнічаюць на цырымоніі. "Нам ёсць што прапанаваць вам для супрацоўніцтва", - удакладніў ён.
Пра Кітай
Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітая ў Беларусі Се Сяаюна, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Характар нашых адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай - даверчае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. І гэтым усё сказана (усё гэта замацавана ў нарматыўна-прававых міжнародных актах). Гэтай філасофіяй прасякнуты ўсе сферы нашага ўзаемадзеяння".
Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў кітайскай ініцыятыве "Пояс і шлях". "Сёння гэта рэальна працуючы праект, які дае канкрэтную аддачу, і мы ўсямерна садзейнічаем і будзем садзейнічаць яго спалучэнню з інтэграцыйнымі працэсамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, наколькі гэта магчыма", - сказаў беларускі лідар.
У якасці аднаго з паказальных прыкладаў двухбаковага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка прывёў праект Кітайска-беларускага ідустрыяльнага парка "Вялікі камень", дзе працуюць ужо амаль 70 высокатэхналагічных замежных кампаній.
Акрамя таго, у гэтым годзе стартавалі яшчэ два важныя для Беларусі праекты - будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту на сродкі КНР.
"Захоўваюцца добрыя тэмпы росту беларускага экспарту ў Кітай. Паводле нашых ацэнак, у гэтым годзе аб'ём паставак сельгаспрадукцыі ў Кітай упершыню дасягне $200 млн. Я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пра Ізраіль
Характарызуючы адносіны Беларусі і Ізраіля, Прэзідэнт заўважыў, што дзве краіны звязвае шматвяковая дружба, а таксама агульная трагедыя самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны.
"Нашы дзяржавы паслядоўна адстойваюць абсалютную недапушчальнасць перагляду яе вынікаў і гераізацыі нацызму (дарэчы, у бліжэйшы час наш парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму ў Беларусі). Так званай гераізацыяй сёння грашаць вельмі многія краіны, асабліва размешчаныя побач з намі. А дарэмна. Упэўнены, што ніякія заслугі перад айчынай не могуць апраўдаць злачынствы супраць чалавецтва", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што будзе развівацца супрацоўніцтва з Ізраілем у галіне інфармацыйных і біятэхналогій, робататэхнікі, а таксама штучнага інтэлекту. "І ёсць што вам прапанаваць. Ваш узровень развіцця мы ведаем", - адзначыў Прэзідэнт.
Пра Мальтыйскі ордэн
"Значны вопыт двухбаковага супрацоўніцтва ў нашай краіны з Мальтыйскім ордэнам, якому ўдзячны за вялікую гуманітарную дапамогу, пастаўкі медыцынскага абсталявання, павышэнне кваліфікацыі беларускіх урачоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама звярнуў увагу, што ордэн актыўна ўзаемадзейнічае з Беларуссю ў рамках міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.
Пра Пакістан
Асаблівае значэнне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь надае супрацоўніцтву з Пакістанам. "Пасля адкрыцця сваіх дыпмісій Мінск і Ісламабад зрабілі сапраўдны прарыў ва ўсіх сферах узаемадзеяння. Сёння нам неабходна разумна выкарыстоўваць існуючыя напрацоўкі, удзяліўшы асаблівую ўвагу прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, фармацэўтыцы і ахове здароўя. Галоўнае - не спыняцца, трэба ісці наперад, нягледзячы на розныя катаклізмы тут і там", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што чакаецца візіт у Мінск Прэм'ер-міністра Пакістана Імрана Хана.
Пра Бангладэш
Беларусь разглядае Народную Рэспубліку Бангладэш як важнага і перспектыўнага партнёра, запэўніў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што за апошнія гады актывізавалася ўзаемадзеянне дзвюх краін у гандлёва-эканамічнай сферы. "І магчымасці тут вялікія, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Мы бачым добрыя перспектывы для работы ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і адукацыі. Пазіцыі нашых краін блізкія і па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня".
Пра Камбоджу
У гэтым годзе Беларусь і Камбоджа адзначылі 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. "За гэты час сфарміраваны дагаворна-прававая база і рабочыя органы для ўзаемадзеяння. Пара актыўна пераходзіць да канкрэтных праектаў. Мы да гэтага гатовы", - заявіў Прэзідэнт.
"Тэхналагічныя магчымасці Беларусі могуць у значнай ступені задаволіць патрэбнасці эканомікі Камбоджы, - прадоўжыў беларускі лідар. - Акрамя паставак тэхнікі і абсталявання, нашы прадпрыемствы гатовы актывізаваць прамысловую кааперацыю, удзельнічаць у развіцці транспартнай і энергетычнай інфраструктуры Камбоджы, здабычы карысных выкапняў. Мы гатовы ствараць у вас патрэбныя для вас прадпрыемствы і рыхтаваць для іх рабочыя кадры".
Пра Намібію
"У Афрыцы ў нас далёка не цалкам рэалізаваны патэнцыял супрацоўніцтва з Намібіяй. Сёння мы знаходзімся толькі ў пачатку шляху па фармаціраванні нашых адносін, - адзначыў Прэзідэнт. - Я абсалютна ўпэўнены, што нам трэба арыентавацца на дасягненне практычнага выніку на доўгатэрміновую перспектыву супрацоўніцтва".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна сканцэнтравацца на павелічэнні аб'ёмаў узаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у сферах энергетыкі і сельскай гаспадаркі.
На заканчэнне цырымоніі Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў дыпламатаў з афіцыйным пачаткам работы ў Беларусі. "Спадзяюся, вы будзеце непрадузята і аб'ектыўна даводзіць свайму кіраўніцтву інфармацыю аб жыцці нашай краіны. Мы гатовы дапамагаць вам у гэтым, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Разлічваю, што вашы вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць".