Урачыстае мерапрыемства "Малітва за Беларусь"

  • 19

На беларускай зямлі будзе безумоўна забяспечаны мір. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 кастрычніка, выступаючы на ўрачыстым мерапрыемстве "Малітва за Беларусь".

"Беларускай дзяржаве быць вечна. Мы нікому ніколі не аддадзім ні пядзі сваёй зямлі, не прэтэндуючы на землі іншых", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам асабліва часта бачыць розныя інсінуацыі і маніпуляцыі. "Гэта адзінкі нашых грамадзян, але яны ёсць, якія спрабуюць тое, што адбываецца ва Украіне, павярнуць унутр Беларусі і ператварыць у нейкую гразную палітычную кампанію. Бо сапраўды вялікае шчасце, калі народ жыве ў міры. Калі няма міру - не трэба нічога: тады ні прадукты харчавання, ні адзенне, ні цэны на іх не значаць нічога. Спытайце гэта ў бежанцаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы ўсё можам самі зрабіць сваімі рукамі ў роднай Беларусі пры наяўнасці толькі адной умовы - міру і спакою. І будзьце ўпэўнены: як бы ні было складана і цяжка, мір і бяспеку для нашых грамадзян, тых 10 мільёнаў жыхароў і двух-трох мільёнаў гасцей, якія прыбываюць да нас у краіну, мы забяспечым безумоўна, чаго б нам гэта ні каштавала,  таму што мір - гэта самае дарагое, што можа быць у чалавека для яго працвітання і прагрэсу", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што грамадзянскі мір і згода, непрыманне любых форм варожасці на рэлігійнай і этнічнай глебе сталі галоўнымі складнікамі дзяржаўнай палітыкі Беларусі.

"Жыхары Беларусі ацэньваюць міжнацыянальныя адносіны ў краіне як спакойныя. У нас няма дыскрымінацыі па канфесійнай і нацыянальнай прыкмеце. Не ведаю, ці ёсць яшчэ такая краіна на планеце, дзе кіраўнікі розных рэлігійных і грамадскіх аб'яднанняў не толькі сябруюць паміж сабой, але і актыўна дапамагаюць адзін аднаму", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што пад небам Беларусі сёння жывуць у згодзе, уступаюць у шлюб, выхоўваюць сумесных дзяцей прадстаўнікі больш як 140 нацый і народнасцей. "У нашым краі стагоддзямі перасякаліся дарогі розных этнасаў і культур. Мы не толькі стваралі ўласныя духоўныя каштоўнасці, але і ўзбагачаліся творчай спадчынай людзей, якія па тых ці іншых прычынах пакінулі сваю гістарычную радзіму", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць глыбока сімвалічнай урачыстую цырымонію "Малітва за Беларусь". "Малітва - гэта не толькі зварот вернікаў да Бога, але і праяўленне шчырых і глыбокіх пачуццяў кожнага з нас і ўсяго беларускага народа да сваёй Радзімы - нашага агульнага дома, аб дабрабыце якога мы штодзень клапоцімся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі людзі паважаюць адзін аднаго, "праваслаўны ўспрымае мусульманіна, а мусульманін праваслаўнага не толькі як свайго, а як ён сам". "Гэта залог таго, што мы заўсёды будзем жыць у міры", - лічыць Прэзідэнт.

"Спакон веку найвышэйшай праявай чалавечага духу было пакланенне сваім святыням. Для нас, беларусаў, няма больш вялікай святыні, чым самаадданы подзвіг людзей, якія не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі родную зямлю ад захопнікаў і прыгнятальнікаў. Узносячы малітву аб Беларусі, мы ў першую чаргу схіляем галовы перад загінуўшымі героямі, якія ўпісалі залатыя старонкі ў слаўны летапіс Айчыны, - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што мір на беларускай зямлі і спакой у грамадстве з'яўляюцца вялікімі заваёвамі ў краіне.

"Сёння зямны шар расколваецца ад крывавых канфліктаў. У міжусобную бойню ўцягнулі нават нашых суседзяў - братоў-украінцаў. Яны дзясяткамі тысяч бягуць ад вайны, у тым ліку да нас. Расказы бежанцаў часам наганяюць жаху", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"На гэтым фоне беларускія грамадзяне асабліва выразна адчулі цеплыню роднага дома. Таго ціхага сінявокага прыстанку, дзе не рвуцца снарады, не рыдаюць маці, не гінуць бездапаможныя дзеці і старыя", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў былыя часы Беларусь вельмі часта станавілася скрыжаваннем, на якім у смяротнай схватцы сыходзіліся арміі дзяржаў, што ваююць. "Наш народ вынес столькі пакут, што назаўсёды выпрацаваў у сябе імунітэт супраць усялякага насілля. І цяпер аснова нашай знешняй палітыкі - міралюбнасць", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гістарычная памяць і добрыя традыцыі з'яўляюцца надзейным фундаментам дабрабыту грамадства і стабільнасці любой краіны. "Адданасць  маральным прынцыпам, спагадлівасць і чалавечнасць, як гавораць у Беларусі, "людскасць", - вось сакрэт той духоўнай сілы нашага народа, дзякуючы якой ён паспяхова вытрымаў усе гістарычныя выпрабаванні і пабудаваў сваю суверэнную дзяржаву", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў краіне істотна рушылі наперад у вырашэнні адной з самых балючых праблем сучаснасці, якая вельмі характэрна і актуальна для еўрапейцаў, - дэмаграфічнай. У Беларусі прыкметна павысіліся працягласць жыцця і нараджальнасць. На думку Кіраўніка дзяржавы, у значнай ступені гэтаму садзейнічае рэалізацыя праграм па сацыяльнай падтрымцы грамадзян. "Але, бадай што, не менш важны фактар – стварэнне ў краіне атмасферы ўпэўненасці людзей у сваёй будучыні, у стабільнасці і абароненасці нашай дзяржавы", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў фундаменце свецкіх прынцыпаў сучаснага ўладкавання жыцця – рэлігійныя пастулаты і ўяўленні. "Выкладзеныя ў Бібліі, Торы, Каране запаведзі з’яўляюцца асновай маральных норм, якія вызначаюць і рэгулююць паводзіны чалавека. Як толькі грамадства пачынае іх ігнараваць, скажона трактаваць, слухаць шарлатанаў, псеўдапрарокаў і  прадказальнікаў, як правіла, здараюцца сацыяльныя катаклізмы. Слова трансфармуецца ў зброю разбуральнай сілы", - лічыць Прэзідэнт.

 "Паверце: страшна, калі вайна, страшна, калі ў выніку гінуць людзі. Але яшчэ страшней – калі мы адыходзім ад фундаментальных маральных прынцыпаў. Войны, раны ад войнаў загойваюцца. Сведчанне таго - Другая сусветная і Вялікая Айчынная вайна. Але парушэнне фундаментальных маральных прынцыпаў – гэта на стагоддзі. Таму нам трэба як ніколі быць асцярожнымі і акуратнымі, асабліва ў гэты смутны і іншым разам незразумелы час", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Сёння ўмацаванне нашай дзяржаўнасці ў многім залежыць ад таго, наколькі светапогляд пастыра або актывіста нацыянальна-культурнага аб’яднання суадносіцца з яго павагай да народа і верай у краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"У многіх з прысутных ёсць светапоглядныя, багаслоўскія адрозненні. Але перад намі стаіць агульная задача: максімальна збліжаць пазіцыі па грамадска значных пытаннях. Выхоўваць нашых грамадзян у духу ўзаемаразумення і добрасуседства. Вучыць іх міласэрнасці і верацярпімасці, згодзе і клопату аб блізкім", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
 
На яго думку, асабліва значнымі ў гэтым плане з’яўляюцца ўмацаванне высокіх духоўных ідэалаў, выхаванне і навучанне падрастаючага пакалення, падтрымка сям’і, мацярынства і дзяцінства. "Словам, забеспячэнне дастойнай сучаснасці і будучыні нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры ўдзеле Кіраўніка дзяржавы адбылася цырымонія закладкі капсул з зямлёй з месц пахавання воінаў - беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы, у крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх святых. У цырымоніі прынялі ўдзел кіраўнікі праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай рэлігійных канфесій, а таксама дыпламатычных прадстаўніцтваў сямі замежных дзяржаў - Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Італіі, адкуль прыбылі капсулы з зямлёй з месц пахавання воінаў - беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у час цырымоніі прачытаў кароткую малітву, акрапіў капсулы і нішы святой вадой. Заклалі капсулы ваеннаслужачыя роты ганаровай варты. Пасля завяршэння цырымоніі Аляксандр Лукашэнка падышоў да цэнтра крыпты, дзе размешчана лампада з жыватворным агнём, запаліў і ўстанавіў памінальную свечку.

Прэзідэнт лічыць, што гэта ўнікальны праект па ўвекавечанні памяці землякоў, якія загінулі за межамі Радзімы. Паводле яго слоў, закладка ў крыпце храма капсул - даніна павагі беларусам, якія аддалі жыццё за мір і спакой на планеце.