Удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі
- 23
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 чэрвеня прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ў Мінску новага будынка 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі.
"Сёння для ўсіх прысутных - і супрацоўнікаў аховы здароўя, і асабліва тых, хто пражывае ў гэтым раёне, - дзень знамянальны. Калі ў маім графіку знаходзіцца час, каб пабываць на свяце, - гэта асаблівае пачуццё. Мы гэты дом адкрываем для нашых дзяцей. Цяпер, у першыя дні лета, якое пачалося добрым святам - Міжнародным днём абароны дзяцей, у нас новы будынак 9-й гарадской дзіцячай паліклінікі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у першую чаргу падзякаваў будаўнікам, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні гэтага аб'екта: "Два гады - і прыгожае, зручнае і вельмі патрэбнае, як мяне пераконваюць, памяшканне паліклінікі было пабудавана".
Новая шасціпавярховая дзіцячая паліклініка была ўзведзена на месцы старога будынка. Будаўніцтва пачалося ў красавіку 2020 года, праз два гады аб'ект быў прыняты ў эксплуатацыю. Установа разлічана на 400 наведванняў у змену замест 192 у былым будынку.
Для жыхароў Партызанскага раёна - гэта важная падзея, паколькі ўвесь гэты час урачам даводзілася прымаць дзяцей на базе 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі. Умовы там былі абмежаваныя.
У час цырымоніі адкрыцця будаўнікі перадалі кіраўніку дзяржавы сімвалічны ключ ад новага будынка паліклінікі, Прэзідэнт у сваю чаргу ўручыў яго галоўнаму ўрачу Але Герасіменка. Аляксандр Лукашэнка таксама перадаў паліклініцы сертыфікат на набыццё рэабілітацыйнага трэнажора.
Сімвалічную стужку разам з Аляксандрам Лукашэнкам перарэзалі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, мэр сталіцы Уладзімір Кухараў, генеральны дырэктар будтрэста № 1 Уладзімір Бублік і галоўны ўрач паліклінікі.
"Я ехаў на гэта мерапрыемства з такім пачуццём, ці не шмат мы будуем аб'ектаў культуры, спорту, аховы здароўя? Мабыць, усё ж такі мнагавата. Але не для дзяцей. Для дзяцей - гэта асаблівы выпадак. Нам трэба вельмі сур'ёзна прарэвізаваць усё тое, што мы пабудавалі ў сацыяльнай сферы. Магчыма, нават у паліклініку варта лішні кіламетр прайсці або праехаць, асабліва ў Мінску, а сэканомленыя грошы ад будаўніцтва накіраваць на павышэнне дабрабыту саміх медыкаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што большая частка рэспубліканскага бюджэту накіроўваецца на падтрымку сацыяльнай сферы. "Мы ўзялі такі курс - на пабудову сацыяльнай дзяржавы. У гэтым і сэнс", - адзначыў ён.
Яшчэ больш сродкаў выдзяляць на сацыяльную сферу можна толькі пры павелічэнні падаткаў, але наўрад ці такое рашэнне падтрымаюць грамадзяне, заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму трэба разабрацца, дзе ўзяць гэтыя грошы, каб павышаць заработную плату. Тады я сказаў, што трэба, напэўна, нам крыху скараціцца з будаўніцтвам новых будынкаў. А гэта не проста будынак, гэта палац. А палацы дорага каштуюць. Вось у чым сэнс таго, што я гаварыў больш як год таму. Я яшчэ раз гэта паўтараю: каб горад Мінск, і асабліва Міністэрства аховы здароўя, над гэтым падумалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На цырымоніі адкрыцця паліклінікі Прэзідэнт падкрэсліў, што сучасныя пандэміі - гэта вялікая барацьба за грошы і рэсурсы.
"Помніце: пандэмія, пандэмія, лакдаўны, спыніць жыццё і не дыхаць. Мы жыццё не спынілі, мы дыхалі. І дзе сёння гэта пандэмія?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на змену пандэміі каранавіруса прыйшла іншая - воспа малпаў. "Скончыцца воспа малпаў - прыдумаюць нешта новае. Гэта вялікая барацьба за велізарныя грошы, за рэсурсы. І не толькі - за розумы людзей", - перакананы Прэзідэнт.
"Помніце, я вам гаварыў, вы ўбачыце, да чаго прывядзе пандэмія: дай бог, каб не да гарачай вайны. Пакуль у нас яна не палае, дзякуй богу, і мы ўсё зробім для таго, каб гэтага не было. А глядзіце, што робіцца ў свеце. І не толькі вайна. Паглядзіце ў эканоміцы: цэны растуць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Хто б мог падумаць, што такі багаты Захад паедзе ў Беларусь, якая знаходзіцца пад санкцыямі, каб купіць соль або крупы. Няхай едуць, купляюць. Нам не шкада".
Прэзідэнт упэўнены, што беларускай дзяржаве важна не дапусціць дэстабілізацыі, а ўсё астатняе дадасца. "Тое, што мы, сціснуўшы зубы, гэтыя два гады пасля выбараў цярпелі, стараліся ўладкаваць сваё жыццё так, як мы хочам, гэта паварочваецца сёння цярпімым жыццём. Я не скажу, што ўсё цудоўна, усё добра. Але цярпіма. Дай бог, каб і далей так было. Галоўнае нам не перавярнуць, не дэстабілізаваць краіну. А ўсё астатняе - і паліклінікі, і бальніцы, і стадыёны, і іншае - мы пабудуем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што гадоў пяць таму крытыкаваў Мінск за недастаткова развітую сістэму аховы здароўя ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. За гэтыя гады, падкрэсліў Прэзідэнт, было зроблена шмат: пабудаваны новыя ўстановы, закуплена дарагое абсталяванне.
"У гэту пару шалёных санкцый усе крычалі: "Ахову здароўя чапаць не будзем!" Нічога падобнага. Ім пляваць на нашых людзей. У цэлым мы спраўляемся. Справімся. Абыдземся і без іх. Ёсць прадпрыемствы, дзе мы можам закупляць патрэбную нам тэхніку, запасныя часткі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Як бачыце, праблем шмат, але тым не менш мы вырашэнне ніводнай задачы не прыпынілі. І сведчаннем таго з'яўляецца гэты будынак".
Прэзідэнт запэўніў, што ў Беларусі будзе рабіцца ўсё для развіцця дзіцячай аховы здароўя. І ў параўнанні са многімі іншымі краінамі ў Беларусі ўжо дасягнулі сур'ёзных поспехаў. Вялікая падтрымка аказваецца шматдзетным сем'ям. "І мы ніводную праграму не скарацілі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Я чалавек дзяржаўны - вы гэта заўважылі, напэўна, ужо - і буду рабіць усё, каб перш за ўсё развіваць дзяржаўную ахову здароўя. Таму што я ўжо прыватнага наеўся: куды ні кінь - усюды клін, і кожны хоча зарабіць на здароўі людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне цяпер пачалі актыўна аналізаваць работу прыватных медыцынскіх цэнтраў. "Вельмі строга кантралюем. Не таму, што мне не падабаюцца прыватныя прадпрыемствы, у тым ліку аховы здароўя. Не. А таму што трэба працаваць сумленна. І на здароўі людзей зарабляць ніхто не будзе. Мы будуем сацыяльную дзяржаву, а гэта перш за ўсё клопат пра людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што будзе рабіцца ўсё магчымае, каб работнікі дзяржаўных устаноў аховы здароўя зараблялі дастойна.
На цырымоніі адкрыцця паліклінікі Кіраўнік дзяржавы анансаваў новыя меры па спрашчэнні будаўніцтва прыватных дамоў.
"Учора мне на стол паклалі Указ аб будаўніцтве асабістага, прыватнага жылля. У нас там была страшная бюракратыя. Усё здымаем - які чалавек хоча будаваць дом, няхай будуе. Ніхто туды хадзіць не павінен. Чалавек адказвае сам - сваёй галавой, сваёй сям'ёй, сваімі дзецьмі. Які дом пабудуеш, у такім і будзеш жыць. Прыблізна ў гэтым канцэпцыя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Указ будзе падпісаны ў бліжэйшы час. Прыблізна такія ж рашэнні будуць прыняты і па шматкватэрных дамах. "Мы да канца гэтага года, яшчэ раз падышоўшы да будаўніцтва, спросцім будаўніцтва жылля, у тым ліку і іншых памяшканняў", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што беларусы будуць прыемна здзіўлены новымі рашэннямі ў жыллёвым будаўніцтве. "У цэнаўтварэнні па жыллі (у Мінску перш за ўсё) мы сур'ёзна, я лічу, пасунуліся. Мы цяпер загружаем трэсты, а не рознае жуллё, якое брала крэдыты ў банку, а потым у тры разы даражэй прадавала кватэры. Павінны будаваць па мінімальных цэнах, і людзям крыўдна не будзе, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыватным кампаніям, калі яны хочуць удзельнічаць у будаўніцтве жылля і наогул у будаўніцтве, трэба ствараць сваю базу".
"Адзінае, аб чым я вас папрашу: беларусам пара пачаць ужо крыху варушыцца і думаць пра сябе. Зарабляць для сябе. Магчымасцей дастаткова. Асабліва цяпер, у санкцыйны перыяд, калі Расію, часткова нас (мы, вядома, гэта асабліва не заўважаем) некаторыя заходнія кампаніі пакідаюць. Трэба гэта месца займаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускія будаўнікі цяпер працуюць на многіх аб'ектах у Расіі. Імі ўзводзяцца і школы, і культурныя цэнтры, і нават касмадром.
"Гэта сведчыць аб тым, што мы па-сапраўднаму нарэшце запатрабаваны ў нашай роднай, братэрскай Расіі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Едзьце і зарабляйце грошы. Трэба смялей ісці і працаваць у Расіі".
У час наведвання паліклінікі Прэзідэнту далажылі аб арганізацыі педыятрычнай службы ў Беларусі і Мінску, аб рабоце паліклінікі і перспектывах на новых пляцоўках. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай установы, наведаў некаторыя аддзяленні. Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што ў краіне ў свой час было прынята правільнае рашэнне па захаванні педыятрычнай службы. Напрыклад, апошнім часам павялічылася доля хлопчыкаў сярод дзяцей - 51% супраць 49% дзяўчынак. Часткова гэта адбылося за кошт зніжэння дзіцячай смяротнасці з-за траўматызму. А дзіцячая смяротнасць у Беларусі наогул ніжэйшая, чым калі-небудзь.
Асаблівая ўвага, паводле слоў Міністра, удзяляецца прафілактыцы захворванняў у дзяцей, таму ў пярвічным звяне, у паліклініках працуюць амаль 1,3 тыс. урачоў, а ў стацыянарах - 1 тыс. педыятраў.
Для вырашэння кадравых пытанняў у педыятрычнай службе павялічаны набор на адпаведныя спецыяльнасці ў медыцынскіх ВНУ, а таксама адкрыты педыятрычны факультэт у Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце. Акрамя таго, у Мінску будуецца інтэрнат для медработнікаў, у якім удвая больш месцаў, чым тых, хто знаходзіцца ў чарзе на паляпшэнне жылля ў сталіцы. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць на працу ў Мінск больш медыцынскіх работнікаў. Таксама для Мінска павялічаны мэтавы набор на медыцынскія спецыяльнасці.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся структурай медыцынскай дапамогі ў сталіцы і праблемнымі пытаннямі. Было даложана, што ў Мінску працуюць 40 дарослых паліклінік, 21 дзіцячая і яшчэ 5 педыятрычных аддзяленняў у дарослых паліклініках. "Нам гэтага дастаткова ці ёсць напружаныя сітуацыі?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
У адказ прагучала, што ёсць праблемы ў асобных буйных мікрараёнах, дзе насельніцтва хутка прырастае, напрыклад Мінск-Мір, Лошыца, Сухарава. Але там ужо будуюцца дзве паліклінікі.
У той жа час было адзначана, што будаваць новыя аб'екты няма вострай неабходнасці, а трэба сканцэнтравацца на рэканструкцыі ўжо існуючых і сэканомленыя сродкі накіраваць на павелічэнне зарплат медыкам. "Давайце дамовімся так: для дзяцей трэба нам адназначна вырашаць гэтыя пытанні там, дзе ёсць хоць самая малая напружаная сітуацыя. Але трэба разумець, што Мінск - гэта не глухая вёска, дзе цяжка падвезці... Не захапляцца будаўніцтвам новага. Калі ў нас ложкаў хапае і ёсць дзе лячыць цяпер і нават недзе можна прыпісаць некага яшчэ дадаткова, дык, можа, і прыпыніць пакуль будаўніцтва аб'ектаў аховы здароўя, а грошы накіраваць урачам і медыцынскім работнікам на заработную плату", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што падыход пры гэтым павінен быць разумным. На яго думку, пры наяўнасці належнага ўзроўню аплаты ўрачы пойдуць працаваць у розныя раёны Мінска. "Трэба вось гэты крэн браць на тое, каб падтрымаць цяпер урачоў. Тады яны будуць працаваць у ахове здароўя", - перакананы беларускі лідар.
Асаблівы акцэнт Прэзідэнт зрабіў на тым, каб у сталіцы таксама пры неабходнасці аказвалі медыцынскую дапамогу і сельскаму насельніцтву, жыхарам іншых раёнаў і абласцей. "Калі раптам (я не думаю, што гэта масава), трэба і ў паліклініках, і ў бальніцах прымаць іх як сваіх, як родных. Вёскі, маленькія гарады не павінны пакутаваць ад таго, што там горш медыцынскае абслугоўванне. Гэта вельмі важна", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Пасля адкрыцця паліклінікі Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з прадстаўнікамі СМІ.
Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка паабяцаў пры любых абставінах захаваць дзяржпадтрымку для шматдзетных сем'яў.
"Калі раптам нешта і адбудзецца, то не з дзяцей жа трэба пачынаць, - запэўніў Прэзідэнт. - Ёсць дзе падкараціць нешта (у расходнай частцы, акрамя расходаў на падтрымку сем'яў і дзяцей), але не з дзяцей пачынаць".
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што з улікам дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі нельга скарачаць падтрымку сем'яў з дзецьмі, тым больш што сэканомленыя такім чынам сродкі па вялікім рахунку не настолькі вялікія, каб вырашыць нейкія іншыя важныя праблемы. "Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць шматдзетных, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта па-за канкурэнцыяй. Гэта абароненыя артыкулы".
Паводле яго слоў, трэба сканцэнтравацца менавіта на падтрымцы сем'яў з трыма і больш дзецьмі. Гэта датычыцца і выплаты дапамог, і вырашэння жыллёвых праблем, і паслуг у адукацыі і ахове здароўя. "Апошняе мы аддадзім дзецям", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі будзе строга кантралявацца сітуацыя ў сферы цэнаўтварэння, каб прадаўцы неапраўдана не завышалі цэны.
"Будзем рабіць усё, што магчыма. Будзем перш за ўсё кантраляваць гэтыя працэсы, - сказаў Прэзідэнт. - Падскочыў долар, ну няхай там імпарт і іншае, падняліся цэны (эканоміка ў нас экспартна арыентаваная, але імпартазалежная па многіх пазіцыях). Долар упаў. Ну чаму ж прадаўцы і пастаўшчыкі не прывялі цэны ў адпаведнасць з доларам, калі яны спасылаюцца ўвесь час на долар. Не прывялі, вось вам і рынак. Таму будзем кантраляваць і патрабаваць будзем строга. Я - з тых, хто павінен гэта кантраляваць".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сістэма кантролю над цэнаўтварэннем у краіне выбудавана. І яе акрамя Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю таксама фарміруюць прафсаюзы, дэпутаты, Камітэт дзяржкантролю.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі гэтаму не ўдзяляць увагі, то ў магазін давялося б хадзіць як у музей: "Вось ён, рынак. Можа адрэгуляваць так, што будзем у магазін хадзіць як у музей: паглядзелі - нічога купіць не можам".
Паводле слоў Прэзідэнта, у цяперашняй сітуацыі, у тым ліку санкцыйнага націску, трэба шукаць шляхі патаннення тавараў. І яго рэакцыя адносна аўтамабіляў Geely была сігналам усім. "Гэта не галоўнае пытанне. Я прывёў гэты прыклад. Але такіх прыкладаў дастаткова. Гэта быў сігнал. Калі не адрэагуюць, вы ведаеце маю рэакцыю. Яна будзе неадкладнай і самай жорсткай. Хопіць спасылацца на лагістыку і нейкія рыначныя адносіны. Давайце па-чалавечы будзем будаваць бізнес і дзяржаўных прадпрыемстваў, і прыватных", - падкрэсліў беларускі лідар.
Што датычыцца вытворчасці ў Беларусі аўтамабіляў Geely, Прэзідэнт нагадаў, што гэтаму прадпрыемству былі ў свой час прадастаўлены значныя льготы і прэферэнцыі, аказвалася падтрымка з бюджэту. "Дык што ж вы разбоем займаецеся?!" - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што часам прадаўцы і вытворцы разважаюць такім чынам, што можна менш вырабіць і прадаць за большую цану і быць у шакаладзе. "Так не атрымаецца, калі нехта так думае пражыць гэты перыяд!" - падкрэсліў ён.
Нараўне з гэтым Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што ў павышэнні цэн ёсць і аб'ектыўныя складнікі. Гэта не толькі санкцыі, але і падагнаўшая інфляцыю пандэмія, змянілася лагістыка. "Гэта садзейнічала павышэнню цэн. Мы завезлі інфляцыю звонку. Усюды цэны падскочылі. Але ёсць і суб'ектыўныя (прычыны росту цэн. - Заўвага). У гэтай сітуацыі трэба шукаць нармальную лагістыку. Так, яна будзе крыху даражэйшая, але не напалову, не на 100%", - упэўнены беларускі лідар.
Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб краінах - ініцыятарах санкцый: "Ніхто там эканомікай не займаецца, ніхто не думае. Вазьміце, напрыклад (я не бяру Польшчу ўжо, хоць можна), Літва, Латвія. Ну, яны ж не толькі сабе ў нагу страляюць, яны прастрэлілі ўжо сабе галаву. Ты ж думай, перш чым увесці якія-небудзь санкцыі".
Ён прывёў прыклад з грузаперавозкамі, калі самі ініцыятары санкцый пакутуюць і ад уведзеных імі самімі абмежаванняў, і ад мер у адказ.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што тыя, хто ўводзіць санкцыі, у большай ступені шкодзяць уласнай эканоміцы, і літаральна праз год там можа пачацца абвал. І гэта выгадна перш за ўсё ЗША, якія хочуць трымаць у цуглях не толькі Расію і Кітай, але і Еўрасаюз: "Амерыканцы далёка. Ім трэба знішчыць не толькі Расію, Кітай. Ім трэба ў цуглях трымаць Еўропу. Таму што Еўропа замахнулася зусім нядаўна (ужо цяперашні канцлер Германіі пра гэта адкрыта кажа, у Нідэрландах рэферэндум прайшоў) - яны ўжо за аўтаномію ў абароне. Як толькі яны пачалі гаварыць аб самастойнай арміі, амерыканцы задрыжэлі. Ну як? Тады, можа, і НАТА не патрэбна будзе, прынамсі, не столькі войскаў трэба амерыканскіх. Як калісьці еўра. Еўропа ўвяла еўра, вось тады яны сталі ворагамі Амерыкі - долару. Так і тут. А пытанні бяспекі - гэта галоўнае".
"Усё ў галаве. І шостыя, і сёмыя пакеты (санкцыйныя. - Заўвага). Да шостага пакета дайшлі, і некаторыя, хто ў гэтым яшчэ разумее (тыпу Прэм'ер-міністра Венгрыі), спыніліся і думаюць: госпадзі, што мы нарабілі, трэба спыняцца, бо заўтра наогул рухнем! Яны і так... Вось пагледзіце, год - і потым пойдзе абвал".
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, звярнуў увагу на сітуацыю з мэблевымі вытворчасцямі ў ЕС, якія перш за ўсё ў Расіі, але і Беларусі набывалі вялікія аб'ёмы сыравіны, прадуктаў дрэваапрацоўкі. "Пачнецца абвал у дрэваапрацоўцы. І так будзе ўсюды. Гэта значыць, парушаны ўсе сусветныя лагістычныя, вытворчыя сувязі. Думаю, спыняцца (з увядзеннем новых санкцый. - Заўвага). Паўпакета ўжо прынялі. Заўтра ўжо, некаторыя кажуць, трэба паўзу зрабіць".
"Самы аптымальны варыянт для Еўропы (я ўжо вопытны палітык) - гэта адзінства з Расіяй і стварэнне вялікага цэнтра сілы. Тэхналагічны Захад, рэсурсная Расія (постсавецкая прастора). Гэта ні Амерыка, ні Кітай, ніхто не параўнаўся б. Ну, бязглуздыя. У гэтым напрамку не ідуць. І не толькі таму, што бязглуздыя, а таму, што амерыканцы не пускаюць. Яны моцныя. Тут і армія іх, тут і ядзерныя боегалоўкі. Усё тут. Таму ў іх рычагоў дастаткова, яны трымаюць Еўропу", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што амерыканцы заўсёды хацелі аслабіць Еўропу. "Трамп наогул разбурыць вырашыў - адцягнуў Вялікабрытанію, задобрыў Польшчу. Цяпер гэты працэс не проста паглыбляцца пачаў, а набываць самыя шырокія маштабы. Польшча, Вялікабрытанія ўзялі ў абцугі Еўропу, і гэта бедная Еўропа круціцца, верціцца... - заўважыў Прэзідэнт. - Вы ж моцныя тэхналагічна і іншае, ядзерная дзяржава Францыя, Германія магутная. Ды адарвіцеся вы, дамоўцеся з Расіяй. Расія гатова да гэтага. І стварыце тут мацнейшы цэнтр. Кітай, Еўрапейскі саюз разам з Расіяй, намі і Амерыка. Нідзе не дзенуцца, уціхамірацца, супакояцца. Не, не могуць. І па аб'ектыўных, і па суб'ектыўных прычынах".
"Яны (Захад. - Заўвага) абадралі і паставілі на калені ўсю Афрыку. У заходніх транснацыянальных кампаній яны рабы. Яны працуюць на іх за капейку. Вось у чым галоўная прычына - няроўнасць. Таму трэба раскашэліцца еўрапейцам, амерыканцам, кітайцам і расіянам не на зброю, а ўкласціся ў гэтыя краіны, стварыць там нармальную сітуацыю. У Афрыцы ўсё можа расці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, на яго думку, неабходна ўкласціся ў паўднёваазіяцкія краіны, дзяржавы Лацінскай Амерыкі, дзе таксама бываюць праблемы з прадуктамі харчавання. "Тады будзе вырашэнне пытання. І тады голаду не будзе", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ЗША плануюць вывезці з Украіны 20 млн т збожжа ў абмен на ўзбраенне. Такім чынам Злучаныя Штаты, як яны заяўляюць, хочуць знізіць цэны на збожжа і вырашыць харчовае пытанне ў свеце. З аднаго боку, Прэзідэнт усумніўся, ці засталіся ў паўднёвай суседкі такія запасы, з іншага, лічыць ён, гэтым ніяк справе не дапаможаш. "Забяруць ва ўкраінцаў апошні кавалак хлеба. Яны ўкраінцаў абдзіраюць. Я не думаю, што гэта з-за зброі. Зброю ім будуць пастаўляць. Для таго, каб знішчыць Расію, падысці да Кітая. Тут не ў хлебе справа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Цяперашняя геапалітычная сітуацыя толькі ўскладняе агульную праблему, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Парушыліся ланцужкі лагістычных паставак, і пытанне харчовай бяспекі стала гучаць яшчэ вастрэй. "Самы лепшы напрамак (мы з Пуціным вызначылі пяць) - Беларусь. Калі ласка - мы не хочам, каб у Афрыцы галадалі. Ды не ў Афрыцы, у Еўропе і Амерыцы не хапае. Мы не супраць, вязіце цераз Беларусь, але павінны быць кампрамісы: мы - вам, вы - нам. Адкрывайце парты і будзем грузіць. Тым больш парты стаяць, людзей выкінулі на вуліцу. Безразважныя. З голадам сутыкнуліся даўно. Мільярд галадае, а заўтра мільярд будзе на мяжы смерці. Толькі з-за той палітыкі, якую сёння Захад і багатыя краіны, перш за ўсё Амерыка, праводзяць. Вось у чым праблема. Трэба яе вырашаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў журналістам, што было некалькі варыянтаў правядзення спецаперацыі па вызваленні беларускіх грамадзян ва Украіне.
"Добра, што яна прайшла па адным са спакойных варыянтаў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы спланавалі гэту аперацыю. Было некалькі варыянтаў, і адзін з іх быў вельмі востры. Але абышлося без стральбы".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нават цяпер нельга расказаць усе падрабязнасці і паказаць твары разведчыкаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні беларусаў. "Але галоўнае не гэта. Самае галоўнае, што мужыкі вярнуліся ў свае сем'і", - падкрэсліў беларускі лідар.
У развіццё тэмы Кіраўніка дзяржавы спыталі аб магчымасцях беларускіх сілавікоў па прымусовым вяртанні на радзіму збеглых з ліку тых, хто ўключаны Камітэтам дзяржаўнай бяспекі ў спіс датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што правядзенне такой аперацыі магчыма, але лічыць, што для гэтага пакуль не настаў час. "Цяпер, напэўна, недарэчы, калі ўжо абсалютна сумленна. Надыдзе час - паглядзіш, - адказаў журналісту Прэзідэнт. - Ніхто ім не прабачыць таго, што яны вытвараюць з нашай краінай і нашымі людзьмі. Я ім гэтага прабачыць не магу".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што паміж Прэзідэнтам Украіны і ваеннымі гэтай краіны пачынаецца сур'ёзнае процістаянне.
"Польшча - вы бачыце - і туды і сюды: і прымем бежанцаў, і не прымем, і грошы дайце, і праз нас грошы ва Украіну. Ужо дагаварыліся да таго, што заходнюю Украіну гатовы адняць, - сказаў Прэзідэнт. - Адняць не атрымаецца. Ужо ва Украіне, паводле маіх даных, паміж Зяленскім і ўкраінскімі ваеннымі пачынаецца сур'ёзнае процістаянне і канфлікт. Ваенныя, як ніхто, разумеюць, што такое канфлікт з Расіяй. Там гінуць хлопцы ваенныя. Яны бачаць, на што здольныя і колькі могуць ваяваць. А ваяваць далей не змогуць. Вы бачыце, Расія памяняла тактыку".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з украінскага боку хутка не будзе каму ваяваць, а тэрытарыяльная абарона не заменіць узброеныя сілы, і ваенныя гэта бачаць.
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым акцэнтаваў увагу і на сумніўных дамоўленасцях і абяцаннях украінскага кіраўніцтва ў адрас Польшчы, што таксама выклікае негатыўную рэакцыю ўнутры нацыяналістычных сіл ва Украіне, у тым ліку сярод ваенных. "Яны ўбачылі, што ён палякам прадаставіў статус. А гэта вядзе да чаго? Адняць захад (краіны. - Заўвага), - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму ў іх пачынаецца гэта процістаянне паміж Прэзідэнтам і ваеннымі. І я ўпэўнены, украінскія ваенныя знімуць галаву любому. Я не гавару там нацыкі-не нацыкі. Слухайце, гэта пытанне філасофскае. Ваенныя Украіны знімуць галаву любому, асабліва нацыкі, як некаторыя іх называюць, якія хочуць мець "самостийную, вольную Украину". Яны не хочуць, каб там былі не толькі рускія, беларусы, але і палякі. І яны знімуць галовы ўсім, хто сёння хоча расчляніць Украіну. Нам гэта не трэба. Я даўно аб гэтым сказаў. Глядзіце, збываецца. Я ж тады сказаў: яшчэ да нас і расіян звернуцца, каб мы абаранілі гэту Украіну".
У час сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Прэзідэнт выказаўся аб жадаючых ухіліцца ад арміі. Ён падкрэсліў, што сапраўдны мужчына павінен умець у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям'ю. "Я гавару, не дай бог вайна і ў цябе будзе муж, які наогул не можа цябе і дом абараніць. Навошта такі мужык, які не можа адрозніць пісталет ад аўтамата?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Беларусі немагчыма без законных на тое падстаў атрымаць адтэрміноўку ад арміі і ваенны білет.
Прэзідэнт нагадаў, што некаторы час таму па яго ініцыятыве было прынята рашэнне аб стварэнні войскаў тэрытарыяльнай абароны. "Таму што ніхто не будзе абараняць свой дом, як ты сам", - заўважыў беларускі лідар.
Аднак бескантрольнай раздачы зброі, як гэта здарылася ва Украіне, быць не павінна, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Усе нашы тэрытарыялы прыпісаны, арганізаваны ў палкі, батальёны. Мы ведаем прозвішчы, усе іх даныя. І зброя для іх падрыхтавана - на кожны раён, кожны батальён", - растлумачыў ён.
Улічваўся таксама і негатыўны ўкраінскі вопыт, калі з-за недахопу людзей давялося прызываць мужчын старэйшага ўзросту і тых, хто не мае армейскага вопыту. "І я падумаў, што нам на ўсякі выпадак трэба пры кожным сельскім Савеце мець вось гэта народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для абучэння - яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. У выпадку ваенных дзеянняў атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны", - дапусціў ён.
Прэзідэнт даручыў адпаведным службовым асобам прапрацаваць пытанне, як будзе арганізавана народнае апалчэнне і як будуць абучаць валоданню асноўнымі відамі зброі.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім рашэнні ўзброіць супрацоўнікаў МНС, каб у выпадку канфлікту або ваенных дзеянняў задзейнічаць іх у ваенных мэтах нараўне з арміяй.
Гаворачы аб мэтазгоднасці стварэння народнага апалчэння, Прэзідэнт падкрэсліў: "Гэта не проста так зроблена. Гэта ўсё ад зямлі. Няхай людзі вучацца валодаць зброяй, у гэтым няма нічога дрэннага. Якраз кожная сям'я зможа свой дом, пасёлак, вёску абараніць. Гэта вынікае з вопыту расійска-ўкраінскага канфлікту і ад зямлі".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнай зброяй Беларусі ў інфармацыйнай вайне будзе праўда.
"Дрэнна працуем (на інфармацыйным полі. - Заўвага). Таму нядаўна ў Мінабароны быў і нядаўна праводзіў нараду наконт інфармацыйных, псіхалагічных і іншых аперацый і гэтак далей. Пакуль мы недацягваем, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усе вы будзеце займацца сумленна гэтым. Маё патрабаванне было адно - гэта не павінны быць фэйкі".
Прэзідэнт згадзіўся, што людзей больш чапляюць яркія карцінкі і гучныя здарэнні, якія ў далейшым аказваюцца фэйкамі. У Беларусі, падкрэсліў ён, гэтым займацца не будуць. "Мы цяпер фарміруем гэты "спецназ". Але без вас нічога не зробім, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да журналістаў. - Сіла ў праўдзе. Усё роўна праўда перамагае".
У Прэзідэнта спыталі, ці лічыць ён магчымым перадаць асуджаную Соф'ю Сапегу ў Расію.
"Шкада дзяўчыну. Трэба пытанне гэта вырашаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, улічваючы расійскае грамадзянства Соф'і Сапегі, ёсць магчымасць перадаць яе ў Расію. "Яна ж расіянка... У нас ёсць практыка. Мы можам расійскага грамадзяніна перадаць у Расію. Няхай яна там адбывае тэрмін. Або яны што хочуць, там робяць. Думаю, для яе навука вялікая", - заявіў Прэзідэнт.