Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця абноўленага моста цераз Прыпяць
- 17
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 лістапада ў Мазыры прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця абноўленага моста цераз раку Прыпяць.
Кіраўнік дзяржавы ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку. На цырымонію былі запрошаны прадстаўнікі працоўных калектываў дарожных арганізацый, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве моста, жыхары Мазырскага раёна. Па існуючай традыцыі да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі людзям падносяць падарункі - значныя, маштабныя аб'екты, і абноўлены мост - адзін з іх.
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць гэтага моста не толькі для жыццядзейнасці рэгіёна, але і для ўсёй краіны. Узведзены пасля вайны, мост у Мазыры быў першым і адзіным аўтамабільным мостам цераз Прыпяць. З таго часу не знаходзілася ні грошай, ні магчымасцей, каб рэканструяваць гэты значны аб'ект. Няпроста было гэта зрабіць і цяпер. Але дзякуючы айчынным спецыялістам удалося ператварыць мост у вельмі сучасны аб'ект. Больш таго, яны даюць гарантыйны тэрмін на яго 100 гадоў. "Многіх-многіх з нас не будзе (такое жыццё) тут, ну а мост як помнік нашых добрых спраў будзе моцна стаяць і забяспечваць неабходнае жыццё і Мазыру, і Калінкавічам побач, ды ўсёй нашай краіне, не толькі Гомельшчыне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Масты і дарогі - гэта найважнейшая задача дзяржавы. Дзяржава павінна займацца інфраструктурай", - сказаў Прэзідэнт у час цырымоніі.
Іншымі словамі, дзяржава стварае для людзей умовы, магчымасці для развіцця, жыцця і працы. Вобразна кажучы, дае вудачку, а "лавіць рыбу" людзі павінны самі. "Дарога ёсць - калі ласка, едзь на асабістым аўтамабілі, грамадскім транспарце. Вось кавалак зямлі - будуй дом, развівайся. Будзе магчымасць - крыху недзе дапаможам па жыллі і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Аналагічным чынам, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, павінны дзейнічаць і прадпрыемствы, суб'екты гаспадарання - разлічваць перш за ўсё на свае сілы, працаваць, развівацца і даваць вынік, а не прахалоджвацца ў чаканні дапамогі або вырашэння праблемных пытанняў ад дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што перад дзяржавай стаяць у цэлым больш глабальныя задачы, у тым ліку па забеспячэнні бяспекі, стварэнні ўмоў для эфектыўнага функцыянавання эканомікі. Цяжкасцей дабаўляе і абстаноўка навокал. "Сітуацыя няпростая. Людзі павінны гэта разумець. Больш таго, за нас так грунтоўна Захад узяўся разам з амерыканцамі. Санкцыі, санкцыі, санкцыі. Каб пабудаваць гэты мост, недзе трэба выкручвацца неяк, гэтыя капейкі вычляняць, збіраць у кучу і будаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца і сферы сельскай гаспадаркі. Кіраўнікі на месцах павінны самастойна вырашаць лакальныя пытанні, а за дзяржавай - інфраструктура ў цэлым, кантроль за выкарыстаннем зямель і, напрыклад, правядзенне меліярацыйных работ, што вельмі актуальна для Прыпяцкага рэгіёна.
"Ніхто, ніякі прыватнік сам не будзе ўзводзіць каналы, збудаванні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніхто не будзе, акрамя дзяржавы. Таму мы вельмі моцна ўзяліся за меліярацыю". Перш за ўсё гэта датычыцца аднаўлення меліярацыйных сістэм, якія былі пабудаваны ў савецкія часы. Узяцца за гэту работу варта было, вядома, раней, але ўвесь час знаходзіліся нейкія складанасці, у тым ліку фінансавага плана. "Мы абыякава часам ставіліся да гэтых пытанняў. І я бачу, ужо зямля робіцца непрыдатнай - хмызняк, гэтыя каналы (меліярацыйныя. - Заўвага) зарастаюць. Давялося штурмам браць і гэта пытанне. Таму меліярацыя - гэта пытанне галоўнае", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, накіроўваючыся з Мінска ў Гомельскую вобласць, агледзеў з верталёта, як ідуць справы з культурай земляробства, у якім стане знаходзяцца землі і сельгасугоддзі, і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным. "Не магу ні да чаго прыдрацца, акрамя таго, што ў нізкіх мясцінах кінулі палі і не араце. Гэта дрэнна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што не задзейнічанымі ў абарот, па сутнасці - кінутымі застаюцца нават участкі памерам 5-10 гектараў, і гэта ў той час, як дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў меліярацыю дзеля таго, каб зрабіць землі прыдатнымі для сельскагаспадарчай дзейнасці.
Прэзідэнт папярэдзіў, што на гэтым яго "інспекцыя" раёнаў Гомельскай вобласці яшчэ не завершана: "Я яшчэ пагляджу тут усе раёны. І Ельскі, і Нараўлянскі, і туды, на поўдзень, - Лельчыцы. Я пагляджу, як людзі працуюць".
Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстай цырымоніі адкрыцця моста расказаў, чаму з усіх прапаноў выбраў паездку ў Мазыр.
"Я падумаў, будзе няправільна, калі я не прыеду ў гэты цудоўны цэнтр нашай краіны, адзін з галоўных гарадоў нашай краіны - наш цудоўны Мазыр. Сапраўды цудоўны горад, важны для эканомікі нашай краіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што буйное прадпрыемства, якое знаходзіцца тут, - Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод - працуе пакуль няважна. "Але апошнія рашэнні, якія прыняты, я думаю, палепшаць і эканоміку гэтага горада. Паглядзім, што атрымаецца ў дынаміцы. Але дзяржава зрабіла ўсё, каб гэты завод працаваў лепш", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Не пабываць тут... Хаця прапаноў было шмат. Я адразу і адхіліў першую прапанову (не атрымлівалася ў мяне ў Мазыры пабываць). Потым думаю: усё роўна палешукоў трэба ўзварухнуць, як Віцебскую вобласць (там 24 кастрычніка адбылася маштабная нарада аб развіцці рэгіёна. - Заўвага), трэба пабываць і ў Мазыры", - растлумачыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Украіна зусім побач. "Думаю, ну, на фоне вайны ва Украіне неяк тут нам радавацца і Прэзідэнту ехаць... Зразумела, што гэта прагучыць, - расказаў ён. - Але, думаю, даруюць мне ўкраінцы. Мы ж злучаем берагі ў тым ліку і для іх".
"Мы адкрыты. Калі ласка, прыязджайце, украінцы. Мы з задавальненнем вас прымем. Вашым сем'ям, вашым дзецям забяспечым такое жыццё, як беларусам у плане адукацыі, аховы здароўя", - запрасіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што многія перасяленцы, якія прыехалі з Украіны, ужо працуюць у тым ліку ў Гомельскай вобласці. "Мы гатовы іх прымаць. Для нас украінцы - гэта добра. Гэта вельмі працавітыя людзі, якія разумеюць нас, размаўляюць з намі на адной мове, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тым не менш, бяда прыйшла ў дом нашага суседа. Думаю, што нармалізуемся мы з гэтай праблемай".
"Сітуацыя няпростая, вельмі няпростая (вакол краіны. - Заўвага). Я проста гэта не вывальваю ўсё на вас. Я заўсёды ад вас прасіў адно: дайце мне эканоміку. Дайце мне масты, дарогі, малако, мяса і іншае. А ваенныя пытанні за мной, бяспека - мае пытанні. Я буду іх вырашаць, я ведаю, як іх вырашаць. Пакуль больш-менш нешта атрымліваецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму настройцеся на добрую работу. Памятайце, што тое, што не зрабілі вы, ніхто не зробіць. Ні я, ніхто. Кожны павінен рабіць сваю справу. Кожны за свой кавалачак зямлі, за свой кавалачак работы адказвае і павінен гэта рабіць. Гэта - галоўнае. Дысцыпліна і яшчэ раз дысцыпліна", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Прадпрыемстваў у нас хапае. Ёсць дзе можна працаваць. Хачу публічна папярэдзіць начальнікаў: якое б у вас ні было прадпрыемства - стратнае, закінутае - памрыце, але людзям зарплату заплаціце. Гэта - галоўнае. Калі мы не будзем плаціць нармальную зарплату - мы будзем страчваць людзей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што, напрыклад, у Расіі цяпер ёсць запатрабаванасць у працоўных рэсурсах і частка людзей можа паехаць на заработкі туды. Нехта паехаў у заходнім напрамку. "У нас у Польшчу выехала 10-12 тыс. чалавек. Хоць, кажуць, мільён выехаў. Няважна колькі. А зубы лячыць яны едуць у Гродна. А чаму? Таму што тут бясплатна. Бясплатна нічога не бывае. Гэта бюджэт - дзяржава плаціць за вас. Таму і тут будзе прынята рашэнне", - сказаў Прэзідэнт.
"Паехаў, ты шукаеш добрае месца, дзе зарабіць, - правільна, перашкаджаць не будзем. Асабліва калі ты едзеш у Расію. Але ты, атрымаўшы добрыя грошы, сюды прыедзь, заплаці. Мы табе вырвем і зуб, што хочаш. Але толькі за твой кошт, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Працуйце на сваёй зямлі. Жабракамі не былі і не будзем".
Прэзідэнт таксама растлумачыў, чаму важна выбіраць прадукцыю айчынных вытворцаў і брэндаў.
"Усе ад "Гучы" і "Версачэ" (хочуць купіць адзенне. - Заўвага), усе апрануты. Я толькі часам здзіўляюся, навошта вы траціце на глупства такія грошы. Сваё купляйце, нармальна будзеце насіць. Прапануйце, што трэба пашыць і гэтак далей, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы вось узварухнулі легпрам наш, які шые, замянілі там кіраўніцтва. Цяпер і за іх вазьмуся. У нас жа ўсё ёсць. Скураное зрабіць паліто або куртку - хапае ў нас гэтых скур. У Гатаве пад Мінскам буйное прадпрыемства. У нас усё ёсць. Абутак можам пашыць".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што беларуская прадукцыя, напрыклад, шырока запатрабавана на розных кірмашах у Расіі: "Да вечара нічога няма. І людзі стаяць: "А чаго беларусы прывезлі мала?". Цяпер ужо на тыдзень (бяруць запас для гандлю. - Заўвага). Ідуць фуры туды, вязём, каб забяспечыць людзей. Людзі з задавальненнем купляюць".
Прэзідэнт адзначыў, што ў той час як людзі імкнуцца купіць тавары замежных брэндаў, айчынныя прадпрыемствы, якія вырабляюць такую ж прадукцыю, не могуць яе прадаць. "Можна было на гэтым прадпрыемстве (беларускім. - Заўвага) купіць. Магчыма, нават прасцей. Сваё трэба апранаць. Нават калі крыху яно не адпавядае вялікім, хоць цяпер падманваць пачалі дай бог (гаворка пра розныя падробкі або зніжэнне якасці арыгінальнай прадукцыі. - Заўвага), ну ты купі сваё. Гэта значыць, купіўшы гэта, ты заплаціў свайму прадпрыемству. Гэта значыць, яны грошы атрымаюць", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад будаўніцтва моста ў Мазыры. Першапачаткова планавалася яго пабудаваць за 30 месяцаў, але ўклаліся ў 24, прычым сіламі айчынных арганізацый. Але былі і іншыя прапановы. "Іншаземцы мне прапаноўвалі за 20. Я сказаў: "Не, дзякуй, пакуль свае". І цэны былі б ніжэйшыя. Я ж не кінуўся на гэта. Таму што калі прыйдзе іншаземец, не факт, што ён прывязе асфальтабетон беларускі, а мы гэта ўмеем рабіць. Не факт, што адбойнікі, поручні (будуць айчыннай вытворчасці. - Заўвага). Ён адтуль прыцягне. А гэта значыць, заплаціць сваім. А нашы прадпрыемствы будуць стаяць. І галоўнае - людзі нашы не атрымаюць заработную плату. Гэта значыць, я не кінуўся на гэта. Не, кажу, свае няхай робяць. Адзін мост, другі, трэці", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць арыентаваў на стварэнне ў аграгарадках больш прывабных умоў для жыцця людзей.
Агульнавядома, што жыхары вёсак нярэдка імкнуцца пераехаць у гарады, у тым ліку і таму, што там больш камфортныя, прывабныя ўмовы жыцця, больш развітая інфраструктура. У той жа час страціць вёску ні ў якім разе нельга, аб гэтым не раз гаварыў Прэзідэнт. На ўзроўні дзяржавы стаіць найважнейшая задача - захаваць сяло. "Людзей жа на аркане, на вяроўцы туды не зацягнеш. Значыць, трэба ствараць умовы і мяняць сістэму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. На гэта накіраваны ў тым ліку дзяржпраграмы па адраджэнні вёскі. "У сацыяльным плане гэта значыць стварэнне аграгарадкоў. Дапусцім, у Мазырскім раёне 14 аграгарадкоў. Гэта буйныя вёскі, дзе павінна быць усё як у горадзе: дзіцячы сад, школа, банкаўская ўстанова", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што Беларусь у гэтым годзе атрымала добры ўраджай, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я.
"Сапраўдныя славяне. Калі нас прыцісне сітуацыя, тады мы гатовы памерці, але ўсё зрабіць. Гэты год быў вельмі цяжкі для сельскай гаспадаркі. Я не памятаю такіх суровых гадоў. Вясна - замаразкі. Немагчыма было пачынаць. На два-тры тыдні зрушыліся тэрміны пасяўной кампаніі. Зразумела, зрушыліся і ўборачныя тыдні. Тым не менш, у гэтым годзе мы атрымліваем рэкордны ўраджай па збожжы. У нас пад 11 мільёнаў тон. Дасягненне вялікае - калі на аднаго чалавека адна тона збожжа. У нас больш, чым адна тона. І значна больш. Гэта добры ўраджай. Я да таго, што прыціснула нас, і мы добрую справу зрабілі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адразу пасля прылёту падрабязна распытаў старшыню Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко, як ідуць справы ў сельскай гаспадарцы, якія работы яшчэ трэба завяршыць. "У цэлым атрымаем 1 млн 400 тыс. т збожжа (з улікам кукурузы. - Заўвага)", - далажыў кіраўнік рэгіёна.
Асноўная маса гаспадарак ужо фактычна завяршыла ўборку кукурузы на зерне. У рэгіёне займаюцца плюшчэннем зерня кукурузы, і, як запэўнілі Кіраўніка дзяржавы, тэхналогія сябе апраўдвае. У прыватнасці, дае магчымасць сэканоміць час на сушцы зерня і раней пачынаць уборку ў полі. Пры гэтым пажыўныя ўласцівасці не страчваюцца.
Гаварылі не толькі пра ўборку кукурузы, але і саломы з палёў, пра падыходы ў развіцці свінагадоўлі.
Цікавіўся Аляксандр Лукашэнка і кадравымі пытаннямі, як працуюць кіраўнікі на месцах - у канкрэтных сельгаспрадпрыемствах і раёнах.
Прадметная размова адбылася і са старшынёй Мазырскага райвыканкама Аленай Паўлечка. Яна далажыла, што моладзь у раёне застаецца, пачалі будаваць больш жылля.
"Трэба заканчваць год, трэба араць. Праблема ўсёй рэспублікі, і ў вас тым больш - шмат кінутых неўзараных палёў. Зразумела, гэта Палессе, Прыпяцкі край, не ўсюды вясной можна ўлезці. Але ёсць жа дні і тыдні, калі можна. Таму трэба ўзворваць гэтыя палі. І не чакайце нават, што будзе паблажка. Трэба іх прыводзіць у парадак", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што дзяржава траціць вялікія сродкі на меліярацыю, але ў той жа час ёсць факты, калі іншыя ўчасткі зямель застаюцца без увагі і зарастаюць. "Гэтага быць не павінна, - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы. - Хаця б траву пасеяць. Гэта для вас вельмі актуальна. Для ўсёй краіны".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб даручэнні ўключаць у абарот незапатрабаваныя землі прысядзібных участкаў у вёсках: "Там, дзе людзі адыходзяць, застаюцца 40 сотак, паўгектара. Іх трэба ўзворваць. Зямлю трэба берагчы. Гэта дэфіцыт, асабліва на Палессі. Вялікі дэфіцыт".
Гаворачы аб праграме развіцця раёнаў Палесся, Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што грошы будуць выдзяляцца, але кропкава, на патрэбныя напрамкі. "Канкрэтна некуды. Толькі пад гэта грошы. Ніякіх шалёных грошай не будзе", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама заслухаў даклад аб перспектывах дарожнага будаўніцтва. Прэзідэнт падкрэсліў, што даручыў Старшыні КДК у гэтым пытанні вельмі сур'ёзна ўзварухнуць галіну. "Жудасныя рэчы адбываюцца, - сказаў ён. - Прыватнік аддае тэхніку ў арэнду ўтрая даражэй. Гэта што такое? Гэта - карупцыя".
"Крадуць. Гэтыя таксама крадуць (у дарожна-будаўнічай галіне. - Заўвага). Вось мы цяпер выкрылі - Камітэт дзяржкантролю цяпер працуе. Што робяць? У нас ёсць прыватныя прадпрыемствы, у якіх ёсць тэхніка. Асфальтаўкладчыкі, каткі, пагрузчыкі, экскаватары. Вашы начальнікі (дарожна-будаўнічых арганізацый. - Заўвага) арандуюць гэту тэхнку. А навошта? У тры-пяць разоў даражэйшую. Адразу насцярожвае, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А каму вы плаціце? Якія ў вас там палюбоўнікі, палюбоўніцы і іншыя, якім вы грошы даяце?! Ну калі хочаце палюбоўніцу, вы тады са сваёй кішэні плаціце. Што ж у дарогу загналі - у сабекошт (эканамісты разумеюць). І я плачу за гэта грошы (бюджэтныя. - Заўвага). Чаму я павінен утрымліваць? Гэта нікуды не варта".
"Таму будзе вельмі жорсткае спагнанне. Я заўсёды гаварыў, і гамяльчане (жыхары Гомельскай вобласці. - Заўвага) мяне падтрымлівалі: карупцыя - гэта ржа, якая раз'ядае любую эканоміку", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ты чаго гэту тэхніку арандуеш, у пяць разоў даражэй плаціш? Ды ты, пабудаваўшы гэты мост, мог бы зарабіць грошы і купіць асфальтаўкладчык або каток, экскаватар або пагрузчык. Ты не зрабіў. Чаму? Рыхтуйцеся", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы будуць атрымліваць новую дарагую тэхніку і камбайны толькі на пэўных умовах. Самае важнае - эксплуатаваць такія машыны павінны кваліфікаваныя, прафесійныя спецыялісты.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па краіне ўжо сфарміравана структура аграгарадкоў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, створаных на базе былых калгасаў і саўгасаў. У асноўным гэта даволі вялікія гаспадаркі, што абумоўлена эканамічнымі фактарамі. "Маленькіх ужо няма, нават на Прыпяці. Калі трэба, узбуйняем", - сказаў Прэзідэнт.
Для работы на вялікіх участках, зразумела, патрэбна больш магутная тэхніка. І айчынныя прадпрыемствы асвоілі вытворчасць цэлага шлейфа сельгасмашын і камбайнаў. Аднак толькі наяўнасць сучаснай тэхнікі не дае гарантаванага рэзультата. "Патрэбны людзі - дасведчаныя, кваліфікаваныя. Таму сказана ўсім кіраўнікам: з "Гомсельмаша" ніводнага камбайна не атрымаеце, пакуль не будзе канкрэтны чалавек, які на ім будзе працаваць, - вельмі дасведчаны механізатар. Ён павінен быць на ўзроўні інжынера", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Існуе, вядома, і ператок кадраў, калі людзі з вёсак у пошуку больш даходнай работы ўладкоўваюцца ў суседнія гарады, на вялікія прадпрыемствы. І ў вёсцы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі не хапае спецыялістаў, здольных кіраваць сучаснай магутнай сельгастэхнікай. Тут на дапамогу ў забеспячэнні кадрамі павінны прыйсці тыя самыя гарадскія прадпрыемствы, якія па-свойму маюць дачыненне да дэфіцыту кадраў у вёсцы. Калі тлумачыць на прыкладзе Гомельскай вобласці, то НПЗ або мясцовы дарожна-будаўнічы трэст павінны прадаставіць з ліку сваіх супрацоўнікаў кваліфікаваных спецыялістаў, якія могуць на час уборачнай кампаніі папрацаваць у сельгаспрадпрыемствах. "З ім (з такім спецыялістам. - Заўвага) заключыць дагавор: вось табе камбайн. Табе захоўваецца ў час уборкі сярэдняя зарплата (на асноўным месцы работы. - Заўвага) і тут ты зарабляеш тое, што трэба. Месяц, паўтара, ад сілы два ты папрацуй на гэтым камбайне. Але ты нясеш за яго адказнасць персанальную і твой кіраўнік", - абазначыў магчымую схему работы Аляксандр Лукашэнка.
Такая ўвага з боку Кіраўніка дзяржавы да захаванасці тэхнікі і яе эфектыўнага выкарыстання тлумачыцца даволі проста. Кошт такіх машын даходзіць да паўмільёна долараў, таму аддаваць іх агулам у сельгаспрадпрыемствы, дзе некаторыя работнікі да гэтага часу жывуць па прынцыпе "з раніцы выпіў - дзень прагуляў", проста недапушчальна, упэўнены Прэзідэнт. "Будзем дапамагаць, але пад кожнага чалавека - каб быў механізатар, які павінен працаваць", - так Кіраўнік дзяржавы абазначыў умовы прадастаўлення тэхнікі.
"Вось калі будзе такі чалавек, тады вы атрымаеце збожжаўборачны камбайн і КСК (камбайн самаходны кормаўборачны. - Заўвага). І барані вас бог, калі гэты парадак будзе парушаны. Будзе размова, як у Віцебску. І рашэнні будуць жорсткія. У Гомелі далёка не лепш, чым у Віцебску", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, ад розных людзей, у тым ліку службовых асоб, ён часта чуе скаргі на недахоп рабочых рук, асабліва ў рэгіёнах. Аднак Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што праблема ўсё ж не столькі ў колькасці, колькі ў якасці. "Іван Іванавіч (Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкама. - Заўвага) гаворыць, што людзей не хапае, старшыня Мазырскага райвыканкама... Усё гэта, хлопцы, брахня. Усяго ў нас хапае. У нас не хапае толькі аднаго - дысцыпліны і парадку", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Любы кіраўнік павінен пачынаць парадак наводзіць, дысцыпліну. Не толькі і не столькі кулаком і загадамі, а па закону, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Планёрку правёў у дарожна-будаўнічым трэсце, напрыклад, заданне напісаў. Вось табе заданне - ідзі працуй. Не выканаў - прымай рашэнне па ім". У такім выпадку нават калі нехта з работнікаў, парушаючы дысцыпліну, вырашыць звярнуцца ў суд са скаргамі на дзеянні кіраўніцтва, то наўрад ці там знойдзе падтрымку.
"Людзей трэба берагчы. І каб іх зберагчы (на Палессі яшчэ ёсць людзі), іх трэба задзейнічаць належным чынам. Планёрку правёў, "занарадзіў" (даў нарад. - Заўвага) людзей пісьмова... Вось нарад - ідзі, працуй. Не зрабіў - з цябе кіраўнік скуру здзярэ. Калі здзярэ, ужо не паскардзішся", - растлумачыў Прэзідэнт, дадаўшы, што кіраўнікам нават пры наяўнасці шырокіх паўнамоцтваў "нельга разбойнічаць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу патрабуе строгага захавання тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны на ўсіх узроўнях - ад кіраўнікоў да простых работнікаў. "Дыктатура тэхналогій. Калі трэба плюшчыць (зерне кукурузы. - Заўвага) і ў рукаў кансерваваць, значыць, трэба кансервант унесці так, каб не гніллё атрымалася", - адзначыў ён.
"Хлопцы, гэта не таму, што ў нас тут дыктатура і я крыважэрны чалавек. Я заўсёды гавару: лепш тут працаваць, масты будаваць, чым там (у зоне ваеннага канфлікту. - Заўвага) цялёпкацца ў гразі напаўгалодным, а яшчэ і пад кулі трапіць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта вельмі важна - дысцыпліна". Прычым патрабаванні Прэзідэнта абсалютна дарэчы, ідуць, што называецца, ад жыцця. "Я ж зямны чалавек, я разумею: людзі, іх трэба падтрымаць, абараніць. Але распусціліся зусім: "А, бацька прыйдзе, тут усё зробіць". Ды не буду я рабіць тое, чаго не павінен рабіць. Людзі павінны хаця б за сябе (паклапаціцца і забяспечыць. - Заўвага), за сваю сям'ю, за дваіх дзяцей, трэці - мой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту ў час рабочай паездкі далажылі аб планах па будаўніцтве ў Беларусі дарог на бліжэйшыя гады.
"Па рэканструкцыі мы пойдзем кропкава. Гэта ў асноўным міжнародныя транспартныя калідоры", - далажыў Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч.
Размова, у прыватнасці, пра аўтадарогі М-3, М-10, Р-46, Р-99, Р-122, а таксама найбольш запатрабаваныя ўчасткі, якія маюць значную інтэнсіўнасць руху: Р-28, Р-53, Р-83.
Аляксей Ляхновіч далажыў аб планах па рэканструкцыі дарог у напрамку Віцебска і Полацка. Цяпер усе абласныя цэнтры звязаны аўтамабільнымі дарогамі першай катэгорыі з горадам Мінскам, за выключэннем Віцебска. Пры гэтым аўтадарога М-3 Мінск - Віцебск на ўчастку ад Мінска да Лепеля, а таксама аўтадарога Р-46 з'яўляюцца транспартным калідорам у напрамку партовай інфраструктуры Ленінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
У мэтах павышэння эфектыўнасці перавозкі экспартна-імпартных грузаў цяпер выконваецца рэканструкцыя аўтадарогі М-3 ад Плешчаніц да граніцы Мінскай і Віцебскай абласцей па параметрах 1-й тэхнічнай катэгорыі. Таксама прадаўжаецца рэканструкцыя дарогі Р-46 ад Лепеля да Полацка, завяршыць якую плануецца ў 2026 годзе. У сваю чаргу капітальны рамонт аўтадарогі Р-46 ад Полацка да граніцы з Расійскай Федэрацыяй быў праведзены ў 2024 годзе.
"Такім чынам цэнтр Віцебскай вобласці ў нас будзе злучаны з Мінскам. І ў гэтых адносінах людзі павінны быць удзячны, што мы гэта зробім", - зрабіў выснову Кіраўнік дзяржавы.
Прадаўжаецца рэканструкцыя на яшчэ адным міжнародным калідоры. Гэта траса Р-122 Магілёў - Чавусы. "Мы цяпер пачалі ўчастак дарогі, і ў наступнай пяцігодцы мы яго таксама завяршаем, - расказаў Аляксей Ляхновіч. - Там каля 40 кіламетраў".
"Калі там на ўсходзе будзем атамную станцыю будаваць, трэба будзе паскарацца", - заўважыў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
Пачалася рэканструкцыя М-10, якая з'яўляецца магістраллю, што ідзе ад граніцы Расіі да Кобрына. "Калі мы пабудуем да Кобрына гэту дарогу?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы бачым, што на гэтым участку, які мы цяпер пачалі ад Гомеля да Мазыра, у нас ёсць інтэнсіўнасць руху", - далажыў Міністр.
Рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М-10 на ўчастку ад Рэчыцы да Калінкавіч працягласцю 86 км ажыццяўляецца па параметрах 1-й тэхнічнай катэгорыі з уладкаваннем цэментабетоннага пакрыцця.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты ўчастак, безумоўна, трэба рабіць, ён неабходны для ўнутраных мэт. Аднак яго не задаволілі планы завяршыць гэты ўчастак толькі да 2029 года і ён прапанаваў дзейнічаць хутчэй. "Да Мазыра (ад Гомеля. - Заўвага) яна павінна быць, як з Мінска да Гомеля. І нам трэба паскарацца, - сказаў ён. - А ўжо ад Мазыра туды далей - праз Петрыкаў, Жыткавічы і да Кобрына - пакуль на паўзу паставім. Можа, штосьці зменіцца".
Як адзначаюць у Мінтрансе, на ўчастку М-10 ад Калінкавіч да Кобрына працягласцю 343 км інтэнсіўнасць руху транспартных сродкаў адпавядае існуючым катэгорыям дарогі. Плануецца далейшае падтрыманне гэтага ўчастка ў належным стане.
Частка даклада Міністра датычылася даручэння Прэзідэнта апрабаваць тэхналогію ўкладкі бетоннай асновы дарогі паверх асфальту. Цяпер гэты падыход прымянілі на невялікім участку трасы М-4 Мінск-Магілёў, і вопыт удалы.
"Гэта значыць падыходзіць? Па асфальце бетон пакласці можам?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку далажылі, што работ пры такім падыходзе трэба выконваць менш, а таксама ніжэйшая цана, калі параўноўваць з рэканструкцыяй.
"Калі гэта абгрунтавана, тэхналагічна правільна, гэта трэба рабіць", - сказаў Прэзідэнт.
Прынята рашэнне, што па такой тэхналогіі будуць рабіць асноўныя выхады з Мінска, каб не ўводзіць у далейшым летнія і вясеннія абмежаванні для велікагрузаў. Уладкаванне цэментабетоннага пакрыцця дасць магчымасць значна палепшыць якасць пакрыцця найболей грузанапружаных участкаў дарог і павялічыць дапушчальную нагрузку на вось да 11,5 тоны.
Асобна Аляксандру Лукашэнку даложана аб даручэнні па ўладкаванні дарог з цвёрдым пакрыццём да аграгарадкоў. "У нас з абласных цэнтраў да раённых цэнтраў дарогі ёсць. Няма такога цэнтра, які з абласным не быў бы злучаны цвёрдым пакрыццём. Далей трэба ісці глыбей - ад раённага цэнтра да аграгарадкоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Раней Урадам быў зацверджаны адпаведны пералік на 2025-2026 гады, які ўключае 34 аграгарадкі, для забеспячэння максімальна камфортнага пад'езду да якіх неабходна было зрабіць удасканаленае пакрыццё на ўчастках дарог агульнай працягласцю 156 км. У бягучым годзе зрабілі 108 км да 29 такіх населеных пунктаў (большасць у Віцебскай вобласці), а на наступны год засталося 5 населеных пунктаў і 48 км.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба вельмі ўважліва падыходзіць да гэтай работы і арыентаваць на перспектыўныя аграгарадкі. "Калі вызначыліся, што там будзе аграгарадок, да яго трэба рамантаваць або падводзіць дарогу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Галоўнае не аграгарадок (фармальны статус населенага пункта. - Заўвага), а людзі. Калі там будуць жыць людзі, дарогу рабі. Але калі мы разумеем, што там людзей не будзе, дык навошта ж мы туды будуем такую дарогу? Таму яшчэ раз трэба па краіне ў цэлым і па Віцебскай вобласці прарэвізаваць. А грошы мы знойдзем куды накіраваць".
У гэтым жа рэчышчы Кіраўнік дзяржавы заклікае дзейнічаць і адносна крыху меншых вёсак. "Мы павінны бачыць дынаміку. Перспектыву. Калі гэта 200 чалавек і кожны год людзі выязджаюць, і там не будзе гэтай вёскі, навошта туды лезці? Мы ж дзяржаўныя дзеячы. Мы павінны рабіць там, дзе трэба. Рэвізію трэба правесці і паглядзець, не закопваць грошы там, дзе гэта не трэба", - сказаў ён.
У знак удзячнасці ад мясцовых жыхароў Прэзідэнту паднеслі ў падарунак карціну "Любімы горад...". Гэта работа настаўніка Мазырскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў Леаніда Прыходзькі. Алеем на палатне намаляваны Мазыр у акружэнні лясоў і пагоркаў, ля падножжа горада працякае маляўнічая рака Прыпяць. Яе набярэжная - аблюбаванае месца для прагулак жыхароў і гасцей горада, а два берагі ракі злучае абноўленая славутасць - рэканструяваны мост.
Карціна, паводле слоў Прэзідэнта, будзе перададзена ў Палац Незалежнасці, дзе ёсць музей падарункаў Кіраўніку беларускай дзяржавы ад лідараў іншых краін, вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў культуры і мастацтва, працоўных калектываў.


