Рабочая паездка ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці
- 18
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 кастрычніка ў ходзе рабочай паездкі ў Лепельскі раён Віцебскай вобласці наведаў Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Заслухаўшы даклад аб развіцці турызму ў сістэме Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, да якой адносіцца і Бярэзінскі біясферны запаведнік, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў на развіццё запатрабаваных санаторна-курортных паслуг.
"У гэта трэба ўкладваць грошы. І, фарміруючы дзяржпраграму, трэба менавіта гэта будаваць, калі на гэта ёсць і будзе попыт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - На гэта трэба траціць грошы, калі яны зваротныя".
Як далажыў Кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, падведамныя санаторна-курортныя і прыродаахоўныя ўстановы ў гэтым годзе прынясуць выручку каля Br285 млн са значнай доляй экспарту паслуг. "Што датычыцца санаторна-курортных паслуг, гэта звышпрыбыткова і вельмі хутка акупляецца", - запэўніў Кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Ён расказаў аб развіцці гэтай сферы на прыкладзе санаторыя "Сосны", дзе створаны дадатковыя месцы для размяшчэння, добраўпарадкавана тэрыторыя, прадастаўляюцца новыя паслугі адпачывальнікам. "У наступным годзе пабудуем лепшы ў краіне з усіх санаторыяў СПА-комплекс. І зробім яго адкрытым для ўсіх, хто захоча прыехаць і заплаціць за паслугі", - далажыў Юрый Назараў.
Вядзецца работа па развіцці і іншых месцаў адпачынку, падведамных Кіраўніцтву справамі, у тым ліку санаторыяў за мяжой. Аб гэтым падрабязна даложана Кіраўніку дзяржавы.
Кіраўнік спраў Прэзідэнта таксама прапанаваў пабудаваць на ўсёй працягласці ад Мінска да возера Нарач добрую аўтадарогу, каб зрабіць больш прывабнымі туры выхаднога дня. "Там усё павінна шумець", - сказаў Юрый Назараў.
"Вось для дзяржпраграмы яшчэ адна задача. Трэба будаваць", - згадзіўся Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўніцтва справамі развівае самыя розныя віды турызму, у тым ліку экалагічны, падзейны, паляўнічы і да т.п. "У нас сёння 650 лакацый - баз, стаянак, гасцініц і гэтак далей. Таму мы нічога не будзем будаваць новага. Мы прывядзём у парадак тое, што ёсць. Таму што яно сёння не дае той аддачы, якую павінна даваць", - расказаў Юрый Назараў.
Плануецца ў тым ліку раскручваць розныя падзейныя мерапрыемствы, фестывалі, каб змякчыць уплыў сезоннасці па шэрагу напрамкаў у турызме.
"Па санаторыях мы павінны падвоіць практычна экспарт паслуг. Лічбы рэальныя, падлічаныя. Па прыродаахоўных мы выручку павялічым ад турыстычных паслуг у два разы да 2030 года. Стратэгію зацвердзілі на калегіі", - заявіў Юрый Назараў.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з добраўпарадкаваннем цэнтральнай сядзібы Бярэзінскага біясфернага запаведніка - вёскі Домжарыцы, якую тут развіваюць у канцэпцыі "вёска будучыні".
"У запаведніку павінны жыць людзі, такімі астраўкамі. Размова ідзе аб тым, каб там, дзе людзі жывуць, накшталт Домжарыц, ствараць гэтыя астраўкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб акрамя прыродаахоўных мерапрыемстваў у такіх месцах па-гаспадарску займаліся і лясной, і сельскай гаспадаркай. Каб трымаць тэрыторыі ў парадку.
"Жыць на зямлі - трэба займацца сельскай гаспадаркай. Прысядзібны ўчастак павінен быць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Тое ж самае датычыцца і асобных участкаў, дзе можна развіваць гаспадарчую дзейнасць. "Гэтыя кавалачкі нельга аддаваць прыродзе, калі яны ачышчаны ад лесу, кустоў. Яны павінны даваць рэзультат. Дзесьці цэх па апрацоўцы драўніны, сельская гаспадарка. Я гатовы невялікімі грашыма дапамагчы, каб гэта развіваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я не гавару, з якімі мэтамі будзеце працаваць на зямлі. Малака, мяса ў нас хапае. Калі гэта будзе выкарыстоўвацца для паляўніцтва, рыбалоўства - калі ласка, гэта ваша справа", - дадаў Прэзідэнт.
Што датычыцца развіцця і добраўпарадкавання Домжарыц, Кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку ўбачанаму: "Вёска добрая. Дай бог, каб у нас такія былі аграгарадкі. Малайцы, што зрабілі такую вёску. Акрамя таго, што вы сюды жалезабетон і цэглу цягнеце. Усё трэба рабіць з дрэва", - ацаніў добраўпарадкаванне Прэзідэнт.
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, цяпер у Домжарыцах жывуць 372 чалавекі. Праблем з занятасцю няма, захавана і мадэрнізавана ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, уключаючы дзіцячы сад, школу. Мясцовая кацельня цалкам працуе на мясцовых відах паліва.
У бягучым годзе споўнілася 100 гадоў з дня заснавання запаведніка. Да гэтай даты праведзена маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя цэнтральнай сядзібы ў вёсцы Домжарыцы. Вядзецца жыллёвае будаўніцтва, абноўлена вытворчая база - створаны цэх перапрацоўкі драўніны.
"Гэта правільна, гэта - будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба гэта ўсё змаляваць, спісаць і за некалькі гадоў (адразу гэта не зробіш) рабіць як тут".
Прэзідэнт адзначыў, што ўсё гэта ляжыць у рамках агульнай важнай задачы па захаванні ў краіне вёскі і яе развіцці: "Гэта ўзор, якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Выратаваць, выратаваць вёску. Для мяне гэта пытанне нумар адзін. Я заўсёды гэтаму ўдзяляў самую сур'ёзную ўвагу. Не будзе вёскі - не будзе дзяржавы".
"Бліжэй да прыроды! І выкарыстоўваць трэба запаведныя мясціны ў імя гэтага. Хочацца, каб нашы людзі ад гэтага нешта займелі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Напрыклад, калі там упала 120-гадовае дрэва, не трэба чакаць, калі яно згніе, трэба яго выкарыстоўваць для вытворчасці, каб атрымаць прыбытак, арыентаваў кіраўнік дзяржавы. "У нас хапае кантралёраў, якія разбойнічаць не дадуць. Але трэба выкарыстоўваць. Гэта - наша багацце", - сказаў Прэзідэнт.
"Вы не хвалюйцеся: тое, што мы тут пабудавалі гэты невялікі цэх (па дрэваапрацоўцы. - Заўвага), - гэта зроблена для людзей. Да гэтага мы пабудавалі сацыяльныя, спартыўныя аб'екты. Для чаго? Каб людзі жылі. А як яны будуць жыць, калі зарабляць не будуць? Мы стварылі ім умовы. Дай бог, каб у нас усюды так было гадоў праз дзесяць, як тут. Таму 80% у вас запаведнік, а 20% - у гэтых лясах можаце нарыхтоўваць лес, - сказаў Прэзідэнт. - Але ні ў якім выпадку не на шкоду прыродзе. Тут я яшчэ больш радыкальны, чым вы. Мы павінны захаваць для дзяцей гэты куток. Тым і цудоўная Беларусь".
У сучасным свеце альтруізм недарэчы, адносіны будуюцца зыходзячы з магчымасцей атрымання прыбытку. Такі падыход, напрыклад, дэманструе і Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. "У яго ўсё (заснавана. - Заўвага) на грошах. "Вы хочаце ваяваць (кажа еўрапейцам) ва Украіне? Ваюйце. Хочаце амерыканскую зброю? Калі ласка. Заплаціце - мы вам дадзім зброю". На дурніцу ніхто нічога не дасць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Прагматычна? Прагматычна. Часам цынічна, але прагматычна. А мы што, распласталіся, бярыце нас жыўцом? Не. Плаціце. Будзеце плаціць - будзем рабіць. Не будзеце плаціць - да пабачэння. Такое жыццё".
Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу, што зусім не заклікае да таго, каб "загадзіць Беларусь". Наадварот, гаворка пра разумны падыход у прыродакарыстанні.
Напрыклад, не трэба дапускаць таго, каб вялікія аб'ёмы каштоўнай сыравіны проста гнілі ў лесе. Трэба разумна і эфектыўна распараджацца такім каштоўным рэсурсам, як драўніна, якім краіна валодае ў дастатковай колькасці. У гэтых адносінах Беларусь гатова працаваць як самастойна, так і ў супрацоўніцтве з замежнымі інвестарамі пры рэалізацыі буйных праектаў, як гэта адбываецца цяпер з будаўніцтвам ЦКК у Віцебскай вобласці сумесна з Аманам. "Яны будуць інвесціраваць, укладваць грошы - калі ласка. Давайце разам перапрацоўваць тую драўніну, якую часам мы не можам пералапаціць. І часта я крытыкую нашых начальнікаў: столькі, кажу, драўніны ляжыць (бураломы нарабілі бед)… Усё прыбралі, склалі - не здольныя перапрацаваць. Трэба будаваць вытворчасці. І такія (кампактныя, як у Домжарыцах. - Заўвага), каб атрымаць тое, што людзям патрэбна, і, калі ласка, той, хто хоча ў нас працаваць з-за мяжы, - прывозьце грошы, будзем разам перапрацоўваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Перспектыўнасць такіх праектаў (як буйных, так і больш лакальных) тлумачыцца тым, што лесу ў Еўропе засталося не так шмат. "На поўдзень ад Кіева, як я гавару, лесу няма. А у нас ёсць. Лес, чыстая вада і чыстае паветра. Што яшчэ трэба для таго, каб нармальна жыць?" - рытарычна спытаў Прэзідэнт.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць беражлівага стаўлення да ўсіх прыродных рэсурсаў. "Вядома, павінен быць парадак. Нельга загубіць святыя гэтыя мясціны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандру Лукашэнку расказалі, што паветра ў Бярэзінскім біясферным запаведніку ў 300 разоў чысцейшае, чым у Мінску.
"Людзі нашы яшчэ не ацанілі і не зразумелі, дзе яны жывуць. Святое месца, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - У маладосці асабліва, ды і многія цяпер гэта не цэняць. Пакуль не захварэюць. А здароўе ваша - тут. Дзе жывеш, там трэба і працаваць, дыхаць тым паветрам, піць ваду і ўжываць прадукты харчавання - усё сваё. Гэта здароўе. А здароўе не купіш. Гэта найважнейшы рэсурс для чалавека".
У якасці вельмі пазітыўнага моманту Прэзідэнт адзначыў тое, што моладзь не імкнецца адсюль з'язджаць у вялікія гарады, а прадаўжае тут жа жыць і працаваць. "Хоць куды з'язджаць адсюль? Паветра ў вас у 300 разоў лепшае, чым у Мінску. Школа, дзіцячы сад, праца - усё неабходнае (ёсць. - Заўвага). Усё залежыць ад таго, як будзеце працаваць. Галоўнае, што ёсць збыт, попыт на вашу прадукцыю", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яго здзівіла многае з убачанага ў Домжарыцах, хоць здзівіць яго няпроста - усё ж такі ўжо шмат гадоў на пасадзе Кіраўніка дзяржавы і вопыт каласальны. "Гэта мяне здзівіла - што вы ў цэнтры гэтага вялізнага масіву. Я падлятаў сюды на верталёце, вакол лес, лес і тут такая жамчужына!" - падзяліўся ўражаннямі Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што такога плана цэнтры санаторна-курортных паслуг і вытворчасці трэба пабудаваць, а недзе - захаваць, і на гэта будуць накіроўвацца неабходныя бюджэтныя сродкі. "Мы павінны гэта тыражаваць па ўсёй краіне", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту было даложана аб праведзенай мадэрнізацыі дрэваапрацоўчага цэха, устаноўцы новых вытворчых ліній, за кошт чаго плануецца істотна палепшыць вынікі фінансава-эканамічнай дзейнасці. Як чакаецца, аб'ёмы перапрацоўкі павінны ўзрасці з 43,7 тыс. куб.м да амаль 61 тыс. куб.м у год, рост прыбытку плануецца больш як у 3,5 раза, рэнтабельнасці - з 10% да 19%. Экспарт павінен павялічыцца з $1,8 млн да $3 млн. Прэзідэнт пацікавіўся, наколькі выгадныя экспартныя пастаўкі і ці дастаткова рынкаў збыту, ці карыстаецца попытам вырабляемая прадукцыя. Яго запэўнілі, што продажы на знешнія рынкі даюць магчымасць прадпрыемству атрымліваць добры прыбытак. Цяпер прадукцыя прадаецца ў тым ліку ў Азербайджан, Узбекістан, Таджыкістан, Кітай. Паводле падлікаў спецыялістаў, тэрмін акупнасці праекта па мадэрнізацыі - 3,5 года.
"Такія вытворчасці трэба тыражаваць. І пад гэта ты (Юрый Назараў, Кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. - Заўвага) павінен атрымаць пазыку пад смешны працэнт. Гэта і не шкада. Таму што акупнасць высокая. Галоўнае - рэалізацыя ідзе, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Чаму не рабіць? Віцебскую вобласць трэба натыкаць такімі вытворчасцямі".
Тут у тым ліку наладзілі вытворчасць драўляных вырабаў, якія запатрабаваны ў побыце. Напрыклад, кухонныя дошкі. Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з майстрамі, падкрэсліўшы, што важна забяспечыць пераемнасць і падрыхтоўку вучняў.
У гэтым плане ён нагадаў аб "Белмастацпромыслах", якія ў мінулым перадалі пад крыло Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. З боку апанентаў тады ў сувязі з гэтым было нямала крытыкі, але гэта рашэнне Прэзідэнта дало магчымасць захаваць унікальныя беларускія промыслы. А галоўнае - майстроў.
"Толькі яны гэта ўмеюць рабіць. Я падумаў, што трэба іх захаваць. Гэтыя мярзотнікі мяне крытыкавалі: "Ён забраў сабе "Белмастацпромыслы". А вы ведаеце, што такое "Белмастацпромыслы"? Гэта знікаючая (была. - Заўвага) вытворчасць. А гэта патрэбна будзе заўсёды. А хто гэта зробіць? Яны (майстры. - Заўвага). А сыдуць яны - іх вучні", - сказаў беларускі лідар.
У час размовы з жыхарамі вёскі Домжарыцы, размешчанай на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, Прэзідэнт заявіў, што гэты населены пункт павінен служыць узорам для развіцця аграгарадкоў ва ўсёй краіне.
"Куды з'язджаць адсюль? Паветра ў вас у 300 разоў лепшае, чым у Мінску. Школа. Дзіцячы сад. Праца. Галоўнае - ёсць збыт, попыт на вашу прадукцыю. Я сказаў, што трэба аграгарадкі рабіць такімі, як у Домжарыцах. Трэба ўсё гэта змаляваць, спісаць і за некалькі гадоў зрабіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мяне многае тут здзівіла, шчыра скажу. Што вы ў цэнтры гэтага вялізнага масіву, і тут такая жамчужына. Наша галоўная задача - там, дзе ёсць магчымасць гэтыя цэнтры пабудаваць і захаваць, - туды будзем накіроўваць сродкі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што не з'яўляецца прыхільнікам прадастаўлення разнастайных ільгот і прэферэнцый і стварэння "райскіх" умоў для якой-небудзь катэгорыі грамадзян. Гэта датычыцца і моладзі. Тым больш што ў маладым узросце ёсць велізарны патэнцыял, каб рэалізаваць сябе і зарабляць. "Моладзі трэба дапамагаць там, дзе яны не могуць нешта зрабіць", - адзначыў Прэзідэнт.
На прыкладзе Домжарыц Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што пры наяўнасці добрых умоў для жыцця і работы моладзь не імкнецца выязджаць у вялікія гарады. "Умовы патрэбны для моладзі, каб яна змагла зарабіць столькі, каб утрымліваць сваю сям'ю. У нас гэтыя ўмовы ёсць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Я памятаю свае першыя прэзідэнцкія гады, калі кожную раніцу я прачынаўся і не ведаў, чым жа заняць людзей. А там, дзе заняты, - дзе ж узяць грошы, каб ім заплаціць. Жах!"
"Сёння той, хто хоча зарабіць, той можа зарабіць. Для таго, каб добра жыць, нармальна жыць, у нас ёсць усё. Але трэба варушыцца. Наша справа - стварыць умовы. Дзяржава, улада павінны ствараць умовы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. У Беларусі, напрыклад, ва ўсіх ёсць роўныя магчымасці для атрымання адукацыі незалежна ад узроўню даходаў і сацыяльнага статусу. А гэта ключавы кампанент, каб асвоіць нейкую прафесію і ў будучым дасягнуць поспехаў у жыцці. І каб выбудаваць у краіне такую сістэму роўных магчымасцей, дзяржава і асабіста Аляксандр Лукашэнка прыклалі нямала намаганняў.
Разам з тым наяўнасць роўных магчымасцей зусім не азначае ўраўнілаўкі, падкрэсліў Прэзідэнт. "Ураўноўваць нікога ніколі не трэба. Калі будзем ураўноўваць, як у былыя часы, усіх і ўся, то загубім добрых, таленавітых. Яны не будуць зацікаўлены працаваць, таму што той, хто нічога не робіць і не ўмее рабіць, ён будзе ўраўнаваны з таленавітым чалавекам. Таленавіты ад прыроды, ад Госпада Бога, ад адукацыі, вучыўся лепш, стараўся - ты заробіш больш. Ураўнілаўкі быць не павінна. Але магчымасці такія мы далі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі шмат таленавітых людзей і ў кожнага з іх ёсць магчымасць дасягнуць поспехаў, рэалізаваць сябе ў прафесіі, рухацца ўверх па кар'ернай лесвіцы аж да высокіх дзяржаўных пасад. "Дай бог, каб больш было таленавітых. Вы мне пакажыце пальцам таленавітых, мы забяром яго і будзем расціць, а можа, ён ужо і гатовы кіраваць нейкай сферай, галіной", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, дзяржава гатова разглядаць прапановы аб тым, як палепшыць створаную сістэму, але толькі калі яны канструктыўныя, слушныя. "Калі крытыкуеце, то параўнайце з іншымі - ці маюць іншыя такую магчымасць. Багатая Польшча нібыта ўваходзіць у трыццатку па ВУП у свеце. Дык чаму трэць насельніцтва сёння жыць не можа? А таму што жыццё вельмі дарагое. Не так важна, колькі вырабляеш, а як людзі могуць у гэтых умовах жыць", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Ён заўважыў, што чалавеку ў прынцыпе ўласціва жадаць больш, чым у яго ёсць. Таму нават забяспечаным людзям грошай не хапае. "Але ў гэтым выпадку вы можаце зарабіць столькі, колькі хочаце. Ёсць попыт (на вашу прадукцыю. - Заўвага)", - адзначыў Прэзідэнт.
У той жа час ёсць асобныя катэгорыі людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы, а таксама тыя, каму дзяржава зацікаўлена дапамагчы для вырашэння нейкіх актуальных задач. Напрыклад, шматдзетным сем'ям аказваюцца розныя віды дзяржпадтрымкі з разлікам на тое, каб выправіць складаную дэмаграфічную сітуацыю. Але перагібаў тут быць не павінна, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Нельга, напрыклад, сцягваць такія сем'і ў буйныя гарады і Мінск, прадастаўляючы ім жыллё.
"Але вы павінны разумець, што льготы маюць сваю мяжу, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - На льготы мы рознымі шляхамі забіраем у тых, хто працуе, і камусьці дапамагаем. Мы можам прыняць шмат ільгот, але не зможам іх забяспечыць. Я не змагу ўзяць з працуючых людзей, яны таксама абурацца, скажуць: нам самім жыць трэба. Тут вельмі тонкая мяжа".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на шэраг пераваг жыцця за межамі вялікіх гарадоў, у малых населеных пунктах, вёсках, дзе чыстае паветра, блізкасць прыроды, кампактнасць і даступнасць асноўных аб'ектаў інфраструктуры. Каштоўнасць гэтага, паводле яго слоў, асабліва ўсведамляюць людзі сярэдняга ўзросту, сем'і з дзецьмі. "Яны з задавальненнем прыедуць у гэту цішыню, дзе будзе добра іх дзецям. Таму гэта - будучыня, мы гэта павінны зберагчы", - сказаў Прэзідэнт.
"І надыдзе той час, калі гэта смярдзючая Еўропа будзе нам плаціць, што мы беражом тое, што дасталася нам ад Бога, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што кісларод - ад балот і лесу, дрэў. У Еўропе гэтага няма. А ў нас ёсць. І вецер гэта дабро туды заносіць, і яны дыхаюць свежым добрым паветрам дзякуючы нам. За гэта трэба плаціць".
"Яны замест таго, каб плаціць, пачынаюць нас душыць санкцыямі. Гэта пройдзе. Праходзіць ужо. Думаю, недалёкі той час, калі яны будуць за гэта плаціць нам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што залогам спакойнага мірнага жыцця з'яўляецца перш за ўсё стабільная эканамічная сітуацыя ў краіне, наяўнасць у людзей магчымасці працаваць і зарабіць. І ў Беларусі ўсё гэта ёсць. "Пакуль, дзякуй богу, не ваюем. А гэта - самае страшнае. А ваяваць не будзем, калі будуць у нас вось такія аб'екты (як вытворчасць па дрэваапрацоўцы ў Домжарыцах, напрыклад. - Заўвага), калі ў нас будзе работа і калі мы будзем заняты. Калі ёсць эканоміка, наўрад ці будзе вайна. Наўрад ці гэта дзяржава будзе ваяваць. Але калі няма эканомікі - бяда", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"На нас (тое, што ёсць у Беларусі і што краіна ўмее вырабляць. - Заўвага) попыт ёсць. Але цяпер час такі незразумелы, невядомы, што трэба выстаяць. Нам трэба вытрымаць гэты час. Вытрымаем - будуць жыць нашы дзеці. Не вытрымаем - акунёмся ў гэты вір. Пяцьдзясят з лішнім канфліктаў і войнаў у свеце. Не хацелася б, каб мы ўдзельнічалі ў 51-м. Але тое, што мы не хочам ваяваць, што мы не будзем увязвацца ў гэту вайну, калі нас не чапаюць, гэта я вам абяцаю. Гэта якраз галоўная задача Прэзідэнта і ўлады", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер некаторыя краіны-суседзі трацяць на ваенныя патрэбы да 5% ад ВУП, што з'яўляецца вельмі высокім узроўнем. Пытанне: навошта гэта робіцца? У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "адцяць" заходнюю частку Беларусі або Украіны, як гэта было раней, не атрымаецца. "Не будзе гэтага", - падкрэсліў ён.
"Калі вы прыйдзеце да нас без дазволу сваімі каванымі ботамі - бахнем", - папярэдзіў беларускі лідар.
Журналісты папрасілі Аляксандра Лукашэнку расказаць аб сапраўднай сітуацыі з запускам метэаралагічных зондаў на тэрыторыю Літвы з кантрабанднымі цыгарэтамі. Тым больш, што гэта стала прычынай закрыцця граніцы, а з-за мяжы гучала крытыка Беларусі з заклікамі прынесці афіцыйныя прабачэнні. Дык ці ёсць за што прасіць прабачэння - Прэзідэнт адказаў максімальна падрабязна і адкрыта.
"Што з тэрыторыі Беларусі ляталі туды гэтыя шарыкі з цыгарэтамі - гэта праўда. І калі я сказаў, што мы разбяромся, значыць, мы разбіраемся. І мы ведаем такіх людзей. Двух чалавек адразу мы ўстанавілі. А цяпер нібыта паўтара дзясятка. Учора мне Старшыня КДБ далажыў, што ў нас такіх груп людзей у Беларусі нямала", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым, як аказалася, грамадзяне Беларусі непасрэдна да перапраўкі самой кантрабанды ў Літву на метэаралагічных зондах дачынення не мелі. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што самі грамадзяне Літвы на фоне закрыцця заходнімі суседзямі Беларусі граніц вырашылі зарабіць на перапродажы цыгарэт - у такія ўмовы іх паставілі ўласныя ўлады, перапыніўшы нармальныя гандлёвыя сувязі і пабудаваўшы агароджу на граніцы.
"Пабудавалі агароджу. А людзі ж прывыклі - у іх бізнес нейкі быў, яны вытворчасцю займаліся. Яны маглі вырабіць і прадаць нам, мы маглі вырабіць - прадаць туды. Ішоў гандаль. Пабудавалі агароджу - і парвалі, парэзалі гэтыя жывыя сувязі. Мільёны людзей раптоўна пазбавіліся гэтай работы, за кошт чаго яны яшчэ жылі, асабліва палякі. Там жа прыватная вытворчасць, яны яшчэ больш залежныя ад гэтага гандлю, чым мы, - заўважыў беларускі лідар. - Улады літоўскія і польскія - вы вінаватыя, што так адбываецца. Вы навошта паставілі людзей у такія ўмовы? Навошта вы іх штурхнулі на шлях злачынства?"
Ён расказаў, што беларускія грамадзяне абсалютна легальна набывалі на вытворчасці цыгарэты і перадавалі літоўцам, якія прыбылі на тэрыторыю Беларусі, атрымліваючы свой навар. І ўжо самі літоўцы сваім саўдзельнікам перапраўлялі тавар з дапамогай паветраных шароў. Выгада заключалася ў значнай розніцы цэн на цыгарэты ў Беларусі і краінах ЕС.
"Гэтыя людзі, якім па-жывому парэзалі жыццё і лёсы па лініі граніцы (ім жа дзяцей трэба нечым карміць, нечым займацца), убачылі, што яны могуць тут узяць танны тавар і там перапрадаць. Зарабіць вялікія грошы", -сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Наладзілі гэты бізнес. Нашы на фабрыцы бяруць цыгарэты па выгаднай цане, прадаюць (каб самім грошы зарабіць - навар нейкі) літоўцам. Трэба перакінуць цераз агароджу. Маленькімі порцыямі перакідвалі на гэтых шарыках. Там літоўцы прымалі іх", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што і літоўскія пагранічнікі павінны былі гэта бачыць і бачылі, але яны таксама атрымліваюць грошы.
"Нашы гэта бачылі? Напэўна бачылі. Ну а што нашы? Вы санкцыі ўвялі супраць нас, вы нас душыце і іншае. Як я часта гавару, што, мы вас абараняць будзем? Ну і ляціце, гэтыя шарыкі. Але гэта мы праверым яшчэ. Але галоўнае - там літоўцы прымалі гэтыя шары і бралі гэтыя цыгарэты. Не ў Літве прадавалі. У Нідэрландах і Англіі. Гавораць, там самыя дарагія цыгарэты", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Як я магу з іх запатрабаваць (удзельнікаў гэтай схемы з беларускага боку. - Заўвага), у чым тут віна Беларусі? Я не бачу, за што караць людзей. Яны хацелі зарабіць - яны зарабілі. Калі б яны ўкралі гэтыя цыгарэты... Не, яны заплацілі, - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Якія да нас прэтэнзіі? Тое, што мы прадалі літоўцам цыгарэты? Прадалі. Гэта законна".
Больш таго, гэта выгадна фабрыцы, якая прадае сваю прадукцыю, і дзяржаве, якая атрымлівае ў бюджэт акцызы ад продажу цыгарэт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цікавіўся ў дасведчаных людзей дэталямі, колькі менавіта цыгарэт перапраўляецца з дапамогай такіх паветраных шароў. Як яму далажылі, у адной каробцы 500 пачкаў цыгарэт, і за адзін раз можна падняць не больш за дзве каробкі, гэта значыць тысячу пачкаў цыгарэт. "Гэта, кажуць, гаротнікі, якім цяпер працаваць няма дзе, туды-сюды ездзіць не могуць. Яны гэтым займаюцца", - расказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзяліўся падрабязнасцямі, як людзі з Літвы, якія займаліся кантрабандай, траплялі ў Беларусь: "З Літвы ў дадзеным выпадку (мы гэтых дваіх устанавілі) запрашаюць людзей. У нас бязвізавы рэжым. Але яны не карысталіся гэтым. Яны па "зялёнцы", дамовіліся з пагранічнікамі літоўскімі, брамку адчынілі - яны да нас прыйшлі".
Прэзідэнт таксама растлумачыў, што прыезд літоўцаў у Беларусь быў звязаны з адмовай удзельнікаў з беларускага боку запускаць гэтыя паветраныя шары: "Сказалі: "Не, Бацька пасадзіць, мы гэта рабіць не будзем!" Закупілі гэтыя шары па інтэрнэце. І гэтыя літоўцы, паколькі нашы не згадзіліся, самі перакідвалі гэтымі шарыкамі цыгарэты ў Літву. А ў Літве прымалі іх людзі, якіх яны (улады. - Заўвага) пазбавілі заработку".
"Я наогул хачу ўдакладніць, колькі там шарыкаў гэтых паляцела. Кажуць, 200 штук. Нашы гэтыя "бандзюгі" гавораць: "Перадайце Прэзідэнту, ніякіх там 200 не было. Там два дзясяткі гэтых шароў. У нас столькі, кажуць, няма шарыкаў". Тое, што літоўцы самі сабе перакінулі, дык вы знайдзіце гэтых літоўцаў, высветліце і з іх запатрабуйце. Яны ж гэта разумеюць і ўжо, нібыта, раніцай мне сёння далажылі, літоўцы нешта там знайшлі. Мы сваіх знойдзем, спытаем, навошта яны гэта рабілі. Але я не ведаю, як з іх запатрабаваць. Яны купілі і прадалі", - дадаў беларускі лідар.
Нягледзячы на ўсё выкладзенае, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для яго важны той факт, што з-за шароў, якія запускалі, была паралізавана работа аэрапорта. "Шары да пяці кіламетраў паднімаліся, гавораць. А калі б грамадзянскі самалёт - загінулі б людзі. Для мяне гэта непрымальна і важна, - падкрэсліў ён. - Так, мы будзем расследаваць. Гэта дрэнна, што шарыкамі перакідваюць. Няхай вагонамі лепш возяць. Таму шарыкі - гэта пагроза грамадзянскім аэрапортам. Мы разбяромся".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што перш за ўсё ў самой Літве трэба разабрацца з тым, што адбываецца, бо нават калі "жорстка разабрацца з гэтымі людзьмі" ў Беларусі, то гэта нічога не дасць.
Больш таго, Прэзідэнт падзяліўся і іншай падаплёкай пытання: "Літоўцы ж разумеюць, што гэта ўсё ўсплыве, гэта будзе ўсё вядома. Адкрыю сакрэт: мы з амерыканцамі вядзём перагаворы. Па-рознаму, цяжка ідуць гэтыя перагаворы. Ну і літаральна на наступны дзень пасля ночы, калі гэтыя шарыкі паляцелі, амерыканцы меседж нам прыслалі, што беларусы вінаватыя, што гэта здарылася, і ўлады і Лукашэнка павінны неадкладна папрасіць прабачэння ў Літвы, прытым публічна за гэта. Я гавару: "Пайшлі нах..." І гэтак далей. Я ж сказаў, што мы папросім прабачэння, але калі будзем вінаватыя. За што мне прасіць прабачэння? Але амерыканцы ад нас патрабуюць прабачэнняў і літоўцы. Хто кім кіруе? Яны паскардзіліся амерыканцам, якія вядуць з намі перагаворы. Амерыканцы прысылаюць пісьмо мне, каб папрасілі прабачэння. Тое і літоўцы ад нас патрабуюць. Амерыканцы далі каманду ім: "Патрабуйце прабачэнняў, каб Лукашэнка папрасіў прабачэння".
"Калі я ў нечым вінаваты, калі вінаваты, зыходзячы з гэтага, я гатовы папрасіць прабачэння. Але я не бачу сваёй віны, я не бачу віны нашых людзей. І потым, давайце шчыра, калі нам трэба перакінуць цыгарэты ў Польшчу - вагон туды адправім. І там прымуць. Чаму? Таму што там ёсць попыт на гэта. Гэта эканоміка. Нікуды не дзенешся. Калі там у 5 ці 10 разоў даражэйшы тавар, чым у нас, - пад зямлёй пракапаюць тунэль і па ім паставяць. І тыя, хто будзе бачыць, прамаўчаць, калі яму заплацяць (пагранічнікі). Яму заплацілі - ён маўчыць. Цыгарэты, не ядзерная ж зброя", - сказаў Прэзідэнт.
Гаворачы аб усёй гэтай сітуацыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Пытанне ў тым, што ім трэба знайсці нешта, каб нас нахіліць".
Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб цяперашняй сітуацыі, прывёў прыклад з параўнальна нядаўняга мінулага з пасадкай у 2021 годзе ў Мінску рэйса авіякампаніі Ryanair, на борце якога быў Раман Пратасевіч (які меў дачыненне да вядзення прызнаных экстрэмісцкімі Telegram-каналаў) з яго на той момант дзяўчынай. Іх затрымалі, і гэта стала падставай для ўвядзення Захадам санкцый адносна беларускай авіякампаніі "Белавія", а таксама іншых абмежавальных мер.
"Доўга расказваць не буду. Пратасевіч - гэта супрацоўнік нашай разведкі. Нам трэба было яго затрымліваць? А вось пытанне, чаму яны (рэйс Ryanair. - Заўвага) у Вільнюс ляцелі, там не селі, а развярнуліся і ў Мінск прыляцелі, селі пасля званка, што ў іх на борце там нейкая ўзрыўчатка... Ну садзіцеся, вы ў Вільнюс ляцелі, над Вільнюсам былі - садзіцеся. Развярнуліся, прыляцелі ў Мінск. Селі ў Мінску. Я гавару: "Ну што, праводзьце аперацыю, ён жа пад прыкрыццём працаваў гэтых збеглых. Праводзьце аперацыю як мае быць", - заявіў Прэзідэнт.
"Давялося нам аперацыю праводзіць па яго затрыманні. Хоць нам не трэба было яго затрымліваць. Ён прыехаў у Грэцыю, яго туды выклікалі, ён далажыў разведчыкам усё, што нас цікавіла, атрымаў заданне і ляцеў назад. Туды, дзе працаваў, праз Вільнюс. Нас абвінавацілі ў тым, што мы затрымалі апазіцыянера. А ён не наш апазіцыянер. Мы не затрымлівалі апазіцыянера. Вось увялі санкцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэтак жа і тут. Мы павінны ў літоўцаў папрасіць прабачэння. За што?" - правёў паралелі Аляксандр Лукашэнка.
"Маніпуляваць намі нельга. І ў сувязі з гэтым я бачу, што нагнятаецца абстаноўка. Нас хочуць з расіянамі даціснуць. Пуцін, Лукашэнка - гэта наогул агрэсары. Гэтага рабіць нельга. З намі яны не справяцца. Няўжо хочуць, каб сярэдзіна мінулага стагоддзя паўтарылася? Не справяцца яны з намі. Мы сваю зямлю будзем з расіянамі абараняць да апошняга чалавека. Але мы туды не лезем", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане нагадаў аб пагрозах перакрыць Сувалкскі калідор, праз які адбываюцца сухапутныя зносіны паміж Беларуссю і Расіяй з аднаго боку і Калінінградскай вобласцю РФ - з другога. "Расіяне з зямлі сваёй вязуць туды тавары. Не ядзерную зброю, не зброю наогул, а тавары. Яны ж правяраюцца пагранічнікамі літоўскімі там. Праз Літву гэты калідор. Вы чаго? Гэта - імперыя, ядзерная краіна. Вы нарываецеся на што? Вы навошта перашкаджаеце расіянам мець нармальныя стасункі са сваёй тэрыторыяй - Калінінградскай вобласцю? Нарываюцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аналагічна часам гучаць пагрозы перакрыць шлях па Балтыйскім моры. Прэзідэнт нагадаў, што пасля таго як краіны Балтыі закрылі для Беларусі доступ да сваіх партоў, яна знайшла альтэрнатыўны маршрут праз парты Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга. "У нас там порт у Бронцы. Закрылі нам магчымасць у Літве грузіцца, у партах Латвіі, у Польшчы - гэта вашы парты. Мы туды не лезем. Мы знайшлі порт у Ленінградскай вобласці. "Мы закрыем Балтыку (гучаць пагрозы. - Заўвага)". Мы сядзім з Пуціным (я ўжо расказваў недзе), абмяркоўваем гэта пытанне. Я гавару: "Бачыш, да чаго дайшлі. Сталі нахабнымі". А які выхад? Ну, мы будзем суправаджаць ваеннымі караблямі свае гандлёвыя судны. Вы хочаце гэта?" - канстатаваў беларускі лідар.
"Разумееце, вось нарываюцца. Хто іх да гэтага штурхае? Мы можам толькі здагадвацца. Да таго, каб сутыкнуць тут, у Еўропе, зноў распаліць нейкі агонь. Таму я так акуратна, акуратна адступаю. Але адступаю да пэўнага перыяду", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў шэрагу заходніх краін, у тым ліку суседзяў, актыўна ўзбройваюцца. І ў гэтым плане ў Беларусі і Расіі ёсць, чым адказаць, калі ўзнікне такая неабходнасць.
"Яны ж узбройваюцца (апаненты за мяжой. - Заўвага), 6% ВУП - гэта мільярды долараў. Ну калі вы купляеце ружжо, вы яго не купляеце, каб проста на сценку павесіць. Хоць адзін раз у год яно, і на сценцы калі вісіць, страляе. Напэўна ж, яны для нечага скупляюць па ўсім свеце зброю. І крычаць: "Чаму Лукашэнка ядзерную зброю завёз, чаму Лукашэнка "Арэшнік" (плануецца паставіць на ўзбраенне. - Заўвага)..." - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"А што мне застаецца рабіць? Мне што, сядзець і чакаць, як у 1941-м годзе, калі сюды прыйдуць, згвалцяць нашых жанчын і заб'юць нашых дзяцей? Я гэтага не хачу, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму я гавару: "Ядзерная зброя - гэта страшная рэч".
"Мы нашу ядзерную зброю, каб вы ведалі, яшчэ раз абмянялі. Мы яе вывезлі ў Расію і найноўшую завезлі. Яе прывялі ў парадак. Гэта дарагая рэч - абслугоўваць яе. Расіяне дапамагаюць. Мы яе назад завезлі. Мы трэніруемся, як яе прымяняць. І з самалётаў, і ракетная зброя. Мы гэта таксама не ўтойваем", - заявіў Прэзідэнт.
Ён таксама пацвердзіў планы паставіць у снежні бягучага года на баявое дзяжурства ракетны комплекс "Арэшнік": "Арэшнік" - страшная зброя. У снежні стане на баявое дзяжурства. Для чаго? Я хачу, каб яны (апаненты за мяжой. - Заўвага) разумелі, што мы можам бахнуць, калі будзе дрэнна. Вось мы сядзем з Пуціным, прымем рашэнне і бахнем. Таму не нарывайцеся. Вайна ж пачыналася ва Украіне з гэтага. На Данбасе даймалі рускамоўных, забівалі, цкавалі. Гэта было на маіх вачах".
Прэзідэнт нагадаў, што на мінскай пляцоўцы ў свой час былі дасягнуты мірныя дамоўленасці, але апаненты вырашылі дзейнічаць шляхам падману, што і прывяло да цяперашняй сітуацыі: "Аказваецца, не дамовіліся. Аказваецца, прыехалі ў Мінск, каб Расію і нас падмануць. Падманулі. Ну, даскакаліся. Ужо два мільёны загінула чалавек і скалечана ўкраінцаў. Ну навошта вы нарываецеся? Нармальна ж жылі. І палякі, і літоўцы і гэтак далей".
Яшчэ адна гучная заява Аляксандра Лукашэнкі датычылася зрыву папярэдняй дамоўленасці аб абмене з Польшчай. І ў гэтай гісторыі таксама сваю ролю адыграла закрыццё граніцы Літвой з-за, як сцвярджаецца, залётаў метэаралагічных зондаў.
Раней Польшча заяўляла аб гатоўнасці адкрыць у лістападзе пункты пропуску ў Баброўніках і Кузніцы на граніцы з Беларуссю. Аднак затым адклала гэта на фоне рашэння Літвы на месяц поўнасцю закрыць аўтатранспартную граніцу з Беларуссю.
"У нас з палякамі былі кантакты. Яны просяць там гэтых Пачобутаў (асуджаны ў Беларусі Анджэй Пачобут. - Заўвага), шпіёнаў прызнаюць. Яны затрыманы. "Аддайце (просіць польскі бок. - Заўвага)". Мы ім кажам: "Ну добра, там 2-3 чалавекі нашых ёсць. Вяртайце. Правядзём абмен". Таксама ж сем'і і гэтак далей. Разведка была, ёсць і будзе. Я прызнаю гэта, паважаю. Добра, абмяняем. Пачобута хочаце - мы гатовы пайсці і на гэта. "Ой, дзякуй вам і іншае, мы гатовы з вамі размаўляць, мы адкрываем пункты пропуску, яшчэ нешта", - расказаў Кіраўнік дзяржавы пра існаваўшыя папярэднія дамоўленасці.
Аднак, паводле яго слоў, пазіцыя польскага боку змянілася. "Учора бліжэй да ночы мне дакладвае КДБ: "Не, яны адступілі ад гэтай пазіцыі ў знак салідарнасці з Літвой за гэтыя вось шарыкі". Я гавару: перадайце ім прывітанне. Адступілі - ну і мы адступім. Мы на паўзу ставім. Калі будзеце гатовы - прыходзьце, будзем з вамі размаўляць".
"Мы адкрыты да гэтага дыялогу і размовы без нагнятання сітуацыі. Не таму, каб лоб у лоб. Гэта не трэба. Я не прыхільнік гэтага. Заўсёды трэба шукаць кампрамісы. Але адыходзіць можна да сценкі, пакуль ты не ўпрэшся ў нешта. Ну, я адступаю. Але гэта сценка - усё, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І потым, калі тым ім робіш нейкія крокі (насустрач. - Заўвага), чалавечыя крокі, яны гэтага не разумеюць. Яны гэта разумеюць як слабасць. І амерыканцы, і ўсе іншыя. Ды не ў слабасці справа. А справа ў тым, што я не магу далей адступаць. Не магу".
"Я амерыканцам кажу: у мяне свае людзі ёсць, якія ацэньваюць мяне па канкрэтных кроках. Яны бачаць: "А, Лукашэнка там гэта адступіць, гэтага, гэтага вызваліў… А навошта, а не трэба, няхай бы сядзеў". А яны ж не валодаюць той інфармацыяй, а я вочы ў вочы не магу ім усё гэта расказаць, - падзяліўся Прэзідэнт. - Я амерыканцам гавару: вы мяне зразумейце... Трамп, гавару, гэтак жа дзейнічае. Трамп гатовы з вамі сустрэцца, заключыць вялікую здзелку (гавораць прадстаўнікі ЗША. - Заўвага). Ды гасподзь з вамі. Сутнасць у чым "вялікай здзелкі"? Мы робім, што яны хочуць, а яны робяць, што мы хочам - вялікая здзелка. Я гавару: "Мы гатовы, але ў нас ёсць свае інтарэсы".
"Так, мы не Злучаныя Штаты Амерыкі, але я Прэзідэнт. Для мяне беларускі народ - гэта самы горды, самы вялікі, самы велічны. Я - Прэзідэнт гэтага народа. Я з гэтага зыходжу. Таму я магу зрабіць толькі тое, што магу. А калі я разумею, што людзі гэта не ўспрымуць, што яны мяне асудзяць за гэта (асабліва простыя людзі)... Гэта ж мае людзі - вучоныя, настаўнікі, урачы, слесар, сталяр і іншыя. Гэта мае людзі. Калі я адчуваю, што яны мяне не адобраць, я буду дабівацца, каб яны мяне зразумелі. І калі яны мяне зразумеюць, я гэта зраблю. Не зразумеюць - я рабіць не буду. Вось і ўсё. Таму я 30 гадоў працую Прэзідэнтам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.


