Наведванне рэканструяванага комплексу "Лошыцкі" ў Мінску
- 22
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 верасня напярэдадні Дня горада азнаёміўся з добраўпарадкаваннем Мінска і наведаў рэканструяваны комплекс "Лошыцкі".
"Мы ўсё тут аднавілі, што жывое было?" - спытаў пасля прыезду ў комплекс Аляксандр Лукашэнка. Яму далажылі, што на тэрыторыі парку яшчэ засталіся два аб'екты, дзе трэба завяршыць работы.
Уладзімір Кухараў далажыў аб рэалізацыі плана добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонце і афарбоўванні будынкаў, рамонце вулічна-дарожнай сеткі, высадцы дрэў і зялёных насаджэнняў, устаноўцы малых архітэктурных форм, арганізацыі дзіцячых пляцовак. Добраўпарадкавана 18 зон адпачынку - па дзве ў кожным з раёнаў Мінска.
Завершана рэканструкцыя Цэнтральнага дзіцячага парку імя Максіма Горкага, на фінальным этапе работы ў парку Уга Чавеса. Да канца года плануецца пачаць работы на тэрыторыі Пішчалаўскага замка, разглядаецца прапанова па арганізацыі там пункта грамадскага харчавання са стравамі нацыянальнай кухні.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта работа павінна быць уключана ў лік задач для кіраўнікоў раённых адміністрацый Мінска. "Трэба гэтым займацца. Мабілізоўваць, аб'ядноўваць, угаворваць, прасіць, прапаноўваць і патрабаваць ад людзей. Кожны павінен хоць невялікую капейку разам з дзяржавай (укласці ў добраўпарадкаванне. - Заўвага), - арыентаваў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба гэтым займацца, таму што гэта для людзей".
На цырымоніі адкрыцця рэканструяванага гісторыка-культурнага комплексу "Лошыцкі" Аляксандр Лукашэнка абазначыў перспектывы развіцця сталіцы.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі беражліва ставяцца да захавання і рэканструкцыі гістарычных аб'ектаў, і комплекс "Лошыцкі" - адзін з такіх прыкладаў. "Мая палітыка, а значыць, і ваша, - ствараць і захоўваць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Вось мы захоўваем сваю культурную спадчыну, аднаўляем, будуем. Мы гэта будзем рабіць і далей".
Прэзідэнт падзякаваў усім, хто займаўся рэканструкцыяй аб'екта, яго будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем, пажадаўшы, каб комплекс стаў цэнтрам прыцягнення для гарадскіх жыхароў і гасцей сталіцы, дзе можна адпачыць, правесці час з дзецьмі. Тут для гэтага ёсць усё: і добраўпарадкаваная тэрыторыя, гасцініцы, рэстараны, залы і пляцоўкі для правядзення розных мерапрыемстваў. Праўда, асобныя збудаванні яшчэ трэба будзе рэканструяваць. Напрыклад, будынак старога млына. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што яго былое прызначэнне трэба захаваць і арганізаваць тут менавіта млын. Гэта дасць магчымасць прывабіць турыстаў, моладзь. "Вось калі б мы тут змалолі збожжа, сабранае ў Беларусі, і хлеб гэты людзям прапанавалі, я ўпэўнены, што з Расіі прыязджалі б, каб купіць гэты хлеб", - заўважыў Прэзідэнт. У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў адноўленую пякарню на сваёй малой радзіме, у пасёлку Копысь, дзе цяпер выпякаюць вельмі смачны хлеб, які карыстаецца вялікім попытам, за ім прыязджаюць нават з суседніх гарадоў і населеных пунктаў.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў пачатку 90-х гадоў комплекс "Лошыцкі" быў закінуты і мог увогуле знікнуць. Але Прэзідэнтам было прынята рашэнне яго захаваць, аднавіць, што і было зроблена. Цяпер тут ёсць аб'екты, прызначаныя для людзей розных пакаленняў і інтарэсаў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа па добраўпарадкаванні вядзецца ў цэлым па ўсім Мінску і па ўсёй краіне, і яна будзе прадоўжана. "Мы ў Мінску не толькі ў гэты Год добраўпарадкавання, але і ў наступныя гады поўныя рашучасці навесці парадак вось такі (як у комплексе "Лошыцкі". - Заўвага), далей будзеце ўжо самі падтрымліваць гэты парадак. І зробім усё для таго, каб у вас тут было куды прыйсці і адпачыць", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, разважаючы аб развіцці сталіцы, часам перажывае, ці не робіць ён горад занадта "вясковым", маючы на ўвазе, што тут не так шмат аб'ектаў, характэрных для буйных індустрыяльных мегаполісаў, а больш зялёных зон і прасторы для людзей. "Можа, нехта зусім малады падумае: нам бы такіх шкляных і бетонных будынкаў больш. А калі дзеткі з'яўляюцца (а гэта вельмі хутка адбываецца), вось тады вы зразумееце, што такое вось гэта - калі можна з дзіцем некуды выйсці спакойна", - звярнуў увагу ён.
"Думаю, Уладзімір Яўгенавіч, нам не трэба спяшацца забудоўваць Мінск, узводзіць там, дзе нашы бізнесмены вельмі хочуць: дайце нам гэта месца, мы тут пабудуем жыллё і гэтак далей", - заўважыў Прэзідэнт, звяртаючыся да старшыні Мінгарвыканкама Уладзіміра Кухарава. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што палітыка ў дачыненні да жыллёвага будаўніцтва ў Мінску ўжо вызначана і застанецца такой жа: будаўніцтвам жылля ў сталіцы займаюцца дзяржаўныя кампаніі, якія могуць гарантавана выканаць работы, не дапусцяць якіх-небудзь махінацый і завышэння кошту, як гэта адбывалася раней з некаторымі прыватнікамі. Для прыватных інвестараў у Мінску таксама ёсць магчымасці, але толькі тады, калі яны гатовы браць на сябе сацыяльную нагрузку, прывозіць найноўшыя тэхналогіі і прыцягваць значныя фінансавыя рэсурсы. Так, напрыклад, было з інвестарам, які будуе ў сталіцы мікрараён Паўночны бераг, а разам з ім і міжнародны выставачны цэнтр. "Вось той, хто прывязе ў Беларусь нешта, - калі ласка", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Палітыка Кіраўніка дзяржавы ў дачыненні да будучага развіцця Мінска застанецца такой жа нязменнай і ў далейшым - яго нельга перанасяляць, забудоўваць шклом і бетонам.
"Не думаю, што людзям вельмі зручна і хочацца жыць у гэтых шкляных хмарачосах. Таму я так крыху Мінск прытрымліваю (у плане павелічэння канцэнтрацыі насельніцтва і шчыльнасці забудовы. - Заўвага), каб прырода была... Калі і жывеш у шматпавярховым доме, каб з дзеткамі мог прыйсці сюды, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы будзем рабіць усё для таго, каб вам было зручна".
Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускую сталіцу трэба захоўваць камфортнай для жыцця і ні ў якім разе не перанасяляць, не сцягваць сюды людзей з усіх рэгіёнаў. Таму ідзе развіццё гарадоў-спадарожнікаў - Рудзенска, Дзяржынска, Смалявіч, Лагойска, Фаніпаля, Заслаўя, дзе ствараецца інфраструктура для камфортнага жыцця людзей, будуецца жыллё.
А цяпер на стале ў Кіраўніка дзяржавы - варыянты тэхнічных рашэнняў таго, як звязаць сталіцу і гарады-спадарожнікі скорасным транспартам. "Думаем, як звязаць хуткімі тэхнічнымі сродкамі гэтыя раёны з Мінскам. Ці будзе чыгунка, ці манарэйка... Паглядзім, што таннейшае, што нам больш падыходзіць, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, каб людзі маглі з таго ж Дзяржынска ў Мінск прыехаць за 10 хвілін".
Аляксандр Лукашэнка падзяліўся з прысутнымі, што разважаў над пытаннем, чаго не хапае Мінску, і прыйшоў да наступнай высновы: "У нас ёсць усё. Проста трэба развівацца".
Паводле слоў Прэзідэнта, трэба ўсюды добраўпарадкаваць тэрыторыі і навесці належны парадак. "Мне здаецца, што Мінску ўсяго хапае. Але нам трэба вось гэты глянец зрабіць", - сказаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсюды трэба гэта рабіць так, як, напрыклад, у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе. "Дзякуй вам, будаўнікам, за гэты цудоўны аб'ект. А тым, хто будзе тут працаваць, поспехаў. Беражыце гэта", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама станоўча ацаніў добраўпарадкаванне вакол спартыўнага комплексу ў Чыжоўцы. "Навокал усё павінна быць дастойна і для людзей. Малайчына, што вакол пабудаваў лыжаролерную трасу. Няхай людзі ідуць, займаюцца спортам", - дадаў ён.
Асобна Прэзідэнт звярнуўся да будаўнікоў, якія прымалі ўдзел у рэканструкцыі комплексу, падзякаваў ім за работу і ў іх асобе пахваліў у цэлым усіх прадстаўнікоў галіны.
"Нашы будаўнікі сёння ўмеюць рабіць усё", - сказаў ён. Попыт на айчынных спецыялістаў-будаўнікоў ёсць і за мяжой, яны запатрабаваны ў тым ліку і ў Расіі, таму што ў іх высокая кваліфікацыя і ўзровень прафесіяналізму. "Вельмі добра, што захавалі будаўнікі сваю савецкую школу. У Беларусі былі цэнтры, дзе абучаліся з усяго гіганцкага Савецкага Саюза, як трэба будаваць, у якім напрамку будзе развівацца будаўніцтва. Мы шмат у чым гэта аднавілі і прымножылі. Гэта вялікая заслуга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заўважыў, што запатрабаванасць беларускіх спецыялістаў вымушае кіраўнікоў будаўнічых арганізацый павышаць зарплату работнікам, каб пазбегнуць адтоку кадраў. "Толькі трэба разумець, што, калі хочаш шмат зарабіць, - трэба шмат працаваць. Іншага не дадзена. Ні адзін прэзідэнт, ні адзін мэр вам іншага рэцэпта не выпіша", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Вы малайцы. Мы з вамі ў 2020 годзе перажылі мяцеж. Разумелі, што магло б быць. Цяпер вы разумееце, гледзячы на Украіну. А мне даводзіцца кожны дзень працаваць з гэтым. Ведаеце, амерыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы з імі вядзём пэўныя перагаворы. Мы ўпарадкуем сітуацыю. Зробім так, як гэта патрэбна для нас, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І не гаварыце, што "мы вось маленькая такая рэспубліка, мы нічога не можам". Гэта не залежыць ад памеру - маленькая, вялікая і гэтак далей. Цяпер гэта залежыць ад таго, наколькі мы адзіныя і наколькі мы хочам жыць на сваёй зямлі. Каб намі не кіравалі".
"Таму будзем рабіць кожны на сваім месцы ўсё, каб тут жыць, працаваць, будаваць, мадэрнізаваць, але не ваяваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў да актыўнага ўдзелу мінчан у работах па добраўпарадкаванні ў горадзе. "Суботнікі, суботнікі. Прыводзьце ў парадак. Трэба капацца ў зямлі. Каб не ў рэстаране толькі сядзелі, а на зямлі. І пажадана - басанож. Будзеце хадзіць босымі нагамі - хварэць не будзеце. Мая вам парада", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, яшчэ адзін залог здароўя - рэгулярныя заняткі спортам. Прэзідэнт прывёў прыклад Кітая, дзе фізкультурай і спортам масава займаецца не толькі моладзь, але і пенсіянеры.
"Займайцеся спортам. Я рэкамендаваў заўсёды. Дзве гадзіны ў дзень. І вадзіце за сабой сваіх дзяцей. Гэта дзеля таго, каб вы менш валяліся ў бальніцах, каб вы былі здаровыя. Здароўя вам! Як я гавару, усё астатняе мы купім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з будаўнікамі і прадстаўнікамі грамадскасці, Прэзідэнт адзначыў, што на фоне палітыкі закрыцця граніц, якую праводзяць шэраг краін, Беларусь, наадварот, дэманструе адкрытасць для іншаземцаў.
"Вы нармальна павінны ўспрымаць іншаземцаў. Мы ўвялі бязвіз для ўсіх. Для нас там закрываюць усё, а мы ім: "Прыязджайце, глядзіце!" Ну, нагрузка невялікая міліцыі, спецслужбам, але гэта іх праца, грошы ж яны за гэта атрымліваюць. Але сюды ж прыязджаюць не бедныя людзі. Яны прывозяць сюды грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь таксама стала папулярным напрамкам для расіян, якія прыязджаюць за цішынёй. "Яны хочуць прыехаць, тут спакойна адпачыць. Але, самае галоўнае, паехала і сярэдзіна грамадства, расійскага асабліва. Звычайныя людзі - такія, як мы. Яны прыязджаюць сюды. Ужо з нас бяруць прыклад, як трэба жыць і развівацца", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў актуальную тэму ўборачнай кампаніі, адзначыўшы, што ўборка збожжавых і каласавых практычна завершана. Разлікі на ўраджай у гэтым годзе былі каля 11 млн т. Але, мяркуючы па актуальных даных, лічбы будуць яшчэ больш высокімі. З палёў краіны ўжо намалочана амаль 9 млн т збожжа з улікам рапсу. Уборка кукурузы яшчэ прадаўжаецца, яе плануецца сабраць каля 2 млн т. Такім чынам, агульны аб'ём збожжа складзе прыкладна 11 млн т. "Гэта вельмі многа. Рэдка якая краіна збірае на душу насельніцтва столькі хлябоў. Гэта значыць будзем з хлебам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Што датычыцца бульбы, з наяўнасцю якой у магазінах былі праблемы вясной бягучага года, яе вырасцілі дастаткова, каб поўнасцю закрыць патрэбнасці насельніцтва і яшчэ паставіць на экспарт. Паводле слоў Прэзідэнта, сітуацыю з недахопам бульбы прааналізавалі, фактараў, якія да яе прывялі, шмат. "Мы ведаем і больш не дапусцім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, пасяўныя плошчы пад бульбу былі павялічаны. "У гэтым годзе добры ўраджай. Будзем з бульбай", - запэўніў Прэзідэнт.
У ходзе паездкі Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з аб'ектамі гісторыка-культурнага комплексу "Лошыцкі".
На ўваходзе Кіраўніка дзяржавы сустрэў гістарычны персанаж "Захавальнік нацыянальных традыцый", які зачытаў тэкст граматы: "Грамата, якая пацвярджае добрые намеры да пераемнасцi i захавання культурнай спадчыны стольнага града Мiнска. Штодня ў гэтым будынку будуць адбывацца значныя падзеi ў жыццi жыхароў сталiцы i захоўвацца i множыцца традыцыi святкавання беларускага вяселля". Ён паклаў грамату на падстаўку, пасля чаго Прэзідэнт змацаваў грамату сургучнай пячаткай.
Аляксандр Лукашэнка наведаў залу ўрачыстых мерапрыемстваў. Тут якраз праходзіла шлюбная цырымонія.
Пасля таго, як маладых аб'явілі мужам і жонкай, кіраўнік дзяржавы іх павіншаваў, падарыў букет кветак і ўручыў ключы ад арэнднага жылля.
Завуць маладажонаў Дзмітрый і Паліна. Прэзідэнт пажадаў, каб іх шлюб быў моцным і доўгім, але галоўнае - здароўя ім самім і будучым дзецям.
"Банальна гаварыць: "Шчасця і іншага...". Галоўнае, каб здаровымі былі вашы дзеці. Будуць здаровымі дзеці - у вас настрой будзе, і працаваць будзе цікава. Калі дзеці хварэюць - бяда. Таму здароўя вашым дзецям. Ну і самі каб здаровымі былі", - сказаў Прэзідэнт.
Бацькам маладых ён пажадаў усяго найлепшага, шчасця і поспехаў: "Вы не хвалюйцеся, вам работы яны падкінуць. І каб як мага больш работы! Траіх! Нам трэба, каб у сям'і было трое дзетак".
"Будзем старацца", - адказаў жаніх.
Што датычыцца арэнднай кватэры, яна знаходзіцца ў Смалявічах. "Кватэра з намёкам. У Смалявічах. Каб там жылі. Працаваць можаце прыязджаць (у Мінск. - Заўвага). У гэтым задума. Нам трэба Мінск неяк рассяляць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Акрамя залы ўрачыстых цырымоній, у гістарычных будынках комплексу "Лошыцкі" размясціліся кафэ і гасцініца.
Натхніўшыся прыгажосцю гэтага кутка, юная мастачка з Мінска па імені Яўгенія напісала карціну, якую вырашыла падарыць Аляксандру Лукашэнку. Ён падарунак з задавальненнем прыняў, паабяцаўшы размясціць у Палацы Незалежнасці.
Дзяўчыне Кіраўнік дзяржавы ў адказ падарыў прысмакі, але вырашыў гэтым не абмяжоўвацца. "Хацеў сказаць карціну (падару. - Заўвага). Але я не ўмею пісаць карціны. Падумаю, што табе падарыць. Як сваім калегам - бульбу", - сказаў ён, тут жа аддаўшы распараджэнне перадаць пазней у падарунак вялікі мяшок з бульбай.
Ён удакладніў у мастачкі, ці любіць яна бульбу, і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, прызнаўся, што і сам любіць гэты прадукт. "Я вельмі люблю. Учора саграшыў, з'еў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, відавочна, маючы на ўвазе пэўную дыету, якой стараецца прытрымлівацца.
Прэзідэнт таксама расказаў, што акадэмікі атрымалі новы сорт бульбы. "Трэба насельніцтву раздаць, каб на ўчастках вырошчвалі. Вось у каго ёсць дача або ўчастак, магу (перадаць. - Заўвага). Таму што насенную бульбу проста так раздаваць нельга. А табе (размова пра мастачку, якая падарыла карціну. - Заўвага) - харчовую. Вельмі смачная, падсмажыш", - сказаў ён.
Усіх астатніх ён заклікаў прыходзіць і купляць бульбу на асенніх кірмашах, якія будуць працаваць у беларускай сталіцы: "Самую добрую бульбу. Прыходзьце, па прымальнай цане".


